Читаем Детям Пра быка і яго сяброў




Дата канвертавання02.04.2017
Памер31.75 Kb.

Читаем Детям

Пра быка і яго сяброў
Беларуская народная казка
ў апрацоўцы Алеся Якімовіча

Пасвіўся на лузе бык. Убачыў ён каля рэчкі туман і напужаўся: падумаў, што зямля і вада гараць.

«Пабягу я лепш адгэтуль на край свету!» — парашыў бык. Задраў хвост і пабег. Сустрэўся яму на дарозе казёл:

— Бык, куды бяжыш?

— На край свету.

— Чаго?

— У нас зямля і вада гараць. Баюся, каб і мне не згарэць.



— Пабягу і я з табою.

— Бяжы.


Бягуць яны, а насустрач ім парсюк:

— Куды бежыце?

— На край свету: у нас зямля і вада гараць! Баімся, каб і нам не згарэць.

— I я з вамі пабягу.

— Бяжы.

Бягуць яны ўтрох. Сустракае іх гусак.



— Куды бежыце?

— На край свету: у нас зямля і вада гараць! Баімся, каб і нам не згарэць.

— I я з вамі пабягу.

— Бяжы.


Бягуць яны ўчатырох. Сустракае іх певень.

— Куды бежыце?

— На край свету: у нас зямля і вада гараць…

— I я з вамі пабягу.

— Бяжы.

Беглі, беглі, прыбеглі ў лес. А тут і зіма надыходзіць.



Бык кажа:

— Ну, досыць бегчы: зімою зямля не загарыцца. Давайце будзем хату рабіць ды запасы на зіму рыхтаваць.

Парсюк кажа:

— Мне хата не трэба: я выкапаю сабе яму, нанашу туды моху на падсцілку, жалудоў на харч ды буду зімаваць. Мне і так цёпла будзе!

Казёл кажа:

— А я карою пракармлюся, у дупле пагрэюся.

— А ты, гусак? — пытаецца бык.

— У мяне пер’е цёплае, я дзюбу ў яго схаваю ды так і перазімую.

— А ты, певень?

А мне што, я і пад ялінкаю перазімую.

Што рабіць? Узяўся бык адзін хату будаваць. Нанасіў бярвення, моху, збудаваў цёплую хату і жыве сабе ў ёй без бяды.

Насталі лютыя маразы. Парсюк круціўся, круціўся ў яме, не вытрымаў ды пайшоў да быка:

— Пусці, бык, у хату: сцюдзёна вельмі.

— Не, — кажа бык, — не пушчу: ты ў мох закапаешся, табе і так цёпла будзе!

Калі не пусціш, — кажа парсюк, — дык я падкапаю лычом падрубу — твая хата абернецца, ды яшчэ і цябе самога задушыць.

Напужаўся бык: хочаш не хочаш, трэба пускаць парсюка ў хату…

— Ну, добра, — кажа, — ідзі: удвух весялей будзе.

На другі дзень прыходзіць казёл:

— Пусці, бык, у хату.

— Навошта табе хата? Ты ў дупле перазімуеш!

— Ну, калі не пусціш, дык я разганюся, стукну рагамі ў сцяну і праб’ю дзірку: мароз залезе ў хату, табе холадна будзе.

Што рабіць — пусціў казла.

— Добра, — кажа, — хата ў мяне не малая: хопіць і траім месца.

На трэці дзень прыходзіць гусак:

— Бык, бык, пусці ў хату пагрэцца!

— Не пушчу!

— Чаму?

— У цябе пер’е цёплае, ты ў яго дзюбу схаваеш ды так і перазімуеш.



— Ну, калі не пусціш, дык я дзюбаю ўсю страху расцягаю, табе холадна будзе.

Спужаўся бык — пусціў і гусака.

На чацвёрты дзень прыходзіць певень:

— Пусці, бык, у хату!

— А хіба табе пад ялінкаю не цёпла? — засмяяўся бык. — Не пушчу! У мяне ўжо і так цесна.

— А калі не пусціш, дык я ўзлячу на гару і ўвесь пясок са столі зграбу: дух з хаты праз столь выйдзе, ты замерзнеш.

Спужаўся бык — пусціў і пеўня. Жывуць яны ў хаце ўпяцёх. Ідзе мядзведзь. Убачыў хату. — Хто тут жыве? — пытаецца.

— Бык, казёл, парсюк, гусак і певень, — адказваюць з хаты.

— Пусціце і мяне пагрэцца.

— Не, не пусцім. Ты нам не кампанія.

Мядзведзь стукнуў лапаю ў дзверы, праламаў іх і ўвайшоў у хату. Тут бык выставіў рогі ды прыпёр мядзведзя да сцяны. А казёл давай яму рагамі ў бок лупіць, а парсюк зубамі за жывот ірваць, а гусак у нос дзяўбці… А певень узляцеў на лаву ды давай крычаць: «Кудах-кудах! Куды-куды!» Ледзьве жывым выскачыў з хаты няпрошаны госць — мядзведзь.

Ідзе ён кульгаючы па лесе, сустракае ваўка.

— Дзе быў, сусед? — пытаецца ў яго воўк. — Чаму ты такі хмуры?

— Ой, — кажа мядзведзь не сваім голасам, — трапіў я да страшэнных разбойнікаў. Адзін мяне віламі да сцяны прыціснуў — не павярнуцца. Другі ражнамі ў бок таўчэ. Трэці абцугамі кішкі выцягвае. Чацвёрты прутком у нос коле. А пяты, у чырвонай шапачцы, ззаду шабля крывая, на нагах шпоры, бегае па лаве ды ўсё крычыць: «Падай, падай яго сюды!» Добра, што я ўцёк, бо не ведаю, што б гэты разбойнік зрабіў са мною…



З таго часу больш ні мядзведзь, ні воўк у тую хату не заглядвалі.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка