Читаем Детям Ён жывы і свеціцца




Дата канвертавання14.02.2017
Памер27.42 Kb.

Читаем Детям

Ён жывы і свеціцца
Віктар Драгунскі
Пераклаў з рускага Віктар Шніп

Аднойчы вечарам я сядзеў на двары, каля кучы пяску, і чакаў маму. Яна, напэўна, затрымлівалася ў інстытуце ці ў магазіне, а магчыма, доўга стаяла на аўтобусным прыпынку. Не ведаю. Толькі ўсе бацькі з нашага двара папрыходзілі, і ўсе дзеці з імі пайшлі дамоў і ўжо, напэўна, пілі чай з абаранкамі і брынзай, а маёй мамы ўсё яшчэ не было...

I вось ужо стала запальвацца ў вокнах святло, і па радыё загучала музыка, і ў небе паплылі цёмныя аблокі — яны былі падобныя на барадатых дзядуль...

I мне захацелася есці, а мамы ўсё не было, і я падумаў, што, калі б я ведаў, што мая мама хоча есці і чакае мяне недзе на краі свету, я б хуценька пабег да яе, а не спазняўся б і не прымушаў яе сядзець на пяску і сумаваць.

I ў гэты момант на двор выйшаў Мішка. Ён сказаў:

— Здароў!

I я сказаў:

— Здароў!

Мішка сеў каля мяне і ўзяў самазвал.

— Ого! — сказаў Мішка. — Дзе раздабыў? А ён сам набірае пясок? Не сам? А сам згружае? Так? А ручка? Для чаго яна? Яе можна круціць? Так? Што? Ого! Дасі мне яго дамоў?

Я сказаў:

— Не, не дам. Падарунак. Тата падарыў перад ад'ездам.

Мішка надзьмуўся і адсунуўся ад мяне. На двары стала яшчэ цямней.

Я глядзеў на вароты, каб не прапусціць вяртанне мамы. Але яна ўсё не ішла. Відаць, сустрэла цётку Розу, і яны стаяць і размаўляюць і нават не думаюць пра мяне. Я лёг на пясок.

А Мішка гаворыць:

— Не дасі самазвала?

— Адчапіся, Мішка. Тады Мішка гаворыць:

— Я табе за яго магу даць адну Гватэмалу і два Барбадосы!

Я гавару:

— Параўнаў Барбадос з самазвалам... А Мішка:

— Ну, хочаш, я табе дам плавальны круг? Я гавару:

— Ён у цябе лопнуты. А Мішка:

— Ты яго заклеіш! Я нават раззлаваўся:

— А дзе плаваць? У ваннай? У аўторак?

I Мішка зноў надзьмуўся. А пасля гаворыць:

— Было не было! Ведай маю дабрыню! На!

I даў мне карабок ад запалак. Я ўзяў яго ў рукі.

Ты адчыні яго, — сказаў Мішка, — тады ўбачыш!

Я адчыніў карабок і спачатку нічога не ўбачыў, а пасля заўважыў маленькі светла-зялёны агеньчык, які як маленькая зорачка гарэў далёка-далёка ад мяне, і ў той жа самы час я сам трымаў яго ў руках.

— Мішка, што гэта, — прашаптаў я, — што гэта такое?

— Гэта светлячок, — сказаў Мішка. — Ну што, падабаецца? Ён жывы, ты не думай.

— Мішка, — сказаў я, — хочаш, бяры мой самазвал? Бяры назусім! А мне аддай гэтую зорачку, я вазьму яе дамоў...

I Мішка схапіў мой самазвал і пабег дамоў. А я застаўся са сваім светлячком, глядзеў на яго, глядзеў і ніяк не мог наглядзецца: які ён зялёны, нібыта ў казцы, і як ён хоць і блізка, на далоні, а свеціць, нібыта здалёку... I не мог я спакойна дыхаць, і чуў я, як б'ецца маё сэрца, і ледзь-ледзь калолася ў носе, нібыта хацелася плакаць.

I вось гэтак я сядзеў доўга, вельмі доўга. I нікога не было навокал. I я забыўся пра ўсіх на белым свеце.

Але тут прыйшла мама, і я вельмі ўзрадаваўся, і мы пайшлі дамоў. А калі пачалі піць чай з абаранкамі і брынзай, мама запыталася:

— Ну, як твой самазвал? А я сказаў:

— Мама, я памяняў яго. Мама сказала:

— Цікава! А на што? Я адказаў:

— На светлячка! Вось ён, у карабку жыве. Патушы святло!

I мама патушыла святло, і ў пакоі стала цёмна, і мы пачалі разам глядзець на светла-зялёную зорачку.

Потым мама запаліла святло.

— Так, — сказала яна, — гэта чараўніцтва! Але ўсё-ткі як ты адважыўся аддаць такую каштоўную рэч, як самазвал, за гэтага чарвячка?

— Я так доўга чакаў цябе, — сказаў я, — і мне было так сумна, а гэты светлячок, атрымалася, лепей за любы самазвал на свеце.

Мама ўважліва паглядзела на мяне і спыталася:

— Ну чым ён лепшы? Я сказаў:



— Ну як ты не разумееш? Ён жывы! I свеціцца!..




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка