Читаем Детям Царэўна-жаба




Дата канвертавання06.02.2017
Памер74.96 Kb.

Читаем Детям

Царэўна-жаба
Руская народная казка
ў апрацоўцы Аляксея Мікалаевіча Талстога
Пераклад Сяргея Міхальчука

Даўнымдаўно ў аднаго цара было тры сыны. Вось, калі сыны ў гады ўвайшлі, цар сабраў іх і кажа:

— Сынкі мае любыя, пакуль я яшчэ не стары, хацелася б мне вас пажаніць і паглядзець на вашых дзетак, на маіх унукаў.

Сыны бацьку адказваюць:

— Дык што ж, бацюхна, блаславі. З кім табе хацелася б нас ажаніць?

Вось што, сынкі, бярыце па страле, выходзьце ў чыстае поле і страляйце: куды стрэлы ўпадуць, там і доля ваша, лёс ваш.

Сыны пакланіліся бацьку, узялі па страле, выйшлі ў чыстае поле, напялі лукі і стрэлілі. У старэйшага сына страла ўпала на баярскі двор, падняла стралу баярская дачка. У сярэдняга сына ўпала страла на шырокі купецкі двор, падняла яе купецкая дачка.

А ў малодшага сына, Іванацарэвіча, страла паднялася і паляцела, сам не ведае куды. Вось ён ішоў, ішоў, дайшоў да балота, бачыць — сядзіць жаба, падхапіла яго стралу. Іванцарэвіч кажа ёй:

— Жаба, жаба, аддай маю стралу.

А жаба яму адказвае:

— Вазьмі мяне замуж!

— Што ты, як гэта я вазьму сабе за жонку жабу?

— Бяры, відаць, лёс твой такі, доля твая такая.

Зажурыўся Іванцарэвіч. Ды нічога не зробіш, узяў жабу, прынёс дадому. Цар згуляў тры вяселлі: старэйшага сына ажаніў з баярскай дачкою, сярэдняга — з купецкай, а няшчаснага Іванацарэвіча — з жабай.

Вось цар паклікаў сыноў:

Хачу паглядзець, каторая з вашых жонак найлепшая рукадзельніца. Няхай пашыюць мне да заўтра па кашулі.

Сыны пакланіліся бацьку і пайшлі.

Іванцарэвіч прыйшоў дадому, сеў і галаву звесіў. Жаба па падлозе скача, пытаецца ў яго:

— Чаго, Іванцарэвіч, замаркоціўся? Ці, можа, гора якое?

— Бацюхна загадаў табе да заўтра кашулю яму пашыць.

Жаба адказвае:

— Не тужы, Іванцарэвіч, лепей кладзіся спаць, раніца за вечар мудрэйшая.

Іванцарэвіч лёг спаць, а жаба скокнула на ганак, скінула з сябе жабіную скуру і зрабілася Васілісай Прамудрай, такой красуняй, што і ў казцы не раскажаш.

Васіліса Прамудрая пляснула ў ладкі і крыкнула:

— Мамкі, нянькі, збягайцеся, збірайцеся! Пашыйце мне да раніцы такую кашулю, якую бачыла я ў свайго роднага бацюхны.

Іванцарэвіч раніцай прачнуўся, жаба зноў па падлозе скача, а кашуля ўжо ляжыць на стале, загорнутая ў ручнік. Зарадаваўся Іванцарэвіч, узяў кашулю, панёс бацьку. Цар у гэты час прымаў дарункі ад большых сыноў. Старэйшы сын разгарнуў кашулю, цар узяў яе і сказаў:

— Гэтую кашулю ў курнай хаце насіць.

Сярэдні брат разгарнуў кашулю, цар сказаў:

— У ёй толькі ў лазню хадзіць.

Іванцарэвіч разгарнуў кашулю, аздобленую золатамсерабром, мудрагелістымі ўзорамі. Цар толькі глянуў:

— Ну, от гэта кашуля — на святы яе надзяваць.

Пайшлі браты дадому — тыя два — і гамоняць паміж сабой:

— Не, мусіць, мы дарэмна смяяліся з жонкі Іванацарэвіча: яна не жаба, а нейкая хітра1...

Цар зноў сыноў паклікаў:

— Няхай вашы жонкі спякуць мне да заўтра хлеб. Хачу ўведаць, каторая лепей гатуе.

Іванцарэвіч галаву звесіў, прыйшоў дадому. Жаба ў яго пытаецца:

— Чаго замаркоціўся?

Ён адказвае:

— Трэба да заўтра спячы цару хлеб.

— Не тужы, Іванцарэвіч, лепей кладзіся спаць, раніца за вечар мудрэйшая.

А тыя нявесткі спачатку смяяліся з жабы, а цяпер паслалі адну бабкунахлебніцу паглядзець, як жаба будзе пячы хлеб.

Жаба хітрая, яна гэта сцяміла. Замясіла дзяжу цеста, печ зверху разламала ды проста туды, у дзірку, усю дзяжу і перакуліла. Бабканахлебніца прыбегла да царскіх нявестак, усё расказала, і тыя гэтак жа пачалі рабіць.

А жаба скокнула на ганак, зрабілася Васілісай Прамудрай, пляснула ў ладкі:

— Мамкі, нянькі, збягайцеся, збірайцеся! Спячыце мне да раніцы мяккі белы хлеб, які я ў майго роднага бацюхны ела.

Іванцарэвіч раніцай прачнуўся, а ўжо на стале ляжыць бохан хлеба, усяляк аздоблены: з бакоў узоры адмысловыя, зверху гарады з заставамі.

Іванцарэвіч узрадаваўся, загарнуў хлеб у настольнік, панёс бацьку. А цар у гэты час прымаў хлеб ад большых сыноў. Іх жонкі павылівалі цеста ў печ, як ім бабканахлебніца сказала, і выйшла ў іх адна гарэлая гразь. Цар узяў хлеб ад старэйшага сына, паглядзеў і адаслаў у чалядню2. Узяў ад сярэдняга сына і туды ж адаслаў. А як падаў Іванцарэвіч, цар сказаў:

От гэта хлеб, толькі на свята яго есці.

I загадаў цар тром сваім сынам, каб заўтра з’явіліся да яго на банкет разам з жонкамі.

Зноў вярнуўся Іванцарэвіч дадому невясёлы, ніжэй плеч галаву звесіў. Жаба па падлозе скача:

— Кваква, Іванцарэвіч, чаго замаркоціўся? Ці мо пачуў ад бацюхны слова няласкавае?

— Жабка, жабка, як мне не бедаваць? Бацюхна наказаў, каб я прыйшоў з табою на банкет, а як я цябе людзям пакажу?

— Не тужы, Іванцарэвіч, — адказвае жаба, ідзі на банкет адзін, а я ўслед за табою буду. Як пачуеш стук ды гром, не пужайся. Запытаюцца ў цябе, скажы: «Гэта мая жабка ў каробачцы едзе».

Іванцарэвіч і пайшоў адзін. Вось старэйшыя браты прыехалі з жонкамі, а тыя разадзетыя, у строі прыбраныя, нарумяненыя, нафарбаваныя.

Стаяць ды з Іванацарэвіча смяюцца:

— Чаму ж ты без жонкі прыйшоў? Хоць бы ў хусцінцы яе прынёс. Дзе ты такую красуню знайшоў? Пэўна, усе балоты аблазіў.

Цар з сынамі, з нявесткамі, з гасцямі паселі за сталы дубовыя, за абрусы ўзорыстыя — баляваць. Раптам узняўся такі стукат ды грукат, што ўвесь палац хадуном захадзіў. Госці папужаліся, паўсхопліваліся с месцаў, а Іванцарэвіч кажа:

— Не бойцеся, шаноўныя госці: гэта мая жабка ў каробачцы прыехала.

Падляцела да царскага ганка пазалочаная карэта, шасцёркай белых коней запрэжаная, і выходзіць з яе Васіліса Прамудрая: на блакітнай сукенцы — густыя зоркі, на галаве — месяц ясны, такая красуня — ні падумаць, ні згадаць, толькі ў казцы сказаць. Бярэ яна Іванацарэвіча за руку і вядзе за сталы дубовыя, за абрусы ўзорыстыя.

Пачалі госці есці, піць, весяліцца. Васіліса Прамудрая выпіла са шклянкі ды рэшткі сабе ў левы рукаў выліла. Закусіла лебедзем ды костачкі ў правы рукаў укінула.

Жонкі большых царэвічаў прыкмецілі яе хітрыкі і давай тое ж самае рабіць.

Папілі, паелі, прыйшла пара ў скокі ісці. Васіліса Прамудрая падхапіла Іванацарэвіча. I ўжо так яна скакалатанцавала, круціласявярцелася — усім на дзіва. Махнула левым рукавом — раптам зрабілася возера, махнула правым рукавом — паплылі па возеры белыя лебедзі. Цар і госці дзіву даліся.

А старэйшыя нявесткі пайшлі скакацьтанцаваць: махнулі рукавом — толькі гасцей запырскалі, махнулі другім — толькі косці разляцеліся, адна костка цару ў вока пацэліла. Цар раззлаваўся і прагнаў абедзвюх нявестак.

Тым часам Іванцарэвіч адлучыўся ціхенька, пабег дадому, знайшоў там жабіну скуру і кінуў яе ў печ, спаліў на агні.

Васіліса Прамудрая вяртаецца дадому, спахапілася — няма жабінай скуры. Села яна на лаўку, засмуцілася, зажурылася і кажа Івануцарэвічу:

— Ах, Іванцарэвіч, што ж ты нарабіў? Каб ты яшчэ ўсяго толькі тры дні пачакаў, я вечна тваёю была б. А цяпер бывай. Шукай мяне за трыдзевяць зямель, у трыдзесятым царстве, у Кашчэя Бессмяротнага...

Зрабілася Васіліса Прамудрая шэрай зязюляй і вылецела ў акно. Іванцарэвіч паплакаў, паплакаў, пакланіўся на ўсе чатыры бакі і пайшоў куды вочы глядзяць — шукаць жонку, Васілісу Прамудрую. Ішоў ён блізка ці далёка, доўга ці не, боты збіў, каптан знасіў, шапку дождж злямчыў. Трапляецца яму насустрач стары дзядок.

— Добры дзень, малойца! Што шукаеш, куды цябе твая дарога вядзе?

Іванцарэвіч расказаў яму пра сваё няшчасце. Стары дзядок і кажа яму:

— Эх, Іванцарэвіч, навошта ты жабіну скуру спаліў? Не ты яе надзеў, не табе яе трэба было і здымаць. Васіліса Прамудрая хітрэйшая, мудрэйшая за свайго бацьку ўдалася. Ён за гэта разгневаўся на яе і загадаў ёй тры гады жабаю быць. Ну, нічога не зробіш, вось табе клубок: куды ён пакоціцца, туды і ты ідзі за ім смела.

Іванцарэвіч падзякаваў старому дзядку і пайшоў за клубочкам. Клубок коціцца, ён за ім ідзе. У чыстым полі трапляецца яму насустрач мядзведзь. Іванцарэвіч нацэліўся, хоча забіць звера. А мядзведзь гаворыць яму чалавечым голасам:

Не забівай мяне, Іванцарэвіч, калінебудзь я табе спатрэблюся.

Іванцарэвіч пашкадаваў мядзведзя, не стрэліў у яго, пайшоў далей. Зірк, ляціць над ім качар. Ён нацэліўся, а качар кажа яму чалавечым голасам:

— Не забівай мяне, Іванцарэвіч, я табе спатрэблюся.

Ён пашкадаваў качара і пайшоў далей. Бяжыць касавокі заяц. Іванцарэвіч зноў намерыўся, хоча ў яго страляць, а заяц кажа чалавечым голасам:

— Не забівай мяне, Іванцарэвіч, я табе спатрэблюся.

Пашкадаваў ён і зайца, пайшоў далей. Падыходзіць да сіняга мора, аж бачыць — на беразе, на пяску, ляжыць шчупак, ледзьве дыхае і кажа яму:

— Ах, Іванцарэвіч, пашкадуй мяне, кінь у сіняе мора!

Ён кінуў шчупака ў мора, пайшоў далей берагам. Доўга ці не, прыкаціўся клубочак да лесу. Там стаіць хатка на курыных лапках, вакол сябе паварочваецца.

— Хатка, хатка, стань, як стаяла, як маці паставіла: да лесу задам, да мяне перадам.

Хатка павярнулася да яго перадам, да лесу задам. Іванцарэвіч зайшоў у яе, аж бачыць: на печы, на чарані, на дзевятай цагліне, ляжыць бабаяга, касцяная нага, зубы — на паліцы, а нос у столь урос.

— Чаго, добры малойца, да мяне завітаў? — кажа яму бабаяга. — Работы шукаеш ці ад работы ўцякаеш?

Іванцарэвіч ёй адказвае:

— Ах ты, старая качарга, ты б мяне спачатку напаіла, накарміла, у лазні папарыла, тады б і дапытвалася.

Бабаяга яго ў лазні папарыла, напаіла, накарміла, у пасцель палажыла, і Іванцарэвіч расказаў ёй, што шукае сваю жонку, Васілісу Прамудрую.

— Ведаю, ведаю, — кажа яму бабаяга, — твая жонка цяпер у Кашчэя Бессмяротнага. Цяжка яе будзе выбавіць, нялёгка з Кашчэем справіцца: яго смерць на кончыку іголкі, тая іголка ў яйку, яйка ў качцы, качка ў зайцы, той заяц сядзіць у каменным куфэрку, а куфэрак стаіць на высокім дубе, і той дуб Кашчэй Бессмяротны, як сваё вока, сцеражэ.

Іванцарэвіч у бабыягі пераначаваў, і назаўтра раніцай яна яму паказала, дзе расце высокі дуб. Доўга ці не, дайшоў туды Іванцарэвіч, бачыць — стаіць, шуміць высокі дуб, на ім каменны куфэрак, а дастаць яго цяжка.

Раптам, ні адсюль ні адтуль, прыбег мядзведзь і вывернуў дуб з коранем. Куфэрак упаў і разбіўся. З куфэрка выскачыў заяц — і наўцёкі з усіх ног. А за ім другі заяц гоніцца, дагнаў і на шматкі разарваў. А з зайца вылецела качка, паднялася высока, пад самае неба. Зірк, на яе качар рынуўся, як стукне яе — качка яйка выпусціла, яйка ўпала ў сіняе мора...

Тут Іванцарэвіч заліўся горкімі слязьмі — дзе ж у моры яйка знайсці! Раптам падплывае да берага шчупак і трымае яйка ў зубах. Іванцарэвіч разбіў яйка, дастаў іголку і давай у яе кончык ламаць. Ён ломіць, а Кашчэй Бессмяротны шалее, кідаецца сюдытуды. Колькі ні шалеў, ні кідаўся Кашчэй, зламаў Іванцарэвіч у іголкі кончык, давялося Кашчэю памерці.

Пайшоў Іванцарэвіч у Кашчэеў палац белакаменны. Выбегла насустрач Васіліса Прамудрая, пацалавала яго ў вусны мядовыя. Іванцарэвіч з Васілісай Прамудрай вярнуліся дадому і жылі доўга і шчасліва да глыбокай старасці.




1 Xітра – чараўніца.


2 Чалядня – памяшканне, дзе жылі слугі.





ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка