Читаем Детям Шчасце




Дата канвертавання08.09.2018
Памер19.91 Kb.

Читаем Детям

Шчасце
Янка Маўр
Быў адзін з тых летніх дзён, якія бываюць, мусіць, толькі на Беларусі. Сонца пячэ як мага, а гарачыні няма: лішак яе паглынаюць і рака, і ўсялякая зеляніна, што жыве навакол, дыхае, шамаціць і запаўняе не толькі прыроду, але і душу чалавека.

Усім радасна ў такі дзень. Радасна і мне. Радасна і вунь таму хлапчуку год васьмі, што спускаецца з гары, падскокваючы на адной назе.

Мы сустракаемся з ім на мосце. Ён прыпыняецца і глядзіць на мяне так, нібы хоча нешта сказаць. Радасць, шчасце так і пырскаюць з яго блакітных вачэй. Я лагодна ўсміхаюся яму, ківаю галавой і кажу:

— Добра жыць на свеце, браток, га?

Тварык хлопчыка засвяціўся яшчэ больш, але ён нічога не сказаў.

Я паціху ішоў міма, а хлопчык, нібы той сланечнік, паварочваў следам за мной свой круглы тварык. Здавалася, што ён вось-вось нешта скажа.

Я яго разумеў. Але ён, відаць, гэтага не ведаў, бо ўсё глядзеў мне ў вочы, нібы чагосьці чакаючы ад мяне. Ён заліваў мяне сваім шчасцем, а я ў адказ нічога не мог яму даць. Мне трэба яму нешта сказаць. Але што? Што яму сказаць, каб перадаць усю тую цеплыню, якую я ад яго адчуваю?

— Як цябе зваць? — сказаў я нарэшце, каб толькі не маўчаць.

Хлопчык нічога мне не адказаў. Сваім дзіцячым інстынктам ён, відаць, зразумеў, што словы гэтыя сказаны так сабе, абы сказаць. Мала таго: твар яго перастаў свяціцца, нават неяк балюча скрывіўся.

А потым… потым з грудзей яго вырваўся крык!.. Два словы толькі было ў гэтым крыку:

— Дзядзька!.. Шапка!..

Але гэтага было досыць, каб зразумець, хоць і са спазненнем, усю тую трагедыю, якая адбылася тут, на мосце, у гэты радасны летні дзень.

У хлопчыка на галаве была новая шапка, якую ён надзеў, відаць, першы раз. Добрая шапка, шэрая, каляная. Яна ахапіла не толькі галаву хлопчыка, але ўсё цела і душу. Гэта ж праз яе сёння такі цудоўны дзень, а я гэтага не ведаў. I сонца так шчодра свеціць толькі дзеля таго, каб усе здалёк маглі бачыць шапку, а я не заўважыў яе і зблізку. Адзін усяго толькі крок заставалася зрабіць — і ўся сустрэча пайшла б прахам. Ці магла чулая дзіцячая душа сцярпець такую несправядлівасць, такое халоднае бяздушша? I яна не сцярпела…

Я адчуў сябе вельмі вінаватым і кінуўся выпраўляць сваю віну.

— Ах, якая цудоўная ў цябе шапка! — крыкнуў я. — Пакажы, пакажы!

Вочы хлопчыка зноў засвяціліся радасцю. Я зняў з яго галавы шапку. Яна сапраўды хрусцела, як бляшаная. Хлопчык глядзеў на мяне ўдзячнымі вачыма, бы на свайго збаўцу.

— Які казырок! I шнурок! I гузікі два! — стараўся я. — А падкладка якая цудоўная! Хто купіў?

— Мамка! — з гордасцю адказаў хлопчык. Несправядлівасць была выпраўлена.



I мы абодва, зноў шчаслівыя, разышліся кожны сваім шляхам.
1947 г.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка