Читаем Детям
Мікіткаў падарунак
Павел Ткачоў
Навіна ўстрывожыла ўсіх птушак у садзе. А прынесла яе даўгахвостая Сарока.
— Глядзіце! Глядзіце! — стракатала белабокая. — Нашу кармушку хлапчук разбурае!
Зляцеліся сінічкі, вераб'і, снегіры, чачоткі, попаўзні. Усе акружылі Сароку. Толькі Дзяцел не звяртаў ніякай увагі на сарочае стракатанне і па-ранейшаму выстукваў старую яблыню. Не да гэтых дробязей лясному доктару. Сёння ў яго чарговы абход хворых дрэў у садзе.
— Хлусіць! Хлусіць! Не можа гэтага быць! — пінькалі сініцы, ціўкалі вераб'і.
Скажы, хлушу я ці не? — звярнулася белабокая да старога Крумкача, які сядзеў на самай верхавіне высокага дрэва. Сціхлі сінічкі, вераб'і.
— Пр-р-раўду! Пр-р-раўду гавор-рыш! — пракаркаў стары Крумкач. — Я заўсёды гавар-рыў, што гэта нядобр-ры хлопчык!
I ўсё ж такі не паверылі птушкі і старому Крумкачу. Сабраліся ўсе разам, пагаманілі і вырашылі паслаць у разведку маленькую сінічку Піньку.
— Пінь-пінь! Пінь-пінь! — з галінкі на галінку перапырхвала сінічка. Падляцела зусім блізка. Села на сучок і глядзіць.
Нічога не можа зразумець. Мікітка, той самы Мікітка, які кожную раніцу прыносіў птушкам крошкі хлеба, зярняткі, нават скрылікі сала, зараз здымаў з галіны кармушку, якую сам калісьці змайстраваў.
— Пінь-пінь! Пінь-пінь! — жаласна запінькала сінічка. — Што ты робіш, Мікітка?
А Мікітка нібы і не чуе. Забраў кармушку і панёс дахаты. Нават не азірнуўся.
Прыляцела Пінька да птушак. Сумная-сумная. I ўсе зразумелі: Сарока на гэты раз гаварыла праўду. — Што ж мы будзем рабіць? — спытаў баязлівы Попаўзень. — Зіма. Сцюжа. Голадна. Прыйдзецца ляцець з гэтага саду.
Але Мікітка хутка вярнуўся і паставіў кармушку на старое месца.
Першы гэта заўважыў Дзяцел. Паглядзеў ён на Мікітку, потым на кармушку і вачам сваім не паверыў. На кармушцы стаяла маленькая ёлачка, а на ёй пацеркі з зярнят, крошкі хлеба, каробачка з каноплямі і нават яблык.
— Хутка ж Новы год! — успомніў Дзяцел. — Вось дык Мікітка, ну і Мікітка! Якую ёлачку нам наладзіў!
I тут жа Дзяцел адстукаў усім птушкам тэлеграму, каб хутчэй прыляталі.
Зляцеліся птушкі і да позняга вечара вадзілі карагод, спявалі песні і на птушынай мове славілі добрага хлопчыка Мікітку.
ChitaemDetyam.com
|