Читаем Детям Ліпень




Дата канвертавання30.04.2017
Памер17.88 Kb.

Читаем Детям

Ліпень
Клаўдзія Каліна

Неяк раз запрасіла Вясна з заморскіх краёў да сябе ў госці пчаліны рой.

Прыляцелі пчолы да Вясны, спадабалася ім тут. Сады цвітуць, прыгожыя кветкі на лугах. Ёсць з чаго пчолам збіраць мёд. I яны збіралі нектар, пылок з кветак і за работаю не згледзелі, як Вясна адышла і прыйшло Лета.

Аднойчы ранкам вылецелі пчолы ў сад, а там усе кветкі з дрэў асыпаліся. Паляцелі пчолы на лугі, а там пракосы ляжаць. Падаліся на палеткі канюшыны, і тут усё скошана. Зажурыліся пчолы і вярнуліся да сваёй маці.

— Што ж нам рабіць? — бедавалі яны. — Лета атрэсла з садоў усе кветкі, скасіла ўсе краскі на лугах і палях… Як жыць? Вясне новага мёду не хопіць на доўгую зіму!

— Не журыцеся, мае дзеткі! — супакоіла іх пчаліная маці. — Паляцім усім роем да Лета, папросім, можа, яно дасць якую раду.

Знайшлі пчолы Лета на лузе, яно касіла траву.

— Што ж ты нас крыўдзіш, Лета? — загулі пчолы. — Вясна нас запрасіла да сябе, расквеціла сады… А ты ўсе галінкі атрэсла, лугі скасіла, усё высушыла… няўжо ты не ведаеш, што мы без красак і без работы загінем?!

Выслухала Лета пчол, задумалася.

— Не ведала я, што вам патрэбны кветкі, але пачакайце, можа, мае месяцы нешта параяць…

— Эгэ-гэ-гэ! Дзе вы, мае месяцы? — гукнула Лета.

Выбеглі з зялёнага гаю тры вясёлыя, загарэлыя летнія месяцы, сталі ў рад.

— Мы тут, Лецейка! Што загадаеш? — спыталі.

— Памажыце пчолам! — папрасіла сваіх месяцаў Лета і расказала ім пра пчаліную скаргу.

— Я толькі магу падоўжыць дзень, каб пчолы маглі больш красак абляцець, — сказаў першы месяц Лета.

— А я замест скошаных красак падгадую новыя, — паабяцаў трэці, апошні месяц.

— А што ж ты маўчыш? — спытала Лета ў сярэдняга месяца.

Сярэдні месяц доўга думаў, што яму зрабіць, каб памагчы пчолам.

— Я расквечу ліпы, яны яшчэ не цвілі! — радасна сказаў ён. — Вось і будзе пчолам удосталь і працы, і мёду.

— Вельмі добра ты прыдумаў! — зарадавалася Лета. — За тое, што ты расквеціш ліпы і дапаможаш пчолам, ты і будзеш звацца Ліпень.

Дзякуй табе, Ліпень! Добры Ліпень! Шчодры Ліпень! — загулі пчолы і паляцелі да ліп.

I да гэтага часу пчолы дзякуюць шчодраму Ліпеню.

— Дзя-дзя-куй! Дз-дзякуй! — дзынкаюць яны над ліпамі.

Пастойце хвілінку ў ліпені пад расквечанымі ліпамі, прыслухайцеся, самі пачуеце.






ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка