Ці ёсць у дзіцяці жаданне вучыцца?




Дата канвертавання21.02.2017
Памер28.6 Kb.
Ці ёсць у дзіцяці жаданне вучыцца?

Як пра гэта даведацца? Прыдумайце невялікую казку, у якой кожны персанаж па-свойму тлумачыць сваё жаданне вучыцца.

Адзін кажа: “Я хаджу ў школу, бо мяне мама прымушае. А калі б не мама, то я ў школу і не хадзіў бы”.

Другі: “Я хаджу ў школу, бо мне падабаецца вучыцца, зведваць новае, падабаецца рабіць урокі. Нават калі б школы не было, я ўсё адно вучыўся б”. Трэці: “Я хаджу ў школу, бо тамака весела і шмат дзяцей, з якімі можна гуляць”.

Чацвёрты: “Я хаджу ў школу, бо хачу быць вялікім. Калі я ў школе, я адчуваю сябе дарослым, а да школы я быў маленькім”.

Пяты: “Я хаджу ў школу, бо трэба вучыцца. Без навукі ніякай справы не зробіш, а вывучышся – можаш стаць, кім захочаш”.

А шосты: “Я хаджу ў школу, бо атрымліваю тамака “дзесяткі”. А потым спытайце сваё малое, як яно думае, чаму трэба вучыцца?

У яго можа быць некалькі меркаванняў наконт гэтага, але калі сярод іх няма навучальна-пазнавальнага матыву, задумайцеся, ці не рана загружаць яго такой, хоць і цікавай, але цяжкай-такі працай, як навука.



Ці можа яно кантраляваць сябе?

Ёсць такая гульня: “так” і “не” не гаварыць, “чорнае” і “белае” не называць”. Пагуляйце ў яе з дзіцем. Задавайце простыя пытанні: “табе падабаецца шакалад?”, “якога колеру марожанае?”. Яно павінна адказваць, не кажучы слоў “так” і “не”, не называючы чорнага і белага колераў. Пытанняў не павінна быць больш за 10. Калі дзіця паспяхова дае рады заданню, адказвае без памылак амаль на ўсе пытанні, значыць, узровень самакантролю ў яго досыць высокі.



Ці развітае ў яго маўленне?

Гэта адзін з найважнейшых крытэраў гатоўнасці да школьнага навучання. Дзіця павінна ўмець пераказваць невялікія сюжэтныя апавяданні (не больш за 6 – 7 сказаў). Папрасіце яго пераказаць апавяданне або скласці яго паводле малюнкаў на адзін сюжэт (як у коміксах). Малюнкаў павінна быць не вельмі шмат – 6 – 7. Па тым, як дзіця расказвае, можна ацаніць яго ўменне дапасоўваць словы, слушна будаваць сказы, а таксама логіку аповеду – наяўнасць сюжэтнай лініі (пачатак, сярэдзіна, канец).



Ці адрознівае дзіця гукі?

Дзіця з добра развітым фанематычным слыхам здольна чуць і адрозніваць гукі, суадносіць іх з літарамі, слушна іх вымаўляць. Пагуляйце ў гульню “Назаві лішняе слова”. Вы выбіраеце нейкае слова, напрыклад, “гара”. Дарослы будзе паўтараць гэтае слова некалькі разоў, а потым замест яго скажа іншае, падобнае. Задача дзіцяці – пачуць гэтае іншае слова і назваць яго. Прыкладам, дарослы кажа (прамаўляючы па адным слове ў секунду): гара, гара, гара, гара, гара, нара, гара, гара; голас, голас, голас, голас, голас, колас, голас, голас; каса, каса, каса, каса, раса, каса, каса, каса, каза. Калі дзіця чуе і называе “лішнія” словы, значыць, з фанематычным слыхам у яго ўсё добра. Другая гульня – “Назаві гукі”. Дарослы просіць дзіця назваць першы і апошні гукі ў словах: “хлеб” (абодва гукі зычныя), “карма” (першы гук зычны, апошні галосны), “індык” (першы гук галосны, апошні зычны), “язда” (абодва гукі галосныя). Калі дзіця часта памыляецца і не заўважае сваіх памылак, відавочна, яго фанематычны слых пакуль не развіты. Каб даведацца, ці ўмее дзіця дзяліць словы на часткі (склады), можна выкарыстаць гульню пад назвай “Падзялі слова”. Дарослы вымаўляе слова, а дзіця дзеліць яго на часткі, пляскаючы ў ладкі.



Ці ўмее яно разважаць лагічна?

Папрасіце яго скончыць сказы: “калі выйдзеш на вуліцу ўзімку без вопраткі, то…”, “мінуў дождж, таму…” і г.д. У гульні “Чацвёрты лішні” дзіцяці прапаноўваюць шэрагі з чатырох малюнкаў. У кожным выпадку яно павінна прыбраць адзін, на яго пагляд, “лішні”. Прыкладам: стол, крэсла, канапа, акно. Або: штаны, кашуля, камізэлька, хлопчык. Або: хлеб, яблык, груша, сліва. Гульня “Аналогіі” дапаможа бацькам вызначыць, наколькі ў дзіцяці сфарміраваныя асновы слоўна-лагічнага мыслення. Дзіцяці называюць тры словы. Першыя два з іх – пара. Ад маляці патрабуецца падабраць пару да трэцяга слова па аналогіі з першай парай. Прыкладам: “дзень-ноч, лета – ? (зіма)”; “гадзіны – час, градуснік – ? (тэмпература)”, “вока – зрок, вуха – ? (слых)”. Калі дзіця дае рады ўсім заданням, робіць не больш за адну-дзве памылкі, значыць, слоўна-лагічнае мысленне ў яго ўжо сфарміравалася.



Калі ў дзіцяці ўсе гэтыя навыкі ёсць, яно лёгка справіцца з патрабаваннямі школьнай праграмы. Калі няма – адкладзіце буквар і займіцеся развіццёвымі гульнямі.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка