Читаем Детям Гутаркі аб птушках (Жаваранак)




Дата канвертавання14.01.2018
Памер79.53 Kb.

Читаем Детям

Гутаркі аб птушках
(Жаваранак)
Цётка
Сцюдзёна яшчэ малым дзеткам у хаце: большую палову дня жэўжыкі шыюць каля печы. Праўда, дзед штодня цешыць унукаў, быццам вясна ўжо блізка, што вось-вось ужо за гэтым лесам вялікім, што за рэчкай стаіць.

— Ужо прыйшла б, — кажа дзед, — але надта змучылася, ідучы здалёку, дык прылягла крыху на прыгорку і адпачывае.

— А як, дзядок, вясна выглядае? Да каго падобна? — дапытваюцца зацікаўленыя ўнукі.

— А такая маладая, пекная1 паненка ў зялёнай сукенцы; таваркі яе — розныя кветкі, пакорныя служкі — галасістыя птушкі. Ось, хутка прышле да нас некаторых з іх, прымерам, — жаваранка-песняра і кветку-пралесачку.

— А калі ж, дзедулёк, жаваранак прыляціць?

— А тады, як вы, жэўжыкі, па тры боханы хлеба з'ясцё.

— Дзедка, то мы будзем завіхацца.

— Вядома, завіхайцеся: на зарок не адкладайце.

«Але, мусіць, то дзед жартуе, — думаюць дзеці, — бо якая тут вясна ідзе, калі дзед апранаецца ў кажух, на рукі пхне суконныя рукавіцы».

Нездарма сямілетні Юзюк, учарэпіўшыся дзеду за шыю, пытае:

— Ты, дзядуля, мусіць, апрануўся так цёпла, каб зіму хутчэй спудзіць?

— Э-э, будзеш і ты, жэўжык, калісьці таксама на старасць цёпла ўхутвацца, як і твой дзед, а цяпер адчапіся ад маёй шыі, бо ты ж не званок, а я не конь!

— Але затое ж я твой унучак, — бойка адказвае Юзюк, — і як прычаплюся да тваёй, дзедулёк, шыі, то так прырасту, як бародаўка да крывога носа.

— Ой, Божа мяне крый ад такога гумзака, як ты, Юзючок!

— Ну, то купі мне боты, дзедулёк.

— Што-о? боты?

— Але, боты такія, як у музыкі Банадыся.

— Ох, які ты здагадлівы, унучак! Вясна, як піць даць, стане на дварэ, мо ўжо жаваранкі заўтра запяюць, а ты ботаў захацеў.

— Дзядуля, дзедулёк, купі, купі, — ужо хліпаючы, прыстае ўнук.

— Цыц, дзіцятка! утры нос і перастаць хліпаць, як будзеш добры, паслухмяны, то мо жаваранак сам здагадаецца і прынясе табе боты.

— I мне, мне! — свіргоча дзіцячая драбяза.

Марыля, Настка, Казюк чапляюцца за калені дзеда.

А дзед ходзіць па хаце, як стары баравік паміж суравежкамі.

— Дзядуля! Як той жаваранак прыляціць, то няхай мне хустачку прынясе чырвоную, — просіць Марыля.

— А мне — дудку і коніка, — ласіцца Казюк.

— Добра, дзеткі, добра, зараз выйду на падворак і гукну, каб усё маім унучкам малым жаваранак папрыносіў.

Дзед выходзіць скаціне даваць. Дзеці гуляюць па хаце і чакаюць яго. Дзед варочаецца:

— А што, дзядулю, ці сказаў жаваранку?

— Не, дзеткі, жаваранка я і не бачыў, бо толькі выходжу з хаты, манюся яму загадаць, ажно мароз, такі сівы, з вялікай, доўгай барадой, — цап мяне за рукі: «Не смей, — кажа, — клікаць жаваранка, абудзіш вясну, і зараз маю ўсю работу папсуе гэта нягодная баба. А ў мяне цяпер, — кажа, — найважнейшая справа ідзе: мост будую цераз вашу рэчку». — «А што мне за дзела да твайго моста, — адказваю, узлаваўшыся, — мне мае ўнукі бліжэйшыя, я для іх хачу жаваранка клікнуць». — «Ціха, пачакай, — кажа мароз, — я тваім унукам лепшых цацак пекных нарысую на вокнах, а жаваранак няхай яшчэ пасядзіць за морам».

— Дзедулёк! то жаваранак за морам? Раскажы нам, дзе ён?

Раскажу пасля, цяпер не маю часу: трэ дровы на вячэру сеч. А вы, дзеткі, пакуль што пагуляйце, маткі слухайце, старшыя малодшых не крыўдзіце, а я зара вярнуся.

На дварэ сцяплела. Вада з стрэх капае. На полі лысеюць праталіны. Дзе якое дзіцянё вырвецца з хаты, шмыргае босае па вуліцы. Вераб'і юшкаюцца на сметніку. Слонка бліжэй глядзіць з неба. Дзед, чутно здалёку, шкулдыкае ў вялікіх ботах: шлэмб, шлэмб. Перад дзедам ляціць Юзюк: крычыць, пішчыць, рукамі, нагамі выкідвае, галавой круціць, усё роўна як той жарэбчык-пярэзімак, сарваўшыся з прывязі.

— Жаваранак! Жаваранак прыляцеў! — крычыць.

— Ціха, не вый! Усё роўна што жару ў горла нахапаў, — сцішае маці, высунуўшы галаву праз дзверы.

Дзеці меншыя, як мышы, каторае бокам, каторае скокам, выкульваюцца ў сені.

— Пайшлі дахаты. Перамерзнеце, хварэць будзеце, бахуры, — маці ўпіхае дзяцей у хату. Крык і піск.

— Унучаткі, рыбачкі мілыя, — загоджваючы справу, адзываецца дзед,— чаго плачаце?

— Жаваранка хочам убачыць!

— Пакажу, жэўжыкі, пакажу, толькі слухайце маткі і сыпце ў хату, акно вам адчыню. Паволі лезьце, дзеці, на лаву, не папіхайцеся. Юзюк! не штурхай Казюка. Пачакай, Марылька, я ця падсаджу. Ну, ціха цяпер, дзеці, слухайце.

— Пяе! Во! — Казюк паднімае ўгару пальчык, — ціры, ціры, ці-і-ір, цір, цір... Ай, як пяе!

Як ад іскры, загараюцца тварыкі дзетак. У дзеда свецяць вочы, моў залатыя дукаты.

Птуль мой, даўно жданы, — шэпча старавіна, — будзіш народ да працы, звоніш над нашым краем...

— Дзедулёк, во, во — ужо над нашай хатай пяе... чуеш, дзедулёк?

— Чую. Ужо чацвёрты год, як усё той самы да нас прылятае. Але годзе, дзеткі, надта холад верне ў хату, трэ акно зачыніць.

— Яшчэ, яшчэ, дзедулёчак, хочам паслухаць хоць крышку...

— Годзе, унукі, годзе: лепш я вам раскажу аб жаваранку, толькі адыдзіце ад акна.

— Але, але! раскажы нам шмат, шмат...

— Гэта, дзеткі, залежыць ад вас: будзеце сядзець ціха — раскажу вам больш, а пачнеце выкручвацца — скажу менш. А цяпер — гыля ад акна!

— Дзядуля, ужо мы ціха седзімо... чакаем...

— Зара, зара, вазьму толькі плашкі, лучыны нашчапаю.

Стары дзед сядае, дзярэ лучыну, а дзеткі, збіўшыся ў кучку, ужо і губкі разінулі.

— Ось, слухайце, унучкі. Жаваранак — невялічкая, як ведаеце, птушачка з чорнымі жвавымі вочкамі, сама шэранькая, зямліста-бурага колеру, дык пёрачкі падыходзяць якраз пад колер зямлі, так што здалёку, калі жаваранак сядзіць на зямлі, то трудна і прыкмеціць, а гэта шмат яго бароніць ад напасці; бо трэба вам ведаць, дзеткі, што жаваранак мае шмат ворагаў, ой, шмат, а найгоршы паміж іх — гэта добра вам знаны... ну, жэўжыкі, каторы з вас першы згадае?

— Сабака!

— У-га! якраз стрэчны брат яго. Адгадвайце яшчэ.

— Воўк! Воўк!

— I не ён.

— Ну то і не ведаем! Хто, дзедулёк, хто?

— О-ёй, унучкі, добра толькі падумайце, я вам памагу: вусаты, на кілбасы ласы, на прыпечак сядзе — мыецца...

— Кот! Кот!

— Так — ён, гад, шмат марнуе жаваранкаў. Цягаецца, шэльма, па полі, а як жаваранак прыкурне на раллі, кот падгледзіць, падкрадзецца: цап-лап, хмурлык — і птушачкі як не было. Дрэнна, што жаваранак аблюбаваў весціся па нізкіх месцах, бо дзеля гэтага яго можа з'есці і крот, і мыш, і лісіца, і шмат іншых звяркоў і звяроў; угары — у лёце — жаваранка ловяць меншыя і большыя каршуны. Хоць і губяць жаваранкаў розныя ворагі, аднак ён не хаваецца: больш, чым жыццё, міла яму свабода, дык жыве на прасторы, пяе людзям на ўцеху, а ворагам на прыманку.

Для гнязда свайго выбірае жаваранак заўсёды ў адной і той самай ваколіцы роўнае, адкрытае месца: сенажаць, папар або жытнюю ніву, выкашкае там сабе ямачку пад каменьчыкам ці грудкай зямліцы, назносіць туды саломінак, сухой траўкі, саўе гняздо, акругліць яго, а каб было аздабней і цяплей у хатцы, то яшчэ высцеліць усярэдзіне конскім валоссем. Віць гняздо жаваранку памагае і жаваранчыха, а як ужо пабудуюць яго, тады яна пачынае несці маленькія зеленаватыя або чырванаватыя з бурымі крапінкамі яечкі. Нанясе іх штук чатыры-пяць і садзіцца на пятнаццаць дзён, але час ад часу падмяняе сядуху сам жаваранак. Як выйдуць дзеткі, крыху падгадаваўшы, вучаць іх бегаць і лётаць, а пасля і пушчаюць у свет. Але пакуль далей расказваць, закуру перш люльку, а вы, унучкі, пабегайце тым часам, ножкі папрастуйце.

— Ну, пабрыкалі, і годзе, сядайце, будзем гутарыць далей. Як толькі бацькі-жаваранкі пераканаюцца, што іх дзеткі ўжо розуму набраліся і самі сабе могуць даць рады на свеце, пачынаюць закладваць другую сямейку, падчысцяць, падправяць гнёздачка, самка накладзе туды зноў чатыры-пяць яечак, супольна — па чародцы — грэюць іх, ажно пакуль зноў не пакажуцца голенькія, брыдкія, з вялікімі галоўкамі, сляпыя, мала чаго большыя ад добрай бабіны, дзеткі. Пачынаецца новы клопат: трэба ж кожнае ў пару накарміць, зважаючы, каб аднаму не было многа, другому мала, ды пасцельку даглядаць, каб заўсёды была ў парадку і чыстасці, ды ад ворагаў — колькі змога і сіла — бараніць сваю сямейку, словам, гультаяваць некалі; але ў іх мамка на татку, татка на мамку не здаюцца, каб усё ў парадку было, абаім трэ добра завіхацца, затое і дзеткі хутка і здорава растуць. Праз некалькі тыдняў глядзі — бацькам палягчэнне ўжо ў працы ёсць: павыскаквае моладзь з гнязда, куды ў каторы бок параспаўзаюцца ды самі сабе ўжо стараюцца харчоў. Спачатку, праўда, туга ідзе праца: угледзеўшы, напрыклад, дзе якую мушку ці кузюрку, здаецца, і добра прырыхтуецца, як мае быць прыцэліцца, носікам — дзюб, — мошка паляцела, а сам паляўнічы ляжыць дагары і ножкамі перабірае. Ну, але гэта байкі — чаго на свеце не бывае, — страпянецца ды зноў за работу.

Падкачаюцца гэтак дзеткі і пайшлі сабе ў свет, а старыя тым часам, калі восень добрая і цёплая, яшчэ справяцца і трэцюю сямейку выгадаваць, абы яды хапала.

— Дзедулёк, а куды ж жаваранкі на зіму адлятаюць?

— За мора, дзеткі, за мора, у цёплы край, дзе зімы няма...

— То і там яны, дзедулёк, гнёздачкі робяць і гадуюць дзетак?

— Не, жэўжыкі мае, не. Голад і холад толькі заганяюць жаваранкаў у тую цёплую, багатую і пекную краіну; але як бы яна ні была пекная, а для жаваранкаў яна сумная, бо чужая. Там яны не толькі не гадуюць дзетак, але нават песенькі сваёй залацістай чужынцам не пяюць, свой галасок, усю сілу яго для нас з вамі, жэўжыкі, пакідаюць, для свайго роднага краю.

Затое паслухайце жаваранка тут: які голас, голас! Проста сляза Божая! Хоць, праўду кажучы, не ўсе яны аднолькава пяюць, — от, не раўнуючы, як у людзей: адзін цягне грубей, другі — цяней.

Ось, напрыклад, жаваранак, што сягоння пеў, — гэта сярэдняй рукі спявака, а той, што на Мацеевых гонях вядзецца, — проста перлы сыпле з-пад сінявы нябеснай. I як толькі яны вытрываць могуць столькі пець, бо трэба ведаць, што жаваранкі спяць толькі гадзіны дзве-тры, а рэшта праз увесь час найбольш песнямі забаўляюцца. Пяюць толькі жаваранкі-самцы, а жаваранчыхі — вядома, гаспадыні — усялякія хатнія клопаты маюць, ім не да таго.

Каб не жаваранкі, нашыя палеткі шмат гінулі б ад усялякага паскудства: нападаюць на наша поле ўсялякія жучкі, мошкі, кузюркі, рабакі, але дзе ўжо завядзецца сямейка жаваранкаў, там у блізкасці гэтаму паскудству няма жыцця: выткнуў рабак нос — смерць, прысела мошка на кветачку — капут, жучок узлез колас глуміць — квіт.

Апошні раз усё гэта падчысцяць каля сябе жаваранкі, дык пасля прыходзіцца ўжо і дальш лётаць за пажывай. Ну, але як прыцісне холад, тады ўжо рады няма — трэ выбірацца з роднай старонкі...

Слухаючы, як жаваранкі ад світа да змяркання ажно заходзяцца, пеючы свае песні, хто б падумаў, што ім заўсёды добра і вясёла жывецца. Тым часам бывае ўсяк. Апроч бяды ад ворагаў, аб якіх я ўжо спамінаў вам, дзеткі, жаваранкі яшчэ і паміж сабою не заўсёды складна жывуць. Праўда, жаваранак з жаваранчыхай, калі ўжо дабяруцца да пары, то праз усё жыццё сваё разам трымаюцца, і ніколі паміж імі нават сваркі не бывае, але з іншымі — суседзямі — то часам так сварацца, ажно чупрыны кураць. Прычыны да звадкі розныя бываюць, вядома, як у суседстве: то за месца на гняздо, то за яду, а найбольш, калі часам жаваранчыха дзе згіне, а застанецца толькі сам жаваранак. Такому ўдаўцу, разумеецца, жыць сумна — няма куды прытуліцца, вось і стараецца ён усялякімі спосабамі як-колечы прыснасціцца да суседняга гнязда; але гэткай помачы не патрабуюць, гаспадар і гаспадыня няпрошанаму госцю так усыпюць, ажно пёркі ляцяць.

Туляецца гэтакі ўдавец без работы з месца на месца, пакуль не трапіць на жаваранчыху-ўдаву, да каторай з радасцю ідзе ў прымакі...

Ну, але што гэта, бахуры, заўзяліся вы дзеда мучыць, ці што? Цьфу! ажно ў горле перасохла. Што я вам — млын ці дзед? Хоць бы вы жавараначка любілі, але дзе ж вашым гарбузіным галоўкам зразумець такую рэч...

— А я зразумеў, — круцячы галоўкай, пахваляецца Юзюк.

— Што ты, шпунт, зразумеў?

— А тое, што жаваранак вельмі карысная птушачка: яна нам пяе і шкоднікаў нашых ніў паядае.

— Маладзец! За гэта я цябе на печ, Юзюк, закіну.

— Не, не ўздужаеш, дзедулёк, не ўздужаеш, — падхопліваюць грамадой усе дзеці і чапляюцца дзеду на шыю.

— Ну, ну, толькі не ўсе разам, а то ў дзеда галава сухая: адкруціце яе, як даспеўшую макаўку, і ўсе казкі высыплюцца.


1914 г.

1 Пекны — размоўнае слова Прыгожы.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка