Читаем Детям Ветлівая сінічка




Дата канвертавання09.02.2018
Памер17.78 Kb.

Читаем Детям

Ветлівая сінічка
Таццяна Мушынская
Паснедаўшы, Дзяніска заўсёды сядае за стол і малюе ці будуе замак з рознакаляровых дэталей канструктара. Хлопчык любіць гуляць у сваім кутку. Тут ён адчувае сябе сапраўдным гаспадаром. Дый з акна ўсё добра відаць...

Дзяніска ўздымае галаву і бачыць, што на парэнчах1 балкона бадзёра скачуць два вераб'і. «Сагрэцца хочуць, — здагадваецца ён. — Спадзяюцца, што так цяплей стане. Ды дзе там!»

Хлопчык паціху вылазіць з-за стала і асцярожна падыходзіць бліжэй да акна. А вераб'і тым часам пераскочылі ў скрынкі з зямлёй, дзе сумна тырчаць сухія бадылі2. Праўда, дзе-нідзе на іх яшчэ засталося насенне кветак. Чым не спажыва для галодных птушак?

Услед за вераб'ямі з'яўляюцца дзве жвавыя сінічкі. Грудкі жоўценькія, сінія з адлівам галоўкі, белыя палоскі на крылцах. Сапраўдныя прыгажуні! Нешта працінькаўшы адна адной, сініцы паляцелі, а замест іх на парэнчы ўсеўся важны і пыхлівы3 чырванагруды снягір. Пакруціўся, убачыў, што іншыя птушкі нічога яму не пакінулі, і, пакрыўджаны, паляцеў...

«Трэба хутчэй будаваць кармушку!» — падумаў хлопчык. I ў суботу з бацькам яны ўзяліся за справу. Майстравалі ўвесь дзень. Атрымалася сапраўдная хатка для птушак.

У нядзелю якраз было сонечна. Дзяніска з татам прымацавалі хатку на балконе. Вераб'ям накрышылі хлеба, сініцам паклалі кавалачкі сала. Не паспелі зачыніць дзверы, як адзін увішны4 верабей знайшоў ежу. Весела чырыкнуў і паляцеў клікаць сяброў.

Што рабілася каля птушынай хаткі праз некалькі хвілін! Падсілкаваўшыся хлебам, вераб'і пакінулі сала сініцам і весела паляцелі далей.

Сініцы аказаліся больш выхаванымі. Пакаштаваўшы смачнага сала, адна з сінічак без боязі падляцела да самай шыбы, прыветліва паківала з боку ў бок галоўкай і асцярожна стукнула дзюбай у шкло. Якраз там, дзе стаялі і назіралі за птушкамі тата з сынам.



— Глядзі! — узрадаваўся Дзяніска. — Сінічка нам дзякуй кажа!

1 Парэ́нча (лесвіцы) — агароджа, апора, за якую трымаюцца рукамі пры спуску або пад'ёме.

2 Бадылі́ — сухія сцябліны аднагадовай расліны.

3 Пыхлі́вы — празмерна ганарысты.

4 Уві́шны — жвавы, спрытны ў рухах, дзеянні; хуткі, хітры.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка