Бонч-Асмалоўскі Анатоль Восіпавіч




Дата канвертавання11.06.2018
Памер20.66 Kb.
Бонч-Асмалоўскі Анатоль Восіпавіч, нарадзіўся 10.07.1857 г. Рэвалюцыянер-народнік. 3 дваран. Скончыўшы Маскоўскі ліцэй, у 1875 г. паступіў у Інстытут інжынераў шляхоў зносін, у 1876 г. перайшоў на юрыдычны, затым на прыродазнаўчы факультэт Пецярбургскага універсітэта. Пазнаёміўшыся з Р.П. Ісаевым і I.I. Кабліцам, пачаў вывучаць народніцкую тэорыю, распаўсюджваў сярод студэнтаў нелегальныя выданні. Як прыхільнік рэвалюцыйнай арганізацыі народнікаў «Зямля і воля» падтрымліваў кантакты з А.Дз. Міхайлавым, М.А. Марозавым, С.Л. Пяроўскай. 3 1878 г. арганізоўваў студэнцкія зямляцтвы, якія лічыў зручнай формай рэвалюцыйнай прапаганды, быў адным з кіраўнікоў «Саюза зямляцтваў Пецярбурга». У 1879 г. увайшоў у гурток «Маладыя землявольцы», які пасля расколу «Зямлі і волі» (жнівень 1879 г.) далучыўся да арганізацыі «Чорны перадзел». У лістападзе 1879 г. за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях А.В. Бонч-Асмалоўскі арыштаваны і высланы ў бацькоўскі маёнтак Блонь Ігуменскага павета (цяпер Пухавіцкі раён) з пазбаўленнем права вучыцца ў ВНУ. У 1880 г. садзейнічаў арганізацыі друкарні «Чорнага перадзелу» ў Мінску (пачала працаваць у 1881 г.), у красавіку 1882 г. арыштаваны, напрацягу 5 мес. адбываў зняволенне ў мінскай турме. Стаўшы пасля смерці бацькі ўласнікам маёнтка Блонь, частку даходаў перадаваў на рэвалюцыйныя мэты. Разам з жонкай В.І. Бонч-Асмалоўскай (Вахоўскай) пры ўдзеле групы народных настаўнікаў (у т.л. А.Я. Багдановіча) арганізаваў у Блоні сялянскі гурток самаадукацыі, спрабаваў стварыць «сацыялістычную арцель», распаўсюджваў нелегальную літаратуру. Арыштаваны ў красавіку 1886 г. у Канатопе Чарнігаўскай губерні, дзе знаходзіўся па справах нелегальнай друкарні. 3 сярэдзіны 1880-ых гг. дзякуючы Бонч-Асмалоўскаму і яго жонцы Блонь стала апорным пунктам рэвалюцыянераў розных кірункаў: народнікаў, сацыял-дэмактараў, сацыялістаў-рэвалюцыянераў (С.П. Кавалік, К.К. Брэшка-Брашкоўская, Р.А. Гершуні, І.А. Гурвіч і інш.). А.В. Бонч-Асмалоўскі – адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі (канец 1890-ых гг.), Блонскай сялянскай арганізацыі. У 1901 г. арыштаваны з сынам і інш., сасланы ва Усходнюю Сібір. У 1904 г. вярнуўся па амністыі, увайшоў у склад абласнога камітэта (у Смаленску) Паўночна-Заходняй арганізацыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, у 1905 г. кааптаваны ў ЦК партыі эсэраў. Удзельнік рэвалюцыі 1905 – 1907 гг.: быў дэлегатам Устаноўчага з’езда (ліпень – жнівень 1905 г.) і Дэлегацкай нарады (лістапад 1905 г.) Усерасійскага сялянскага саюза, I з’езда партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (снежань 1905 г. – студзень 1906 г.), друкаваў і распаўсюджваў нелегальную літаратуру, у час Снежаньскага ўзброенага паўстання 1905 г. змагаўся на барыкадах Прэсні ў Маскве. У красавіку 1908 г. арыштаваны, у лютым 1910 г. аддадзены пад суд. У студзені 1911 г. апраўданы, але ў 1912 г. зноў арыштаваны і прыгавораны да 8 мес. зняволення ў крэпасці. У час Першай сусветнай вайны ў эвакуацыі, працаваў у арганізацыях дапамогі бежанцам. У 1917 г. у Маскве, гласны гарадской думы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. выбраны членам выканкома Уладзімірскага губернскага Савета сялянскіх дэпутатаў. Дэлегат Усебеларускага з’езда (1917). 3 1918 г. у Мінску, актыўна ўдзельнічаў у кааператыўным руху. У час акупацыі Беларусі польскімі войскамі знаходзіўся на нелегальным становішчы. 3 1926 г. у Маскве, член Усесаюзнага таварыства паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў.

Памёр 23.09.1930 г.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка