Брэсцкі вяслярны канал




Дата канвертавання25.02.2017
Памер26.62 Kb.
Брэсцкі вяслярны канал
25 мая 2007 года горад Брэст, а разам з ім і ўся наша краіна атрымалі сучасны шматфункцыянальны спартыўна-відовішчны комплекс – Брэсцкі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па веславанні. У гэты дзень быў дадзены старт міжнароднай рэгаце «Дружба», у якой удзельнічалі спартсмены чатырнаццаці краін свету. У цырымоніі адкрыцця канала прыняла ўдзел Кацярына Карстэн – трохкратная алімпійская чэмпіёнка, лідар нацыянальнай зборнай па веславанні.

Брэсцкі вяслярны канал – унікальнае прыроднае збудаванне, візітная картка горада. Даўжыня канала – дзве тысячы дзвесце семдзесят чатыры метры, шырыня – сто шэсцьдзясят два метры, што цалкам адпавядае міжнародным стандартам.

Канал складаецца з трох блокаў. Першы блок уключае судзейска-адміністрацыйны корпус, фінішную вышку, прасторную канферэнц-залу на сто дзевяноста шэсць месцаў, утульнае кафэ «Чайка», інфармацыйны цэнтр і прэс-цэнтр. Адкрытая пляцоўка з трыбунамі для гледачоў злучана балконамі з судзейскай вышкай, абсталяванай электроннай сістэмай «старт – фініш».

Другі блок прадстаўлены сучаснай гасцініцай на сто месцаў. Прасторныя, зручныя, утульныя нумары абсталяваны высакаякаснай мэбляй, ложкі ўкамплектаваны артапедычнымі матрацамі. У кожным нумары ёсць душавая кабіна, тэлефон, тэлевізар, халадзільнік. З балконаў адкрываецца цудоўны від на водную роўнядзь вяслярнага канала і зону адпачынку. Побач з гасцініцай знаходзіцца кругласутачная стаянка і начная паркоўка для легкавога аўтатранспарту і аўтобусаў.

Трэці блок уключае два вяслярныя басейны, фізкультурны корпус, тры трэнажорныя залы, фітнес-залу, басейн. У блок уваходзяць таксама медыцынскі цэнтр, саўны, масажныя кабінеты.

Тых, хто ўпершыню прыйшоў у трэнажорную залу, інструктары пазнаёмяць з правіламі карыстання трэнажорамі, навучаць бяспечнай тэхніцы выканання базавых практыкаванняў. Персанальны трэнер дапаможа спланаваць індывідуальную праграму трэніроўкі з выкарыстаннем рознага абсталявання.

Да паслуг наведвальнікаў – басейн (даўжыня – дваццаць пяць метраў, шырыня – адзінаццаць з паловай метраў, максімальная глыбіня – амаль два метры). Заняткі праводзяцца кваліфікаванымі спецыялістамі як па індывідуальнай праграме, так і ў групе. У басейне падтрымліваецца пастаянная тэмпература вады і паветра, прадугледжана фільтрацыя вады і яе ачыстка рэагентамі, якія не змяшчаюць свабоднага хлору.

Для аматараў расслабіцца пад уздзеяннем гарачай па/ры працуе ўтульная саўна. Парылка, пакой для адпачынку і душавыя разлічаны на дванаццаць чалавек. Асаблівасць саўны – дзве кантрасныя ванны. На працягу дзвюх гадзін можна не толькі пераканацца, што пара з’яўляецца правераным спосабам ачышчэння арганізма, але і пагутарыць за кубкам чаю ў пакоі адпачынку.

Па перыметры канала пабудавана лыжаролерная траса (даўжыня – пяць кіламетраў, шырыня – чатыры з паловай метры). Для аматараў актыўнага адпачынку на свежым паветры ажыццяўляецца пракат спартыўнага інвентару: веласіпедаў, ролікавых канькоў, лыжаролераў, лыж.

На базе цэнтра праходзяць падрыхтоўку да чэмпіянатаў свету і Еўропы нацыянальныя каманды па акадэмічным веславанні і веславанні на байдарках і каноэ, праводзяцца спаборніцтвы рознага ўзроўню, дзейнічаюць групы пачатковай падрыхтоўкі, вучэбна-трэніровачныя групы спартыўнага ўдасканалення і групы вышэйшага спартыўнага майстэрства. Нацыянальныя зборныя Расіі, Украіны, федэрацыя веславання Масквы, якія праходзілі падрыхтоўку на базе Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні, высока ацанілі яго магчымасці.



Комплекс стаў адным з найлепшых спартыўна-аздараўленчых цэнтраў не толькі ў Брэсцкай вобласці, але і ў краіне. Тут створана ўсё для дзелавых зносін, павышэння спартыўнага майстэрства, прыгожага і незабыўнага адпачынку.

Паводле інтэрнэт-рэсураў.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка