Читаем Детям Казка пра Камара Камаровіча — Даўгі Нос і пра Калматага Мішку — Кароткі Хвост




Дата канвертавання08.06.2018
Памер50.7 Kb.

Читаем Детям

Казка пра Камара Камаровіча — Даўгі Нос і пра Калматага Мішку — Кароткі Хвост
Дзмітрый Мамін-Сібірак
Пераклаў з рускай мовы Алесь Якімовіч

I
Гэта здарылася ў самы поўдзень, калі ўсе камары схаваліся ад гарачыні ў балота. Камар Камаровіч — Даўгі Нос прылёг пад шырокім лістом і заснуў. Спіць і чуе страшэнны крык:

— Ой, бяда!.. Ой, каравул!..

Камар Камаровіч выскачыў з-пад ліста і так-сама закрычаў:

— Што здарылася? Чаго вы так раскрычаліся? А камары лётаюць, жужжаць, пішчаць, — нічога разабраць нельга.

— Ой, бяда!.. Прыйшоў у наша балота мядзведзь і залёг спаць. Як лёг у траву, дык адразу-ж задушыў пяцьсот камароў; як дыхнуў — праглынуў цэлую сотню. Ой, бяда, браткі! Мы ледзьве ўцяклі ад яго, а то ўсіх-бы перадушыў...

Камар Камаровіч-Даўгі Нос адразу раззлаваўся; раззлаваўся і на мядзведзя, і на дурных камароў, якія пішчэлі без толку.

— Гэй вы, перастаньце пішчаць! — крыкнуў ён. — Вось я зараз пайду і праганю мядзведзя… Вельмі проста! А вы раскрычаліся толькі дарэмна…

Яшчэ больш узлаваўся Камар Камаровіч і паляцеў. Сапраўды, у балоце ляжаў мядзведзь. Забраўся ў самую густую траву, дзе камары жылі спрадвеку, разлёгся і носам сапе, толькі свіст ідзе, нібы хто на трубе іграе. Вось недалікатнае якое стварэнне! Залез у чужое месца, загубіў дарэмна гэтулькі камарыных душ ды яшчэ спіць так соладка!

— Гэй, дзядзька, ты гэта куды залез? — закрычаў Камар Камаровіч на ўвесь лес, ды так моцна, што нават самому зрабілася страшна.

Калматы Міша адплюшчыў адно вока — нікога не відаць, адплюшчыў другое вока — і ледзь разгледзеў, што лётае камар над самым яго носам.

— Табе што патрэбна, прыяцель? — забурчэў Міша і таксама стаў злаваць. Як-жа, толькі асталяваўся на адпачынак, а тут нейкі нягоднік пішчыць…

Гэй, выбірайся адсюль па-дабру, дзядзька! Міша расплюшчыў яшчэ шырэй свае вочы, паглядзеў на нахала, фукнуў носам і зусім раззлаваўся. Ды што табе патрэбна, нягоднае стварэнне? — зароў ён.

Выбірайся з нашага балота, а то я жартаваць не люблю… Нават разам з футрай цябе з'ем.

Мядзведзю зрабілася смешна. Перакуліўся ён на другі бок, закрыў морду лапай і зараз-жа захроп.


II
Паляцеў Камар Камаровіч назад да сваіх камароў і трубіць на ўсё балота:

— Здорава я напалохаў калматага Мішку!.. Другі раз не прыйдзе.

Здзівіліся камары і пытаюцца:

— Ну, а цяпер дзе той мядзведзь?

— А не ведаю, браткі. Моцна напалохаўся ён, калі я яму сказаў, што з'ем, як не пакіне нашага балота. Вы-ж ведаеце, я жартаваць не люблю, а так проста і сказаў: «з'ем». Баюся, каб ён не здох са страху, пакуль я да вас лётаю. Што-ж, сам вінават!

Запішчэлі ўсе камары, зажужжэлі і доўга спрачаліся, як ім быць з такім недалікатным госцем. Ніколі яшчэ ў балоце не было такога страшнага шуму. Пішчэлі, пішчэлі і парашылі — выгнаць мядзведзя з балота.

Няхай ідзе к сабе дамоў, у лес, там і спіць. А балота наша… Яшчэ бацькі і дзяды нашы ў гэтым самым балоце жылі.

Адна бабулька Камарыха параіла нават зусім не чапаць мядзведзя: няхай сабе паляжыць, а калі выспіцца, сам сыйдзе; але на яе ўсе так накінуліся, што бедная ледзь паспела схавацца.

Хадзем, браткі! — крычаў больш за ўсіх Камар Камаровіч. — Мы яму пакажам… ага!

Паляцелі камары за Камаром Камаровічам. Ляцяць і пішчаць, нават самім страшна робіцца. Прыляцелі, глядзяць, а мядзведзь ляжыць і не варушыцца.

— Ну, я так і казаў: памёр небарака са страху! — хваліўся Камар Камаровіч. — Нават шкада трохі, вунь які здаровы мядзведзішча…

Ды ён спіць, браткі! — прапішчэў маленькі камарык, які падляцеў да самага мядзведжага носа і ледзь быў не ўцягнуты туды, як у фортачку.

— Ах, сараматнік! Ах, бессумленны! — запішчэлі ўсе камары разам і ўзнялі страшэнны гвалт.

— Пяцьсот камароў задушыў, сто камароў праглынуў і сам спіць, як палена..

А Міша спіць сабе ды носам свішча.

— Ён прыкідваецца, што спіць! — крыкнуў Камар Камаровіч і паляцеў да мядзведзя. — Вось я яму зараз пакажу… Гэй, дзядзька, хопіць прыкідвацца сонным!

Як наляцеў Камар Камаровіч, як упіўся сваім доўгім носам проста ў чорны мядзведзеў нос, — Міша так і падскочыў. Замахнуўся лапай па носе, а Камара Камаровіча як і не было тут.

— Што, дзядзька, не спадабалася? — пішчыць Камар Камаровіч. — Выбірайся, а то горш будзе… Я цяпер не адзін, Камар Камаровіч — Даўгі Нос, а прыляцелі са мною і дзед мой Камарышча — Даўгі Насішча, і малодшы брат Камарок-Даўгі Насок! Вымятайся, дзядзька!..

— А я не пайду! — закрычаў мядзведзь, усаджваючыся на заднія лапы. — Я вас ўсіх перадушу!..

— Ой, дзядзька, дарэмна хвалішся…

Зноў паляцеў Камар Камаровіч і ўпіўся мядзведзю проста ў вока. Зароў мядзведзь ад болю, стукнуў сябе лапай па мордзе, і зноў у лапе нічога, толькі ледзь вока сабе не вырваў кіпцюром. А Камар Камаровіч кружыцца над самым мядзведзевым вухам і пішчыць:

— Я цябе з'ем, дзядзька!..


III
Яшчэ горш узлаваўся Міша. Вывернуў ён разам з коранем цэлую бярозу і стаў таўчы ёю камароў. Так і дубасіць з усяго пляча... Біў, біў, нават змарыўся, а ніводнага забітага камара няма, — усе круцяцца над ім і пішчаць. Тады схапіў Міша цяжкі камень і шпурнуў ім у камароў: зноў толку няма.

— Што, узяў, дзядзька? — пішчэў Камар Камаровіч. — А я цябе ўсё-такі з'ем...

Доўга ці коратка ваяваў Міша з камарамі, толькі шуму было многа. Далёка было чутно, як роў мядзведзь. А колькі ён дрэў вырваў, колькі каменняў вывернуў!.. Усё яму хацелася зачапіць першага Камара Камаровіча: вось-жа, вось тут, над самым вухам, круціцца, а стукне мядзведзь лапай, і зноў нічога, толькі ўсю морду сабе да крыві паразрываў кіпцюрышчамі.

Замарыўся нарэшце Міша. Прысеў ён на заднія лапы, фыркнуў і прыдумаў новую штуку: давай качацца па траве, каб перадушыць усё камарынае царства. Качаўся, качаўся Міша, аднак і з гэтага нічога не выйшла, а толькі яшчэ больш змарыўся ён. Тады мядзведзь схаваў морду ў мох, — выйшла яшчэ горш. Камары ўчапіліся ў мядзведжы хвост. Цяпер ужо зусім раззлаваўся мядзведзь.

— Пачакайце, вось я вам задам! — роў ён так, што за пяць вёрст было чуваць, — Я вам пакажу штуку… Я… я… я…

Адступіліся камары і чакаюць, што будзе., А Міша на дрэва ўзабраўся, як акрабат, сеў на самы тоўсты сук і раве:

— А ну, падступіцеся цяпер да мяне!.. Усім насы абламлю!

Засмяяліся камары тонкімі галасамі і кінуліся: на мядзведзя ўжо ўсім войскам. Пішчаць, круцяцца, лезуць.

Адбіваўся, адбіваўся Міша, праглынуў незнарок штук сто камарынага войска, закашляўся, ды як сарвецца з сука, нібы мяшок... Падняўся, пачухаў пабіты бок і кажа:

— Ну, што, узялі? Бачылі, як я спрытна з дрэва скачу?

Яшчэ танчэй засмяяліся камары, а Камар Камаровіч так і трубіць:

— Я цябе з'ем… Я цябе з'ем… з'ем… з'ем!

Змогся дарэшты мядзведзь, выбіўся з сілы, а пакідаць балота брыдка. Сядзіць ён на задніх лапах і толькі вачыма міргае.

Выратавала яго з бяды жаба. Выскачыла яна з-пад купінкі, прысела на заднія лапкі і кажа:

— Ахвота вам, Міхайла Іванавіч, турбаваць сябе дарэмна… Не звяртайце вы на гэтых гадкіх камарышкаў увагі. Не варта.

— І то праўда, — узрадваўся мядзведзь. — Я гэта так… Няхай вось яны да мяне ў бярлогу прыйдуць, ды я… я…

Як павернецца Міша, як пабяжыць з балота, а Камар Камаровіч — Даўгі Нос ляціць за ім, ляціць і крычыць:

— Ой, браткі, трымайце! Уцячэ мядзведзь… Трымайце!..



Сабраліся ўсе камары, параіліся і парашылі: «Не варта! Няхай сабе ўцякае, — балота-ж ён не забраў, яно асталося нам!»




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка