Читаем Детям Ганарыстая варона




Дата канвертавання19.11.2017
Памер21.39 Kb.

Читаем Детям

Ганарыстая варона
Беларуская народная казка
ў апрацоўцы Алеся Якімовіча

Раскаркалася неяк увосень адна варона на сметніку.

Вы сабе як хочаце, — кажа сяброўкам, — а я не магу тут цэлую зіму мерзнуць. Я не такая дурная варона, як вы!

А што ж ты думаеш рабіць, разумная? — пытаюцца сяброўкі.

— Палячу за мора: там, кажуць, зімы не бывае.

Ну што ж, — паківалі галовамі сяброўкі, — шчаслівай табе дарогі. А мы ўжо як-небудзь і дома перазімуем.

Сабралася ганарыстая варона і паляцела за мора.

Доўга ляцела ці нядоўга, аж бачыць — пад ёю ўжо не вада, а зямля зялёная, зверху цёплае сонейка свеціць.

«Ну, — думае варона, — тут я спынюся». Апусцілася на высокае дрэва ды пачала выглядаць спажыву: вы́галадалася ж, нябось, за дарогу.

Убачылі варону заморскія птушкі.

— Хто ты? — пытаюцца. — Ніколі мы ў сваіх краях такой птушкі не бачылі. Можа, ты паўночны салавей? Ён, кажуць, пяе, як званочак звініць.

— Але, але, — падхапіла варона. — Я — паўночны салавей!

А сама сабе думае: «Хіба я горш за салаўя спяваю? Чаму ж толькі яму гонар і павага?»

Зарадаваліся заморскія птушкі.

Паспявай нам, паўночны салавейка! — просяць варону. — А мы паслухаем. Вельмі ж хочацца нам твой голас пачуць.

Задрала варона ўгору сваю дзюбу і заспявала на ўсё горла:

— Кар-кар-р! Кра-кра! Гэй, гэй! Я — паўночны салавей!

Пераглядваюцца птушкі паміж сабою, вушы лапкамі затыкаюць. «А няхай яго з такім салаўём! — шэпчуць. — Ён жа не лепш за звычайную жабу спявае...»

А потым не вытрымалі слухачы, гуртам наляцелі на варону і давай яе дзяўбці, давай таўчы. Амаль не ўсё пер'е выскублі.

— Выбірайся, — крычаць, — прэч са сваімі песнямі! Не хочам мы цябе слухаць.

Вырвалася варона ад няўдзячных слухачоў і паляцела назад дадому.

А тут скора і вясна настала. Рэкі ад лёду ачысціліся. Не захацела варона на сметнік варочацца. Паляцела на рэчку. Села там на беразе і цікуе за рыбамі. Бачыць: паўзе рак. Ну, голад не цётка: калі няма рыбы, то і рак — рыба. Схапіла яна рака і сабралася ўжо снедаць, як раптам чуе ліслівы ракаў галасок:

Вось добра, што трапіў у дзюбу не якой-небудзь чорнай галцы або граку, а самой пані вароне. Як жа мне пашанцавала! Ты ж такая прыгажуня, такая красуня, што і сказаць няможна. Шэрыя пёркі твае аж зіхацяць на сонейку. А галасок у цябе — як у таго салаўя, не раўнуючы: як пачнеш спяваць — дык на цэлы свет чуваць. Я не раз захапляўся тваімі цудоўнымі песнямі, у цёмнай нары седзячы. Хацеў бы я, пані варона, пачуць тваю песню яшчэ раз.

— Праўда, праўда! — каркнула ўзрадаваная ад пахвалы варона. — Гэта толькі дурныя заморскія птушкі зганілі мяне. Ну дык слухай!

I завяла варона на ўсю ваколіцу:

— Кар-кар-р! Кра-кра! Кар-кар! Я не простая варона!

Скончыла спяваць, глядзіць — а рака і след прастыў.

Давялося ганарыстай і галоднай вароне зноў на сметнік да сябровак ляцець.






ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка