Читаем Детям Загадкі




Дата канвертавання04.05.2018
Памер60.67 Kb.

Читаем Детям

Загадкі
Уладзімір Паўлаў

* * *


Хоць забіце, не скажу,

Дзе жыву, з кім знаюся.

Галавой уніз хаджу,

Пяткаю кусаюся.

(Цвік у абутку)
* * *

Тое дрэва не абняць,

Крона з небам зліта.

А каб назву напісаць,

Хопіць і дзвюх літар.

(Баабаб)


* * *

Шыя доўгая ў яе,

Хоць сама — як шафа.

Недзе ў Афрыцы жыве,

А завуць ……

(Жырафа)


* * *

Каб нагнаць на ўсіх жуды,

Страх, каб доўга помнілі,

Ён іграе без дуды,

Завывае ў коміне.

(Вецер)


* * *

Гарнітур яе ў палоску.

Родзічка жывёле свойскай.

Выйдзе ў цырку на манеж,

Але ў воза не ўпражэш.

(Зебра)


* * *

Скрозь — які ўжо лес вялікі! —

Паздзірана з ліпаў лыка.

Хоць бы вокам паглядзець,

Як яго дзярэ ……

(Мядзведзь)


* * *

Мабыць, ён не зведаў гора,

Не хадзіў ніколі голы.

Бо як лета на дварэ,

Усё вопратку дзярэ.

(Драч)


* * *

Яе ўсе баяцца трошкі.

Яна ў лесе мае

Хатку на курыных ножках

I ў ступе лятае.

(Баба Яга)


* * *

Страж гароднага парадку

Без абноў не тужыць.

Чым найгоршая апратка,

Тым надзейней служыць.

(Пудзіла)


* * *

Зранку лапкамі умыты.

Шэрстка — нібы з аксаміту.

Любіць спінкай выгінацца.

Мышы — страх! — яго баяцца.

(Кот)


* * *

Уздоўж хат з канца ў канец —

Каляровы грабянец.

Каб зайсці ў двор без замінкі,

Ёсць рухомыя шчарбінкі.

(Плот і веснічкі)


* * *

У пагодлівы дзянёк

Недзе з паднябесся

Пералівісты званок

Славіць працу песняй.

(Жаўранак)


* * *

За сябе разоў у сем

Большы груз яна нясе.

Запытайцеся, ці цяжка?

Скажа хай сама ……

(Мурашка)


* * *

У яго адны турботы:

Адвільнуць як ад работы.

Беспрабудна суткі спіць,

Ды яшчэ пра гэта сніць.

(Гультай)


* * *

Карацее з узыходу,

3 сонца першага ў расе.

А з паўдня і да заходу

Ў адваротны бок расце.

(Цень)


* * *

Чорны сам, нібыта грак.

3 ім да трох не гавары —

Цахне, быццам бы ганчак,

А жыве ў вадзе ў нары.

(Рак)


* * *

Там, дзе з мухі дзьмуць слана,

Ёй не быць ніколі.

Не шкадуючы, яна

Хлусу вока коле.

(Праўда)


* * *

Дрывасек ён — проста зух.

Над вадою хата.

Аж да пят яго кажух,

Хвост — нібы лапата.

(Бабёр)


* * *

У пагоду, на мароз —

Не дастаць аршынам нос.

Як адліга вернецца,

Ён па даху сцелецца.

(Дым над комінам)


* * *

Калі толькі ляжа снег,

На яго агледзіны

3-пад навесаў і з-пад стрэх

Выплываюць лебедзі.

(Санкі)


* * *

Бы хто грымне палкай —

Дол аж разлягаецца.

I вада ў кавалках

Па вадзе штурхаецца.

(Крыгаход)


* * *

Колькі будзе, знатакі, —

Каб і кожны ведаў:

Два сыны і два бацькі,

Дзед і ўнучак дзедаў?

(Трое)


* * *

Каб ніхто не адабраў,

За кожную шчочку

Непрыкметна ён схаваў

Зерня па мяшочку.

(Хамяк)


* * *

Пасля таты, пасля мамы

I людзей старэйшых

Яна — ваш дарадца самы,

Самы наймудрэйшы.

(Кніга)


* * *

Хоць увесь перадрыжыць

За зіму вялікую,

Але дома любіць жыць

Друг наш Чык-Чырыкавіч.

(Верабей)


* * *

Хто на поплаве з нары

Горы цэлыя нарыў,

Сад скапаў і агарод?

Ну, вядома, гэта — ……

(Крот)


* * *

Шасцігранныя гаршчочкі.

Залацістыя радочкі.

Што ў іх? Гэта — шыта-крыта.

Воскам зверху ўсё заліта.

(Соты, мёд)


* * *

Так нядоўга й да бяды:

Мора цэлае вады

I ў прыдачу — акіян,

А яшчэ ў ім б'е фантан.

(Кіт)


* * *

На пагорку за сялом,

Дзе дарогі стужка,

3 дошак, з бёрнаў — а не дом,

3 крыллем — а не птушка.

(Вятрак)


* * *

Пасярэдзіне двара

Раскацілася гара.

А малыя гараняткі —

Пятачкамі — каля маткі.

(Свіння і парасяты)


* * *

Доктар Стук на дрэва ўзлез…

Ведама й дзіцяці:

Гэта лечыць хворы лес

Даўгадзюбы ……

(Дзяцел)


* * *

Між лісця ў лясным лагу

Цуды не звяліся.

Вельмі тоўстую нагу

Завяршае міса.

(Грузд)


* * *

Паімчалі ў паплавы

Стрымгалоў наўпрост

Шэсць ног, дзве галавы

I ў дадатак — хвост.

(Верхавы на кані)


* * *

Пішуся я першая з левага краю.

Сабраты ж, як слушна заўважылі людзі,

Хоць колькі за мною чаргі не займаюць,

А правага краю ніколі не будзе.

(Адзінка, натуральны род лікаў)


* * *

Круглая, ды не антэна,

Каб сусветы слухаць.

Аж дрыжыць, звініць нязменна,

Калі трапіць муха.

(Павуцінка)


* * *

Без аглядкі не вылазь

3 глею, цёмнага, карась.

Бо стаіць зусім не так

За карчагаю ……

(Шчупак)


* * *

Палахлівы ён без меры.

Можа, гэтак, дзеці, й тут?

Сонца ў хату — ён за дзверы,

Сонца з хаты — ён на кут.

(Цень у хаце)


* * *

Ну, рабіце адкрыццё:

Толькі калі родзіцца,

Адзін раз на ўсё жыццё

Той матор заводзіцца.

(Сэрца)


* * *

Тут няцяжка здагадацца,

Што за домік, што за хатка.

3 ветрам хоча ў неба ўзнянца

Лёгкакрылая ……

(Палатка)


* * *

У яловіку кашлатым

Запішчалі птушаняты.

Ды зімой, ды ў маразы!

Што за птушка? Адкажы!

(Крыжадзюб)







ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка