Без шчаслівага дзяцінства ўсё жыццё скалечана




Дата канвертавання07.02.2017
Памер51.6 Kb.


Роздум перад бацькоўскім сходам
Лявон Карповіч, былы настаўнік матэматыкі,

в. Лунна, Мастоўскі раён


Без шчаслівага дзяцінства ўсё жыццё скалечана.”

Януш Корчак
Як заўсёды, імгненна пралятае лета. Нехта з задавальненнем, нехта з жахам думае аб пачатку навучальнага года. Пачынаецца навучальны год першым кантактам з дзецьмі і іх бацькамі. На маёй памяці ад тых часоў, як я пачаў вучыцца ў школе, і да майго выхаду на пенсію з пасады настаўніка матэматыкі, адносіны паміж настаўнікамі і бацькамі, не лічачы нейкіх асаблівасцей у асобных школах, заставаліся амаль нязменнымі. Не буду траціць час і паперу на апісанне гэтых адносін. Усім яны вядомыя. Галоўным у гэтых адносінах быў так званы “Бацькоўскі сход”. “Сход” у Тлумачальным слоўніку беларускай мовы – “пасяджэнне членаў якой-небудзь арганізацыі для абмеркавання чаго-небудзь агульнага”. Відавочна, гэта тлумачэнне не зусім адпавядае “бацькоўскаму сходу”. Я б назваў гэта мерапрыемства школьнай сустрэчай. Але адміністрацыя гэтага не зразумее. Таму няхай будзе “бацькоўскі сход” на паперы і “сустрэча” ў думках. Хачу, каб сустрэча стала пачаткам супрацы. Таму падумаю, як мне ўсё арганізаваць.

На сустрэчы, як на спатканні, вельмі важна першае ўражанне. Як адзенуся? Не пашкадую часу і прыдумак для абсталявання месца правядзення сходу. Калі стол паміж мной і бацькамі, яны за партамі, як вучні, а я ля дошкі, як важны настаўнік, не будзе дыялогу. Няхай будзе круглы стол, няхай будуць кветкі, звычайныя. Па лістку паперы, ручкі. Чыста. Заранёў высылаю запрашэнні, дзе выказваецца павага да бацькоў і прозвішча настаўніка.

На першай сустрэчы высвятляюцца прынцыпы адносін. Важна знайсці агульныя прынцыпы, бо “пры розных прынцыпах няма агульнай мовы” (Канфуцый). Падставай пошуку агульных прынцыпаў ёсць тое, што і бацькі, і настаўнікі маюць сэрца. Сэрца кіруе маці, калі яна лічыць, што яе дзіця найлепшае. Трэба, каб настаўнік таксама нёс у школу сэрца. Калі настаўнік перад сабой трымае веды, увайшоў у ролю разумнейшага, больш ведаючага, то ён прыклеены да гэтай ролі, ён ужо ўсё вырашыў і, як следства, не можа супрацоўнічаць. А без супрацы няма поспеху. Я звяртаюся да чытача зыходзячы з гэтага прынцыпу, з мэтай давесці простую думку: сёння кожны можа адкрыць аднаасабовую акадэмію дыялогу. Дыялогу, якім кіруе не розум галавы, а розум сэрца, дыялогу, які вядзе да супрацы бацькоў і настаўніка, а сэрцам гэтай супрацы ёсць дзеці. Перад навучальным годам я вырашаю для сябе, ці я прыйду ў школу зараджаны “марской хваробай” з праявамі пыхі, ганарлівасці, акасцянення, руціны, бяздушнасці, холаду, фармалізму? Чаго сам найчасцей не заўважаю. Ці я буду кіравацца любоўю, розумам сэрца і адкрыю аднаасабовую акадэмію дыялогу, у якой я рэктар і я выканаўца?

Паспрабую выбраць другое і мой прынцып будзе РRІМUМ N0N ТURВАRЕ – перш за ўсё не перашкаджаць. Не перашкаджаць быць шчаслівымі. Калі палюбіш штосьці ў слабым, будзеш аўтарытэтам, паставіш сабе прыжыццёвы помнік у сэрцы вучня і ў яго памяці, і ён будзе цябе слухаць. А ў кожнага ёсць што палюбіць. Калі да вучня адносішся ад сэрца, гаворыш прыемнае, то мяняецца яго хімічны склад, што вядзе да лепшага ўспрымання ведаў, да поспеху. I так я зрабіў выбар, я адмовіўся ад педагогікі посцігу, ад гончае педагогікі выследжвання злога і пераследу, бо гэта вядзе да дрэннай вучобы і прафесіянальных непрыемнасцей. Я рыхтуюся да бацькоўскага сходу.

Я адказаў на першае пытанне: хто я? Я рэктар аднаасабовай акадэміі дыялогу. Цяпер я павінен адказаць на наступныя. пытанні: 2. Да каго я звяртаюся? (I тут не абысціся без аналізу складу бацькоў) 3. 3 якой мэтай збіраю сход? Што хачу перадаць? Які вынік чакаю? 4. Як? Якім чынам? 5. Калі і за які час? Нарэшце, ацэньваю мажлівасці. Але настройваюся дасягнуць найбольшага мажлівага.

Сустрэча. 1. Прывітанне. 2. Інтэграцыя. Я расказваю ў некалькіх сказах пра сябе. Увага! Так як настаўнік раскажа пра сябе, так бацькі будуць расказваць пра сябе. Трэба прадумаць гэтыя некалькі сказаў, каб стварыць патрэбную атмасферу. “Я, Лявон Карповіч, настаўнік матэматыкі. Працую 30 год. Жанаты, маю 3 дарослыя дачкі і 3 унукаў. Гадую 2 паршукоў, маю ката. Люблю даглядаць сад”. А можа сказаць іншае? Трэба падумаць. Прашу бацькоў таксама коратка расказаць пра сябе. 3. Раздаю падрыхтаваную інфармацыю з праграмай працы на навучальны год: план прафілактыкі (бяспека); класныя традыцыі; весткі з школьнага календара і інш. 4. Дыскусія. Увага! Менш гаварыць, больш слухаць. Акадэмія дыялогу. У памяшканні дрот – настаўнік і тканіна – бацькі. А трэба злучыць дрот з тканінай, каб атрымаўся парасон супрацы, які ахіліць дзіця ад нядобрага.

Што трэба зрабіць, каб дзіця з ахвотай ішло ў школу? Раздаю .карткі з відарысам камурковага тэлефону. Напішыце адказ на пытанне. Гэта ваш званок да настаўніка ананімны. У мяне ёсць пяць хвілін падумаць. Няхай і бацькі думаюць. Здадуць пустыя карткі? Не ўсе. Але таксама не бяда. Я гэтыя тэлефонныя пажаданні або іх адсутнасць выкарыстаю і ў сустрэчы з бацькамі і ў кантактах з адміністрацыяй.

Раздаю бланкі тэлеграмаў, “выпадкова” прыхопленых на пошце. Напішыце, як можа рэалізавацца мая роля класнага кіраўніка, чым магу дапамагчы, што магу зрабіць. Дайце мне тэлеграму. I зноў магу пяць хвілін памаўчаць, падумаць. Няхай думаюць і супрацуюць і бацькі, няхай пішуць.

На картцы з відарысам падлетка прашу напісаць, што я павінен ведаць пра яго дзіця. Якія асаблівасці, недамаганні, захапленні, рысы паводзін я павінен улічыць у сваёй працы. Ужо я напэўна пазбегну папрокаў, што дзіця са слабым зрокам пасадзіў далёка ад дошкі.

Картка з дарожным знакам “Рух забаронены” дае магчымасць усталяваць правілы паводзін, галоўныя прынцыпы, без якіх немажліва дэмакратыя ў класе. Усталяванне правіл, іх выкананне стварае пачуццё бяспекі і свабоды. Але гэтыя правілы ўсталёўваюцца ў супрацы бацькоў, настаўніка і дзяцей.

Напішам на картках тое нядобрае. чаго школа павінна пазбавіцца, што трэба выправіць. Напісалі? А цяпер скамечым і выкінем у кош для смецця. Дастаю адну скамечаную паперку, разгортваю, чытаю. Давайце разам знойдзем лек на гэту школьную хваробу, на гэту праблему. Тут можна правесці “мазгавы штурм”, дзе галоўнае не якасць прапаноў, а іх колькасць. I вылучыць “лек”. Гэта ўжо зародак супрацы.

На лістку круг падзелены на 3 часткі і зусім простыя пытанні. У чым найчасцей дапамагаю дзіцяці? Якія праблемы ў вучобе мае маё дзіця? У чым маё дзіця найлепшае? Пытанні простыя, а адказы патрабуюць высілку. Няхай бацькі папрацуюць, а ў мяне пяць хвілін на роздум. Потым я раздам карткі з такім кругам і пытаннямі для дзяцей і параўнаю іх. Колькі маю інфармацыі і… справаздачу аб працы для адміністрацыі школы!



Увага! Заўсёды можа знайсціся сярод бацькоў “задзіра”, якому хочацца паканфліктаваць. Пасля сходу. I мы з вамі пагаворым “аб усіх праблемах”.

Можа мы напішам ліст у будучыню, у якім будуць нашыя чаканні на гэты навучальны год, заклеім іх і падпішам. А адклеім на апошнім сходзе і спраўдзім, ці спраўдзіліся нашыя чаканні.

Вельмі важным з’яўляецца падсумаванне працы (эвалюацыя =Evaluation). Можна запытацца, як ацэньваецца сустрэча і выслухаць адказ кожнага. Можна намаляваць мішэнь, падзяліць на сектары, папрасіць кожнага зрабіць па стрэлу ў кожны сектар. Тэматыка, атмасфера, форма правядзення, ці засталіся задаволеныя сходам. Гэта можа быць і кветка з пялёсткамі, дзе напісаныя адпаведныя пытанні. Многа ёсць спосабаў, трэба выбраць адпаведны.

Гэта не план правядзення бацькоўскага сходу. Гэта не рэцэпт на поспех. Гэта зварот не быць абыякавым і намаўленне на дзеянне, на стварэнне аднаасабовай акадэміі дыялогу. Бо самае дрэннае – гэта абыякавасць.

Галоўны аргумент аўтарытарнага настаўніка: “Так они же мне на голову сядут!” Вядома сядуць, калі не пачуюць сэрца і прафесіяналізму. Каб гэтага не адбылося, трэба фармаваць калектыў класа. Трэба зрабіць захады для гэтага фармавання:

Атака паказаць сваю ролю і вартасць.

Штурм – дэмакратычна “навязаць” свае прынцыпы і правілы. Без правіл няма дэмакратыі.

Не паддавацца і перамога прыйдзе.



Рэалізаваць праграму.

Але гэта ўжо тэма для другой размовы.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка