Дадатак Уніформа польскага пехацінца ў верасні 1939 г




Дата канвертавання11.08.2018
Памер235.92 Kb.
Змест

Уводзіны ……………………………………………………………………

3

1. Жаўнеры войска Польскага ў часы Другой сусветнай вайны ………

7

2. Ратавала любоў да Бацькаўшчыны ……………………………………

12

3. Свайго жаўнера памятае Польшча або Зорны час ветэрана …………

19

Заключэнне …………………………………………………………………

22

Спіс літаратуры …………………………………………………………….

23

Дадатак 1. Уніформа польскага пехацінца ў верасні 1939 г.

Дадатак 2. Ратавала любоў да Бацькаўшчыны Мікола Кутас

Шлях перамогі №21-23 (8474-8476 ) ад 2 лютага 2008 года





Дадатак 3. Ратавала любоў да Бацькаўшчыны Мікола Кутас

Рэгіянальная газета№ 39 ад 26.09.2008






Дадатак 4. Ваенны білет Владыкі Мікалая Данілавіча

Дадатак 5. З сямейнага фотаархіва






Дадатак 6. Афіцыйныя дакументы, якія пацвярджаюць, што Мікалай Владыка ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях у складзе Польскага войска

Дадатак 7. Уручэнне пасведчання ветэрана войска Польскага М. Д. Владыку на мерапрыемстве «Зорны час ветэрана»

Дадатак 8. Пасведчанне ветэрана Польскай арміі

Дадатак 9. Медаль «За удзел у абарончай вайне 1939 г.»






Дадатак 10. Ліст маршала сейма Польшчы. Ліст пасла Польшчы ў Беларусі. Ліст консула Польшчы




Дадатак 11. Зорны час ветэрана Мікола Кутас

Шлях перамогі № 189-190 (8639-8640) ад 1 кастрычніка 2008 года






Дадатак 12. Стаў ветэранам у 95 гадоў Вольга Рудніцкая

Рэгіянальная газета №38 (696) ад 19 верасня 2008 года




















Уводзіны

Рэспубліка Беларусь – незалежная суверэнная дзяржава, у якой забяспечаны найвялікшыя каштоўнасці – мір і стабільнасць. Дзякуючы гэтаму мы можам вучыцца, працаваць, будаваць жыццёвыя планы і рэалізоўваць іх, ствараць сем’і, выхоўваць дзяцей.

Асноўнай задачай установы адукацыі з’яўляецца ўдасканаленне сістэмы патрыятычнага выхавання як галоўнага накірунку выхаваўчага працэсу.

У адпаведнасці з Канцэпцыяй бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі адной з умоў выхавання грамадзянскасці і патрыятызму асобы з’яўляецца фарміраванне ў навучэнцаў маральна-псіхалагічнай і фізічнай гатоўнасці да выканання імі канстытуцыйнага абавязку па абароне Радзімы, павагі да абаронцаў Айчыны, воінаў; выхаванне на прыкладзе подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне; фарміраванне маральнай, прававой і палітычнай культуры.

У рамках патрыятычнага выхавання работа школы накіравана на аднаўленне і захаванне гістарычнай памяці пра гераічныя подзвігі беларускага народа; арганізацыю дыялога паміж пакаленнямі праз непасрэдныя зносіны з жывымі сведкамі падзей; прыцягненне вучняў да пошукавай і даследчай дзейнасці па вывучэнні гісторыі і баявога мінулага краіны; увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў; добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, помнікаў ваеннай гісторыі і ўтрыманне іх у належным стане.

Працягваецца шэфства над удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікамі тылу і сем'ямі загінуўшых ваеннаслужачых праз аказанне пасільнай адраснай дапамогі ва ўборцы сельскіх падворкаў, дамоў, апрацоўцы прысядзібных участкаў, у арганізацыі ўрачыстых мерапрыемстваў (акцыі «Дом без адзіноты», «Добрае сэрца - ветэранам», «Спяшайцеся рабіць дабро», «Ветэран жыве побач» і іншыя).

Працягваецца праца навучэнцаў у архівах і музеях, з інтэрнэт-рэсурсамі, што дазваляе дэталізаваць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, выявіць малавядомыя або невядомыя факты.

2018 год адзначаны знамянальнай падзеяй - 100-годдзем Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Для таго, каб захоўваць і абараняць мір і стабільнасць, у нашай краіне створаны надзейны гарант бяспекі – эфектыўныя, высока падрыхтаваныя, абсталяваныя сучасным узбраеннем і ваеннай тэхнікай Узброеныя Сілы, якія прызнаны аднымі з самых бяспечных у рэгіёне Усходняй Еўропы і Азіі.

Сучасная беларуская армія вядзе адлік сваёй гісторыі ад Мінскай ваеннай акругі, створанай 28 лістапада 1918 года, якая ў свой час 12 снежня 1918 года была пераіменавана ў Заходнюю ваенную акругу, а 2 кастрычніка 1926 года стала Беларускай ваеннай акругай.

За гады існавання яна яшчэ не раз мяняла сваю назву. Давялося ёй быць і Беларускай асаблівай ваеннай, Заходняй асаблівай ваеннай, і Беларускім фронтам, і Беларуска- Літоўскай ваеннай акругай. Але як бы яна не называлася, якія б тэрыторыі не ўключала ў сябе, Беларуская ваенная акруга, створаная ў найцяжэйшы для краіны перыяд – гады грамадзянскай вайны, з першых гадоў свайго існавання стала адыгрываць вядучую ролю ў справе ўмацавання абароннай моцы Савецкай дзяржавы.

Пачынаючы з 20-х гадоў, нягледзячы на цяжкасці пасляваеннага перыяду, байцы і камандзіры настойліва вучыліся ваеннай справе. Галоўная ўвага ўдзялялася агнявой і тактычнай падрыхтоўцы, палявой вывучцы пяхотных і кавалерыйскіх падраздзяленняў. Першыя манеўры з удзелам войск прайшлі ўжо ў 1922 годзе, а з 1925 года яны сталі праходзіць кожны год.

У гэты ж перыяд на тэрыторыі акругі былі створаны першыя ваенныя вучэбныя ўстановы.

У верасні-лістападзе 1939 года войскі Беларускага фронта ўдзельнічалі ў вызваленчым паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, у выніку якога ўсяго за 12 дзён Беларускай ССР былі вернуты тэрыторыі цяперашняй Брэсцкай, Гродненскай і часткі Мінскай абласцей, і беларускі народ быў аб’яднаны ў адзіную дзяржаву.

Так склалася, што ў гісторыі Беларусі ёсць мноства прыкладаў, калі беларусы пралівалі сваю кроў у складзе войскаў іншых дзяржаў, набываючы славу на карысць іншых краін. Яскрава гэта праявілася і ў гады Другой сусветнай вайны на прыкладзе ўдзелу беларусаў у складзе Польскіх узброеных фарміраванняў, якія з гонарам упісалі свае імёны ў гісторыю змагання з гітлераўскай навалай.

Малавядомыя ці забытыя падзеі часоў Другой сусветнай вайны… Як шмат іх засталося і малавядомых, і зусім невядомых, і забытых?! Пра многія з іх мы ўжо ніколі, ніколі не даведаемся – няма сведкаў.

Мы, навучэнцы Ільянскай сярэдняй школы імя А.А.Грымаця, вельмі рады, што ў нашай школе ёсць народны гісторыка-краязнаўчы музей «Ільянскія далягляды». З першых дзён навучання ў школе мы маем магчымасць дакрануцца да мінулага свайго краю. Ёсць там і экспазіцыя, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне. У нас ёсць магчымасць працаваць з летапісамі, кіна- і відэазапісамі, дакументамі, літаратурай пра тыя крывавыя дні. Ствараюцца новыя альбомы пра ветэранаў, афармляюцца стэнды, вядуцца даследчыя работы, прысвечаныя ветэранам.

Гэта праца прысвечана беларусу Владыку Мікалаю Данілавічу, які ў гады Другой сусветнай вайны служыў у польскай арміі, больш пяці гадоў правёў у нямецкім палоне. Нягледзячы на тое, што ён быў па-за межамі сваёй Айчыны, самаахвярна выканаў жаўнерскі абавязак.

Яго ўспаміны былі сабраны ў дадзенай даследчай рабоце.

Мэта: вывучэнне гісторыі жыцця і дзейнасці ўдзельніка Другой сусветнай вайны Владыкі Мікалая Данілавіча.

Задачы:

1. Расказаць аб даваенных гадах Мікалая Данілавіча.

2. Прасачыць ваенную біяграфію ветэрана: службу ў польскай арміі, знаходжанне ў нямецкім палоне.

3. Высветліць, як склаўся яго далейшы лёс.



Аб'ект даследавання: ветэран Польскага войска Владыка Мікалай Данілавіч; дакументальныя архівы ветэрана.

Прадмет даследавання: Другая сусветная вайна.

Аднаўленню поўнай карціны спрыяла вывучэнне літаратуры, прысвечанай Другой сусветнай вайне, і асабістых дакументаў з архіва сям'і ветэрана Владыкі Мікалая Данілавіча. Успаміны - гэта не толькі падзеі, гэта і пачуцці, адчуванні ўдзельнікаў тых падзей, гэта як бы погляд знутры, які дазваляе лепш ацаніць усё тое, чым жыў ветэран у тыя доўгія гады. Дадатковыя звесткі былі атрыманы ў выніку працы з матэрыяламі школьнага музея.



Крыніцы. У працы выкарыстаны неапублікаваныя крыніцы, якія захоўваюцца ў асабістым архіве сям'і Владыка (дадатак). Гэтыя звесткі адносяцца да разраду асабістых. Яны дапамагаюць узнавіць біяграфічныя дадзеныя.

Былі вывучаны: пасведчанне ветэрана Польскай арміі, ваенны білет Владыкі Мікалая Данілавіча, афіцыйныя дакументы, якія пацвярджаюць, што Мікалай Владыка ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях у складзе Польскага войска, узнагароды. У асаблівай групе выдзелілі фотаматэрыялы і артыкулы з газет.

Метады даследавання: вывучэнне і аналіз літаратурных крыніц, дакументаў, матэрыялаў, якія захоўваюцца ў асабістым архіве сям'і Владыка, публікацый у СМІ, кнігі «Памяць. Вілейскі раён», сінтэз і абагульненне.

Практычная значнасць. Сабраныя звесткі дапамаглі папоўніць экспазіцыю школьнага гісторыка-краязнаўчага музея «Ільянскія далягляды». Матэрыял можна выкарыстоўваць настаўнікам гісторыі, літаратуры і класным кіраўнікам пры правядзенні ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў, прысвечаных Другой сусветнай вайне, подзвігам беларусаў у гэты перыяд.

Жаўнеры войска Польскага ў часы Другой сусветнай вайны
З самых першых дзён незалежнасці Польскай Рэспублікі і да канца 1938 года польскае кіраўніцтва рыхтавалася да вайны з СССР. На пачатак 1939 года ў польскім Галоўным штабе не існавала нават плана на выпадак вайны з Германіяй. Толькі тады, калі гэта пагроза стала рэальнай, польскае кіраўніцтва прыступіла да адпрацоўкі канкрэтнага плана вайны з Германіяй. У сакавіку 1939 года было дамоўлена, што Англія і Францыя падтрымаюць Польшчу ў вайне з Германіяй. Пры гэтым польскае кіраўніцтва было ўпэўнена, што, у выпадку нападзення на Польшчу Германіі, СССР захавае нейтралітэт.

Польскае кіраўніцтва вырашыла трымацца жорсткай абароны па ўсёй тэрыторыі. Палякі лічылі, што змогуць утрымацца на такой пазіцыі дастаткова доўга, пакуль саюзнікі не распачнуць агульнае наступленне па ўсяму Заходняму фронту. Генерал-маёр германскай арміі Фрыдрых фон Меленцін пазней у сваіх мемуарах пісаў, што такое становішча польскай арміі як нельга лепш садзейнічала выкананню германскага плана [3, с.8].

Пік напружанасці ў польска-нямецкіх адносінах прыйшоўся на 1939 год. Ніхто ў Польшчы ўжо не сумняваўся, што вайны не пазбегнуць. У сакавіку гэтага года ў краіне пачаліся скрытыя мабілізацыйныя мерапрыемствы, у выніку якіх у польскую армію была прызвана значная колькасць заходніх беларусаў. Пасля ўсеагульнай мабілізацыі, якая была праведзена ў канцы жніўня 1939-га, у рады польскай арміі былі залічаны сотні тысяч з ліку насельніцтва Заходняй Беларусі. У складзе польскай арміі яны склалі 9,5% вайскоўцаў і былі трэцімі пасля палякаў і ўкраінцаў. Мабілізацыйныя цэнтры на тэрыторыі Заходняй Беларусі знаходзіліся ў Гродне і Брэсце над Бугам (Дадатак 1).

Нягледзячы на актыўную дзейнасць у перадваенныя гады камуністычных агітатараў, большасць жыхароў Заходняй Беларусі не спрабавалі пазбегнуць мабілізацыі, і самі, добраахвотна прыходзілі ў мабілізацыйныя цэнтры. Вось што адзначалася ў справаздачы аб мабілізацыі ў 9-ай корпуснай акрузе: «мясцовае насельніцтва, палешукі, пазітыўна ўспрынялі распараджэнне ўладаў. Пасля атрымання мабілізацыйных карт рэзервісты з пачуццём гонару накіроўваліся да месца дыслакацыі сваіх вайсковых часцей».

Становішча ў Еўропе ў жніўні 1939 года дасягнула найвышэйшага напружання. Палітычнае кіраўніцтва Заходняй і Усходняй Еўропы не здолелі выпрацаваць сумесную пазіцыю па ўтаймаванні агрэсіўных намераў Германіі.

1 верасня 1939 года германскі вермахт абрынуў усю сваю сталёвую моц на Польшчу. Пачалася Другая сусветная вайна.

У першы перыяд вайны асноўныя падзеі разгортваліся на захадзе Еўропы. Вялікабрытанія і Францыя абвясцілі 3 верасня вайну Германіі. Такія ж заявы зрабілі Аўстралія, Новая Зеландыя, Канада, Індыя, Паўднёва-Афрыканскі Саюз. Вайна набыла сусветны маштаб.

Аднак неабходнай ваенна-эканамічнай дапамогі Польшчы ўсе гэтыя краіны не аказалі і баявых дзеянняў не распачалі [2, с.26].

У выніку ваенных дзеянняў Германіі супраць Польшчы з 1 верасня 1939 года часткова тэрыторыя Беларусі стала месцам баявых дзеянняў.

Многія заходнія беларусы сустрэлі Другую сусветную вайну ў радах польскай арміі.

Яны прынялі актыўны ўдзел у абароне Брэсцкай крэпасці ў верасні 1939 гады. Германскі XIX-ы матарызаваны корпус пад камандаваннем Хайнца Гудэрыяна на працягу некалькіх дзён беспаспяхова спрабаваў штурмам авалодаць цытадэль на Бугу, якую абаранялі адважныя «жолнежи». Па дадзеных гісторыкаў, гарнізон крэпасці амаль на палову складаўся з выхадцаў з Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Блізкасць родных хат і жаданне абараніць іх ад ворага прымушала людзей ахвяраваць самым дарагім.

У ноч з 16 на 17 верасня 1939 гады камандаванне гарнізонам Брэсцкай крэпасці прымае рашэнне прарывацца з абложанай цытадэлі. З польскіх часцей была сфарміравана армейская групіроўка «Брэст», якая вызначылася ў баях з вермахтам на Любліншчыне. Асабліва моцныя бітвы былі за горад Янув Любельскага, які да таго часу быў ужо ў руках немцаў. У другой палове верасня 1939 года падраздзяленне з Брэста ажыццявіла паспяховае наступленне ў напрамку гэтага невялікага гарадка. Польскія ўланы і пяхотнікі імклівым ударам выбілі захопнікаў з Янава [3, с.12].

Беларусам давялося паўдзельнічаць у розных бітвах вераснёўскай кампаніі 1939 года. Акрамя згаданай абароны Брэсцкай крэпасці, іншай не менш знакамітай бітвай была бітва пад Млавай. У ёй удзельнічала 20-я (беларуская) пяхотная дывізія польскай арміі. Польскае камандаванне не без падстаў лічыла, што ў выпадку вайны менавіта з поўначы прыйдзецца чакаць найбольш моцны ўдар у напрамку Варшавы (Млава знаходзіцца ў ста дваццаці кіламетрах ад польскай сталіцы). Там жа, на поўначы, быў раскватэраваны і 20-ы полк артылерыі з Пружан. 1 верасня 1939 года на Млаву абрынуўся град снарадаў і бомб. «Беларускай» дывізіі Войска Польскага давялося стрымліваць удар арміі вермахта (камандуючы генерал Георг фон Кюхлер), якая шматкратна пераўзыходзіла дывізію польскай арміі.

Нягледзячы на мужнае супраціўленне польскіх салдат і афіцэраў, германская армія дзякуючы вялікай ваеннай перавазе да 16 верасня 1939 года акупіравала большую частку тэрыторыі Польшчы.

Польскі ўрад 16 верасня пакінуў краіну і эміграваў у Румынію. Гераічна змагаліся абаронцы Варшавы, Брэсцкай крэпасці. Сярод іх было шмат беларусаў.

Агульнае становішча польскіх войскаў аказалася катастрафічным. У другой палове верасня польскай арміі як арганізаванага цэлага ўжо не існавала.

Аднак, нягледзячы на ​​супраціўленне, у той частцы, дзе польская армія вяла абарончыя баі, паводле некаторых здагадак, да 70 тыс. байцоў, якія назвалі сябе беларусамі, утрымліваліся ў нямецкім палоне. Частка з іх неўзабаве перамешчана ў Румынію і Літву, а адтуль - у Беларусь. Згодна з пагадненнем ваеннапалонных беларусаў Германія перадавала Савецкаму Саюзу. Толькі з 24 кастрычніка па 23 лістапада 1939 г. у Брэсце яны перадалі 10409 ваеннапалонных, якія да вайны жылі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Усяго да сярэдзіны 1940 года СССР вызваліла са сваіх лагераў ваеннапалонных 42400 жыхароў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. З іншага боку, у савецкі палон патрапілі 239 672 вайскоўцаў польскай арміі, у тым ліку 12 генералаў і каля 8 тыс. афіцэраў.

Нягледзячы на шматлікія намаганні германскага боку прымусіць СССР уступіць у вайну, савецкі ўрад усяляк дэманстраваў стрыманасць. Толькі 17 верасня 1939 года войскі Чырвонай Арміі перайшлі мяжу польскай дзяржавы і пачалі паход у Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну.

17 верасня 1939 года былі вызвалены Баранавічы, 18 верасня – Навагрудак, Ліда і Слонім, 19 верасня – Вільня і Пружаны, 20 верасня – Гродна, 21 верасня – Пінск, 22 верасня – Беласток і Брэст.

Ва ўмовах Другой сусветнай вайны дзеянні СССР 17 верасня 1939 года набліжалі мару беларусаў пра ўз'яднанне яе народаў і тэрыторый. У сваёй большасці па-савецку настроенае насельніцтва гарадоў і вёсак Заходняй Беларусі сустракала Чырвоную Армію як вызваліцельніцу. У радзе месцаў, да яе прыходу, яны стваралі партызанскія атрады, рэвкамітэты, якія раззбройвалі польскую паліцыю, асаднікаў, бралі ўладу ў свае рукі [4, с.253].

Такім чынам, да 25 верасня 1939 г. савецкія войскі цалкам занялі тэрыторыю Заходняй Беларусі.

28 верасня 1939 года СССР падпісаў з Германіяй Дагавор аб дружбе і граніцы, згодна з якім паміж краінамі ўстанаўлівалася дэмаркацыйная лінія па рэках Нараў, Заходні Буг і Сан і замацоўваліся змены ў ранейшых дамоўленасцях аб падзеле сфер уплыву.

Такім чынам, Беларусь, займаючы важнае геапалітычнае становішча, трапляла ў сферу палітычных і ваенных прыярытэтаў вядучых дзяржаў Еўропы - Германіі, СССР і Польшчы.

Падчас вераснёўскай кампаніі многія ваенныя польскай арміі беларускага паходжання апынуліся ў нямецкім палоне. Нямала нашых суайчыннікаў патрапіла і ў савецкі палон. Радавых, часцей за ўсё, адпускалі. А вось афіцэраў адпраўлялі ў спецыяльныя лагеры. Гісторыя нашых суайчыннікаў, якія ваявалі ў верасні 1939 г. у складзе польскай арміі супраць гітлераўцаў, заслугоўвае да сябе самага паважлівага стаўлення. Тады, 1 верасня 1939 года, беларусы разам з палякамі першымі ў Еўропе сказалі «не» Гітлеру. Менавіта яны ў 1939 годзе зрабілі першы крок да перамогі над нацысцкай Германіяй.



Ратавала любоў да Бацькаўшчыны
Ён нарадзіўся ў Расійскай імперыі ў 1913 годзе. Прысягаў на вернасць Рэчы Паспалітай Польшчы ў 1934 годзе. Больш пяці гадоў правёў у нямецкім палоне. Пенсійны стаж вырабіў у Савецкім саюзе. З’яўляўся грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Размову з ім запісаў паэт Мікола Кутас (Дадатак 2, 3) [1].

Імя гэтага чалавека – Владыка Мікалай Данілавіч. Ідзе яму дзевяноста чацвёрты год. Даўно хацелася з ім пагаварыць, паслухаць яго ацэнкі жыццёвых рэалій з вышыні такога паважанага ўзросту. І вось мы пачынаем размову ў невялічкім пакоі. Утульна, цёпла, ціха – што яшчэ трэба старому? – звычайна дадаюць у такіх выпадках. Я пачаў з традыцыйнага:



- Мікалай Данілавіч, якія парады даяце вы дзецям, унукам, праўнукам, а можа, і мне адкрыеце сакрэт даўгалецця?

- Ніякіх дыет я не прытрымліваюся, ды і слова такога не ўжываю ў сваёй мове. Раней, да вайны, у Ільі большасць насельнікаў былі яўрэі, дык яны ў ежы былі пераборлівыя, у іх вадзіліся грошы. А ў нашай сям’і елі тое, што бог паслаў, што маглі вырабіць самі. Да 80 гадоў не адмаўляўся ад тлустага, еў сала, кілбасы. Выпіваў умеру, і цяпер вып’ю разы са два па паўчаркі (смяецца). Праўда, ніколі не курыў. Лічу гэта пустым заняткам.



- Раскажыце пра свой радавод. Чым вам запомніліся дзіцячыя гады?

- Я нарадзіўся ў вёсцы Дварэц паблізу Ільі. Сто гадоў назад тут было ўсяго дзевяць хат. Вельмі маляўнічыя мясціны. З усходу – лес, раніцай светла, а сонца ўсё яшчэ не відаць – пакуль выберыцца з высокіх верхавін соснаў і елак. Невялічкі і такі чысцюткі ручай упадае ў раку Ілію. І ручай, і сама рэчка побач з нашай хатай. А лугі, сенажаці – не апісаць! Здавалася, я сам стаў часткай гэтых абшараў. З 14 гадоў – ужо за плугам. Кожны куточак на родным котлішчы зведаў мае рукі. Цяпер я разумею, чаму мяне заўсёды цягнула дамоў. Ва ўсіх пазнейшых нягодах мяне ратавала любоў да бацькаўшчыны. Асабліва запомніліся мне дні, праведзеныя ў сям’і дзеда па бацьку Сцяпана ў засценку Шчарка кала Раёўкі. Было ў дзеда 5 сыноў і 2 дачкі, вялікія кавалкі зямлі побач з сядзібай, трымалі ў гаспадарцы па 15 – 18 галоў буйной рагатай жывёлы, як цяпер кажуць, мелі пасеку – 50 вулляў. Працавалі дружна, на гадзіннік не паглядалі. У жніво, сенакос нават наймалі людзей для дапамогі. Пры Саветах гаспадарку дзеда «раскулачылі», праўда, самога не выслалі. Цяпер на тым месцы поле. А назва Шчарка ў маім сэрцы не проста слова, а цэлы вір жыцця, сялянскага, дбайнага.

Бацька мой Даніла Владыка ўдзельнічаў у Першай Сусветнай вайне, быў фельдфебелем. У 1914 годзе памерла мая маці, пакінуўшы 5 дзяцей. На пахаванне бацьку адпусцілі з фронту. Мне быў усяго адзін год. Пасля вайны бацька ажаніўся другі раз, і ўжо ў новай сям’і нарадзілася яшчэ трое дзяцей. Мнагадзетныя сем’і ў тыя часы – рэч звычайная. Месца і працы хапала ўсім. Так што радавод Владыкаў з Дварца вялікі, але мала каго ён цікавіць. Відаць, я апошні з роду, хто валодае яшчэ вялікай інфармацыяй аб жыцці старэйшых пакаленняў у мінулым.

- Мікалай Днілавіч, былі ў вас, безумоўна, і вольныя часіны, як бавілі час ў маладосці, як пазнаёміліся са сваёй будучай жонкай?


  • Я скончыў 4 класы польскай школы ў Ільі. Вучыць далей мяне, відаць, бацька палічыў немэтазгодным. Прылучылі да працы. Падрастаў. Пачаў хадзіць на танцы. На гармоніку іграў наш аднавясковец Жук Захар. За польскім часам танчыла моладзь кракавяк, польку, абэрак, падыспан, мазурку. Але ў многіх атрымлівалася ненадта: танчыць ніхто на вучыў. Але запішы, каб ведала сённяшняя маладая грамада: п’яных на танцах не было. І, наогул, у дачыненні да п’янства палітыка ўлад была вельмі жорсткай. Палякі выкарчоўвалі бальшавізм і п’янства на Крэсах Усходніх.

Будучая мая жонка падрастала на маіх вачах, яна таксам з Дварца, звалі яе Жук Ніна. Мне здавалася: яна самая прыгожая жанчына ва ўсёй гміне. Мне было 25 гадоў, як браў шлюб. Вянчаліся ў Ільянскай царкве. Вяселле ладзілі ў бацькоўскай хаце 26 мая 1938 года. Музыку забяспечваў Суднік Іван – вядомы на ўсю Вілейшчыну спецыяліст у гэтай справе. Заплаціў я яму 2 злотых за вечар ігры на баяне. За 2 злотых можна было купіць 2 пуды зерня. На вяселлі прысутнічала чалавек 30 радні. На стале асаблівых прысмакаў не было: звычайная сялянская ежа са сваёй гаспадаркі. Балявалі адзін дзень.

- Раскажыце пра сваю службу ў Войску Польскім.

- Палякі выклікалі на службу, калі хлопцу спаўняўся 21 год. Аднойчы я са сваім сябрам Пінчуком Аляксеем паехалі на роварах у вёску Капусціна касіць траву па просьбе лесніка. Тут за намі ўслед прыімчаў мой брат Міхась і крычыць: «Табе позва на вайну!» Жартаваў, нягоднік. Гэта была позва ў Войска Польскае. Мне належала з’явіцца ў Вільню, у 3 батальён сапёраў. Солтыс вызначыў павозку, і аднавясковец Станкевіч Антон адвёз мяне ў Краснае на чыгуначную станцыю.

Па атрыманай позве я і даехаў у Вільню у пункт прызначэння. Ніякіх провадаў у войска ў тыя часы ніхто ў сем’ях не рабіў. З Вільні мяне накіравалі праз Варшаву ў горад Модлін у Першы сапёрны батальён. Камандзірам батальёна быў Каўфэр. Такіх батальёнаў у Польшчы налічвалася 7. Прысягу прымалі ў мясцовым касцёле усе навабранцы. Тую прысягу я і цяпер памятаю (прамаўляе па-польску). У казарме жыў у пакоі на 12 чалавек. За час службы ўдасканаліў свае веды па польскай мове, гаварыў без акцэнта, свабодна. Неаднаразова бываў у Варшаве, разы 2 ці 3 адпускалі дамоў на пабыўку. Хоць Польшча была і бедная краіна, але жаўнер выглядаў прыстойна. У мяне захавалася некалькі фотаздымкаў, дзе я ў форме вайскоўца Рэчы Паспалітай Польскай. Праслужыў я 22 месяцы і ў 1936 годзе вярнуўся на бацькаву гаспадарку, поўны сіл і надзей (Дадатак 4) [1].

- Як для Вас пачалася вайна?

- 24 жніўня 1939 года я атрымаў позву з’явіцца ў Вільню. Там выдалі нам абмундзіраванне і павялі на захад. А 23 верасня ўвесь наш эшалон трапіў у палон да немцаў.

Нам было выдадзена па 5 патронаў кожнаму жаўнеру. Як пачалася сутычка з ворагам, я свае патроны расходаваў, страляючы ў бок немцаў. Скажу шчыра, усведамленне, што мне трэба забіваць людзей, ніяк не стасоўвалася з маім сялянскім клопатам да ўсяго жывога. Да таго ж нянавісць да ворагаў яшчэ не вырасла на поўную сілу. А тут нейкая няўпэўненасць праглядвалася ў саміх нашых камандзіраў. Модлінскіх афіцэраў я помню некаторых і зараз, а з тымі, якія сталі кіраваць намі ў Вільні, я не паспеў пазнаёміцца. Урэшце, далі каманду прыкладна такога зместу: «Ідзіце, куды лічыце самі». Ці гэта была парада, ці загад, я так і не зразумеў. З нейкім жаўнерам мы сталі набліжацца да лесу. Адтуль выйшлі немцы. Страляць не стралялі, ні яны, ні мы. Наблізіўшыся, адзін з немцаў зняў стрэльбу ў майго напарніка, стукнуў аб дрэва – тая і разляцелася: прыклад – асобна, дула – асобна. Нам загадалі ісці, паказаўшы на нейкі фальварак удалечыні. Прыйшоўшы туды, мы пабачылі не адну сотню нашых разброеных вайскоўцаў. Так пачаўся для мяне нямецкі палон. Ясна, што ў мяне, вясковага маладога чалавека, уяўленне аб палітыцы было цьмянае. Гэта цяпер я ведаю, што лёс Польшчы быў вызначаны задоўга да 1 верасня 1939 года. Вышэйшае ваеннае начальства, відаць, пра гэта здагадвалася, таму ваяваць на два франты было бессэнсоўна. Здаваліся масава.

- Як склаўся далейшы ваш лёс ў няволі?

- Пасля розных ператасовак я быў прывезены ў Заходнюю Нямеччыну, у вёску Арштэт каля горада Асэслебэн. Трапіў да буйнога землеўладальніка. Прозвішча яго Эрнст Гангут. Меў ён каля 300 моргаў зямлі, як я даведаўся пазней (морг – зямельная мера – 0,56 га). Са мной было яшчэ 12 такіх жаўнераў у форме. На спіне – трохкутнік чырвонага колеру – значыць – ваеннапалонны. Нас размясцілі ўсіх разам у асобным пакоі, быў прыстаўлены ахоўнік, які нанач замыкаў нас на ключ. Кожную раніцу мы павінны былі пастроіцца, і гаспадар ці хтосьці з яго людзей давалі заданне, што сёння будзем рабіць. Працавалі ў Гангута і вольнанаёмныя немцы, у прыватнасці, быў адзін такі трактарыст на трактары. У асноўным сельгасработы выконваліся на конях. Што я рабіў дома, тое і ў гэтага гаспадара, вучыць мяне не трэба было. Вяліся ўсе работы акуратна, у тэрмін. Больш, чым самі немцы, мы на полі не працавалі. Кармілі 3 разы на дзень і давалі паміж вячэрай і абедам бутэрброд. Кожны бутэрброд – закручаны ў паперу. Праз гады два наша становішча ваеннапалонных было зменена. Мы, польскія ваеннапалонныя, сталі лічыцца як вольнанаёмныя. Асаблівых змяненняў нам гэта не прынесла. Сталі плаціць за работу, здаецца, 12 марак у месяц. У нядзелю на полі працавалі толькі да абеда.



- А што вы ведалі пра сваю жонку Ніну вайной?

- А мая Ніна ўжо ў 1942 годзе был разам са мной. Як толькі я зразумеў, што ў вёсцы Арштэт буду доўгатэрмінова, паслаў пісьмо дамоў. І яно дайшло. Мае родныя зналі, дзе я.



Ніна была вывезена на прымусовыя работу ў Германію. Солтыс, запісваючы яе ў спісы, сказаў: «Там сустрэнешся са сваім Мікалаем». Магчыма, кпіў, але так яно і сталася. Ніна ў нямеччыне даслала свой адрас, я папрасіў гаспадара Эрнста Гангута злучыць нас. Ён пагадзіўся. Праз 4 дні прывёз маю Ніну. У 1943 годзе нарадзіўся ў нас першынец Валодзя, у 1945 – другі сын – Міша.

  • Вас адправілі працаваць, а вы заняліся зусім іншай справай. Як паставіўся да вашай сям’і Гангут?

  • Па-чалавечы паставіўся. Нават далі нам асобны пакойчык. Я ўжо не лічыўся ваеннапалонным. У саміх гаспадароў у 1943 годзе таксама з’явілася немаўля, дык маю Ніну накіравалі на працу, а малое дзіця брала да сябе гаспадыня і даглядала разам са сваім. Мы мелі права хадзіць па вёсцы. Аднойчы з сябрамі я завітаў да мясцовага немца – фатографа. На здымку, дзе мы ўтраіх, злева – Адамін Іосіф з Гродзеншчыны, у цэнтры стаіць Кароль Лукаш з Мільчы Вілейскага раёна. Я з ім гадоў з дзесятак назад сустракаўся. Гледзячы на фота, не скажаш, што мы ў няволі. Адзенне нам давалі гаспадары, магчыма, нарабаванае, сёе-тое мы маглі купіць, але ўсе пакупкі – з дазволу. Твары ў нас незмарнелыя, бо, я ўжо казаў, харчаваліся 3 разы на дзень (Дадатак 5) [1].

  • Якім было вяртанне на Радзіму?

  • Мясцовасць, дзе мы знаходзіліся, вызвалілі амерыканцы. Я бачыў іх, раз’язджалі на машынах. Мы з Нінай сказалі Гангуту, што хочам вярнуцца дамоў. Ён падрыхтаваў неабходныя паперы. Восенню 1945 года я з сям'ёй быў у родным Дварцы. З сумам даведаўся, што не дачакаліся з вайны маіх аднавяскоўцаў - Альшука А. Р., Жука П. У., Юшко К. А.

Я ўладкаваўся на працу конюхам у Ільянскім райваенкамаце, пасля працаваў у мясцовым саўгасе. Жонка стала рабочай у лясніцтве. Нарадзіўся яшчэ адзін сын – Аляксандр. Жылі ў бацькоўскай хаце, а ў 1961 годзе збудавалі сваю. Там жыве зараз мой унук з сям’ёй. Атрымліваю пенсію, праўда, невялікую.

  • Пра Вас можна сказаць: “Прайшоў ваду, агонь і медныя трубы.” Якімі радасцямі Вы натхняецеся зараз? Кім сябе лічыце?

Лічу сябе земляробам, і тым ганаруся. Радуюся, што маю і сыноў, і 5 унукаў, і 6 праўнукаў. У ліхалецці мне часта даводзілася не прызнавацца, што я – беларус. Аддаваў сілы на карысць іншых дзяржаў. Таму мне лагодна, калі чую словы А. Р. Лукашэнкі: «Пакуль я Прэзідэнт, Беларусь будзе незалежнай краінай». Беларусь для мяне - дом, у якім я нарадзіўся, у які вярнуўся і ў якім адыду [6].

Пасля кропкі. Слухаючы нетаропкі аповяд амаль стогадовага Мікалая Вадыкі, задаюся пытаннямі. Чаму аказаўся забытым жаўнер Рэчы Паспалітай, і ён не лічыцца ўдзельнікам Польска-Германскай вайны? Тыя пяць куль, якія ён выпусціў ў бок ворага, вярнуліся да яго пяццю гадамі нямецкага палону. Як часта неспадзявана перакручваюцца палітычныя варункі праз лёсы людскія. Магчыма, сям’і Владыкі проста пашанцавала, што трапіў ён у гаспадарку да «добрага» немца. А, мажліва, і сам Эрнст Гангут не стаў фашыстам, і часта паступаў па-хрысціянску, як відаць з успамінаў. Якім высакародным выглядае лёс Ніны – жонкі. Яе каханне – самахвярнае. Савецкая жанчына, нікому невядомая беларуска, гатова не ўсё – толькі б быць побач з любым.

Прыгадаліся жоны дзекабрыстаў, але ж яны ехалі ў Сібір вольнымі, бралі з сабой слуг, мелі вялікія грошы, куплялі ў ссылцы зямлю, дамы. Ды пра гэта школьны падручнік не распавядае. Учынак паланянкі Ніны варты паэмы.

Напісанае тут – невялічкая занатоўка з жыцця некаторых людзей. А колькі яшчэ таямніц хавае чалавечая памяць. Будзем «адкрываць» лёсы такіх землякоў, як Мікалай Данілавіч Владыка. Трэба спяшацца!

Свайго жаўнера памятае Польшча або Зорны час ветэрана
Мікалай Владыка не меў дакументаў, якія падцвярджалі б яго ўдзел у Другой сусветнай вайне, і на працягу больш як 60 гадоў не лічыўся ветэранам.

Наўрад ці трэба казаць, якія цяжкасці і перашкоды выпалі на былога польскага жаўнера, да таго ж яшчэ і нямецкага ваеннапалоннага. Але Мікалай Данілавіч выстаяў, выгадаваў трох дастойных сыноў і сам застаўся ГОДНЫМ ЧАЛАВЕКАМ. Хоць вельмі балюча і крыўдна было салдату ад таго, што ён не лічыўся ні ветэранам вайны, ні хаця б проста яе ўдзельнікам.

Сваякі расказваюць, што на працягу многіх гадоў баяліся гаварыць пра тое, што іх бацька і дзед быў жаўнерам Польскага войска, а пасля ўжо і не спадзяваліся на прызнанне яго ветэранам.

Справу вяртання пашаны пачаў паэт Мікола Кутас і краязнаўцы Ільянскай сярэдняй школы імя А.А. Грымаця ў рамках праекта «Зорны час ветэрана». Пры іх падтрымцы Мікалай Данілавіч звярнуўся з афіцыйным запытам у адпаведныя службы Консульства Польшчы ў Мінску.

Ганна Касцевіч, спецыяліст Консульства Польшчы па справах ветэранаў Польскага войска, накіравала запыты ў Цэнтральны ваенні архіў у Варшаве і Цэнтральны музей ваеннапалонных у Ламбінавіцках. З апошняга прыйшло падцвярджэнне, што Мікалай Владыка сапраўды ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях у складзе Польскага войска пасля 1 верасня 1939 года, пасля трапіў у нямецкі палон (Дадатак 6) [1].

Рашэннем польскіх улад беларус Владыка Мікалай Данілавіч прызнаны ветэранам абароннай вайны 1939 годы.

Выправіць «гістарычную памылку» змаглі больш як праз 60 год. Толькі з верасня 2008 года Мікалай Данілавіч афіцыйна прызнаны ветэранам вайны.

Ушанаванне ветэрана вайны з фашызмам адбылося ў актавай зале Ільянскай сярэдняй школы імя А.А. Грымаця. На ўрачыстасцях прысутнічалі Консул спадар Томаш Казноўскі, Ганна Касцевіч, спецыяліст Консульства Польшчы па справах ветэранаў Польскага войска, нашчадкі ветэрана, яго родныя і землякі, вучні і настаўнікі школы (Дадатак 7) [1].

Для ветэрана, яго родных і гасцей вучні і настаўнікі школы падрыхтавалі невялікі канцэрт: гучалі вершы і песні на беларускай і польскай мовах, адбылася міні-экскурсія па багатых экспазіцыях школьных музеяў. Вельмі ўразіла ўсіх прысутных выступленне сябра Мікалая Данілавіча, жыхара вёскі Ілья, Аляксандра Пятровіча Шушкевіча. Нягледзячы на паважны ўзрост, Аляксандр Пятровіч моцным маладым голасам праспяваў страявую польскую песню і раманс.

На свяце прыгадалі цікавы, але вельмі складаны лёс ветэрана.

У сваіх выступленнях афіцыйныя асобы Консульства Польшчы назвалі Мікалая Владыку сапраўдным грамадзянінам, які з гонарам выканаў свой абавязак перад Айчынай, уручылі яму пасведчанне ветэрана Польскага войска, медаль, кветкі і падарункі (Дадатак 8, 9) [1].

Консул Польскага консульства ў Мінску Томаш Казноўскі расказаў, што пасведчанне ветэрана Польскага войска дае ветэранскія правы, якія маюць грамадзяне Польшчы. З гэтага часу Мікалай Владыка будзе атрымліваць пажыццёвую фінансавую дапамогу. «Няхай яна стане хаця б нейкай кампенсацыяй за доўгія гады чакання», - сказаў Томаш Казноўскі. Падчас урачыстасці консул прачытаў таксама ліст, які скіраваў да Мікалая Владыкі пасол Польшчы ў Беларусі (Дадатак 10) [1].

У сваім выступленні пані Ганна Касцевіч адзначыла:

- Такіх ветэранаў, як Мікалай Данілавіч, у нас на ўліку каля 1,5 тасячы. Цікава, што шматлікія з іх жывуць нават да ста гадоў. Напэўна, Бог дае ім доўгае жыццё за іх пакуты.

Можа, і так. А, магчыма, Мікалай Данілавіч і іншыя ўдзельнікі тых жахлівых падзей жывуць доўга яшчэ і таму, што цяжкае жыццё загартавала іх, навучыла не скарацца перад цяжкасцямі і перашкодамі.

У школьным народным гісторыка-краязнаўчым музеі «Ільянскія далягляды» сабраны багаты матэрыял па тэме «Лёсы землякоў», у тым ліку і пра Мікалая Владыку (Дадатак 11, 12) [6].

Праект «Зорны час ветэрана» нельга лічыць закончаным. Яшчэ ёсць людзі, якія як Мікалай Данілавіч, незаслужана забыты і не маюць афіцыйнага статуса ветэрана. І ў нашых сілах зрабіць так, каб гэтая гістарычная несправядлівасць была ліквідавана. Няхай сабе і праз дзесяцігоддзі.

Заключэнне
Многа простых беларусаў з 1 верасня 1939 года - першага дня Другой сусветнай вайны – змагаліся супраць германскага фашызму. А на захадзе ў гэты час ішла так званая «дзіўная вайна», калі французы і англічане адседжваліся ў камфортных умацаваннях.

Другая сусветная вайна, у якой удзельнічала 61дзяржава, скончылася перамогай над нацыскай Германіяй. Удзел беларусаў у складзе Польскай Арміі ў барацьбе супраць агрэсіі Германіі і яе саюзнікаў, асабліва ў перыяд 1939-1941 гг, якія праявілі грамадзянскасць у абароне сваёй Айчыны з боку насельніцтва Заходняй Беларусі, павінны заслугоўваць да сябе самага паважлівага стаўлення.



Прадстаўнікі Польшчы здолелі адшукаць у Беларусі каля двух тысяч такіх ветэранаў і ўручыць ім медаль «За ўдзел у абарончай вайне 1939 г. » (Medal Za Udzial w Wojnie Obronnej 1939), заснаваны ў адпаведнасці з Указам Сейма ПНР ад 7 ліпеня 1981 года. Больш за тое, беларускія ветэраны 1939 года пачалі атрымліваць грашовыя выплаты ад ўдзячнай Польшчы.

Спіс літаратуры


  1. Архівы сям’і Владыка.

  2. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны) : вучэб. дапам. для 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / А. А. Каваленя [і інш.] ; пад рэд. А. А. Кавалені, М. С. Сташкевіча. – 2-е выд., выпр. – Мінск : Выд. цэнтр БДУ, 2009. – 231 с. : іл., карт.

  3. Грыбоўскі, Ю. Забытыя жаўнеры польскага войска ў часы Другой сусветнай вайны / Матэрыялы і ўспаміны. – Мн., 2003. – 191 с.

  4. Кажамяка, У. С. Не пакідаюць нас белыя лебедзі. / У. С. Кажамяка. – М. : Аверсэв, 2011. – 257 с.

  5. Касцюк М. П. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 2 / М. П. Касцюк. – М. : Беларусь, 1995. – 560 с.

  6. Матэрыялы школьнанага народнага гісторыка-краязнаўчага музея «Ільянскія далягляды».

  7. Ковкель, И. И. История Беларуси: с древнейших времён до нашего времени / И. И. Ковкель. – М. : Аверсэв, 2010. – 621 с.

  8. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Вілейскага раёна. – Мн. : БЕЛТА, 2003.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка