Читаем Детям Дудачка і збаночак




Дата канвертавання17.02.2017
Памер60.14 Kb.

Читаем Детям

Дудачка і збаночак
Валянцін Катаеў
Пераклаў з рускага Мікола Мятліцкі

Паспелі ў лесе суніцы. Узяў тата конаўку, узяла мама кубак, дзяўчынка Жэня ўзяла збаночак, а маленькаму Паўліку далі сподачак.

Прыйшлі яны ў лес і сталі збіраць ягады: хто раней набярэ. Выбрала Жэніна мама самую лепшую палянку і кажа:

— Вось табе, дачка, цудоўная мясцінка. Тут вельмі многа суніц. Хадзі збірай.

Жэня выцерла збаночак лопухам і стала хадзіць.

Хадзіла-хадзіла, глядзела-глядзела, нічога не знайшла і вярнулася з пустым збаночкам.

Бачыць — ва ўсіх суніцы. У таты чвэрць конаўкі. У мамы паўкубка. А ў маленькага Паўліка на сподачку дзве ягады.

— Мама, чаму ва ўсіх вас ёсць, а ў мяне нічога няма? Ты мне, напэўна, выбрала самую горшую палянку.

— А ты пільна шукала?

— Пільна. Там ніводнай ягады, адны толькі лісцікі.

— А пад лісцікі ты заглядвала?

— Не заглядвала.

— Вось бачыш! Трэба заглядваць.

— А чаму Паўлік не заглядвае?

— Паўлік маленькі. Ён сам ростам з суніцу, яму і заглядваць не патрэбна, а ты ўжо дзяўчынка даволі высокая.

А тата кажа:

— Ягадкі — яны хітрыя. Яны заўсёды ад людзей хаваюцца. Іх трэба ўмець даставаць. Глядзі, як я раблю.

Тут тата прысеў, нахіліўся да самай зямлі, заглянуў пад лісцё і стаў шукаць ягадку за ягадкай, прыгаворваючы:

— Адну ягадку бяру, на другую гляджу, трэцюю прыкмячаю, а чацвёртая мроіцца.

— Добра, — сказала Жэня. — Дзякуй, татачка. Буду рабіць гэтак жа.

Пайшла Жэня на сваю палянку, прысела на кукішкі, нахілілася да самага долу і зазірнула пад лісцё. А пад лісцікамі ягад — процьма. Вочы разбягаюцца. Пачала Жэня браць ягады ды ў збаночак кідаць. Бярэ ды прыгаворвае:

— Адну ягадку бяру, на другую гляджу, трэцюю прыкмячаю, а чацвёртая мроіцца.

Аднак хутка надакучыла Жэні сядзець на кукішках.

«Даволі з мяне, — думае. — Я ўжо і так, мабыць, багата набрала».

Устала Жэня на ногі і заглянула ў збаночак. А там усяго чатыры ягады.

Зусім мала! Зноў трэба на кукішкі апускацца. Нічога не паробіш!

Села Жэня зноў на кукішкі, стала збіраць ягады, прыгаворваць:

— Адну ягадку бяру, на другую гляджу, трэцюю прыкмячаю, а чацвёртая мроіцца.

Заглянула Жэня ў збаночак, а там усяго толькі восем ягадак — нават дно яшчэ не закрыта.

«Ну, — думае, — так збіраць мне зусім не падабаецца. Увесь час нагінайся ды нагінайся. Пакуль набярэш поўны збаночак, чаго добрага, і стаміцца можна. Лепш я пайду пашукаю сабе другую палянку».

Пайшла Жэня па лесе шукаць такую палянку, дзе суніцы не хаваюцца пад лісцём, а самі на вочы лезуць і ў збаночак просяцца.

Хадзіла-хадзіла, палянкі такой не знайшла, стамілася і села на пянёк адпачываць. Сядзіць, ад няма чаго рабіць ягады са збаночка бярэ ды ў рот кладзе. З'ела ўсе восем ягад, зазірнула ў пусты збаночак і думае: «Што ж цяпер рабіць? Хоць бы мне хто-небудзь дапамог!»

Толькі яна гэтак падумала, як мох заварушыўся, мурава рассунулася, і з-пад пянька вылез невялічкі крэпкі дзядок: паліто белае, барада шызая, капялюш аксамітавы і ўпоперак капелюша сухая травінка.

— Добры дзень, дзяўчынка, — кажа.

— Добры дзень, дзядзечка.

— Я не дзядзечка, а дзядуля. Ці ж не пазнала? Я дзед баравік, карэнны лесавік, галоўны начальнік над усімі грыбамі і ягадамі. Аб чым журышся? Хто пакрыўдзіў цябе?

— Пакрыўдзілі мяне, дзядуля, ягады.

— Не ведаю. Яны ў мяне паслухмяныя. Як жа яны цябе пакрыўдзілі?

— Не хочуць на вочы паказвацца, пад лісцікі хаваюцца. Зверху нічога не бачна. Нагінайся ды нагінайся. Пакуль набярэш поўны збаночак, чаго добрага, і натаміцца можна.

Пагладзіў дзед баравік, карэнны лесавік сваю шызую бараду, усміхнуўся ў вусы і кажа:

— Малая бяда! У мяне для гэтага ёсць адмысловая дудачка. Як толькі яна заіграе, так зараз жа ўсе ягады з-пад лісцікаў і пакажуцца.

Дастаў дзед баравік, карэнны лесавік з кішэні дудачку і кажа:

— Іграй, дудачка.

Дудачка сама па сабе заіграла, і, як толькі яна заіграла, адусюль з-пад лісцікаў выглянулі ягады.

— Перастань, дудачка.

Дудачка перастала, і ягадкі схаваліся.

Абрадавалася Жэня:

— Дзядуля, дзядуля, падары мне гэтую дудачку!

— Падарыць не магу. А давай мяняцца: я табе дам дудачку, а ты мне збаночак — ён мне вельмі спадабаўся.

— Добра. 3 вялікім задавальненнем.

Аддала Жэня дзеду баравіку, карэннаму лесавіку збаночак, узяла ў яго дудачку і хуценька пабегла на сваю палянку. Прыбегла, стала пасярэдзіне, кажа.

— Іграй, дудачка.

Дудачка заіграла, і ў той жа час усе лісцікі на паляне заварушыліся, сталі паварочвацца, як быццам бы на іх падзьмуў вецер.

Спачатку з-пад лісцікаў выглянулі самыя маладыя цікаўныя ягадкі, яшчэ зусім зялёныя. За імі высунулі галоўкі ягады крыху старэйшыя — адна шчочка ружовая, другая белая. Потым выглянулі ягады цалкам спелыя — буйныя і чырвоныя. I нарэшце, з самага споду паказаліся ягады самыя старэйшыя, амаль чорныя, мокрыя, духмяныя, пакрытыя жоўтымі крапінкамі.

I хутка ўся палянка наўкруга Жэні аказалася ўсыпанай ягадамі, якія ярка свіціліся на сонцы і хінуліся да дудачкі.

— Іграй, дудачка, іграй! — закрычала Жэня. — Іграй увішней!

Дудачка заіграла хутчэй, і ягад высыпала яшчэ больш — так многа, што пад імі зусім не стала бачна лісцікаў.

Але Жэня не сунімалася:

— Іграй, дудачка, іграй! Іграй яшчэ хутчэй. Дудачка заіграла яшчэ хутчэй, і ўвесь лес напоўніўся такім прыемным жвавым звонам, быццам гэта быў не лес, а музычная шкатулка.

Пчолы перасталі спіхваць матылька з кветкі; матылёк стуліў крылы, як кнігу; птушаняты малінаўкі выглянулі са свайго лёгкага гняздзечка, якое гайдалася ў галінках бузіны, і ў захапленні разявілі жоўтыя роцікі, грыбы паднімаліся на дыбачкі, каб не прапусціць ніводнага гуку, і нават старая лупатая страказа, вядомая сваім сварлівым характарам, спынілася ў паветры, да глыбіні душы зачараваная цудоўнай музыкай.

«Вось цяпер я пачну збіраць!» — падумала Жэня і ўжо было працягнула руку да самай вялікай і самай чырвонай ягады, як раптам успомніла, што памяняла збаночак на дудачку і ёй зараз няма куды класці суніцы.

— У, недарэчная дудка! — сярдзіта закрычала дзяўчынка. — Мне ягады няма куды класці, а ты разышлася. Замаўчы зараз жа!

Пабегла Жэня назад да дзеда баравіка, карэннага лесавіка і кажа:

— Дзядуля, а дзядуля, аддай назад мой збаночак! Мне ягады няма куды збіраць.

— Добра, — адказвае дзед баравік, карэнны лесавік, — я табе вярну твой збаночак, толькі ты аддай назад маю дудачку.

Аддала Жэня дзеду баравіку, карэннаму лесавіку яго дудачку, узяла свой збаночак і як найхутчэй пабегла назад на палянку.

Прыбегла, а там ужо ніводнай ягадкі не бачна — адны толькі лісцікі. Вось няшчасце! Збаночак ёсць — дудачкі не хапае! Як тут быць?

Падумала Жэня, падумала і вырашыла зноў ісці да дзеда баравіка, карэннага лесавіка па дудачку.

Прыходзіць і кажа.

— Дзядуля, а дзядуля, вярні мне зноў дудачку!

— Добра. Толькі ты дай мне зноў збаночак.

— Не дам. Мне самой патрэбны збаночак, каб ягады ў яго класці.

— Ну, так я табе не аддам дудачку. Жэня ўзмалілася:

— Дзядуля, а дзядуля, як жа я буду збіраць ягады ў свой збаночак, калі яны без тваёй дудачкі ўсе пад лісцікамі сядзяць і на вочы не паказваюцца? Мне абавязкова патрэбны і збаночак, і дудачка.

— Бач, якая ты хітрая дзяўчынка! Падавай ёй і дудачку, і збаночак. Абыдзешся і без дудачкі, адным збаночкам.

— Не абыдуся, дзядуля.

— А як жа другія людзі абыходзяцца?

— Другія людзі да самай зямлі прыгінаюцца, пад лісцікі збоку заглядваюць ды і бяруць ягаду за ягадай. Адну ягаду бяруць, на другую глядзяць, трэцюю прыкмячаюць, а чацвёртая мроіцца. Так збіраць мне зусім не падабаецца. Нагінайся ды нагінайся. Пакуль набярэш поўны збаночак, чаго добрага, і стаміцца можна.

— Ах, вось як! — сказаў дзед баравік, карэнны лесавік і да таго раззлаваўся, што барада ў яго замест шызай стала чорная-прачорная. — Ах, вось як! Ды ты, аказваецца, проста гультайка! Забірай свой збаночак і ідзі адсюль! Не будзе табе ніякай дудачкі.

3 гэтымі словамі дзед баравік, карэнны лесавік тупнуў нагой і праваліўся пад пянёк.

Жэня паглядзела на свой пусты збаночак, успомніла, што яе чакаюць тата, мама і маленькі Паўлік, хуценька пабегла на сваю палянку, прысела на кукішкі, заглянула пад лісцікі і стала спрытна браць ягаду за ягадай. Адну бярэ, на другую глядзіць, трэцюю прыкмячае, а чацвёртая мроіцца.

Хутка Жэня набрала поўны збаночак і вярнулася да таты, мамы і маленькага Паўліка.

Вось разумніца, — сказаў Жэнін тата, — поўны збаночак прынесла! Відаць, стамілася?

— Нічога, татачка. Мне збаночак дапамагаў.

I пайшлі ўсе дамоў — тата з поўнай конаўкай, мама з поўным кубкам, Жэня з поўным збаночкам, а маленькі Паўлік з поўным сподачкам.



А пра дудачку Жэня нікому нічога не сказала.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка