Читаем Детям Каза-манюка



Дата канвертавання05.05.2017
Памер29.93 Kb.
#9398

Читаем Детям

Каза-манюка
Беларуская народная казка
ў апрацоўцы Алеся Якімовіча

Жыў дзед ды баба з дачкою. I была ў іх каза. Пагнала дачка пасвіць казу. Цэлы дзень пасвіла па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты.

Дзед пытаецца ў казы:

Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?

Каза кажа:

— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі…

Насварыўся дзед на дачку, што дрэнна казу пасвіла, і назаўтра выправіў бабу.

Цэлы дзень пасвіла баба казу па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты.

Дзед зноў пытаецца ў казы:

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?

Каза кажа:

— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі…

Дзед і на бабу насварыўся, што дрэнна казу пасвіла.

Надзеў тады дзед бабін каптан і хустку ды пайшоў сам пасвіць казу.

Цэлы дзень пасвіў па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы.

Увечары вярнуўся дахаты, пераапрануўся у сваё адзенне, , сеў на прызбе і чакае казу з пашы.

Прыйшла каза на двор.

Дзед пытаецца:

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?

Каза кажа:

— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі…

Узлаваўся дзед на казу-манюку, прывязаў яе за плот, а сам пайшоў касу вастрыць, казу-манюку рэзаць.

Дазналася аб гэтым каза, сарвалася з прывязі і пабегла ў лес. Знайшла ў лесе зайчыкаву хатку, залезла ў яе і жыве там, а зайчыка і на парог не пускае.

Сеў зайчык пад елачкай і плача.

Ідзе воўк:

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?

— Як жа мне не плакаць, як не журыцца? Была ў мяне хатка — новая, яловая. Прыйшоў нейкі звер рагаты ды барадаты, выгнаў мяне з хаты і сам у ёй жыве, а мяне і на парог не пускае.

— Ну добра, не плач, я таго звера выганю.

Падышоў воўк да зайчыкавай хаткі, пастукаў хвастом у дзверы і кажа:

— Гэй, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!

А каза як затупае за дзвярыма, як замэкае:

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!

Спужаўся воўк ды ад бяды ўцёк.

А зайчык зноў сеў і плача. Ідзе мядзведзь:

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?

— Як жа мне не плакаць, як не журыцца?

І расказаў мядзведзю пра сваю бяду.

— Ну добра, — кажа мядзведзь, — не плач, я таго звера адразу выганю.

Падышоў ён да зайчыкавай хаткі, патупаў каля дзвярэй ды кажа:

— Гэй, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!

А каза як затупае, як замэкае:

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!

Спужаўся і мядзведзь ды ў гушчар — кульгець, кульгець…

Ідзе певень. Убачыў заплаканага зайчыка і пытаецца:

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго, брат, зажурыўся?

— Як жа мне не плакаць, як не журыцца?

I расказаў зайчык пра сваю бяду.

— Э, — кажа певень, — такую бяду я адной лапай развяду. Я таго звера ведаю — гэта дзедава каза-манюка…

Падышоў певень да зайчыкавай хаты, залопаў крыламі, закукарэкаў:


— Кукарэку! Кукарэку!

Заб’ю казу-недарэку!
Пачула каза ды як затупае, як замэкае:

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!

Тады певень яшчэ мацней залопаў крыламі і закрычаў:
— Гэй, каза, збірай манаткі,

Уцякай хутчэй ты з хаткі.

Бо вунь дзед ідзе,

Ён касу нясе…


Як пачула каза пра дзеда з касою, напужалася і кулём выскачыла з хаткі.

А зайчык з пеўнікам зайшлі ў хатку і сталі там жыць-пажываць ды дабра нажываць.






ChitaemDetyam.com



Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал