Читаем Детям Сляпы конь




Дата канвертавання14.05.2017
Памер38.78 Kb.

Читаем Детям

Сляпы конь
Канстанцін Ушынскі
Пераклаў з рускага Ўладзімір Анісковіч

Даўно, вельмі ўжо даўно, калі не толькі нас, але і нашых дзедаў і прадзедаў яшчэ не было на свеце, стаяў на беразе марскім багаты і гандлёвы горад Вінета; а ў гэтым горадзе жыў багаты купец Усядом, караблі якога, нагружаныя дарагімі таварамі, плавалі па далёкіх марах.

Усядом быў вельмі багаты і жыў у раскошы: магчыма, і само прозвішча Усядом, альбо Усёдома, атрымаў ён таму, што ў яго доме было літаральна ўсё, што толькі можна было знайсці вартага і дарагога ў той час; а сам гаспадар, яго спадарыня і дзеці елі толькі на золаце і на срэбры, хадзілі толькі ў сабалях ды ў парчы.

У стайні Усядома было шмат выдатных коней; але ні ва Ўсядомавай стайні, ні ва ўсёй Вінеце не было каня больш хутканогага і прыгажэйшага за Дагані-Ветра — так празваў Усядом свайго любімага верхавога каня за імклівасць яго ног. Ніхто не смеў садзіцца на Дагані-Ветра, акрамя самога спадара, і спадар ніколі не ездзіў вярхом ні на якім іншым кані.

Надарылася купцу ў час адной са сваіх паездак па гандлёвых справах, вяртаючыся ў Вінету, праязджаць на сваім любімым кані праз вялікі і цёмны лес. Было гэта пад вечар, лес густы цямрэў наўкола, вецер гайдаў вершаліны панурых хвой; купец ехаў адзін-адзінюткі і ціхім крокам, шкадуючы свайго любімага каня, які вельмі стаміўся за далёкую паездку.

Раптам з-за кустоў, нібы з-пад зямлі, выскачыла шасцёра плячыстых дзецюкоў з драпежнымі тварамі, у калматых шапках, з рагацінамі, сякерамі і нажамі ў руках; трое былі на конях, трое пешкі, і два разбойнікі ўжо схапілі было каня купцовага за аброць.

Не бачыць бы ніколі ўжо багатаму Усядому сваёй роднай Вінеты, калі б пад ім быў які-небудзь іншы конь, а не Дагані-Вецер. Пачуўшы на аброці чужую руку, конь ірвануўся наперад, сваімі шырокімі, магутнымі грудзямі зваліў на зямлю двух дзёрзкіх ліхадзеяў, якія трымалі яго за аброць, стаптаў нагамі трэцяга, што, махаючы рагацінай, забягаў спераду, каб перагарадзіць яму дарогу, і памчаўся віхураю. Конныя разбойнікі кінуліся наўздагон; коні ў іх таксама былі добрыя, але дзе ім было дагнаць Усядомава каня?

Нягледзячы на сваю стомленасць, Дагані-Вецер, чуючы пагоню, імчаўся, як страла, выпушчаная з туга нацягнутага лука, і далёка за сабою пакінуў раз'ятраных зламыснікаў.

Праз паўгадзіны Усядом ужо ўязджаў у родную Вінету на сваім добрым кані з якога ашмоткамі падала на зямлю пена.

Злазячы з каня, бакі ў якога ад задышкі падымаліся высока, купец тут жа, пляскаючы Дагані-Ветра па ўзмыленай шыі, урачыста паабяцаў: што б сабе ні здарылася з ім, ніколі не прадаваць і не дарыць нікому свайго вернага каня, не праганяць яго, як бы ён ні састарэў, і штодня, да самай смерці, адпускаць каню па тры меры лепшага аўса.

Але, паспяшаўшыся да жонкі і дзяцей, Усядом недагледзеў сам каня, а гультаяваты парабак як мае быць не вывадзіў змучаную жывёліну, не даў каню зусім астыць і дачасна напаіў яго.

3 таго самага часу Дагані-Вецер і пачаў хварэць, марнець, аслабеў на ногі і, нарэшце, аслеп. Купец вельмі гараваў і з паўгода сапраўды захоўваў сваё абяцанне: сляпы конь па-ранейшаму стаяў у стайні, і яму кожнага дня адпускалася па тры меры аўса.

Усядом пасля гэтага купіў сабе другога верхавога каня, і праз паўгода яму падалося занадта не-ашчадным даваць сляпому, нікуды не вартаму каню па тры меры аўса, і ён загадаў адпускаць па дзве. Мінула яшчэ паўгода; сляпы конь быў яшчэ малады, карміць яго належала яшчэ доўга, і яму сталі адпускаць па адной меры. Нарэшце, і гэта падалося купцу цяжка, і ён загадаў здзець з Дагані-Ветра аброць і выгнаць яго за вароты, каб не займаў дарэмна месца ў стайні. Сляпога каня парабкі выправадзілі за вароты з двара палкай, бо ён упіраўся і не ішоў.

Бедны сляпы Дагані-Вецер, не разумеючы, што з ім чыняць, не знаў і не бачыў, куды ісці, таму застаўся стаяць за варотамі, апусціўшы галаву і паныла варушачы вушамі. Настала ноч, пайшоў снег, беднаму сляпому каню спаць на камянях было жорстка і холадна. Некалькі гадзін прастаяў ён на адным месцы, але нарэшце голад прымусіў яго шукаць ежы. Узняўшы галаву, нюхаючы ў паветры, ці не натрапіцца дзе-небудзь хоць шматок саломы са старой, аб'ехаўшай страхі, брыў наўдалую сляпы конь і раз-пораз натыкаўся то на вугал дома, то на агароджу.

Вам патрэбна ведаць, што ў Вінеце, як і ва ўсіх старажытных славянскіх гарадах, не было князя, а жыхары горада кіраваліся самі сабою, збіраючыся на пляц, калі патрэбна было вырашаць нейкія важныя справы. Такі сход народа для вырашэння сваіх спраў, для суда і прысуду называўся вечам. Пасярод Вінеты, на пляцы, дзе збіралася веча, на чатырох слупах вісеў вялікі вечавы звон, па ўдарах якога збіраўся народ, і ў які мог біць кожны, хто лічыў сябе пакрыўджаным і патрабаваў ад народа суда і абароны. Ніхто, вядома, не смеў біць у вечавы звон па дробязях, ведаючы, што за гэта ад людзей моцна да-станецца.

Блукаючы па пляцы, сляпы, глухі і галодны конь выпадкова набрыў на слупы, на якіх вісеў звон, і, можа, спадзеючыся выцягнуць са страхі шматок саломы, схапіў зубамі канец вяроўкі, прывязанай да языка звона, і пачаў тузаць: звон загучаў так моцна, што народ, нягледзячы на тое, што было яшчэ рана, натоўпамі пачаў збягацца на пляц, жадаючы ведаць, хто гэта патрабуе так настойліва яго суду і абароны. Усе ў Вінеце ведалі Дагані-Ветра, ведалі, што ён выратаваў жыццё свайму гаспадару, ведалі і абяцанне гаспадара — і здзівіліся, убачыўшы пасярод пляца беднага каня — сляпога, галоднага, схаладалага ад сцюжы, залепленага снегам.

Хутка высветлілася, у чым справа, і калі народ даведаўся, што багаты Усядом выгнаў з дому сляпога каня, які выратаваў яму жыццё, дык аднадушна вырашыў, што Дагані-Вецер меў поўнае права біць у вечавы звон.



Запатрабавалі на пляц няўдзячнага купца; і, нягледзячы на яго апраўданні, загадалі яму ўтрымліваць каня па-ранейшаму і карміць яго да самай смерці. Спецыяльна прыставілі чалавека сачыць за выкананнем прысуду, а сам прысуд быў выбіты на камені, які паставілі ў памяць аб гэтай падзеі на вечавым пляцы...




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка