Читаем Детям Дарога



Дата канвертавання01.02.2018
Памер24.34 Kb.
#17567

Читаем Детям

Дарога
Васіль Ткачоў
Максімка з татам сабраліся ў суседнюю вёску — праведаць бабулю з дзядулем. Купілі гасцінцаў і раніцай пакрочылі на аўтобусны прыпынак. Селі на лаву, чакаюць. Аўтобуса ўсё няма. Можа, зламаўся? Тата, пачакаўшы трохі, прапанаваў:

— А давай, Максім, пехам пойдзем. Што нам той аўтобус!

Хлопчык насупіўся:

— Я пехам не хачу. Гэта ж няблізка. Ды і навошта тады аўтобус прыдумалі?

— Бачыш: няма яго, аўтобуса, — развёў рукамі тата.

— Лепш пачакаем, — Максімка, седзячы на лаве, боўтаў нагамі. — А то пойдзем, а ён нас дагоніць. Тады крыўдна будзе. Ішлі, ішлі, і ўсё дарэмна…

Тата не стаў пярэчыць. Сядзяць, чакаюць. I размаўляць быццам няма пра што. Усё ж тата не вытрымаў, першы ўзняўся з лавы:

— Аўтобуса, відаць, сёння не будзе. Але ж ты лянуешся ісці да дзядулі з бабуляй, то заставайся дома, а я пайду адзін. Добра?

— Не, хадзем, тата, разам, — пагадзіўся хлопчык і хуценька ўскочыў з лавы: ён ужо засумаваў па бабулі з дзядулем.

Сын і бацька, узяўшыся за рукі, крочылі па дарозе, а яна шэрай стужкай бегла і бегла наперад.

Свяціла сонейка, твары абвяваў свежы ветрык, а ў небе пырхаў жаўрук і, здавалася, радуючыся людзям, пасылаў ім з неба сваю песню.

— Гэта ён нас хваліць, што пешшу ідзём, — заўважыў тата.

Максімка памахаў жаўруку і гучна сказаў:

— Дзякуй табе, птушачка!

Прайшлі яшчэ трохі полем, і дарога нырнула ў лес. Тата запаволіў хаду, паглядзеў на сына:

— Чуеш? Гэта дзяцел тукае: тук-тук-тук! А чаму ён так тукае, ведаеш?

Максімка паціснуў плячыма:

— Забаўляецца, мусіць?

— Не, сынку: гэта ён корм сабе і сваім дзеткам здабывае. Пад карой у старых дрэў шмат розных казюрак жыве, вось ён і дастае іх. Працавітая птушка дзяцел. Ён не толькі корм здабывае — і лес ратуе ад розных караедаў.

Перад крынічкай спыніліся, напіліся халоднай, як лёд, вады. Крышачку адпачылі і пайшлі далей.

— А вунь, бачыш, ямы, — паказаў тата на акопы, што зараслі ўжо густым кустоўем. — Іх нашы салдаты ў вайну капалі, калі займалі тут абарону, каб вораг не прайшоў у нашу вёску.

— I не пусцілі? — зацікавіўся Максімка.

— I не пусцілі, — упэўнена сказаў тата. — Бачыш, наша вёска жыве… А маглі б і спаліць яе немцы. Тады і мы не жылі б тут. Трэба дзякуй сказаць салдатам.

Хлопчык ледзь чутна прашаптаў:

— Дзякуй… — і падаў тату руку: з ім нястрашна.

А потым закукавала зязюля: «Ку-ку! Ку-ку! Ку-ку!» Тата папрасіў Максімку, каб той лічыў, колькі разоў пракукуе птушка. Максімка лічыў, лічыў… і збіўся.

— Ну, і колькі ж? — спытаў тата. Хлопчык развёў рукамі, а потым знайшоўся:

— Багата разоў! Тата ўсміхнуўся:

— Значыць, у нас з табой наперадзе яшчэ ўсё жыццё. Калі зязюля накукавала нам шмат гадоў.

Амаль каля самай дарогі яны ўбачылі сунічную палянку. Ягад было столькі, што яны і самі наеліся, і для бабулі з дзядулем назбіралі.

Перад самай вёскай Максімку з татам дагнаў аўтобус. Шафёр прытармазіў, вызірнуў з акенца і кіўнуў галавой: «Залазьце, пешаходы!»

— Дзякуй, мы ўжо прыйшлі, — адказаў яму тата.

— Матор закапрызіў, — быццам апраўдваўся шафёр перад хлопчыкам і ягоным татам. — Давялося падлячыць яго. Спазняцца больш не будзем.

I націснуў на газ. Але Максімка зусім не шкадаваў, што пешшу прыйшоў да бабулі з дзядулем. Якая, аказваецца, цікавая гэтая дарога!






ChitaemDetyam.com



Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал