Читаем Детям Мая рабіна




Дата канвертавання23.01.2018
Памер17.89 Kb.

Читаем Детям

Мая рабіна
Таццяна Мушынская
Сёння ў школе нам далі заданне — напісаць невялічкае сачыненне на тэму «Чатыры пары года». Таму мне не церпіцца хутчэй сесці за стол і пачаць… Я ўжо загадзя ведаю, што мая суседка па парце, Светка, абавязкова напіша пра тое, што вясной робіцца цёпла, траўка зелянее, а з далёкіх краін прылятаюць птушкі. Гэта і так усім зразумела! Дый што цікавага гэтыя дзяўчынкі прыдумаць могуць! Вось я, Андрэйка, напішу… Вы не ведаеце, пра што? Пра сваю любімую рабіну.

«Яна расце побач з маім балконам. Рабіну некалі пасадзіў мой тата, калі быў такім самым хлапчуком-школьнікам, як я цяпер. А зараз дрэва вышэй трэцяга паверха сягае1. А я жыву на другім. I калі летам выйду на балкон, дык нават рукой магу пакратаць2 лісце і галінкі.

Я вельмі люблю назіраць за рабінай. Пры розным надвор'і яна розная. I па тым, якое адзенне ў рабіны, можна зразумець, якая цяпер пара года.

Вясной, у красавіку, бледна-зялёныя пупышкі паціху ператвараюцца ў лісце. Яно зусім не падобнае на лісце таполяў альбо бярозак і нагадвае далонь, на якой шмат пальцаў-лісцікаў. У маі на дрэве з'яўляюцца пушыстыя суквецці. Рабіна стаіць тады такая прыгожая, урачыстая! I гэтак радасна гудуць вакол яе пчолы.

А потым надыходзіць лета. Квецень паціху знікае, жухне, і праз нейкі час замест суквеццяў заўважаеш гронкі ягад. Стаяць доўгія цёплыя дні, і зялёныя ягады пачынаюць ружавець, а потым і чырванець.

У верасні рабіна шапаціць пад ветрам сухой жоўтай лістотай. А гронкі, налітыя горкім сокам, чырванню гараць на сонцы. Гэта значыць, што на парозе ўжо восень… У лістападзе на рабіне не застанецца аніводнага лісціка. Толькі на фоне халоднага блакіту неба ўрачыста ззяюць чырвоныя ягады.

Як надыходзяць маразы, так і ўспамінаюць пра рабіну ўсе вераб'і і сініцы. Дзяўбуць-дзяўбуць, пакуль не пакінуць на галінках дзе-нідзе па адной ягадцы. Што зробіш, на дварэ зіма… I таму мая рабіна заснула — да вясны. А вясной дрэўца абудзіцца, як спячая красуня. I зробіцца яшчэ прыгажэйшай».

Вось і напісаў я сачыненне. Хутчэй бы надышоў заўтрашні дзень! Настаўніца Аляксандра Пятроўна адкрые мой сшытак, пачытае, і ёй абавязкова спадабаецца рабіна. А калі яна спытае, дзе мая рабіна расце, дык я і ёй пакажу. Няхай і яна маёй рабінай любуецца.



1 Сягаць — прасцірацца, даходзіць да якой-н. мяжы, узроўню.

2 Пакратацьдакрануцца, крануць некалькі разоў.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка