Читаем Детям Салодкі кляновік




Дата канвертавання04.03.2018
Памер18 Kb.

Читаем Детям

Салодкі кляновік
Янка Галубовіч
Зіма была цяжкая. Увесь час стаялі вялікія маразы. Але вясна прыйшла нечакана і такая цёплая, што ўжо ў самым пачатку красавіка нават у лесе цяжка было натрапіць на лапіну снегу. Аднойчы дзядзька Ігнась, калі наступілі выхадныя дні, сказаў мне: «Давай сходзім у лес, на Лысую гару. Паглядзім, як перазімавалі мурашкі». Я ведаў, што на Лысай гары ні многа ні мала — пятнаццаць мурашнікаў. I ўсе яны дагледжаны рупным і добрым да ўсяго жывога на зямлі чалавекам. Чалавек гэты — стары ляснік-пенсіянер дзядзька Ігнась. Ён не толькі абгарадзіў усе мурашнікі, але і старанна пафарбаваў у блакітны колер кожную абгародку.

Лес сустрэў нас дзіўнай прыгажосцю. Распусціліся каташкі́ арэшніку і выкінулі з сябе воблачкі залаціста-жоўтага пылку. Вось-вось распусцяцца набухлыя пупышкі ў асіны, бярозы і таполі. Прыбралася ў чырвона-карычневыя завушніцы вольха, каля рэчкі скінула цёмныя лускавінкі ракіта1.

Пачулі цяпло, ажылі на Лысай гары і мурашнікі. Самыя смелыя з мурашак ужо цягнулі ў норкі мушак і жучкоў, а другія, пакінуўшы сваю здабычу дома, зноў спяшаліся на паляванне.

— Ого, мурашкі! — гаворыць дзядзька Ігнась. — Гэта вялікія памочнікі лесу! Толькі за адзін год сям’я мурашак знішчае каля дзесяці мільёнаў розных шкоднікаў.

Самы вялікі мурашнік на Лысай гары ля маладога, але высокага і стройнага клёна. Мурашнік гэты таксама абнесены абгародкай, пафарбаванай у блакітны колер. Але што гэта такое? Па клёне ўверх у адным напрамку роўненькім ланцужком адна за адной паўзуць мурашкі. Другія мурашкі такім жа роўненькім ланцужком спускаюцца з дрэва.

— Вось яно што! Салодкі кляновік! — смяецца дзядзька Ігнась і гаворыць мне: — Бачыш зламаную галінку ля самага ствала?

— Ага, бачу.

У тым месцы, дзе зламана галінка, выступаюць кропелькі соку. Вось і спяшаюцца туды мурашкі, каб паласавацца ім, вясну сустрэць...

Вечарам вярталіся дамоў. Удалечы ціха прагрымеў гром. Збіралася на дождж. Дзядзька Ігнась зноў прыпыніўся ля аднаго мурашніка, нагнуўся.

— Бачыш, ні адной мурашкі ля мурашніка. Дождж чуюць, вось і пахаваліся ў сваіх норках. Мурашкі — жывы барометр прыроды.

Я падышоў да клёна, уважліва агледзеў ствол дрэва, але ні адной мурашкі не ўбачыў.

Калі з дзядзькам Ігнасём выйшлі з лесу, сцебануў моцны дождж.



1 Ракі́та — дрэва або вялікі куст сямейства вярбовых.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка