Белы гарлачык




старонка1/3
Дата канвертавання25.12.2016
Памер460.96 Kb.
  1   2   3
БЕЛЫ ГАРЛАЧЫК

Васіліна, лежачы на ложку, гартала кніжку ў чырвонай вокладцы; яна толькі што скончыла чытаць яе і цяпер думала, і думкі былі там, у тым свеце, дзе жыла другая Васіліна, смелая і настойлівая дзяўчына, якую вяскоўцы звалі цёпла і паэтычна -- Вяснянка. Той свет быў далёкі і ў той жа час вельмі блізкі, і ўсё іншае, тое, што было побач, цяпер перашкаджала Васіліне падумаць сур'ёзна і грунтоўна над сваім жыццём.

Гэтую кніжку яна чытала некалькі разоў, але заўжды, калі робіцца тужліва, яна перагортвае старонкі, думае і знаходзіць нешта такое, што імпануе яе пачуццям. Ёй часта здаецца, што гэтая кніга напісана пра яе, Васіліну Хацько, якая працуе тынкоўшчыцай і жыве ў адным пакоі з Адэляй, якая цяпер прыхарошваецца ля люстэрка. Васіліна ў сваім жыцці намагаецца быць падобнай на тую Васіліну, што ў кнізе, хоць і ведае, што гэта немагчыма. Тая дзяўчына хораша так гаворыць, дужа прыгожая. I яе кахаюць...

-- Дык ты паедзеш з намі ці не? -- другі раз папытала Адэля, усё яшчэ стоячы ля люстэрка. -- Прападзеш ты з гэтымі сваімі кніжкамі. Такое сонейка, а яна ляжыць!

-- I буду, і не чапіся ты да мяне, і бяжы хутчэй на сваю маёўку, -- Васіліна пярэчыла неахвотна, з ноткамі крыўды ў голасе. -- Мо сто разоў гаворана -- не паеду! I ўсё.

-- Чаму? Ты на гэта можаш адказаць?

-- Вы што, без мяне там не абыдзецеся?

-- Паспрабуем...

Адэля паправіла вялікую брошку на блакітнай сукенцы, наблізілася да люстэрка, амаль носам кранула шкло. Узрадавалася.

-- Ага, зрэшты, зашпілілася! -- I з робленай абыякавасцю кінула Васіліне: -- Ну, ляжы са­бе, ляжы. Пад ляжачы камень, сама ведаеш, нічога не пацячэ.

-- Ты спознішся, і машына пойдзе без цябе!

-- Не думаю. А ты ўяўляеш сабе, як хораша цяпер у лесе! I прапусціць маёўку! Не разу­мею!

-- Пойдзеш пешкі. Пабачыш!

-- Ну, ляжы, ляжы...

Адэля ўздыхнула, згубіўшы надзею выцягнуць сёння сяброўку на гарадскую маёўку ў лес, дастала з маленькай скрыначкі перад люстэркам "Белы бэз" -- гэтыя духі вельмі падабаліся ёй, -- адліла трошкі на далонь, узялася прыгладжваць валасы. Рукі ў яе былі каштанавыя ад загару.

Кожны раз, бачачы Адэліны прыхарошванні, Васіліна здзіўлялася пераменам, што рабіла з яе сяброўкай блакітная сукенка. У паласатай хустачцы і заплямленым камбінезоне, які ад вапны і цаглянага пылу страціў свой ранейшы зеленаваты колер, Адэля на будоўлі была на добна на ўсіх тынкоўшчыц брыгады, дзе яна працуе разам з Васілінай. Затое ў гэтай вось блакітнай сукенцы яна расквітнела незвычайна. Не, такая не згубіцца сярод сябровак, не застанецца адна, калі грымне аркестр і пачнецца вальс.

I разам з гэтым захапленнем варухнулася ў сэрцы слабая непрыязнасць да сяброўкі. "Бэз ёй яшчэ патрэбен! Ад хлопцаў і так адбою няма!"

Толькі паспеўшы нарадзіцца, згасла зайздрасць. Харошая Адэля сяброўка. Шчырая. I сябруюць яны даўно, і Адэля ва ўсім раіцца з Васілінаю і нічога не хавае -- ні думак, ні спраў сардэчных.

-- А вусны навошта фарбуеш? -- дабрадушна смеючыся, павесялеўшым голасам запытала Васіліна. -- I туфлікі гэтыя. Шкада, пашкрабаеш у лесе. Надзень прасцейшыя.

-- Адчапіся! -- Адэля махнула рукою. -- Хлопцы на гэта спачатку і глядзяць, ім падабаецца, калі ножка блішчыць. Ну, бягу!..

Застаўшыся адна, Васіліна доўга ляжала нерухома. Людскі тлум у калідорах будтрэстаўскага інтэрната сцішыўся. Цяпер можна падумаць. Падумаць спакойна і над цяперашнім сваім жыццём, і над тым, як жыць далей.

Скрозь фіранкі прабівалася сонечнае святло, клалася ўзорыстай мярэжкаю ля Адэлінага ложка, і ад яго зіхацеў крайчык люстэрка. Вецер гайдаў галіны старога ясакара, што рос за акном, і таму мярэжка на падлозе варушылася, амаль няўлоўна для зроку мяняла свае абрысы: вось быццам белыя хвалі пакаціліся па блакітнай паверхні ракі, нечакана спыніліся, павярнулі ў другі бок, зрабіліся падобныя на вялікія шэрыя і няроўныя плямы -- гэтак застывае тынкоўка, калі яе пакінуць на ноч у скрыні. Аднойчы такое зрабіла і Васіліна ў першыя дні свае працы на будоўлі. Брыгадзір сварыўся тады на маладых тынкоўшчыц, і болей за ўсіх дасталося Васіліне, хоць была яна вінаватая меней, чым хто.

Светлыя плямы -- шэрыя па краях, няроўныя -- мільгаюць і на столі, святлеюць, расплываюцца, зноў гусцеюць, і раптам бы нейкі твар з'яўляецца ў спляценні гэтых плям і рысак. Абрысы яго цьмяныя, невыразныя, але гэта чалавечы твар: кучаравыя валасы варушацца, бровы дрыготка выгінаюцца, і пад імі блукае, тоіцца лагодная ўсмешка. Здаецца, твар дзяўчыны. I прыгожай... Але чаму ў роце цыгарка? Не, гэта ж хлопец. Вядома! Гэта ж твар таго хлопца, кранаўшчыка з шостага ўчастка...

Сэрца стукала гулка ад гэтага адкрыцця, быццам пстрыкаў хто сагнутым пальцам па вокладцы кніжкі, што ляжыць на грудзях. 3 нязнанаю дагэтуль трывогаю Васіліна ўглядалася ў зіхатлівую мітусню святла на столі, але там ужо не было ніякіх пэўных абрысаў, а толькі скакалі, спляталіся і хісталіся дрыготкія цені. Дзіўна, адкуль яны там? Сонца скоса падае на падлогу, а цені скачуць на столі... А-а-а, люстэрка кладзе адбітак!..

Вецер за акном памацнеў, галіны ясакара выгіналіся, і лісціны гучна, неяк вельмі суха, лапаталі. Калі вецер аціхаў, гамонка лістоты амаль сціхала, потым зноў набірала сілу, і гэты лапаткі сухі пошум лісцін абуджаў тужлівыя думкі. Нешта ж дужа непаблажлівы твой лёс, Васіліна. Праўда, асабліва няма чаго і крыўдаваць. Зрабілася яна добрай тынкоўшчыцай. Амаль перад кожным святам -- прэмія. Але навошта ёй тыя прэміі? Адэля вось і без іх жыве ў сто разоў весялей, не сумуе, хоць і не вісіць яе партрэт на Дошцы гонару. Сабралася і пакаціла ў лес. I амаль усе дзяўчаты з інтэрната паехалі туды. Вядома, там весялосць, хлопцы... Адэля казала, што сёння знарок будзе ласкава ўсміхацца толькі Міколу, каб Сцяпан дужа нос не задзіраў і не задаваўся. Шанцуе ёй, гэтай Адэлі! А ўсё прыгажосць! Адэля прыгожая, дык хлопцы ля яе і ўвіваюцца. А Васіліна ў свае дваццаць чатыры гады не ведае, што такое пацалунак хлопца... Яе ніхто з хлопцаў ніколі не запрашаў на гулянкі, ніхто не чакаў дзе-небудзь у парку, не прызначаў спатканняў ля Дзвіны і, відаць па ўсім, чакаць не будзе...

Раней, калі вучылася, такіх думак не было: Васіліна ведала, што знойдзе сваё шчасце, выйдзе замуж, будзе мець сям'ю, дзяцей, свой прытулак. Нічога гэтага няма. Toe вялікае і трывожнае пачуццё, аб якім марыць кожная дзяўчына, чаканае з дня на дзень, не прыйшло і, мабыць, ужо і не завітае да Васіліны. Гэтулькі дзяўчат нарасло! Маладыя, прыгожыя -- вось каго кахаюць. А ў яе і вучоба даўно скончана, і працуе Васіліна даўно. Яе ніхто не пакахаў. Што ж застаецца цяпер? Чакаць? Але чаго? Каго? I дакуль? Да трыццаці гадоў?..

Васіліна ў роспачы загарнула кнігу. I няхай! Ёй ніхто не патрэбны. Ніхто! Няхай Адэля танцуе з Міколам, няхай едзе ў лес на маёўку, няхай там смех і весялосць... Ёй, Васіліне, нічога гэтага не трэба. Не трэба?.. Так! Але чаму ад гэтых думак тужліва, зусім няма радасці ў душы?..

На столі зноў ажыўлена скачуць сонечныя плямкі, потым варушацца марудна і спаважна, нібы крыгі плывуць па Дзвіне ў вясновую паводку. Васіліна заплюшчыла вочы і выразна, як бы ў сапраўднасці, убачыла шырокую ад веснавой вады Дзвіну, зіхатлівыя крыгі, што наплывалі адна на другую, пенячы вакол сябе ваду. Мільгалі ў думках цудоўныя малюнкі, ад якіх трошкі кружылася галава, салодка і прыемна замірала сэрца. Можа ж здарыцца такое, што на крызе апынецца маленькая дзяўчынка. Тады Васіліна смела кінецца ў раку, выратуе яе, але сама захварэе ад халоднай вады і памрэ. Усе збяруцца тады вакол яе труны, будуць хваліць яе мужны ўчынак, шкадаваць, што не заўважалі раней такой мужнай, шчырай і смелай дзяўчыны, нават заплачуць некаторыя. I няхай! Няхай паплачуць, а яна не адгукнецца, бо будзе ляжаць нежывая. I няхай паплача і той кранаўшчык з шостага. У яе сэрцы гэта ўсё роўна не выкліча спагадлівасці. Так і трэба. Няхай!..

Ад гэтых думак зрабілася невыносна тужліва, і Васіліна паднялася з ложка, прайшлася па пакоі, спынілася ля люстэрка, але не зірнула ў яго, адвярнулася. Васіліна не любіла прыхарошвацца ля люстэрка. Яна ведала свой твар болей, чым трэба, -- няма там чым любавацца. Валасы чорныя і прамыя, як пруткі. Вочы -- вугольчыкі: калючыя і злосныя быццам. На схуднелым твары -- непамерна вялікі, ды яшчэ з гарбінкаю, нос. Тут глядзі не глядзі -- прыгажэйшай не зробішся. Гэта Адэлі цяжка ад люстэрка адарвацца: глядзіць -- не нагледзіцца; на работу бяжыць -- зірне, з работы прыйдзе -- ля яго круціцца, а ўжо калі збіраецца куды -- добрых паўгадзіны носам шкло трэ. I яна ж гэтае люстэрка і выцерабіла. Такіх люстэркаў прывезлі ў інтэрнат нямнога. Даведаўшыся, што на ўсе пакоі іх усё адно не хопіць, Адэля пабегла да каменданта. Яна гаварыла потым, што той і слухаць не хацеў, казаў, вялікія люстэркі будуць ставіць толькі ў тыя пакоі, дзе жывуць па тры чалавекі, але потым памякчэў і сказаў, што дзеля прыгожай дзяўчыны прыйдзецца яму крышачку парушыць загад свайго начальства. Як там было ў сапраўднасці, якія словы хто казаў -- невядома, але Адэля дамаглася свайго: люстэрка ім паставілі. Васіліна пэўна не змагла б зрабіць гэтак, камендант наўрад ці ўзяўся б гаварыць з ёю.

За акном пачуліся дзіцячыя галасы. Васіліна адхінула фіранку і стаяла, трымаючы яе рукою, глядзела на дзяцей, што забаўляліся на пяску пад ясакарам. Хлопчык у кароткіх штоніках цягнуў за вяровачку чырвоны грузавічок, у кузаве якога былі пасаджаны дзве лялькі; склаўшы губы гудочкам, ён заўзята надзімаў шчокі і гучна, быццам нехта замінаў яму ехаць, трубіў. За грузавічком ішлі тры маленькія дзяўчынкі ў запэцканых плацейках; адна несла вялікую ляльку, для якой, відаць, не хапала месца ў грузавічку, а другая трымала ў руках маленькі букецік кветак. Дзяўчаткі нешта спявалі, але іх спеў перабівала гучнае і ганарыстае гудзенне хлопчыка.

Наіўны дзіцячы занятак нагадаў Васіліне Адэлю і сябровак, якія паехалі ў лес на машынах, і туга, што была крыху аціхла, ажыла зноў. Але цяпер да гэтага пачуцця далучыўся пратэст. А чаму яна, Васіліна, павінна сядзець ад­на ў пакоі, калі ўсе там, ля ракі? Толькі таму, што кранаўшчыку з шостага ўчастка не падабаецца яе твар?

Васіліна выпусціла фіранку, вецер падхапіў лёгкі цюль, выгнуў ветразем; фіранка зашамацела; у твар тхнула цёплым паветрам, і Васіліне здалося, што яна стаіць у кузаве машыны. Дарога ў сонечным бляску. Спяваюць дзяўчаты, хусцінкі трапечуцца, як крылы. Уся істота спявае, і сэрца рвецца наперад, у блакітную далеч, адкуль ляціць свежы і пругкі вецер...

Досыць! Яна таксама паедзе, не будзе сядзець адна тут і сумаваць! Хутчэй туды, у лес, дзе вецер, дзе сонца, дзе людзі, дзе Адэля, побач з якою Васіліне заўжды весялей! Яна падбегла да шафы, усміхаючыся, перабірала сукенкі, крыху падумала і затым рашуча зняла з вешалкі стракатую сукенку.

Пераапранулася хутка, нават не зірнуўшы ў люстэрка. Спакавала ў сумачку рэчы, якія маглі спатрэбіцца на рацэ, і, выходзячы ўжо, паду­мала: а кніжку яна і забылася! Там жа будзе час пачытаць.

Васіліна вярнулася, узяла сваю кніжку пра цудоўную дзяўчыну Вяснянку і паклала ў белую сумачку.
2

Яна даехала да лесу на аўтобусе і доўга шукала сваіх сябровак. Але дзяўчаты і Адэля быццам скрозь зямлю праваліліся.

Васіліна блукала ля столікаў, схаваных про­ста ў засені ялін, ля шэрых бочак, у якіх горбіліся вялікія бляшанкі з марожаным, пераходзіла палянкі, дзе пад гармонік таўклі абцасамі траву, бачыла шмат моладзі ля атракцыёнаў. Адэлі не было, і Васіліна, ужо зусім страціўшы надзею знайсці яе ў гэтым вялікім, па-святочнаму стракатым натоўпе, зноў выкіравалася на гасцінец.

3 горада несупынна імчалі аўтобусы і машыны. Смеючыся, размахваючы клункамі, выскаквалі з іх пасажыры. Васіліна ўзрадавалася: не, не апошняя прыехала яна на лясное свята. Але ж трэба шукаць сваіх, павінны ж яны недзе быць. Можа, нават і ля ракі цяпер, у гэткую гарачыню...

За гасцінцам млеў, размораны спякотаю, сасновы гай. Сосны, як бы стаміўшыся сцерагчы сябе ад гарачыні, санліва апусцілі галіны, падставілі сонцу шурпатыя, таўшчэразныя ствалы, і ад іх аддавала цяплом і моцна ўгрэтай жывіцай. Гай цягнуўся да самай Дзвіны; бераг у гэтых месцах быў круты і высокі, апавіты вузлаватым, пад колер чырвонай гліны, карэннем. Ля вады, як і ў лесе, можа нават яшчэ гусцей, стракацелі хусткі дзяўчат, на чоўне іграў баян. Хіба ж знойдзеш у гэтым людскім моры Адэлю!

Васіліна вельмі стамілася ад доўгіх пошукаў у лесе. I яшчэ тут шукаць? Не, хопіць. Яна вы­брала сабе здатнае месцейка на беразе і лягла на гарачы і зіхатлівы ад сонца жоўты пясок. Побач, са смехам і жартамі, завіхаліся вакол вялізнага гарбатага валуна дзяўчаты ў купальніках. Яны паклікалі і яе на дапамогу, і Васіліна, кінуўшы сукенку на сумачку, ахвотна пайшла да іх.

Можа, якое паўгадзіны яны валаводзіліся з тым валуном, намагаючыся вывернуць яго. Урэшце яны такі адолелі яго, адкацілі да вады, абмылі і па чарзе сядзелі на ім. Васіліне за асаблівую стараннасць далі першае месца. Ка­мень быў халодны, быццам з жалеза зроблены.

Потым дзяўчаты пабеглі купацца. Разам з усімі Васіліна пырскалася вадою, з робленым жахам войкала ад халодных кропель, гушкалася на хвалях, якія пакінуў за сабой катар, гуляла ў валейбол, каб сагрэцца.

Мяч быў цяжкі і коўзкі -- дзяўчаты паспелі ўжо намачыць яго ў рацэ. Васіліна даўно не была на валейбольнай пляцоўцы -- з мінулай восені, калі яны разам з Адэляй ездзілі на сустрэчу з піянерамі ў лагер -- і цяпер гуляла з нейкім смешным пачуццём сарамлівасці і нязвыкласці. I ўсё ж ранейшы спрыт жыў у яе руках -- пальцы на кароткае імгненне дакраналіся да мяча, і ён узлятаў высока ў паветра. Нехта, ударыўшы няўдала, выбіў мяч за вызначанае кола. Васіліна павярнулася, хутка і лёгка, нібы вавёрка, скочыла ўслед за ім і, падаючы на пясок, кароткім ударам перахапіла мяч ля самай зямлі, і ён зноў высока ўзляцеў у паветра.

Хлопцы, што стаялі непадалёк, заварушыліся. Адзін з іх, у круглай белай шапачцы, зробленай з насоўкі, кінуў:

-- Спры-ытна!

-- Так, хвацкі ўдар. Прыма!

-- I вавёрачка, здаецца мне, таксама пры­ма, -- хлопец зухавата пакруціў на галаве белую шапачку і пастукаў рукою па шакаладных ад загару грудзях. -- Толькі чорная. Уяўляецца цыганскі шацёр... Прапанова: знаёміцца!

Дзяўчаты дазволілі хлопцам стаць у кола. Гульня пайшла яшчэ весялей, з жартамі і смехам. Хлопец у белай шапачцы стаяў насупраць Васіліны, пасаваў увесь час на яе, і яна спачатку хвалявалася, быццам на школьных экзаме­нах. Але гэтае пачуццё хутка знікла, гуляла яна надзвычай удала, беручы цяжкія мячы, што сама дзівілася з свайго спрыту.

-- Вы добра гуляеце. Мабыць, маеце спартыўны разрад. Які? -- спытаў хлопец у белай шапачцы, калі гульня скончылася і кола рассыпалася.

-- Што вы, ніякага разраду ў мяне няма, -- Васіліна не адразу зразумела, жартуе ён ці гаворыць сур'ёзна.

-- Тым больш. Я зайздросціў вашай гульні. Здорава, адным словам. Прыма!..

Васіліна была наважылася ісці апрануцца, ёй было няёмка стаяць у купальніку перад хлопцам, але ён загарадзіў ёй дарогу да сумачкі, і яна адчула, што бездапаможна чырванее.

-- А вы... Не, спачатку давайце пазнаёмімся. Віцька мяне завуць. Гэтак вы мяне і зваць павінны, бо я прывык, і мае сябры іншага імя за мною не прызнаюць...

I ў словах гэтых была шчырасць, і рука была працягнута так настойліва, што яе нельга было -- літаральна нельга -- не паціснуць. Знаёмячыся, Васіліна назвала свае імя; Віцька паўтарыў яго пачціва, пахваліў:

-- Прыгожае... Толькі -- даруйце, я шчыра прызнаюся! -- крыху не сучаснае...

У Віцькавых словах Васіліна адчула ненатуральнасць і глыбока схаваную кпіну. Погляд яе зрабіўся адразу падазроны і недаверлівы.

А хлопец ёй спадабаўся адразу ж! У яго быў загарэлы твар, і таму вялікія сінія вочы выда­валі незвычайна светлымі, і зубы, калі ён усміхаўся, таксама былі надта белыя; бялявыя былі і бровы. I імя яго трошкі па-дзіцячы смешнае, і вымаўляе ён яго гулліва і ў той жа час даверліва і дабрадушна.

Віцька глядзеў на яе добразычліва, але адчуванне ненатуральнасці першых яго слоў не праходзіла; Васіліне зрабілася яшчэ больш ніякавата ад таго, што яна стаіць у купальніку перад хлопцам, якога ніколі раней не бачыла, якога зусім не ведае. Калі яны гулялі ў валейбол і вакол яе гаманілі дзяўчаты, гэтае непамыснасці не ўзнікала, але цяпер Васіліна адчула яе і, калі Віцька адвяряуўся, хуценька накінула плацце. Ён заўважыў гэтую паспешлівасць, але нічога не сказаў, нават не пажартаваў, а толькі ледзь улоўна ўсміхнуўся і адвярнуўся, даючы ёй магчымасць апрануцца як след...

У горад яны варочаліся разам. Час быў ранні яшчэ. Васіліна ахвотна прыняла Віцькаву прапанову не ехаць на аўтобусе, а ісці берагам ракі. Гэта, праўда, удвая далей, мабыць, але затое заманліва і цікава. Ды і як было адмовіцца, калі Віцька так настойліва прасіў і маляваў прыгожыя малюнкі незвычайнага гэтага падарожжа.

Яно сапраўды і пачалося так. I было вельмі хораша ісці басанож па пясчанай, цвёрдай і халоднай, як асфальт, стужцы ля самай вады, захапляцца сонечным бляскам, свежым ветрам, сінечай чыстага неба. Па рацэ праносіліся маторкі, буркатлівыя хвалі ад іх з шумам наматваліся на бераг, казыталі ногі, і трэба было ўцякаць ад першых, самых вялікіх; Васіліна, гуляючы з хвалямі, смяялася, а потым стаяла, чакаючы, пакуль накоціцца і ўдарыць па нагах хваля -- мяккая, ласкавая і цёплая.

У маленькім заліўчыку, сярод багавіння, якое гайдалася ад плыні, Васіліна ўбачыла белую кветку.

-- Глядзіце! Гарлачык! Белы гарлачык!..

-- Што, дастаць? -- спытаў Віцька.

-- Не трэба. Там глыбока!

-- Нам гэтая глыбіня па калена. Наперад, сябры!

Віцька паклаў на траву Васілініну сумачку, якую нёс увесь гэты час, і храбра рынуўся ў ваду. Там сапраўды было глыбока. Але ён дастаў гарлачык, абтрос і падаў Васіліне.

-- Нас напаткала шчасце. Такія гарлачыкі на рацэ рэдка стрэнеш. Асабліва цяпер...

-- Я іх увогуле на Дзвіне не бачыла, -- шчыра прызналася Васіліна.

Удзячна ўсміхаючыся, яна ўзяла гарлачык з Віцькавых рук. Белыя пялёсткі, запакаваныя ў зялёныя крышачкі, яшчэ развінуліся слаба, сярэдзіна кветкі была закрыта, і буйныя кроплі вады на ёй зіхацелі смарагдавым бляскам. Васіліне здалося, што яна трымае ў руках цудоўную казачную скрыначку, якую нельга адчыняць і глядзець, што там усярэдзіне, бо тады, як гэта і гаворыцца ў казцы, сама скрыначка знікне.

-- Будзем шукаць, -- асцярожна кратаючы пялёсткі, сказала яна. -- Можа, яшчэ знойдзем...

Расцвіўшых гарлачыкаў больш нідзе не было. Ля берага расла вастраверхая асака, якая ад сонечнага бляску здавалася жаўтаватай і шамацела на ветры, як пасохлы чарот увосень. Прыгледзеўшыся, Васіліна прыкмеціла, што за асакою тырчаў з вады светла-зялёны, падобны на вялікую сліву, гарлачыкавы пухірок. Віцька хацеў сарваць і яго, але яна сказала, што рваць няможна, бо гарлачык не расцвіў. Ён згадзіўся.

Яны рушылі далей, але цяпер ішлі не ля са­май вады, дзе бераг быў гразкі, а крыху вышэй, па вузкай сцежцы, і ногі грузлі ў гарачым сыпучым пяску. Сцежка ўзбіралася ўсё вышэй і вышэй, пад самы ўзвал, і, урэшце, ля другога ручая, што стрэўся на іх шляху, згубілася зусім у густым спляценні вербалозаў і чаромхі.

-- Мо адпачнём? -- спытаў Віцька і адразу ж прапанаваў, як бы сцвярджаючы неабходнасць таго, пра што казаў: -- Пасядзім у засені. Надта ж горача нагам. I ў плечы пячэ...

Бронзавы ад загару, у мокрых, яшчэ не паспеўшых высахнуць плаўках, Віцька стаяў да яе бокам, і Васіліне здалося, што ён падміргнуў ёй; зноў, як тады, пасля гульні ў валейбол ля лесу, яна адчула набліжэнне непамыснасці. 3 нейкім жалобным крыкам мільгалі над вадою стрыжы, і ад іх кароткіх высвістаў у сэрцы то знікала, то зноў паяўлялася незразумелая дваістасць -- падазроная недаверлівасць да Віцькі і баязлівасць таго, што ён можа знікнуць і яна застанецца адна.

Васіліна паглядзела на гушчар; густое лісце варушылася неяк загадкава і змрочна; і вада ў рацэ быццам пацямнела, страціўшы сваю ранейшую срабрыстасць. Так, трэба быць асцярожнаю. Яны толькі ўдваіх тут. I чаму яна гэтак даверліва паставілася да гэтага незнаёмага хлопца? Хіба вядома, які ён чалавек? А калі возьме што-небудзь благое зробіць, а потым у ваду кіне... Ці скочыць з сумачкаю ў хмызняк. А ў сумачцы туфлікі і грошы...

Ад гэтых думак непамыснасць мацнела, зрабілася зусім акрэсленай. Яна папрасіла сумачку ў Віцькі, знарок пакорпалася ў ёй, быццам шукала штосьці.

-- Здалося, кніжку ў лесе пакінула, а яна тут ляжыць, -- з робленай узрадаванасцю паведаміла яна і адказала на запытальны Віцькаў позірк смехам: -- Ха-ха! Ай, глядзіце, як катар імчыць!

Катар сапраўды ляцеў па Дзвіне, але быў яшчэ далека, і Васіліна глядзела на яго, каб адцягнуць Віцькаву ўвагу, сабрацца з думкамі і вырашыць, што ёй рабіць у далейшым.

-- Дык што, пасядзім?

-- Не, не! -- адразу ж адгукнулася яна. -- Недалёка засталося. Лепей пойдзем хутчэй. А сядзець навошта ж!..

Васіліна пайшла наперадзе і ішла хутка, у трывожным чаканні чагосьці страшнага і не-чаканага. Сумачку яна ўжо больш Віцьку не аддала і, калі ён раптоўна кашлянуў, яшчэ больш паскорыла хаду і ўвесь час прыслухоўвалася да крокаў за спінаю.

Яна так і не паспела даўмецца, што рабіць у выпадку Віцькавага нападу: зялёны гушчар скончыўся, і наперадзе, у дрыготкай туманна-белай сінечы ўзніклі гарадскія гмахі. На рацэ, кіруючыся ў іх бок, плылі чаўны. Васіліна ўздыхнула з палёгкаю і вінавата паглядзела на Віцьку; ёй зрабілася сорамна за свае благія думкі аб ім. Віцька, здаецца, зразумеў і гэты вінаваты пагляд, і той жах, ад якога яна бегла гэтак хутка, але нічога не сказаў, нават не ўсміхнуўся, а зрабіў выгляд, быццам нічога не заўважыў.

Праз паўгадзіны яны падышлі да горада. На вуліцы, што вяла да замчышча і ўзвышалася над берагам ракі, Васіліна сцішыла хаду і нясмела, крыху бянтэжачыся сваіх нядаўніх жахаў, заўважыла:

-- Вось мы і дома. Мне тут блізенька, праз замчышча.

-- А чым гэта так пахне? -- Віцька, зморшчыўшыся, круціў галавою.

-- Палын. Разагрэўся на сонцы. Таму...

Васіліна адчувала гаркаваты пах палыну, змешаны з пылам, а таму яшчэ больш рэзкі і густы, чым звычайна, і ліхаманкава думала, каб сказаць нешта разумнае, сур'ёзнае. Вецер варушыў палын на схілах замчышча. Лісце паварочвалася то адным, то другім бокам, і ад гэтага палыновыя купінкі хутка мянялі колер -- то рабіліся бледна-зялёныя, то сівелі, быццам пасыпаныя попелам. I гэтая сівая палыновая гара як бы вагалася ў яе вачах, і Васіліна ска­зала, каб толькі не маўчаць:

-- Увечары ён зусім не пахне, палын гэты...

Яна вымаўляла словы і не ведала, навошта гаворыць іх, бо сэрца поўніла хваляванне і зусім іншыя пачуцці; ёй хацелася, каб Віцька ішоў і далей і ўвогуле не пакідаў яе адну. Яна злавалася цяпер на сваю падазронасць, не магла дараваць сабе, што з такім недаверам паставілася да Віцькі там, на Дзвіне.

-- Прапаную праверыць, як ён пахне ўвечары. Чакаю тут, як сонца зойдзе. Прыйдзеш?

Віцька, нібыта адчуваючы, што робіцца ў яе душы, сказаў гэта весела, затрымаў Васілініну руку і, паглядаючы ў вочы, чакаў.

Васіліна адчула, што дужка сумачкі зрабілася гарачай, напацела. Вейкі ў яе здрыгануліся, і яна, зрабіўшы выгляд, што нешта трапіла ў вока, узялася церці яго. Нечаканая прапанова ўзрадавала, але Васіліна наважыла была, як гэта вучыла яе Адэля, пагадзіцца не адразу, і тут жа спалохалася, што Віцька можа пакрыўдзіцца, змяніла свой намер і адказала таропка:

-- Добра. Я прыйду.

Віцька ўсміхнуўся. Яна развіталася сарамліва, не ўзнімаючы вачэй, а калі адышлася, то азірнулася, паглядзела яму ўслед. Віцька крочыў па вуліцы, хістка паводзячы плячыма, быццам матрос, які нядаўна пакінуў карабель і сышоў на зямлю. 3 пачуццём ласкавасці, якое раптоўна прыйшло да яе, Васіліна цёпла падумала пра Віцьку: "Харошы ён хлопец!"

I ад таго, што нават у думках адважылася на такое, спалохалася, закрыла шчокі рукамі; што гэта яна робіць! Ці ж можна так, адразу!..

Узбіралася яна на замчышча хутка, лёгка пераскокваючы прыступкі лесвіцы.
  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка