Читаем Детям Казка пра Ваўка




Дата канвертавання13.10.2018
Памер21.5 Kb.

Читаем Детям

Казка пра Ваўка
Яраслаў Пархута
У пушчы тады дружна жылі звяры і птушкі. Адзін да аднаго ў госці хадзілі. Адзін з адным радасцю дзяліліся. I песня ў іх была адна на ўсіх: «Нам не страшны Шэры Воўк».

Пачуў тую песню аднойчы Воўк і вызверыўся:

— Бач ты іх! Спеліся!..

I кінуўся разганяць пушчанскіх жыхароў.

Доўга бегаў Воўк па дубровах, па сасонніках ды ельніках — страх на звяроў і птушак наганяў. А стаміўся — сеў на пень і радуецца:

— Во як напалохаў! Будуць ведаць.

А пушчанскія жыхары тым часам ачомаліся, сабраліся на паляне і пачалі думаць, як ім быць з шэрым разбойнікам.

— Мала шкуру спусціць! — сказаў Цецярук — Ён у мяне самае прыгожае пёрка з хваста выдраў.

— А мне вушы ледзь не адкруціў, — пажаліўся Заяц.

— А мне футра сапсаваў, — паскардзіўся Барсук.

Хацелі паскардзіцца на шэрага разбойніка яшчэ многія звяры і птушкі, ды слова ўзяў стары Зубр:

— Сапраўды, Ваўка пакараць трэба. Але перш чым караць, трэба яго паймаць. Пачынайце аблаву!

Птушкі і звяры ўраз аблажылі тое месца, дзе сядзеў Воўк, наваліліся гуртам на яго, стрыножылі і прывалаклі на паляну.

Зубр спытаў:

— Які прысуд вынесем?

— Шкуру спусціць! — стаяў на сваім Цецярук.

— Кіпцюры абрэзаць! — дадаў Заяц.

— У смалу выкачаць! — параіў Барсук. — Альбо да хваста бляшанку прывязаць! Няхай тады палётае па лесе…

Загаманілі і астатнія звяры і птушкі, але зноў слова ўзяў стары Зубр:

— Не, — сказаў ён. — Шкуру спускаць, кіпцюры абразаць, у смалу выкачваць, бляшанку да хваста прывязваць — не будзем. Найгорай для ваўкоў, калі пальцамі на іх паказваюць. Здамо ў заапарк!

Так і зрабілі. Увапхнулі Ваўка ў клетку і панеслі ў лясны заапарк. А там ужо сядзелі за розную правіннасць і хітры Ліс, і лупаты Сыч, і пранырлівы Шашок1. Убачыў іх Воўк — хвост падцяў і апусціў вочы долу.

Прыйшла ў заапарк Цяцерка, прывяла з сабою цэлы вывадак цецеранят. На Ліса, Сыча і Шашка яны і ўвагі не звярнулі. А ўбачылі Ваўка — засмяяліся:

Будзеш ведаць, як пёркі ў птушак вырываць!

А тут Зайчыха з зайчанятамі:

— Будзеш ведаць, як іншым вушы круціць!

А тут Барсучыха з барсучанятамі:

— Будзеш ведаць, як футра звярам псаваць!

Воўк забегаў па клетцы, нібы сапраўды да ягонага хваста бляшанку прывязалі. А потым сеў і завыў. Працяжна. Жаласліва. Барсучанятам і зайчанятам, цецеранятам і іншай малечы шкада стала Ваўка, пачалі мацярок прасіць, каб выпусцілі яго з клеткі.

— А што Зубр скажа? — завагаліся тыя і пайшлі на паляну.

Стары Зубр сказаў:

— Калі Воўк ужо завыў, так і быць, пашкадуем яго.

I выпусцілі Ваўка на волю. А заадно і Ліса, і Сыча, і Шашка. Толькі слова з іх узялі, што болей нікому не будуць шкодзіць.



1 Шашок — рус. Хорёк




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка