Читаем Детям Хто сказаў




Дата канвертавання06.01.2017
Памер30.06 Kb.

Читаем Детям

Хто сказаў «мяў»?
Васіль Суцееў
Сабачка спаў на дываніку ля канапы.

Раптам праз сон ён пачуў, як нехта сказаў:

— Мяў!

Сабачка падняў галаву, паглядзеў — нікога няма.«Гэта я, мусіць, сасніў», — падумаў ён і ўладкаваўся зручней.



I тут нехта зноў сказаў:

— Мяў!


— Хто там?

Ускочыў Сабачка, абабег увесь пакой, зазірнуў над ложак, пад стол — нікога няма.

Залез на падвоканне, убачыў: за акном па двары ходзіць Певень.

«Вось хто не даў мне спаць! — падумаў Сабачка і пабег на двор да Пеўня.

— Гэта ты сказаў «мяў»? — спытаў Сабачка Пеўніка.

— Не, я кажу…— Пеўнік залопаў крыламі і закрычаў: — Ку-ка-рэ-ку-у!

— А больш ты нічога не ўмееш гаварыць? — спытаў Сабачка.

— Не, толькі «ку-ка-рэ-ку», — сказаў Пеўнік.

Сабачка пачухаў задняй лапай за вухам і пайшоў дадому… Раптам ля самага ганка нехта сказаў:

— Мяў!


«Гэта тут!» — сказаў сабе Сабачка і пачаў жвава капаць пад ганкам усімі чатырма лапамі. Калі ён выкапаў вялікую яміну, адтуль выскачыла маленькая шэрая Мышка.

— Ці не ты сказала «мяў»? — строга спытаў яе Сабачка.

— Пі-пі-пі, — запішчала Мышка, — а хто так сказаў?

— Нехта сказаў «мяў»…

— Блізка? — захвалявалася Мышка.

Вось тут, зусім побач, — сказаў Сабачка.

— Мне страшна! Пі-пі-пі! — запішчала Мышка і шмыгнула пад ганак.

Сабачка задумаўся.

Раптам ля сабачай будкі нехта гучна сказаў: «Мяў»… Сабачка тройчы абабег будку, але нікога не знайшоў. У будцы нехта заварушыўся. «Вось ён! — сказаў сабе Сабачка. — Зараз я яго злаўлю…»

Ён падкраўся бліжэй.

Насустрач яму выскачыў вялізны калматы Пёс.

— Р-р-р-р-р! — рыкнуў Пёс.

— Я… я хацеў даведацца…

— Р-р-р-р!

— Гэта вы сказалі… «мяў»? — прашаптаў Сабачка, падціскаючы хвосцік.

— Я?! Ты смяешся, шчанюк!!!

3 усіх ног Сабачка кінуўся ў сад і схаваўся там пад кустом. I тут, проста ў яго над вухам, нехта сказаў:

— Мяў!


Сабачка вызірнуў з-пад куста. Перад ім на кветцы сядзела калматая Пчала.

«Вось хто сказаў «мяў», — падумаў Сабачка і хацеў быў ухапіць яе зубамі.

— З-з-з-з! — загула пакрыўджаная Пчала і балюча ўджаліла Сабачку ў кончык носа.

Завішчаў Сабачка, пабег, а Пчала за ім ляціць і гудзе:

— Удж-дж-джалю! Удж-дж-джалю!

Падбег Сабачка да сажалкі — і ў ваду. Калі ён вынырнуў, Пчалы ўжо не было. I тут зноў нехта сказаў:

— Мяў!

— Гэта ты сказала «мяў»? — спытаў мокры Сабачка ў Рыбы, якая праплывала побач.



Рыба нічога не адказала, махнула хвастом і знікла ў глыбіні сажалкі.

— Ква-ква-ква! — засмяялася Жабка, што сядзела на лісце гарлачыка. — Хіба ты не ведаеш, што рыбы не размаўляюць?

— А можа, гэта ты сказала «мяў»? — спытаў Сабачка ў Жабкі.

— Ква-ква-ква! — засмяялася Жабка. — Які ты дурненькі! Жабкі толькі квакаюць. I скокнула ў ваду.

Пайшоў Сабачка дадому мокры, з распухлым носам. Сумны, уладкаваўся ён на дываніку ля канапы. Раптам пачуў:

— Мяў!


Ён ускочыў. На падвоканні сядзела пухнатая паласатая Котка.

— Мяў! — сказала Котка.

— Гаў-гаў-гаў! — забрахаў Сабачка, потым узгадаў, як рыкаў калматы Пёс, і зарыкаў:

— Р-р-р-р-р!

Котка выгнулася, засычэла: «С-с-с-с!» Зафыркала: «Фыр-фыр-фыр!» — і выскачыла ў акно.

Вярнуўся Сабачка на свой дыванік і паклаўся спаць.



Ён цяпер ведаў, хто сказаў «мяў»!




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка