Читаем Детям Чараўніца




Дата канвертавання22.02.2017
Памер35.13 Kb.

Читаем Детям

Чараўніца
Шарль Пэро
Пераклаў с французскага Зміцер Колас

Жыла сабе раз удава, і былі ў яе дзве дачкі. Старэйшая і з характару, і з твару была вельмі падобная да маці, — такая падобная, што людзі, убачыўшы іх разам, не маглі адрозніць, дзе адна, а дзе другая. Абедзве яны былі такія агідныя і такія фанабэрыстыя, што жыць з імі было немагчыма. А вось меншая дачка сваёй дабрынёй і сумленнасцю была чысты бацька. I апроч таго, яна была такая прыгожая, што другой такой не было нідзе ў свеце. Ды ўсё ж, вядома, падобнага да сябе любяць болей, і таму ўдава вельмі любіла старэйшую дачку і трываць не магла малодшай. Яна прымушала яе есці толькі на кухні і ўвесь час давала ёй якую-небудзь цяжкую працу.

Абавязкам беднай дзяўчыны было двойчы на дзень хадзіць па ваду аж за дзве вярсты ад дома, і кожны раз яна павінна была прынесці вялізны збан, поўны да берагоў. I вось аднаго разу, калі яна была ля крыніцы, да яе падышла бедная кабета і папрасіла напіцца.

— Зараз, зараз, цётачка, — сказала прыгожая дзяўчына.

Яна хуценька спаласнула збан, наліла ў яго вады з найчысцейшага месца ў крыніцы і падала яго кабеце. Каб той зручней было піць, дзяўчына ўвесь час яго падтрымлівала.

Напіўшыся, кабета сказала:

— Ты такая прыгожая, такая добрая і такая ветлівая, што я хачу зрабіць табе падарунак (а гэта была чараўніца, якая наўмысна абярнулася беднай сялянкай, каб пабачыць, якое сумленне ў гэтай дзяўчыны).

— Я вырашыла надзяліць цябе дарам, — сказала чараўніца. — Дзякуючы яму пры кожным слове, якое ты вымавіш, з рота ў цябе будзе выпадаць кветка або каштоўны камень.

Неўзабаве дзяўчына вярнулася дадому. Маці адразу накінулася на яе сварыцца, што яна так доўга хадзіла па ваду.

— Калі ласка, мама, даруйце, што я так спазнілася, — сказала бедная дзяўчына.

I пры гэтых словах з рота ў яе ўпалі дзве ружы, дзве перліны і два вялікія дыяменты.

— Што такое? — крыкнула маці, вельмі здзівіўшыся. — Па-мойму, у яе з рота выпалі дзве перліны і два дыяменты? Адкуль гэта ў цябе, дачушка мая? (Гэта быў першы раз, калі яна назвала яе дачушкай.)

Бедная дзяўчына шчыра распавядала ёй пра ўсё, што з ёй здарылася, і насыпала пры гэтым безліч дыяментаў.

— Вось табе маеш! — сказала маці. — Трэба будзе паслаць туды і маю старэйшую. Чуеш, Фаншона? Пабач, што падае ў тваёй сястры з рота, калі яна гаворыць! Хочаш мець такі дар? Тады бяры збанок ды схадзі па ваду да крыніцы, а калі якая-небудзь бедная кабета папросіць у цябе напіцца, налі ёй у збанок вады ды напаі.

— Яшчэ чаго! — груба адказала Фаншона. — Ніколі такога не будзе, каб я пайшла на крыніцу!

— А я кажу, што пойдзеш, — паўтарыла маці, — і зараз жа.

Давялося такі старэйшай дачцэ ісці, хоць яна ўвесь час незадаволена бурчала. А з сабой яна ўзяла найлепшы срэбраны збанок, які быў у хаце. I вось ледзь яна паспела падысці да крыніцы, як убачыла, што з лесу выйшла раскошна апранутая пані. Гэта была тая самая чараўніца, якая раней гутарыла з яе сястрой, а цяпер абярнулася прынцэсай, каб пабачыць, наколькі гэтая дзяўчына можа быць несумленнай. Яна падышла да старэйшай сястры і папрасіла ў яе напіцца.

— Яшчэ чаго! — груба крыкнула чараўніцы фанабэрыстая дзяўчына. — Што, я сюды прыйшла вам ваду падаваць?! Ці вы думаеце, я прынесла гэты срэбраны збанок, каб вы з яго тут пілі! Вось што я вам скажу: піце проста з крыніцы, калі вам так хочацца.

— Вы вельмі няветлівая, — адказала чараўніца, але на твары ў яе не выявілася ніякага гневу. — Ну што ж, калі вы такая грубая, я надзялю вас дарам: пры кожным слове, якое вы скажаце, з рота ў вас будзе выскакваць гадзіна ці рапуха.

Яшчэ здалёк заўважыўшы сваю любую дачушку, маці закрычала:

— Ну што, дачушка мая?

А нічога, мая матухна... — адказала грубіянка, і з рота ў яе выскачылі дзве рапухі і дзве гадзіны.

— О неба! — крыкнула маці. — Што я бачу? Усё гэта з-за тваёй сястрыцы! Ну, яна ўжо мне заплаціць!

I яна пабегла па малодшую дачку, каб яе набіць.

Але бедная дзяўчына ўцякла і схавалася ў лесе. Там яе і спаткаў сын караля, які вяртаўся з палявання. Ён заўважыў, якая яна прыгожая, і спытаўся, чаму яна тут адна і чаго плача.

— О пане! — адказала дзяўчына. — Маці выгнала мяне з хаты.

Убачыўшы, што з рота ў яе выпалі шэсць перлаў і столькі ж дыяментаў, сын караля вельмі здзівіўся і спытаў, як у яе гэта выходзіць. I дзяўчына расказала гісторыю, якая з ёй здарылася. Пачуўшы гэта, сын караля вельмі ў яе закахаўся і падумаў, што такі дар варты ўсяго, што могуць даць у пасаг за любой прынцэсай. Ён прывёз дзяўчыну ў палац да свайго бацькі-караля, і там яны пажаніліся.

Што ж да яе сястры, дык тая хутка ўжо так усім абрыдла, што родная маці не вытрывала ды выгнала яе з хаты. Нябога доўга тулялася сям і там, але так і не знайшла нікога, хто б яе прытуліў. Так яна і памерла адна ў нейкім глухім лясным закутку.
Мараль

Дыяменты і аздобы

Вабяць моцна ўсіх людзей,

Але ветлівыя словы

Больш маюць сілы і каштуюць даражэй.

Другая мараль

Няпроста дагаджаць усім

І далікатным быць заўсёды,

Ды ўрэшце ўсё вянчае ўзнагарода —



Якраз тады, як пра яе не думаеш зусім.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка