Читаем Детям Саскок



Дата канвертавання02.04.2017
Памер22.6 Kb.
#6650

Читаем Детям

Саскок
Быль
Леў Талстой
Пераклаў з рускага Ян Скрыган

Адзін карабель абышоў вакол свету і вяртаўся дадому. Было ціхае надвор'е, увесь народ быў на палубе. Паміж народу круцілася вялікая малпа і забаўляла ўсіх. Малпа гэтая курчылася, падскоквала, рабіла смешныя выбрыкі, перакрыўляла людзей, і відаць было — яна ведала, што ею цешацца, і таму яшчэ больш разыходзілася.

Яна падскочыла да дванаццацігадовага хлопчыка, сына капітана карабля, сарвала з яго галавы капялюш, надзела і скоранька ўзабралася на мачту. Усе засмяяліся, а хлопчык астаўся без капелюша і сам не ведаў, смяяцца яму ці плакаць.

Малпа села на першай перакладзіне мачты, зняла капялюш і пачала зубамі і лапамі рваць яго. Яна як бы дражніла хлопчыка, паказвала на яго і перакрыўляла. Хлопчык пагразіў ёй і крыкнуў на яе, але яна яшчэ больш злосна пачала рваць капялюш. Матросы мацней пачалі смяяцца, а хлопчык пачырванеў, скінуў курцік і кінуўся за малпаю на мачту. Як бач ён узабраўся па вяроўцы на першую перакладзіну; але малпа яшчэ спрытней і хутчэй за яго, у тую хвіліну, як ён думаў схапіць капялюш, забралася яшчэ вышэй.

— Дык жа не ўцячэш ты ад мяне! — закрычаў хлапчук і палез вышэй.

Малпа зноў падманіла яго, палезла яшчэ вышэй, але хлопчыка ўжо разабрала заўзятасць, і ён не адставаў. Гэтак малпа і хлопчык у адну хвіліну дабраліся да самага верху. На самым версе малпа выцягнулася на ўсю даўжыню і, зачапіўшыся задняю рукою за вяроўку, павесіла капялюш на край апошняй перакладзіны, а сама забралася на самую макаўку мачты і адтуль курчылася, паказвала зубы і радавалася. Ад мачты да канца перакладзіны, дзе вісеў капялюш, было аршыны два, так што дастаць яго нельга было іначай, як выпусціць з рук вяроўку і мачту.

Але хлопчык вельмі распаліўся. Ён выпусціў мачту і ступіў на перакладзіну. На палубе ўсе глядзелі і смяяліся таму, што выраблялі малпа і капітанскі сын; але калі ўбачылі, што ён пусціў вяроўку і ступіў на перакладзіну, памахваючы рукамі, усе замерлі ад страху.

Варта было яму толькі не так ступіць — і ён бы ўшчэнт разбіўся аб палубу. Ды калі б нават ён і не саступіўся, а дайшоў да краю перакладзіны і ўзяў капялюш, то цяжка было б яму павярнуцца і дайсці назад да мачты. Усе моўчкі глядзелі на яго і чакалі, што будзе.

Раптам у народзе нехта ахнуў ад страху. Хлопчык ад гэтага крыку апамятаўся, зірнуў уніз і захістаўся.

У гэты час капітан карабля, хлопчыкаў бацька, выйшаў з каюты. Ён нёс стрэльбу, каб страляць чаек. Ён убачыў сына на мачце і тут жа прыцэліўся ў сына і закрычаў:

— У ваду! Скачы зараз жа ў ваду! Застрэлю!

Хлопчык хістаўся, але не разумеў.

— Скачы, або застрэлю!.. Раз, два... — і як толькі бацька крыкнуў: «тры» — хлопчык размахнуўся галавою ўніз і скочыў.

Як пушачнае ядро пляснулася хлапчуковае цела ў мора, і не паспелі хвалі закрыць яго, як ужо дваццаць малайцоў матросаў саскочылі з карабля ў мора. Хвілін праз колькі — яны здаліся ўсім доўгімі — вынырнула хлопчыкава цела. Яго схапілі і выцягнулі на карабель. Праз некалькі мінут у яго з рота і з носа палілася вада, і ён пачаў дыхаць.



Калі капітан убачыў гэта, ён раптам закрычаў, як бы яго нешта душыла, і пабег да сябе ў каюту, каб ніхто не бачыў, як ён плача.




ChitaemDetyam.com



Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал