Ці ведаеце вы, хто такі Тадэвуш Касцюшка? (так, не)




Дата канвертавання09.01.2017
Памер188.93 Kb.


Уводзіны.

Любоў да Радзімы пачынаецца з гонару за сваю малую радзіму. А гонар гэты засноўваецца перш за ўсё на веданні гісторыі свайго краю, яго выдатных дзеячоў. Адным з такіх дзеячоў, чыё жыццё аказалася звязаным з Ашмяншчынай, з’яўляецца Якуб Ясінскі – адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі.

Калі літаратура па паўстанню 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі ў нашай краіне хаця б ёсць у наяўнасці, то кніг, прысвечаных Якубу Ясінскаму на рускай и беларускай мовах няма. Працы пра гэтую гістарычную асобу ёсць толькі ў польскіх вучоных. Таму асноўнай крыніцай па для вывучэння дадзенай тэмы з’явіліся інтэрнэт-рэсурсы і ўскосныя звесткі пра паўстанне 1794г. з архіваў Мінска і Масквы, знойдзеныя ў агульным доступе зноў жа ў інтэрнэце. Гэтай акалічнасцю перадусім вызначаецца актуальнасць дадзенай тэмы для нашага рэгіёна.

Імем Я.Ясінскага названы вуліцы ў 13-ці гарадах Польшчы, польскія вайсковыя фарміраванні, навучальныя ўстановы і паэтычны конкурс. Ёсць вуліца яго імя ў Вільнюсе. У нашай краіне яго імя носіць вуліца толькі ў г.Маладзечна і выпушчана іменная паштовая марка(1994г.) – Дадатак 2. Як бачым, дадзеныя факты таксама наводзяць на сумныя разважанні.

Патрэбу вывучэння гэтага пытання бачым яшчэ і ў наступным. Дзецям 4-га, 6-га і 9-га класаў нашай школы было прапанавана наступнае анкетаванне (па 30 рэспандэнтаў ад кожнай паралелі):

- Ці ведаеце вы, хто такі Тадэвуш Касцюшка? (так, не)

- Ці ведаеце вы, хто такі Якуб Ясінскі? (так, не)

- Ці ведаеце вы, хто такі Аляксандр Сувораў? (так, не)

Вынікі аказаліся наступнымі.(Дадатак 1)
Як бачым, маладое пакаленне, будучыня рэгіёна, без асаблівай цяжкасці называе расійскага вайскоўца А.В.Суворава, які жорстка падавіў паўстанне, і мае цяжкасці з веданнем тых, хто ваяваў за волю і незалежнасць нашай зямлі. (Дадатак 2).

Мэта маёй працы - аднаўленне гістарычнай справядлівасці, хаця б у асобна ўзятым раёне і папулярызацыя нацыянальных герояў, звязаных з Ашмяншчынай.

Метады, якія выкарыстоўваліся ў працэсе даследавання:

- Анкетаванне,

- Параўнанне,

- Археалагічны пошук.



Я.Ясінскі – адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі і яго дзейнасць на тэрыторыі Ашмяншчыны.

Кароткія звесткі з жыцця Якуба Ясінскага

Ясінскі Якуб (1761-1794) – шляхціч герба Равіч , генерал-лейтэнант Войска Польскага (11 мая 1794 года) і паэт. Як гэта часта бывае, пра першыя крокі гістарычнай асобы нічога ці амаль нічога невядома. Калі нарадзіўся, дзе? Шэраг польскіх даследчыкаў і біёграф Генрых Масціцкі [14, 15] лічаць, што Я. Ясінскі нарадзіўся 24 ліпеня 1761 года (звесткі неўдакладненыя, па некаторых – у 1759г.) у Веглеве. Нязгодныя лічаць месцам нараджэння Вялікае княства Літоўскае, бо толькі выхадцы ці жыхары яго маглі займаць высокія дзяржаўныя і вайсковыя пасады, а з пачатку 90-х г.г. XVIII ст. Ясінскі быў камендантам інжынернага корпуса ў Вільні. У 12 гадоў Якуба аддаюць у Кадэцкі Корпус у Варшаве (ён яшчэ зваўся Рыцарская школа – Дадатак 4). Да гэтага часу хлопчык ведаў лацінскую, нямецкую і французскую мовы.

Тут з 1773 года ён вывучаў інжынернае мастацтва фартыфікацый і палявых умацаванняў. У 1783 годзе, пасля заканчэння вучобы, Якуб стаў лектарам і педагогам Вайсковай Акадэміі ў Варшаве. З 1784 года па лістапад 1787 года выкладаў інжынерную справу ў Кадэцкім Корпусе, потым стаў хатнім выкладнікам сыноў графа Пятра Патоцкага, патрыёта і суперніка Расіі. Праз яго Якуб уваходзіць у патрыятычныя сферы Варшавы. Пасля пачатку Чатырохгадовага Сойма вярнуўся ў шэрагі войска, служыў у Варшаве і Вільні, быў членам Патрыятычнага Грамадства.

У 1789 годзе па пратэкцыі генерала артылерыі ВКЛ князя Сапегі кароль прызначыў Ясінскага старэйшым афіцэрам Інжынернага корпуса войскаў Вялікага Княства Літоўскага ў званні падпалкоўніка. Неўзабаве за распрацоўку сістэмы навучання вайсковых інжынераў і за заслугі ён быў удастоены звання палкоўніка. Узначаленая Ясінскім інжынерная служба войска складалася з 42 афіцэраў і салдатаў, у тым ліку з 20 мінёраў і ўваходзіла ў склад створанага ў 1780 годзе ў Вільні карпуса артылерыі і вайсковай інжынерыі. Увесну 1792 года Я. Ясінскі працаваў над збудаваннем Каралеўскага Канала (цяпер Днепра-Бугскі канал), які злучае Піну і Мухавец.

Пасля падпісання 27 красавіка 1792 гады ў Санкт-Пецярбургу Таргавіцкай канфедэрацыі расійскія воцскі 18 мая 1792 года увайшлі на тэрыторыю Літвы; Ясінскі далучыўся да войска генерала Юдзіцкага ў якасці камандуючага інжынернымі войскамі. Праз тры тыдні ад пачатка агрэсіі Якуб удзельнічае ў бітве пад Мірам. Як сведчыць Сулкоўскі, ён “со своими пехотинцами показывал чудеса героизма, выдерживая на протяжении 45 минут шквальный огонь вражеской артиллерии, в то время, как литовския 3-хфунтовые снаряды не долетали до полпути” [9; 46 ]. Бітву прайгралі. Ясінскі з Сакольніцкім яшчэ вераць , што нешта яшчэ можна зрабіць і праводзяць вялікую работу па ўмацаванню важнага стратэгічнага аб’екта – Нясвіжа. Войска ВКЛ магло ганарыцца такімі афіцэрамі, але… Расійскі генерал І. Ферзен узяў Нясвіж нават ні разу не стрэліўшы. «Сакальнiцкi ўспамiнаў: «З таго ўсяго, што зрабiў, нiчога не было выкарыстана; i толькi маскалi скарысталiся маёй працай. Гэта вобраз нашае вайны». [8; 26] Пасля Нясвіжа Ясінскі ўмацоўвае Брэст, пад якім пасля мірскай бітвы стаяла армія Рэчы Паспалітай. 23 чэрвеня ля гэтага горада адбылася самае значная бітва за ўсю кампанію 1792г. План ваенных дзеянняў, распрацаваны Ясінскім, з’явіўся новым этапам у развіцці ваеннага мастацтва ў Рэчы Паспалітай. У ім прапаноўвалася паступовае правядзенне баёў дзеля стрымлівання праціўніка з выкарыстаннем мясцовых збудаванняў і стараннай артпадрыхтоўкі.

«Генерал Мiхал Забела пiсаў, што Якуб злучаў у сабе веды ваеннага мастацтва з адвагаю i руплiвасцю». [2; 18 ]Такім чынам, Ясінскі распрацаваў план абароны горада, дзякуючы якому бітва была выйграна. Палкоўнік быў узнагароджаны залатым крыжам «Virtuti Militari»(Ордэн Ваярскага Гераізму).

Тым часам, вынік кампаніі быў ужо прадвызначаны: пад націскам Кацярыны II кароль прыняў рашэнне перайсці на бок канфедэратаў і 22 ліпеня аддаў загад пра складанне зброі. Ясінскаму давялося падпарадкавацца.

У студзені 1793 года ён узначаліў Інжынерны Корпус, браў удзел у падрыхтоўцы новага паўстання, але калі царскія ўлады выявілі сляды змовы, з’ехаў у Вільню, дзе ўступіў у кантакт з патрыятычна настроенымі афіцэрамі 7-га пяхотнага палка. Да моманту атрымання вестак пра пачатак паўстання Т. Касцюшкі Ясінскі быў адным з лідараў радыкальнага крыла “ якабінцаў”. Вядома, што ён выступаў за скасаванне прыгоннага права і аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1792г. Аднойчы ён нават выказаў рэзкую думку, што краіну нельга выратаваць без таго, каб не выразаць усёй шляхты: “Ён ўпэўнены, што ганьбу, якую столькi гадоў зносiць Бацькаўшчына, змые толькi кроў. Патрэбна рашучасць i бязлiтаснасць. Аднойчы Якуб нават выказаў думку, што краiну нельга выратаваць, калi не высекчы ўсю шляхту. На такi змрочны жарт яго штурхала скрайняе раздражненне, бо ён добра бачыў, да чаго давяла краiну шляхта ў сваёй упартасцi i вузкасцi поглядаў.” [8; 57] .

З восені Ясінскі прыступіў да канспіратарскай дзейнасці, накіраванай супраць акупантаў. Падпольны штаб Ясінскага знаходзіўся ў картачным салоне яго ад'ютанта Хадкевіча. Да слова сказаць, Якуб Ясінскі быў віртуозным гульцом, а гульня ў карты сур'ёзна дапамагала ў папаўненні касы падпольшчыкаў. Напачатку 1794 гады пра падпольную дзейнасць Ясінскага стала вядома расійскім уладам. Ён вымушаны быў пакінуць Вільню і з'ехаць у Вількамірскі павет, дзе яго чакалі верныя войскі.

У ноч з 22 на 23 красавіка 1794 года Ясінскі ўзначаліў паўстанне ў Вільні. Паўстанцы хутка абяззброілі рускі гарнізон, узяўшы ў палон 1012 чалавек. 23 красавіка на рынкавым пляцы быў абвешчаны «Акт паўстання Літоўскага народа». 25 красавіка за здраду Радзіме па ініцыятыве Ясінскага быў пакараны смерцю кіраўнік мясцовай адміністрацыі вялікі гетман літоўскі Касакоўскі.

Ясінскі быў абраны камендантам горада, прыступіў да стварэння Часовай Вярхоўнай Рады Вялікага Княства Літоўскага і 3 мая 1794 года быў абвешчаны галоўнакамандуючым Літоўскім паўстанцкіх войскаў.

Тым часам, яго радыкалізм моцна палохаў шляхту, а польскае кіраўніцтва паўстання лічыла Ясінскага «літвінскім» сепаратыстам. У якасці галоўнакамандуючага літоўскімі паўстанцамі ён кіраваў арганізацыяй новага войска, дзеля пашырэння сацыяльнай базы паўстання пісаў рыфмаваныя пракламацыі да сялян на беларускай мове ( Дадатак 7).

11 мая 1794 года Касцюшка прызначыў Ясінскага генерал-лейтэнантам. Аднак пазней, у чэрвені, Ясінскі быў зняты з паста галоўнакамандуючага Літоўскіх войскаў, перадаўшы паўнамоцтвы генералу Міхалу Віельгорскаму.

У гэты час сутычкі паміж паўстанцамі і расійскімі войскамі не спыняліся. На тэрыторыі ВКЛ, апроч Ясінскага, дзейнічалі генералы Агінскі, Грабоўскі і Хлявінскі. Пасля заканчэння вайсковых дзеянняў на тэрыторыі ВКЛ у сувязі з адступленнем Ясінскі выехаў у Варшаву. Перажыўшы цяжкую дэпрэсію з нагоды вайсковых няшчасцяў і смерці брата, 17 ліпеня Ясінскі прыняў камандаванне над нарвенскім фронтам. Для папаўнення войска ён накіраваўся ў Брэст, адтуль у Бельск, якраз у гэты час, у другой палове жніўня, яго напаткала вестка пра падзенне Вільні. Па прыбыцці ў Гродна Касцюшка ўзнагародзіў яго пярсцёнкам з надпісам: «Радзіма свайму абаронцу» і перадаў пад яго камандаванне адну з літоўскіх дывізій. Камандзірам над нарвенскай дывізіяй Касцюшкі прызначыў Юр'я Грабоўскага.

Тым часам, у Расіі пастанавілі вырашыць вынік кампаніі адным імклівым маршам Суворава. Сувораў, з ходу беручы гарады, атрымаў важныя перамогі ў бітвах ля Крупчыц і пад Брэстам. 10 кастрычніка паўстанцам быў нанесены вырашальны ўдар пад Мацаёвіцамі, Касцюшка трапіў у палон. 20 кастрычніка Ясінскі прыбыў у Варшаву і папрасіў новага дыктатара паўстання Тамаша Ваўжэцкага прызначыць яго ў прадмесце Варшавы крэпасць Прагу, якая павінна была стаць шчытом горада. У абаронцаў крэпасці ўжо не заставалася надзеяў на перамогу. Існуе думка, што ў гэты час Ясінскі прапанаваў караць смерцю караля і ўсіх палонных, што, вядома, не было зроблена. Ясінскаму з корпусам у 4000-5000 салдатаў было даручана абараняць левае крыло крэпасці — Таргувек (паўночны фронт абароны). Рускія войскі пад камандаваннем Суворава 3 лістапада пачалі абстрэл крэпасці, а на наступны дзень у 5 гадзін раніцы пачаўся штурм. Прыкладна праз паўгадзіны лінія абароны была зламана, у прадмесці пачалася паніка. Людзі рваліся да моста — адзінай сувязі з Варшавай.

«1794 год, лiстапад. Прага ў агнi. На вачах змярцвелай ад жаху Варшавы войскi фэльдмаршала Суворава высякаюць прадмесце. Вiсла падзяляе гледачоў на адным беразе і тых, хто гiне, на другiм. Адзiны мост, якi iх звязвае, не можа прапусцiць усiх уцекачоў ад смерцi, i няшчасныя тонуць тысячамi. На наступны дзень рака будзе чырвонаю ад крывi i выйдзе з берагоў. Мабыць тым, што патанулi пры пераправе, больш пашанцавала, чым тым, каго п’яная ад крывi салдатня палiла жыўцом, секла шаблямi, дзiдамi, гвалцiла, здзеквалася. Ды няўжо жаўнеры-хрысцiяне, падданыя iмпэратрыцы, што сябравала з Дзiдро i Вальтэрам, рабiлi такое? Шматлiкiя сведкi гавораць пра адно: як немаўлят адрывалi ад матчыных грудзей i насаджвалi на дзiды, як законнiц зачынiлi ў Бэрнардынскiм кляштары, згвалцiлi i засеклi, як 19 законнiкаў i старцаў-калек закатавалi да смерцi, як 25 тысячамi скрываўленых, пасечаных цел старых, жанчын i дзяцей было ўсеяна ўсё прадмесце. Сярод распранутых трупаў жаўнераў i мiрных жыхароў уперамешку валялiся забiтыя конi, сабакi, каты, нават свiннi, — бязлiтасна знiшчалася ўсё жывое. Сярод гэтага пекла, калi сэрцы многiх мужных дагэтуль людзей страсянулiся, знайшлiся тыя, хто быў не ў стане перажыць Бацькаўшчыну, хто жадаў загiнуць са зброяй у руках. За палiсадамi Звярынца (раён Прагi) стрымлiвалi ворага рэшткi двух лiтоўскiх рэгiмэнтаў i полк габрэйскай лёгкай кавалерыi Бэрэка Ясялевiча — усе пад камандай маладога генерал-лейтэнанта войскаў ВкЛ Якуба Ясiнскага. Неўзабаве ўсё было скончана... Гарматныя стрэлы раздавалiся пахавальным салютам Рэчы Паспалiтай.» [7].

Ясінскі быў сярод тых, хто абараняў адыход людзей да моста. Тут, каля Бродніку, ён і загінуў: быў заколаты багнетамі ва ўзросце 33 гадоў. Ён быў адным з 4-х генералаў, якія загінулі там. Як і іншыя абаронцы Прагі, Ясінскі быў пахаваны на Камянкоўскіх могілках.

Якуб Ясінскі меў схільнасць да грамадскіх навук, захапляўся ідэямі асветнікаў, напрыклад, Вальтэра. Асабліва моцна на яго паўплывала філасофія Жана-Жака Русо. Таму ў раннія гады творчасць Ясінскага развівалася пад уплывам сентыменталізму. Апроч таго, ён пісаў патрыятычныя і рэвалюцыйныя вершы. З сярэдзіны 1780-х у яго творчасці пачынае пераважаць сацыяльная тэматыка, а творы набылі палітычную афарбоўку. Пра сваю літаратурную дзейнасць сам Ясінскі казаў: «Пішу тое, што хачу, і пра тое, што мяне цікавіць, хвалы не шукаю…» [3; 564 ]. З - пад пяра Ясінскага выйшлі камічная паэма «Спрэчкі» (1788—1792), паэма «Цянця». Верш Ясінскага «Пра сталасць: да польскіх выгнанцаў» быў асобна выдадзены ў Гродна ў 1793 годзе. Пісаў паэмы сатырычнага і казачнага характару. Некаторыя рамантычныя песні Ясінскага а у свой час былі вельмі папулярныя. Часта выказваў радыкальныя пагляды ў сваіх паэтычных творах, у сувязі з чым сучаснікі бачылі ў ім прадстаўніка «якабінскага» кірунку ў польскай паэзіі. Яго сімпатыі да рэвалюцыйнай Францыі і Амерыканскай рэвалюцыі знайшлі адлюстраванне ў паэме «Да Народа» (1794). Творы Ясінскага былі выдадзены ў 1869 годзе ў Варшаве.



Дзейнасць Якуба Ясінскага на Ашмяншчыне падчас паўстання

Першая бітва Ясінскага пад Немянчынам (мястэчка недалёка ад Вільні) скончылася паражэннем. Пры набліжэнні да Вільні расійскіх войскаў Ясінскі рушыў ім насустрач на чале 3-тысячнага корпуса (у складзе якога больш 700 пікінёраў і касінераў) і 7 мая 1794 года атакаваў рускі лагер пад Палянамі ў 7 кіламетрах ад Ашмянаў - бітва, якая доўжылася 6 гадзін, не прынесла перамогі ніводнай з бакоў, але небяспека нападу на Вільню была папярэджана.

11 мая 1794 года Ясінскі атрымаў званне генерал-лейтэнанта, пасля чаго, з'яўляючыся прыхільнікам рэвалюцыйнага змагання з апорай на сялянскія масы, пачаў мабілізацыю насельніцтва ў Літве і Беларусі, за што быў абвінавачаны ў «літвінскім сепаратызме» і «робесп’ерызме». 21 мая 1794 года падаў у адстаўку з паста галоўнакамандуючага Літоўскіх войскаў і 4 чэрвеня прызначаны начальнікам генеральнага штаба корпуса генерала Віельгорскага.

Ясінскі лічыў патрэбным умацоўваць абароназдольнасць Вільні, а партызанскія атрады высылаць у тылы расійскіх войскаў. Пра гэта сведчаць яго шматлікія рапарты, аднак новы камендант Віельгорскі вырашыў адвесці войскі ў Лідскі павет, а сам напісаў расійскаму генералу Кнорыну з прапановай здаць горад. Нічога не ведаючы пра гэта, Ясінскі чакаў яго ў лагеры пад Соламі, дзе раней было ўгаворана злучыць войскі. Страціўшы шмат часу на безвыніковае чаканне, Ясінскі з 4000 салдатаў распачаў адчайную атаку на карпусы Зубава і Бенігсэна (каля 5000 салдатаў пры 16 гарматах). Пазней Ясінскага будуць зваць афіцэрам –тэарэтыкам, які не меў войска. На жаль, часта так і атрымлівалася, але перад намі ўсё ж не кабінетны стратэг пруска-аўстрыйскага ўзору. Бітва адбылася 26 чэрвеня пад Соламі і стала адной з самых кровапралітных на працягу ўсёй кампаніі. Ясінскаму давялося адступіць, хоць і не парушаючы баявога парадку. Падчас адступлення загінуў брат Якуба, капітан стралкоў Юзаф. Пасля гэтай бітвы Якуб выйшаў у адстаўку, вёў партызанскія дзеянні супраць рускіх,

Падчас паўстання 1794 г. у Ашмянах месціўся штаб Якуба Ясінскага і фарміраваўся атрад Міхала Клеафаса Агінскага – такая інфармацыя змешчана на сайце Ашмянскага райвыканкама, аднак крыніцы не паказаны і інфармацыя не пацверджана.

У працы скарыстаны фатаграфіі вайсковых гузікаў (Дадатак 6), знойдзеных на палях бітваў у Ашмянскім раёне (па дарозе з Сол у Ашмяны):

гузік №1 – гузік 7-га пяхотнага палка (Віленскага),

гузік №2 – гузік 3-га ўланскага палка ( (Войска Польскага),

гузік №3 – належыць афіцэру Расійскага войска.

Таксама знойдзена вялікая колькасць куль, якія выкарыстоўваліся ў той час. Усе фотаздымкі прадстаўлены ўладальнікамі прыватных калекцый.

Архіўныя дакументы [6;81] данеслі да нас імёны ашмянцаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні. Адзін з іх дэлегат ад Ашмянаў у Найвышэйшую раду літоўскага народа – Тамаш Умястоўскі, другі – павятовы генерал-маёр Казімір Коцел, магчыма, сваяк Тадэвуша Коцела, Ашмянскага старасты з 1772 па 1799 гг.

Шанцаў на перамогу ў паўстання 1794 г. было мала. Яго не падтрымала асноўная маса сялян, гараджанаў, а шляхта імкнулася да таго, каб не дапусціць шырокага выступлення гарадскіх нізоў і сялянства. Апроч таго, невыкананне дырэктыў Т. Касцюшкі, а часам і звычайная здрада падрывалі сілы паўстанцаў.


Заключэнне

Такім чынам, падводзячы вынік усёй працы, можна зрабіць выснову пра тое, што Якуб Ясінскі, пражыўшы кароткае, але яркае, насычанае падзеямі жыццё, упісаў сваё імя ў гісторыю нашай краіны. Ён быў таленавітым вайсковым інжынерам, генералам, буйным вайсковым дзеячам, паэтам, а галоўнае патрыётам. Чалавекам, які марыў пра незалежнасць свайго краю і дамагаўся яе ўсімі даступнымі яму сродкамі нават тады, калі ніякай надзеі на перамогу не заставалася. Часам – ігрок, часам погляды яго былі , магчыма, занадта рэзкія, але ўсё яго жыццё – служэнне Бацькаўшчыне.

Наш горад расце, з'яўляюцца новыя вуліцы, цэлыя раёны і замест абстрактных і мала пра што кажучых назваў Усходняя, Заходняя і г.д. лічу слушным назваць адну з вуліц горада ў гонар годнага чалавека і сапраўднага патрыёта Якуба Ясінскага. Тым больш актуальным гэта будзе ў Год культуры.

Матэрыялы гэтай працы могуць выкарыстоўвацца на ўроках і факультатывах па гісторыі Беларусі, у экспазіцыі школьнага музея, на інфармацыйных гадзінах, пры планаванні маршрутаў паходаў і экскурсій, у іншых відах пазаўрочнай дзейнасці.

Літаратура.


  1. Алфавитный список улиц по Молодечно. Почтовые коды (индексы) РБ. РУП «Белпочта».

  2. Грыцкевіч А. П. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі // Беларускі гістарычны часопіс. — 1994. — № 1.

  3. Грыцкевіч А. Ясінскі Якуб // Вялікае Княства Літоўскае: энциклопедия. — Минск: 2007. — Т. 2. — С. 785.

  4. Нечаев В. М.,. Ясинский, Яков  // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб., 1890—1907.

  5. Орлов В. Как белорусы боролись против российского господства //«Народная Воля». — 2003. — № 209.

  6. Памяць: Гіст.-дакум.хроніка Ашмянскага раёна.- Мн.:БЕЛТА, 2003.

  7. Шпунт А. Я Бацькаўшчыны не перажыву… // «Наша Ніва». — 1998.

  8. Юхо Я., Емельянчык У. «Нарадзіўся я ліцьвінам…»: Тадэвуш Касцюшка. — Мн., 1994. 

  9. Ясинский Якуб // История Беларуси. Словарь-справочник. — Минск: Экономпресс, 2000.

  10. Generał Jakub Jasiński (1761—1794). Szczep 17 Warszawskich Drużyn Harcerskich i Gromad Zuchowych im. gen. Jakuba Jasińskiego.

  11. Keler J. Poezja Jakuba Jasińskiego. — Wrocław, 1952.

  12. Land S., Plewkiewiczowa M. Portret Jakuba Jasinskiego. — Książka i Wiedza: 1964. 

  13. Leśnodorski B. Polscy jakobini. — Warszawa, 1960.

  14. Libera Z. Jakub Jasinski // Pisarze polskiego Oswiecenia. — Warszawa, 1994. — T. 2.

  15. Mościcki H. Generał Jasiński i powstanie kościuszkowskie. — Warszawa, 1917.

  16. Mościcki H. Jakub Jasiński. — Kraków: M. Kot, 1948. 

  17. Sułek Z. Sprzysiężenie Jakuba Jasińskiego. — Warszawa: MON, 1982. 

  18. ru.wikipedia.org/wiki/Ясинский,_Якуб

  19. http://www.bestreferat.ru/referat-390113.html

  20. http://www.interfax.by/article/101096

Дадатак 1 . Вынікі анкетавання



  • Ці ведаеце Вы, хто такі Тадэвуш Касцюшка?




    Вучні 4 класа

    Вучні 6 класа

    Вучні 9 класа

    так

    20%

    34%

    72%

    не

    80%

    66%

    28%

  • Ці ведаеце Вы, хто такі Аляксандр Сувораў?




    Вучні 4 класа

    Вучні 6 класа

    Вучні 9 класа

    так

    50%

    55%

    70%

    не

    50%

    45%

    30%

  • Ці ведаеце Вы, хто такі Якуб Ясінскі?




Вучні 4 класа

Вучні 6 класа

Вучні 9 класа

так

0%

1%

10%

не

100%

99%

90%

Дадатак2.

Дадатак 3. План бітвы пад Мацаёвіцамі

Дадатак 4. Рыцарская школа

Дадатак 5. Бітвы пад Ашмянамі

Дадатак 6. Гузік 7-га пяхотнага палка (Віленскага)

Гузік 3-га ўланскага палка ( (Войска Польскага)

Гузік №3 – належыць афіцэру Расійскага войска

Кулі для агнястрэльнай зброі XVIII-XIX ст.ст.

Дадатак 7. Пракламацыі Я. Ясінскага на беларускай мове:

"Помнім добра, што рабілі,

Як нас дзёрлі, як нас білі.

Докуль будзем так маўчаці?

Годзе нам сядзець у хаце!

Нашто землю нам забралі?

Пашто ў путы закавалі?

Дочкі, жонкі нам гвалцілі.

Трэ, каб мы ім заплацілі!

Коней нам пазаязджалі,

Што хацелі, то і бралі.

Пойдзем жыва да Касцюшкі,

Рубаць будзем маскалюшкі!" [7]

Дадатак 8. Помнік на магіле Я. Ясінскага











База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка