Да гісторыі беларускай універсітэцкай навукі: замежныя тэарэтыка-літаратурныя публікацыі а. Вазнясенскага 1920-х гадоў




Дата канвертавання23.01.2018
Памер114.12 Kb.
Ц. В. Чарнякевіч

Мінск
ДА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ УНІВЕРСІТЭЦКАЙ НАВУКІ:

ЗАМЕЖНЫЯ ТЭАРЭТЫКА-ЛІТАРАТУРНЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ

А. ВАЗНЯСЕНСКАГА 1920-Х ГАДОЎ
The articles by A. Vazniasienski in the Europian, Russian and West-Belarusian issues of the 1920th are characterized. The role of these articles in the destiny of the author are explained.
Даследаванні гісторыка-культурнай сітуацыі 1920-х гадоў у наш час з’яўляюцца адной з важнейшых сфер зацікаўленасцей беларускай гуманітарыстыкі. Асноўны корпус фактаў, звязаных з дзеячамі беларускай літаратуры, ужо збольшага ўведзены ў шырокі навуковы ўжытак, дзякуючы намаганням айчынных гісторыкаў, філолагаў, архівістаў. Разам з тым, маладаследаванай застаецца спадчына беларускіх літаратуразнаўцаў, заснавальнікаў універсітэцкай навукі ў Беларусі. Падобны лёс напаткаў навуковы наробак прафесара А. Вазнясенскага, у прыватнасці, яго тэарэтыка-літаратурныя публікацыі за межамі Беларусі, пераважная большасць якіх па невядомых прычынах не была адлюстраваная ў фундаментальным біябібліяграфічным даведніку «Беларускія пісьменнікі».

Вышэйзгаданыя працы А. Вазнясенскага выразна падзяляюцца на:

а) публікацыі ў расійскіх выданнях;

б) публікацыі ў еўрапейскіх выданнях;

в) публікацыі ў заходнебеларускіх выданнях.

Да ліку першых належыць артыкул «Поиски обьекта» (к вопросу об отношении метода социологического к формальному) у часопісе «Новый мир» (№ 12, 1926) пад рэдакцыяй В. Палонскага і праца «Проблема «описания» и «объяснения» в науке о литературе» ў навукова-педагагічным зборніку «Родной язык в школе» пад рэдакцыяй А. Лебедзева і В. Пераверзева (1926, № 11-12).

Да другой групы трэба аднесці артыкул «Аufbauder iteraturwissenschaft» у штогодніку «Jаhrbuch für Philologie», працу «Dіе Меthodologie der ussischen Literaturforschung in der Jahren 1910-1925» у часопісе «Zeitschrift für slavische Philologie», а таксама публікацыю «Рroblems of method in the study of literature in Russia» ў часопісе «Тhе Slavonik and East European Review». Сюды ж можна далучыць і прадмову А. Вазнясенскага «Таras Guszcza i njegovo delo» да югаслаўскага выдання «У палескай глушы» Якуба Коласа.

З заходнебеларускіх публікацый А. Вазнясенскага выяўлены толькі манаграфічны артыкул «Паэтыка Максіма Багдановіча» ў часопісе «Крывіч» (1926), асобныя адбіткі з якога захоўваюцца ў буйнейшых бібліятэках Беларусі.

Асаблівай увагі заслугоўваюць артыкулы А. Вазнясенскага ў нямецкім і англійскім навуковым друку. Трэба адзначыць, што А. Вазнясенскі з усіх літаратаразнаўцаў у тагачаснай БССР з’яўляўся адзіным вучоным, хто меў публікацыі ў замежным навуковым друку. Для таго, каб выявіць сферу зацікаўленасцей беларускага навукоўца, неабходна падаць звесткі пра тыя еўрапейскія часопісы, у якіх друкаваўся А. Вазнясенскі на працягу 1920-х гадоў.

Часопіс «Jаhrbuch für Philologie» («Філалагічны штогоднік») выдаваўся ў Мюнхене і быў афіцыйным органам друку школы эстэтычнай філалогіі Карла Фослера [1]. Рэдактарамі выдання з’яўляліся літаратуразнаўца В. Клемперэр з Дрэздэна і сінтаксіст Э. Лерх з Мюнхена. Членамі рэдакцыйнай калегіі былі К. Фослер, Л. Шпіцэр, О. Вальцэль і іншыя вядомыя навукоўцы. Першы нумар часопіса выйшаў у 1925 годзе. Па некаторых звестках, трэці нумар «Філалагічнага штогодніка», які выйшаў у 1928 годзе з падзагалоўкам «Ідэалістычная філалогія» і ў якім была надрукаваная праца А. Вазнясенскага, стаў апошнім выпускам выдання. Гісторыя публікацыі артыкула А. Вазнясенскага ў гэтым выданні з’яўляецца загадкай. Трэба адзначыць, што беларускі прафесар быў адзіным славянскім філолагам, хто змог надрукавацца ў «Jаhrbuch für Philologie». Сам факт публікацыі ў часопісе школы ідэалістычнай філалогіі ў 2-ой палове 1920-х гадоў быў звязаны з немалой рызыкай для выкладчыка БДУ.

Часопіс «Zeitschrift für slavische Philologie» выходзіў з 1924 года ў Лейпцыгу. Рэдактарам выдання з’яўляўся Макс Фасмер. Вядомы рускі лінгвіст-этымолаг пасля рэвалюцыі некаторы час выкладаў у Саратаўскім універсітэце, пасля заняў пасаду прафесара ў Дэрпцкім Універсітэце, у 1921 г. эміграваў у Германію, дзе і заснаваў часопіс па славянскай філалогіі, які працягвае выходзіць і ў наш час. Ёсць верагоднасць, што артыкул «Dіе Меthodologie der russischen Literaturforschung in der Jahren 1910-1925», надрукаваны ў 1927 годзе ў часопісе «Zeitschrift für slavische Philologie», быў атрыманы М. Фасмерам непасрэдна з рук аўтара падчас працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (14-21 лістапада 1926 г.), у якой і А. Вазнясенскі, і М. Фасмер прымалі актыўны ўдзел.

Выданне падтрымлівала трывалыя сувязі з усімі лепшымі прадстаўнікамі рускай філалогіі, але перавагу аддавала лінгвістычным даследаванням. Пытанні сумежныя з лінгвістыкай разглядаў у шэрагу артыкулаў Я. Карскі. З літаратуразнаўчых прац адзначым публікацыі В. Жырмунскага, які ў першым жа нумары «Zeitschrift für slavische Philologie» надрукаваў артыкул «Праблема формы ў рускім літаратуразнаўстве», шмат у чым сугучны з пазнейшай публікацыяй А. Вазнясенскага. Невыпадкова, што гэтыя дзве працы пасля згадваліся замежнымі даследчыкамі побач. Напрыклад, у кнізе Франка Баўра і Йозефа ван Мірла «Гісторыя літаратуры Нідэрландаў. Частка 1» (Брусэль, 1939) [3]. Аднак, нягледзячы на тое, што абодва артыкулы мелі аглядавы характар, публікацыя В. Жырмунскага ставіла за мэту перадусім разгляд «формы» як абноўленага тэрміна ў рускай літаратурнай навуцы. А. Вазнясенскі ў сваім артыкуле разглядае панараму даследаванняў «метаду» ва ўсходнеславянскай філалогіі ў 1910-1925 гг., беручы пад увагу не толькі сферу літаратуразнаўства, але гуманітарыстыку ў цэлым; пэўная частка публікацыі адводзіцца прыродазнаўчай і псіхалагічнай метадалогіі. Такім чынам, А. Вазнясенскі ставіць акцэнт на іншай праблеме, пашыраючы кола даследавання, і гаворкі пра наследаванне В. Жырмунскаму тут ісці не павінна.

Англамоўным варыянтам артыкула ў часопісе «Zeitschrift für slavische Philologie» сталася публікацыя А. Вазнясенскага «Рroblems of method in the study of literature in Russia» ў часопісе «Тhе Slavonik and East European Review» (Лондан). Першым рэдактарам яго быў сэр Бернард Парэс (1867-1949), аўтар шэрагу кніг па гісторыі Расійскай імперыі, супрацоўнік пасольства Англіі пры Часовым Урадзе, а пасля ўдзельнік кампаніі Калчака. За сваю дзейнасць у галіне брытанска-рускіх адносін Бернард Парэс у 1919 годзе быў узнагароджаны англійскай каралевай і адначасова яму быў забаронены ўезд на тэрыторыю Савецкага Саюза. У 1919 годзе Бернард Парэс узначаліў новаствораную Школу Славянскіх і Усходнееўрапейскіх даследаванняў (пазней - частка Каралеўскага Каледжа Лонданскага універсітэта), дзе ён заняў пасаду прафесара рускай мовы, літаратуры і гісторыі і рэдактара часопіса «Slavonik Review» («Славянскі агляд»), пазней - «Slavonik and East European Review» («Славянскі і Усходнееўрапейскі агляд»). А. Вазнясенскі, як і ў выпадку з «Jаhrbuch für Philologie», быў адзіным савецкім вучоным, які надрукаваўся ў гэтым выданні. Iснуе верагоднасць таго, што англійскі часопіс заўважыў публікацыю ў выданні М. Фасмера і папрасіў у рэдакцыі і аўтара дазвол на яго перадрук. Гэта найбольш праўдападобная версія гісторыі названай публікацыі. Трэба адзначыць, што ў «Slavonik Review» друкаваліся працы вядомых дзеячаў эміграцыі, і таму публікацыя ў гэтым часопісе ўяўляла для А. Вазнясенскага яшчэ большую небяспеку, чым з’яўленне ў органе ідэалістычнай філалогіі школы Карла Фослера. Пры высылцы вучонага з Беларусі гэтая публікацыя адыграла сваю ролю. Так, у разгромным артыкуле П. Панкевіча «Філёзофія добрастаннасьці ці нядобрастаннасьць філёзофіі» гаворыцца: «Гэты профэсар, распрацоўваючы гісторыю і мэтодолёгію літаратуры, разьвіваў у сваіх навуковых працах і лекцыях ідэалістычныя погляды. Разам з гэтым, ён з’яўляўся вялікадзяржаўным шовіністам, які ўдзельнічаў у ангельскім, бела-эмігранцкім часопісу «Славянское обозреніе», у якім змяшчалі свае артыкулы Мілюкоў, Керанскі і іншыя «былыя людзі»«і якая выдавалася пад лёзунгам «адзінай непадзельнай Расіі». Яшчэ ў 1927/28 годзе ставілася пытаньне аб зьняцьці Вазьнясенскага з работы ва ўнівэрсытэце. Але тады знайшліся людзі, якія ўпарта абаранялі яго, даказваючы, што гэты профэсар нават зьяўляецца марксыстам ці блізкі да марксызму... Толькі новыя таварышы, прыехаўшыя з Масквы, дапамаглі выкрыць Вазьнясенскага» [2, 146-147]. У пакаяльнай заяве на імя камісіі па разглядзе ягонай справы А. Вазнясенскі быў вымушаны сказаць наступнае: «У сваіх працах на замежных мовах я прытрымліваўся ў корані памылковага, так званага, об’ектыўнага пункту погляду і, выкладаючы даныя аб напрамках у сучасным расійскім літаратуразнаўстве, не аднёсься з неабходнай крытычнасьцю да тых плыняў, якія зьяўляюцца варожымі марксызму (формалізм, фрэйдызм і інш.), не выкрываючы іх клясавай сутнасьці і не паказваючы, што барацьба паміж гэтымі плынямі зьяўляецца адлюстраваньнем клясавай барацьбы, якая адбываецца ў СССР» [2, 147].

Такім чынам, публікацыі А. Вазнясенскага 1920-х гг. у замежным навуковым друку займаюць важнае месца ў спадчыне навукоўца і змушаюць да разгляду яе ў кантэксце тагачаснай еўрапейскай навуковай думкі. Вядомасць гэтых прац паспрыяла таму, што А. Вазнясенскі быў запрошаны да ўдзелу ў I Міжнародным з’ездзе славістаў у Празе (1929) (зборнік дакладаў форуму пабачыў свет толькі ў 1932 г., калі А. Вазнясенскі ўжо знаходзіўся за межамі Беларусі). Адначасова з тым гэтыя публікацыі паўплывалі на асабісты лёс беларускага прафесара - яны сталі прычынай яго звальнення з пасады прафесара БДУ і высылкі з Беларусі.
Літаратура:

1. Звегинцев, В. А. Эстетический идеализм в языкознании (К. Фосслер и его школа): материалы к курсам языкознания / В. А. Звегинцев. - М.: Издательство Московского Университета, 1956. - 27 с.

2. Панкевіч, П. Філёзофія добрастаннасьці ці нядобрастаннасьць філёзофіі / П. Панкевіч // Полымя. - 1931. - № 4. - С. 139-161.

3. Frank Baur en Jozef van Mierlo, Geschiedenis van de letterkunde der Nederlanden. Deel 1. Teulings' Uitgevers-maatschappij L. C. G. Malmberg, 's-Hertogenbosch / Standaard Boekhandel, Brussel z. j. [1939] / [http://www. dbnl. org/tekst/baur001gesc01_ 01/baur001gesc01_ 01_ 0001. php].


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка