Читаем Детям Адно яечка на дваіх



Дата канвертавання19.11.2017
Памер17.46 Kb.
#13425

Читаем Детям

Адно яечка на дваіх
Іван Муравейка
У хлевушку́ закудахталі куры — гучна і ўрачыста.

— Знесліся, — зазначыла мама, якая ў сенцах1 на газавай пліце гатавала снеданне. — Сынок, прынясі два яечкі, я звару: адно — табе, другое — Верачцы.

Сяргей пабег у хлевушок, узяў з гнязда яечкі: адно — у левую руку, другое — у правую, у адной руцэ яны не змяшчаліся. Абодва — цёплыя і далікатныя2. Назад Сяргейка не бег, а ішоў — павольна і асцярожна, каб не ўпасці. I неспадзявана — ой, бяда якая! — зачапіўся за нейкую галіну. Упаў, і адно яечка разбілася. Прызнацца, не разбілася, а Сяргейка яго раздушыў. Нават слёзы заблішчалі ў яго на вачах. Але ўжо нічога не зробіш, яечка не адновіш.

Вінавата апусціўшы галаву, Сяргейка ўвайшоў у сенцы.

— Адно разбілася, — зарумзаў ён, — але я не вінаваты... Нейкая галіна...

Мама зусім не зазлавалася.

— Нічога, бывае, — супакоіла яна сынка. А Верачка, якая была на цэлага паўтара года меншая за браціка, зашчабятала насмешліва:

— Ага, ты ўжо сваё яечка з'еў, з'еў, з'еў!..

Мама паклікала ўсіх да стала. Брацік і сястрычка звычайна сядзелі побач. На гэты раз Сяргейка адсунуўся як можна далей ад Верачкі, адвярнуўся ад яе — каб не бачыць, як тая будзе есці яечка. А яно ляжала ў сподачку адно і свяцілася, як маленькае сонейка. Сяргейку не ва́біла ні каша рысавая з маслам, ні піражок з варэннем. Яму хацелася толькі яечка. Але папрасіць хоць трошкі ў Верачкі? Нізавошта! «Я ёй таксама калі-небудзь чаго-небудзь не дам», — падумаў ён.

Верачка крадком глянула на браціка, узяла яечка, разбіла лыжкай шкарлупіну. Падперла рукамі галаву, нібы вырашала нейкае важнае пытанне. Зноў кінула позірк на Сяргейку і разрэзала ачышчанае яечка на дзве частачкі. Адну паклала на брацікаву талерку.

«Я сваё яечка ўжо з'еў», — ледзь не сказаў Сяргейка, але прамаўчаў. Можа, таму, што яму сёння так хацелася пакаштаваць яечка, а можа, з-за іншай прычыны.

Сяргейку зрабілася радасна і лёгка — ён падсунуўся бліжэй да Верачкі.

— А чаму ты мне большую палавіну яечка паклала?

— А таму, што ты большы, — адказала Верачка.



1 Се́ні — памяшканне паміж жылой часткай дома і ганкам у вясковых хатах.

2 Даліка́тны — які патрабуе асцярожных адносін.




ChitaemDetyam.com



Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал