Читаем Детям Зімоўка звяроў




Дата канвертавання02.04.2017
Памер35.2 Kb.

Читаем Детям

Зімоўка звяроў
Руская народная казка ў апрацоўцы А.Н. Талстога.
Пераклад з рускай мовы А. Якімовіча

У дзеда з бабай былі бык, баран, гусак ды певень і свіння.

Вось дзед і кажа бабе:

— А што, баба, певень нам не так і патрэбен, зарэжам яго к святу!

Ну што ж, зарэжам.

Пачуў гэта певень і ўцёк уночы ў лес. Назаўтра дзед шукаў, шукаў – не знайшоў пеўня. Увечары зноў кажа бабе:

— Не знайшоў я пеўня, прыйдзецца нам свінню закалоць!

— Ну, закалі свінню.

Пачула гэта свіння і ўцякла ўночы ў лес.

Дзед шукаў, шукаў свінню – не знайшоў:

— Прыйдзецца барана зарэзаць!

— Ну што ж, зарэж.

Баран пачуў гэта і кажа гусаку:

— Уцякайма ў лес, а то зарэжуць і цябе і мяне!

I ўцяклі баран з гусаком у лес. Выйшаў дзед на двор — няма ні барана, ні гусака. Шукаў, шукаў – не знайшоў.

— Што за дзіва! Уся жывёла звялася, адзін бык застаўся. Давядзецца, відаць, быка зарэзаць.

— Ну што ж, зарэж.

Пачуў гэта бык і ўцёк у лес.

Улетку ў лесе прыволле. Жывуць сабе ўцекачы — гора не ведаюць. Але мінула лета, надышла зіма.

Вось бык пайшоў да барана:

— Што ж, брат, пара надыходзіць сцюдзёная — трэба хату будаваць.

Баран яму адказвае:

— У мяне кажух цёплы, я і так перазімую.

Пайшоў бык да свінні:

— Хадзем, свіння, хату будаваць!

— А мне хоць які мароз — я не баюся: зарыюся ў зямлю і без хаты перазімую.

Пайшоў бык да гусака:

— Гусак, хадзем хату будаваць!

— Не, не пайду. Я адно крыло падсцялю, другім накрыюся — мяне ніякі мароз не пройме.

Пайшоў бык да пеўня:

— Давай хату будаваць!

— Не, не пайду. Я зіму і так пад елкаю пераседжу. Бык бачыць — справы кепскія. Трэба аднаму турбавацца.

— Ну, — кажа, — вы як хочаце, а я пачну хату ставіць. I збудаваў сабе хатку адзін. Запаліў у печы і палежвае, грэецца.

А зіма настала халодная, пачалі прыціскаць маразы. Баран бегаў, бегаў, сагрэцца не можа — і пайшоў да быка:

— Бэ-э!.. Бэ-э! Пусці мяне ў хатку!

— Не, баран. Я цябе клікаў хату будаваць, дык ты: сказаў, што ў цябе кажух цёплы, ты і так перазімуеш.

— А калі не пусціш, дык я разганюся, выб’ю дзверы — табе ж будзе холадна.

Бык думаў, думаў: «Давай пушчу, а то замарозіць ён мяне».

— Ну, заходзь.

Баран увайшоў у хату і каля печкі на лаўку лёг.

Неўзабаве прыбегла свіння:

— Pox! Pox! Пусці мяне, бык, пагрэцца!

— Не, свіння. Я цябе клікаў хату будаваць, дык ты сказала, што табе хоць які мароз — ты ў зямлю зарыешся.

А не пусціш, я лычом усе вуглы падрыю, тваю хату абярну!

Бык падумаў, падумаў: «Падрые вуглы, аберне хату».

— Ну, заходзь.

Убегла свіння ў хату і залезла ў склеп, пад падлогу.

За свіннёю гусак ляціць:

— Гагак! Гагак! Бык, пусці мяне пагрэцца!

— Не, гусак, не пушчу! У цябе два крылы, адно падсцелеш, другім накрыешся — і так перазімуеш.

— А не пусціш, дык я ўвесь мох са сцен выскубу!

Бык падумаў, падумаў і пусціў гусака. Зайшоў гусак у хату і сеў на прыпек.

Праз нейкі час прыбягае певень:

— Ку-ка-рэ-ку! Бык, пусці мяне ў хату!

— Не, не пушчу. Зімуй у лесе пад елкаю.

— А не пусціш, дык я ўзлячу на гарышча, усю зямлю са столі зграбу, у хату холаду напушчу!

Бык пусціў і пеўня. Уляцеў певень у хату, сеў на жэрдку і сядзіць.

Вось яны жывуць сабе упяцярых – пажываюць. Даведаліся пра гэта воўк і мядзведзь.

— Хадзем, — кажуць, — у хатку, усіх зьямо, самі будзем Там жыць.

Сабраліся і прыйшлі. Воўк кажа мядзведзю:

— Ідзі ты першы, ты дужэйшы.

— Не, я непаваротлівы, ты больш шустры за мяне, ідзі ты першы.

Воўк і пайшоў у хатку. Толькі ўвайшоў — бык рагамі яго да сцяны і прыпёр. Баран разбегся — ды трах, трах! — ваўка па рэбрах, А свіння са склепа крычыць:

— Рох-рох-рох! Нажы вастру, сякеры вастру, з жывога ваўка шкуру злуплю!

Гусак яго за бакі шчыпле, а певень бегае па жэрдцы ды крычыць:

— Так, так, так, куд куды, падавайце яго сюды! I ножык тут, і гужык тут... Тут яго і зарэжу, тут яго і падвешу!

Мядзведзь пачуў крык — ды ходу. А воўк тузаўся, тузаўся, ледзьве вырваўся. Дагнаў мядзведзя і расказвае:

— Ой, што мне было! Траха не забілі!.. Як усхапіўся мужычышча ў чорным армячышчы ды мяне віламі да сцяны і прыпёр. А крыху меншы мужычок, апрануты ў шэры армячок, мяне абухом па рэбрах, ды ўсё абухом па рэбрах. А яшчэ меншы за таго, у беленькім каптанчыку, мяне абцугамі за бакі хапаў. А самы маленькі мужычок, у чырвоным халаціку, бегае па жэрдцы ды крычыць: «Так, так, так, куд куды, падавайце яго сюды! I ножык тут, і гужык тут... Тут яго і зарэжу, тут яго і падвешу!» А з пад падлогі яшчэ нехта як закрычыць: «Нажы вастру, сякеры вастру, з жывога шкуру злуплю!»

Воўк і мядзведзь з таго часу да хаткі і блізка не падыходзілі.



А бык, баран, гусак ды певень і свіння жывуць там, пажываюць і гора не знаюць.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка