Читаем Детям Добрая фея




Дата канвертавання03.01.2018
Памер26.5 Kb.

Читаем Детям

Добрая фея
Віктар Дайліда
Надыходзіў Новы год. Людзі ставілі ёлкі, упрыгожвалі іх бліскучымі рознакаляровымі цацкамі. Юля разам з мамай таксама прыбірала сваю ёлачку, чапляла на яе шышкі, жалуды, шары, пеўнікі, цукеркі, яблыкі. На самы вяршок мама прымацавала бліскучую чырвоную зорку, а пад ёлкай пасадзіла вялікага Дзеда Мароза ў кажуху з калматым каўняром, абсыпаным «снегам», і ў чырвоным башлыку. Дзед быў падпяразаны шырокім вышываным поясам з кутасамі. За плячамі — вялікі мяшок.

— Заўтра табе, Юлечка, Дзед Мароз прынясе падарунак, — гаварыла мама, калі яны вешалі гірлянды з электрычнымі лямпачкамі. — Толькі не гэты Дзед, а сапраўдны, жывы. I яшчэ, калі ты будзеш харошай, паслухмянай дзяўчынкай, падарунак табе прынясе і Добрая Фея.

— А хто такая Добрая Фея? — не зразумела Юля.

— А гэта ёсць такая цётка, называецца яна Фея, — адказала мама. Яна ноччу перад Новым годам усім харошым дзецям падарункі прыносіць.

— А адкуль яна ведае, хто харошы, а хто брыдкі? — зноў спытала Юля.

— Ведае. Яна ўсё-ўсё ведае. Усё бачыць, усё чуе, усіх-усіх разумее. Прыходзіць Фея ноччу, калі спяць не толькі дзеці, але і дарослыя. Ціхенька адчыняе дзверы, нячутнымі крокамі падыходзіць да ёлкі і кладзе пад яе падарунак. А на падарунку нават надпіс ставіць: Юльцы, Наташы або Іванку ці Мішу.

— Няўжо?! — здзівілася Юлька.

— Праўда. Толькі прыносіць падарункі яна таму, хто рукі чыста з мылам мые, хто зубы кожны дзень чысціць, хто палец у рот не бярэ, у каго кніжкі і сшыткі хораша складзены, хто маме посуд мыць памагае, хто спаць у дзевяць гадзін кладзецца. Ну, а хто мурза і неслух, Фея да таго не заходзіць… — махнула рукой мама.

Вечарам Юля хораша прыбрала на сваім стале, дзе рыхтавала ўрокі — сёлета яна ўпершыню пайшла ў школу, — роўненька паскладала ўсе свае школьныя прылады, кніжкі і сшыткі, потым чыста, з мылам вымыла рукі, а павячэраўшы, пачысціла зубы. I калі не было яшчэ і дзевяці гадзін, пачала класціся спаць.

— Нешта ты сёння рана? — спытала мама.

— А Фея ж падарунак прынясе.. — адказала дзяўчынка.

— Ах, праўда ж… — спахапілася мама. — А я і забылася. Ну, спі, спі, дачушка.

— Добрай ночы, мамачка, — пажадала Юля маме і дадала: — Я заўтра і косы сама запляту, і хусцінкі свае вымыю, і ў магазін збегаю.

— Ну малайчына…

Юля доўга ляжала, не магла заснуць, усё думала, думала, а што ж гэта за такая Добрая Фея, ўсё бачыць і ўсё чуе і якая так любіць харошых дзяцей.

А раніцой, прачнуўшыся, Юля адразу кінулася да ёлкі. Зірнула, а там сапраўды ляжыць вялікі пакунак. I на ім напісана: «Сямашка Юліі». А ў тым пакунку цукеркі, арэхі, шакаладкі, фінікі і… тапачкі.

— Мамачка, а адкуль Фея ведала, што мне патрэбны новыя тапкі? — спытала Юлька.

— О… яна ўсё ведае… — адказаў за маму тата, які выйшаў з кухні. — Яна ведала, што твае старыя тапачкі знасіліся, і прынесла новыя. Ды паглядзі, якія прыгожыя — цёплыя, мяккія, нібы пуховыя.

Юля надзела новыя тапачкі і зарадавалася. Ах, якія мяккія!..

— А яны і падпісаны нават, — сказаў тата. — Паглядзі, на адным вышыта літара С, а на другім Ю. Сямашка Юліі.

— Праўда, татка… — Юля зірнула і здзівілася яшчэ болей. Але прыкмеціла, што тата падміргнуў маме, усміхнуўся, і раптам не паверыла: — Ой, вы, мусіць, жартуеце?

— Ды не, што ты…

— Э-э… А чаму ж літары на тапках вышыты якраз такімі ніткамі, якімі мама вышывала мне кофтачку? — Юля ледзь не пакрыўдзілася.

Правільна, Юлечка, — усміхнуўся тата, — бо кофтачу і тапкі вышывала адна і тая ж Добрая Фея. А хто гэтая Фея, адгадай?

— Гэта мая мама… — засмяялася Юля.

— Правільна, малайчына, адгадала.

Тады Юля падбегла да мамы, абхапіла яе за шыю рукамі і моцна-моцна пацалавала:

— Дзякуй табе, мамачка!.. Дзякуй, Добрая Фея.


1978 г.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка