Читаем Детям Як сон знайшлі




Дата канвертавання01.01.2018
Памер14.55 Kb.

Читаем Детям

Як сон знайшлі
Васіль Ткачоў
Дзед Васіль устаў рана, паглядзеў на ўнука, паправіў коўдру, якая спаўзла на падлогу.

— Спі, унучак. А мой сон недзе згубіўся…

Максімка пачуў дзедавы словы, працёр вочы кулачком:

— Дзядуля, а дзе твой сон згубіўся?

— Дзе, пытаеш? Я і сам не ведаю. Ляжу, а не спіцца, усё ўспамінаю розныя здарэнні, перабіраю іх у памяці… А ты чаго не

спіш? — хітравата прыплюснуў вочы дзед.

Не ведаю, — пакруціў галавой Максімка, а потым прапанаваў: — А давай сёння пашукаем твой сон, а?

— Добра, — згадзіўся дзядуля.

Яны дапамаглі бабулі пакарміць парсючка, курэй, сабаку, а пасля і самі паснедалі.

Ну што ж, пайшлі, унучак, мой сон шукаць, — узняўся з­за стала дзед Васіль.

Яны выйшлі на двор, узялі кош і пакіравалі на вуліцу. Шырокая вясковая вуліца вывела іх на вузенькую сцежку, якая бегла полем, а потым звярнула ў лес. Там спявалі птушкі. Павольна, быццам на парашуціках, падалі долу першыя жоўтыя лісточкі.

— Дзядуля, глядзі, што я знайшоў! — пахваліўся Максімка і паказаў баравічок.

Грыбоў назбіралі поўны кошык. Дадому лясныя дарункі нёс дзед Васіль. Максімка толькі зрэдку браўся за дужку, падсабляў. Прытупалі ў вёску, адчулі, што натаміліся. Ды вось цікава: абодва зусім забыліся, чаго хадзілі ў лес. Здаецца, сон шукаць, а назбіралі грыбоў. Селі на лавачку каля хаты, адпачываюць. Дзед сядзеў­сядзеў ды неўпрыкмет1 і вочы заплюшчыў — заснуў. Выглянула з веснічак2 бабуля, убачыла поўны кошык грыбоў, далонямі пляснула ад здзіўлення.

— Цішэй, бабуля, — шэптам папрасіў Максімка. — Дзед сон знайшоў!



1 Неўпрыкме́тнепрыкметна; тут: нават і сам не заўважыў.

2 Ве́снічкі — вузкія дзверцы ў плоце, варотцы.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка