Беларускiя назвы сузор’яў III: Млечны Шлях




Дата канвертавання25.01.2018
Памер32.53 Kb.

Беларускiя назвы сузор’яў III: Млечны Шлях

Авiлiн Цiмафей Вячаслававiч


Млечны шляхГусiна дорога*, Гусеча дорога, Диким гусям дорога, Птушыны шлях, Птушыная дарога, Дорога в Иерусалим, Большой столб, Чумацка дорога, Стан, Дорога, Госьцинэц, Малочна дарога, Малочны Шлях, Святая Дарога

Гусiна цi Птушыная дарога – шлях, па якiм птушкi ляцяць у вырай. У вёсках, напрыклад, кажуць: "Як гусiнаю дарогаю сплыве ўсё малако, то яна так пабялее, што кожная птушка чужэстаронная знае, кудою ёй ляцець у цёплые краi" цi "Мiнуў спас – ужэ на небе дорожкi, ужэ птаство лецiць у поўрэй", г.зн. менавiта ў той час розныя птушкi пакiдаюць свае гнёзды. Акрамя таго, беларусы ды iншыя народы верылi, што людскiя душы ў вобразе птушак пасля смерцi чалавека па гэтай зорнай дарозе адпраўляюцца ў рай. Лiтоўцы, напрыклад, Млечны шлях называюць Paukšciu kieles (Птушыны Шлях), эстонцы – Linnu-tee-rada (След Птушынага Шляху), башкiрцы – Коз Юлы (Гусiны Шлях), фiны – Linnunrata (Птушыны Шлях). З гэтай назвай перагукваецца i iншая: Дарога в Иерусалим и Святая Дарога. Верагодна, гэта тая дарога, па якой падчас свята Ушэсця Хрыстос, а таксама душы людзей вяртаюцца дамоў, у нябесны град, г.зн. у рай. Згодна з хрысцiянскiмi канонамi святкаванне адбываецца на саракавы дзень пасля Вялiкадня. У гэты дзень беларускiя гаспадынi абавязкова пяклi блiны: "Трэба Хрысту напекти анучы, щоб було у що абуватца! Абуитца и поўдя ўжэ от нас на небу!". А вось урывак з песнi, якую спявалi падчас гэтага свята:

А ў Бога дарога i доўга i шырока,
Рана, рана i доўга i шiрока.


Чумацка Дарога. Як вядома чумакамi, называлi працаўнiкоў, якiя займалiся вознiцтвам. Вiдаць, нашы продкi ўяўлялi сабе нябеснага чумака, якi перавозiць па гэтай зорнай дарозе душы нябожчыкаў у свет памерлых. Таму i называлi Млечны шлях – Чумацкiм шляхам. Падставай для гэтай высновы, па-першае, служыць выраз: "По чумацкой дорозi птаство iдзе", дзе птушкi – душы людей. А па-другое, можна параўнаць аналагiчныя назвы ў iншых народаў. Напрыклад немцы называююць Млечны Шлях Helweg (шлях Геллы), г.зн. шлях у замагiльнае царства Геллы, цi Woutanes weg (шлях Одзiна) – шлях у царства Одзiна. У Рыгведзе – шлях Ямы: "Иди, возглашалось усопшему, по тому пути, каким прежде шествовали наши предки; ты должен узреть высоких властителей Яму и Варуну", а на санскрыце gopatha (шлях каровы), цi шлях, па якiм нябожчыкi iшлi за нябеснай каровай. У маi ж, на русальны тыдзень, гаспадынi апырсквалi малаком дарогу, якою хадзiла гавяда да вадапою на выган. Так яны паказвалi шлях нябожчыкам, бо, як вядома, русалкамi лiчылiся душы памерлых дзяўчат. У гэтым звычаi захавалася вераванне пра нябесную малочную дарогу. Магчыма, iснуе iншая iнтэрпрытацыя, больш звязана не з духоўным, а прагматычным аспектам. Так, чумакамi ў XV – першай паловы XIX ст. называлi гандляроў, якiя ездзiлi на вазах у Прычарнамор’е, пераважна па соль:

– Ты чумача, чумача,
Жыццё тваё лядача:
Ты не косiш, не арэш,
Чаго рана з Крыму йдзеш,
Усiх таварышаў вядзеш?
– Вяду, вяду да не ўсiх,


   

Толькi нету аднаго,
Братца майго родненькага,
Самага большанькага.
Ён застаўся ў Крыму:
Прабiла соль галаву;
Не соль прабiла – вясы,
Клаўшы соль на вазы.


Чумакi ездзiлi ў Крым улетку i ўзiмку (бо вясной i восенню дарогi былi непрыдатныя для паездак), у напрамку на поўдзень цi паўднёвы ўсход. Менавiта зiмою Млечны шлях цягнецца з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход i можна карыстацца гэтай зорнай дарогай для вызначэння напрамку.

Стан ("нейкае войска ў небе стаiць станам на старожы"). Згодна са слоўнiкам старажытна-рускай мовы азначэннi гэтага слова – стаянка, месца стаянкi, цi дом, жыллё. Пра гэтую назву рускi даследчык этнаграфii Iван Сахараў распавядаў цiкавае паданне, якое ў некаторай ступенi звязана i з назвай Малочна Дарога (Становище=Стан): "Когда-то на Становище басурманка-мать кормила своё дитя грудным молоком. Басурманское отродье не умело сосать молоко, которое будто бы разлилось по небу. Потом из этого молока развелись по Становищу старые служивые. А эти служивые до того дожили, что не владеют от старости ни руками, ни ногами. Зато вместо них поставлены на сторожке четыре Косаря, которые секут и рубят всякого"; "По тому-то Становищу хаживали татары на святую Русь прямо от железных гор". Акрамя таго, знаходжанне нейкага войска на небе можна адзначыць у Дыярыушы (напiсаны на працягу 1638-1646 г.г.) Афанасiя Фiлiповiча: "... (не през сон, але в день и наяве, только як в захвиценю яком будучи) видилем: на небе – хмуры барзо гневливые з войсками ушиковаными, на каране готовыми, и на земли – седм огнюв пекельных, на седм грехов смертельных зготованых".

Назва Большой столб, вiдаць, узнiкла ад параўнання Млечнага шляху, якi праходзiць праз усё неба, з вертыкальна пастаўленым слупам. У наступнай песнi можна знайсцi як назву Млечнага Шляху (Стоўп), так i назвы некаторых сузор’яў (Воз, Рэшата):



"Прыехала Каляда ў вазочку
Да на сiвенькiм канёчку.
Прыехала Каляда ўвечары,
Прывезла дудак рэшата.
Паставiла дудкi на стаўпе,
А сама села на куце".


Трэба дадаць, што з Млечным Шляхам былi таксама звязаны прыкметы. Адна з iх – пра малочнасць кароў: чым больш выразны Млечны Шлях, тым меншая ўдойнасць кароў, бо малако па гэтаму шляху сплывае.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка