Бона Сфорца Ганна Ягелонка




Дата канвертавання10.01.2017
Памер35.26 Kb.
Бона Сфорца Ганна Ягелонка

Менавіта пры Боне ў 30 – 40-я г.г. XVI ст. у дзяржаўных маёнтках пачалася эканамічная рэформа. Рэформа прадугледжвала стварэнне фальваркаў, якія працавалі на рынак. Натуральная сярэднявечная гаспадарка стала замяняцца таварна-грашовай. У фальварак уключаліся гаспадарчыя і жылыя пабудовы, вакол якіх размяшчаліся панскія ворныя землі, агароды, сенажаці, лясы, таксама майстэрні, кузні, лесапілкі. Панскую зямлю апрацоўвалі прыгонныя сяляне з навакольных вёсак сваім інвентаром і цяглавай сілай. Сялянскім дварам (а не абшчынам, якія захаваліся ва Усходняй Беларусі, Расіі, на Украіне) у карыстанне выдзяляліся кавалкі зямлі, на якія былі размеркаваны падаткі. Так у Заходняй Беларусі з’явілася падворнае землекарыстанне. Пры ёй былі зроблены першыя спробы меліярацыі і садаводства ў Заходнім Палессі. Вопыт сваёй маці Боны Сфорцы ў будучым выкарыстаў Жыгімонт ІІ Аўгуст (1548 – 1572), з імем якога звязана аграрная рэформа – “Валочная памера” (“Устава на валокі”) 1557 г. Уся зямля паводле рэформы падзялалася на валокі – 21, 36 га, якія сталі асноўнымі адзінкамі плошчы і падаткаабкладання ў ВКЛ.


Пры садзейнічанні Боны Сфорцы Пружаны ў сярэдзіне XVI ст. сталі цэнтрам рамяства і гандлю, набылі статус мястэчка на чале з войтам (яму належала 2 валокі зямлі). Праз горад прахлдзіў гандлёвы шлях з Брэста ў Маскву. Для іншаземных купцоў быў пабудаваны пастаялы двор. Паводле 1563 г. у Пружанах было 7 вуліц: Кобрынская (вул. Савецкая і Кобрынская), Хватка (частка вул. Леніна), Загор’е, Дзярэчын (вул. Бахарава), Сялецкая, Шырокая, Задворная, 278 дамоў, насельніцтва складала 1250 чалавек, у тым ліку 10 мяснікоў, 1 ткач, 4 краўцы, 3 шаўцы, 6 кавалёў. У той час рамеснік найчасцей сам вырабляў прадукцыю і прадаваў яе. Галоўнай вуліцай лічылася Сялецкая (цяпер Р. Шырмы), на ёй былі рынак, драўляныя гандлёвыя лаўкі, царква і касцёл (на яго карысць у 1534 г. Бона зрабіла вялікія ахвяраванні). Меліся 2 вадзяныя млыны, каралеўскі двор. У XVI ст. змяніўся.
Пасля ад’езду Боны Сфорцы яе ўладанні былі вернуты ў дзяржаўны скарб, а частка з іх (у тым ліку Пружаны) перайшлі да Ганны Ягелонкі (1526 – 1596) – дачкі Боны і сястры Жыгімонта ІІ Аўгуста. Пры ёй у 1566 г. тэрыторыя Пружаншчыны ўвайшла ў склад Берасцейскага павета і ваяводства. У 1570 г. Ягелонка дазволіла на Горцы, за горадам, пабудаваць царкву ў імя Святога Духа.
Ганна не вылучалася прыгажосцю. Маці прыцягвала яе ў асноўным да рэлігійных спраў, жаніхоў жа, якія сваталіся да Ганны, лічыла недастойнымі. Паступова жанчына страціла цікавасць да многіх спраў і да сябе. У 1572 г., калі ёй было 50 год, яна была даволі тоўстай, згорбленай. Твар быў у воспінах ад перанесенай хваробы. Жыццё сваё яна прысвяціла справам духоўным. Аднак здарылася так, што яе брат – апошні прадстаўнік дынастыі Ягелонаў – Жыгімонт ІІ памёр, не пакінуўшы пасля сябе нашчадкаў. Пры ім ВКЛ і Каралеўства Польскае былі аб’яднаны ў федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую (1569 г.). Шляхта вырашыла абраць манархам таго, хто ажэніцца з Ганнай Ягелонкай. Цікавасць да гэтай сталай жанчыны, якая стала выгаднай нявестай з дзвюма каронамі, была вялізарнай. Прэтэндэнтаў на яе руку было хоць адбаўляй, хаця па ўзросту яны гадзіліся Ганне ў сыноў і ўнукаў. Ганна, якую падтрымала шляхта, абрала сабе ў жаніхі маладога французскага прынца Генрыха Валуа (1551 – 1589). Аднак Генрых аказаўся зусім не тым рамантычным юнаком, якім яго апісвалі паслы-сваты. Ён нават не з’явіўся пазнаёміцца з будучай жонкай, калі прыбыў у Кракаў – сталіцу Каралеўства Польскага. А калі пазнаёміўся, адцягваў жаніцьбу, не жадаў вучыць польскую мову, не выказваў цікаўнасці да дзяржаўных спраў. Увесь свой час ён бавіў у паляваннях, святах, раскошы. Ён не паважаў ні Ганну, ні сваю новую радзіму. А ў 1574 г. Генрых Валуа, наогул, уцёк у Францыю, адкуль прыйшлі звесткі аб смерці яго брата Карла ІХ. Перад Генрыхам адкрылася перспектыва заняць французскі трон, які яму і дастаўся. Ізноў паўстала пытанне аб манарху. Стомленая жанчына вырашыла аддаць перавагу таму, хто меў шанцаў менш за ўсіх – сяміградскаму (трансільванскаму) ваяводзе Стэфану Баторыю (1576 – 1586), які быў на дзесяць год маладзейшым за Ганну. Менавіта яго шляхта абрала каралём і вялікім князем. Не апошнюю ролю адыгралі ў гэтым ваенныя здольнасці прэтэндэнта – у гэты час Польшча і ВКЛ аказаліся ўцагнутымі ў крывапралітную і няўдалую Лівонскую вайну (1558 – 1583). Выбар Ганны аказаўся ўдалым. Стэфан застаўся ў гісторыі як моцны і справядлівы манарх. Пры ім захоўвалася рэлігійная талерантнасць, была праведзена судовая рэформа, у 1579 г. заснавана Віленская езуіцкая акадэмія – першая ВНУ ў ВКЛ, пераможна завяршылася вайна з Маскоўскай дзяржавай. Аднак шчасце аказалася нядоўгім. У 1586 г. Стэфан Баторый заўчасна памёр у Гародні. Рэч Паспалітая засталася без гаспадара, а каралева Ганна без мужа.
Апошнія гады свайго жыцця Ганна Ягелонка прысвяціла ўладкаванню сваіх уладанняў. Яе права на Пружаны ізноў было пацверджана прывілеям караля Жыгімонта ІІІ Вазы (1587 – 1632) – сына шведскага караля Юхана ІІІ Вазы і Катажыны Польскай (сястры Ганны). Пры Ганне Ягелонцы горад атрымаў новы стымул для развіцця – каралева дазволіла праводзіць тут 2 кірмашы (потым – 4 кірмашы ў год) ў храмавыя святы – дні Святога Духа і Спаса. Святару было дазволена гатаваць медавуху, продажам якой займаўся царкоўны стараста. Горад стаў цэнтрам кафляной вытворчасці і выпуску чорнага глінянага посуду. На вываз таксама ішлі воск і футра. Менавіта ў той час горад набыў кампактную радыяльна-веерную планіроўку, арыентаваную на гандлёвую плошчу. Папярочных вуліц у Пружанах не існавала, так як прамежкі паміж забудовамі займалі агароды.
Уладальніца горада была зацікаўлена ў павялічэнні сваіх прыбыткаў і прыбыткаў гараджан. У адрозненні ад Ружан Пружаны з’яўляліся дзяржаўным горадам, і менавіта кароль па звароту жыхароў і сваёй цёткі Ганны Ягелонкі надаў яму прывілей на самакіраванне, так званае Магдэбургскае права, герб і пячатку, якая дазваляла гараджанам без умяшальніцтва пасрэднікаў ажыццяўляць маёмасныя і гандлёвыя аперацыі. Гэты дакумент датаваны 6 мая 1589 г.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка