Читаем Детям Юныя абаронцы




Дата канвертавання25.11.2017
Памер22.52 Kb.

Читаем Детям

Юныя абаронцы
Алесь Махнач
Непрытомнага байца асцярожна знялі з насілак і паклалі на цагляную падлогу.

— Яго моцна кантузіла… Выбухам… — пакідаючы лазарэт, сказаў Пеця Васільеў.

У пагранічнай крэпасці над Бугам трэці дзень лютавала вайна. Усе, хто мог трымаць у руках зброю, былі там, наверсе, дзе несціхана грымеў бой.

У падвальным лазарэце было цесна. Не хапала матрацаў, шынялёў, і параненых клалі на голую падлогу.

Палоска святла, што скупа прабівалася ў лазарэтнае акенца-байніцу, пацямнела ад дыму. Каб не хадзіць вобмацкам, піянеркі Валя Зенкіна і Нюра Кіжаватава запалілі самаробную газоўку — з гільзы артылерыйскага снарада.

— Загадваю! Не дазваляць цяжкараненым займаць абарону! — прагучаў з цёмнага праёма дзвярэй голас лейтэнанта Андрэя Кіжаватава. Да вайны лейтэнант быў начальнікам пагранічнай заставы, а цяпер разам з іншымі камандзірамі кіраваў абаронай аднаго з участкаў Брэсцкай крэпасці.

Нюра здагадалася: бацька прыходзіў, каб сказаць, што ён жывы і здаровы. I, вядома, глянуць на яе, дачку: як яна тут, у гэтым пекле?

Тым часам Валя Зенкіна ўзяла газоўку, падышла да байца, якога прынеслі.

— Пагранічнік…

Гэта слова балюча, як стрэмка, кальнула Нюру. Яна кінулася да кантужанага байца, глянула ў твар і пазнала пасыльнага, які часта прыбягаў да яе бацькі.

— Бабронак!.. 3 нашай заставы…

Дзяўчынкі прыўзнялі пагранічніка, далі яму вады. Баец застагнаў, расплюшчыў вочы, затрымаў здзіўлены позірк на Нюры.

— Вы ў лазарэце, — сказала Нюра. — Вас не параніла, толькі кактузіла…

Пагранічнік заварушыўся, пачаў абмацваць рукамі падлогу вакол сябе. Дзяўчынкі адразу здагадаліся, што яго так непакоіць.

— Ваша вінтоўка тут, не трывожцеся, — загаварыла Валя. — Вось яна… Толькі вам нельга ўставаць, ляжыце…

Баец, здавалася, не чуў, што кажуць дзяўчынкі. Ён усё яшчэ не мог здаўмецца, як трапіў сюды, у гэты цёмны падвал. Дзе яго баявыя таварышы? Ён з цяжкасцю падняўся і, абапіраючыся на вінтоўку, ступіў крок-другі да вузкай палоскі святла ў сцяне. I пахіснуўся. Вось-вось упадзе, зноў страціць прытомнасць. Валя падтрымала яго, давяла да акенца-байніцы.

Бой працягваўся. Спакойна, каб не прамахнуцца, баец пачаў страляць па фашыстах, якія наступалі ад Цярэспальскай брамы. Яму цяжка было трымацца на нагах, і, каб не асунуцца на падлогу, ён яшчэ болей падаўся наперад, высунуўся з акенца. Непадалёку ўпала міна, і моцным выбухам адкінула байца назад, у падвал.

Дзяўчынкі схіліліся над пагранічнікам, які ляжаў, нібы мёртвы. Пульс ледзь праслухоўваўся. Сэрца білася з перабоямі. Каб не трывожыць двойчы кантужанага байца, сяброўкі не сталі пераносіць яго на ранейшае месца, у глыб падвала. Знайшлі шынель, згарнулі, паклалі пад галаву.

Валя была ў роспачы. Выходзіць, яна парушыла загад камандзіра: памагла цяжка кантужанаму пагранічніку дабрацца да акенца-байніцы. Ён сам не змог бы дайсці, заняць абарону. Ці выжыве ён цяпер?

Нюра Кіжаватава моўчкі абняла сяброўку: словы дакору тут былі лішнія. Яна і сама парушала суровы загад камандзіраў: «Дзецям сядзець у падвалах!»


1980 г.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка