Читаем Детям Праўдзівая зорная казка




Дата канвертавання10.01.2018
Памер23.62 Kb.

Читаем Детям

Праўдзівая зорная казка
Алена Масла
Слухай, мой харошы, я раскажу табе казку пра Вялікую Мядзведзіцу. Жыве яна за высокімі-высокімі гарамі. Ды яна за іх большая: калі выпрастаецца на ўвесь рост, з-за гор выторкваецца чорная калматая галава і засланяе сонца. А калі Мядзведзіца задзірае ўгору лапы, то дастае імі ажно да неба.

Канешне ж, ты здагадаўся, што Мядзведзіца незвычайная — не з тых мядзведзяў, што жывуць у пушчанскай густэчы, спяць узімку ў бярлозе і смокчуць лапу.

Гэтай не тое што спаць колькі месяцаў запар, а прысесці за дзень не выпадае. Мядзведзіца Вялікая — і клопат у яе вялікі.

Здавён так заведзена, што яна штодзень выпраўляе ў вандроўку па небе хмары. Уначы яны спяць, зачапіўшыся кудзеркамі1 за вяршыні самых стромкіх2 гор. А на досвітку, пакуль і сонейка яшчэ не ўстала, Вялікая Мядзведзіца пачынае паліць у печы і гатаваць хмарам сняданак.

Печчу Мядзведзіцы служыць стары вулкан. Шмат мільёнаў гадоў стаіць ён на Зямлі і ўжо ледзь тлее, ледзь дыхае. Але калі Мядзведзіца кідае яму ў жарало бярэмя дроў і дзьме на вуголле, сівы дзядуля аджывае і ажно маладзее. У ім разгараецца магутны агонь, і вулкан ахвотна дазваляе Мядзведзіцы ўзгрувасціць на сябе чыгун з варывам.

На сняданак хмаркі прывучаны піць малінавы кампот. Таму на досвітку ў кіпень засыпаюцца маліны. Збірае іх па зарасніках і падносіць маці Малая дачушка-Мядзведзіца. Яшчэ яна пасвіць і доіць кароў, бо палуднуюць хмаркі сырадойчыкам. I па чарніцы бегае ў лес, што на другім баку гор: за вячэрай хмаркі хоць і дап'юць тое, што са сняданку і абеду засталося, але абавязкова папросяць чарнічнага кісялю...

Падсілкуюцца хмаркі — і айда па небе гуляць. Світанкавыя — малінавага колеру, бо малінавы кампот пілі. Дзённыя — белыя, бо сырадойчыкам ласаваліся. Вечаровыя — сіне-чорныя ад чарніц...

Цэлы Божы дзень без перадыху завіхаюцца Мядзведзіцы ля вулкана-печы. I толькі познім вечарам, калі ўсе вакол паснуць, маюць права адпачыць. Вялікая Мядзведзіца вешае на зорныя цвічкі крышталёвы карэц3, якім налівала хмаркам пачастунак, бярэ за лапу сваю дачушку — Малую Мядзведзіцу — і выпраўляецца на шпацыр па начным небе...

Мне пашанцавала: крышталёвы карэц Вялікай Мядзведзіцы вісіць якраз над маім домам. I, бывае, пачапіўшы яго на цвічкі, стомленыя адвечным клопатам працаўніцы — Вялікая і Малая — проста з зорнага шляху спускаюцца ў мой сад і па роснай траве ідуць да возера. Там яны мыюць лапы, чысцяць футры і ціхенька шэпчуцца пра свае клопаты.

А вокны майго дома заўсёды адчынены. Мне чуваць і гаворка Мядзведзіц, і звонкі дотык крышталёвага карца да зорных цвічкоў, і соннае сапенне здарожаных хмарак.

Калі моцна заплюснуць вочкі і слухаць цішыню, мой харошы, і ты ўсё гэта пачуеш. А Мядзведзіцы — Вялікая і Малая — прыйдуць у твой сон. I пачастуюць цябе чым-небудзь смачненькім, і пагушкаюць на месяцы, як на арэлях...

А пакуль тое — падыдзі да акна і глянь на зорнае неба.



Вісіць карэц Вялікай Мядзведзіцы на сваім звыклым месцы? Калі так, то ўсё, што я расказала табе, — шчырая праўда.

1 Кудзеркі — кучаравыя або накручаныя валасы.

2 Стромкі — круты, абрывісты.

3 Карэц — драўляная або металічная пасудзіна з ручкай для зачэрпвання вады, квасу.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка