Дж. К. Роўлінг Гары Потэр і патаемная зала




старонка1/17
Дата канвертавання13.10.2017
Памер3.12 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17


Дж. К. Роўлінг



Гары Потэр і патаемная зала

Пераклад з ангельскай мовы

Дзяніса Мускага

— www.belpotter.by —



Для Шона П. Ф. Харыса,

за найхуткасную язду і сяброўскае плячо ў цяжкую хвіліну
РАЗДЗЕЛ І —
Найжахлівейшы дзень нараджэння
У чарговы раз, падчас сняданку, за сталом у доме нумар чатыры на вуліцы Прайвет Драйв успыхнула сварка. І ўсё з-за таго, што містэр Вернан Дурслі быў пабуджаны на золку гучным вухканнем, што даносілася з пакою яго пляменніка Гары.

- Трэці раз за тыдзень!- гучна прароў ён пляменніку праз стол.- Калі ты не ў стане кантраляваць сваю саву, няхай яна прыбіраецца з маёй хаты!

Гары ў чарговы раз паспрабаваў растлумачыць дзядзьку ў чым справа.

- Ёй СУМНА,- адказаў ён.- Яна прызвычалася да таго, што можа лятаць знадворку. Калі я хаця б мог выпускаць яе па начах на шпацыр...

- Я што, падобны на ідыёта?- гыркнуў дзядзька Вернан, на доўгіх вусах якога болталіся рэшткі яечні.- Я ведаю, што будзе, калі ты выпусціш яе вонкі.

Ён ваўкавата перазірнуўся са сваёй жонкай Пятуньяй.

Гары паспрабаваў растлумачыць яшчэ раз, але яго словы патанулі за доўгай гучнай адрыжкай Дадлі, сына містэра і місіс Дурслі.

- Я хачу яшчэ бекона.

- На патэльні ёсць яшчэ, саладзенькі мой.- зірнуўшы на свайго буйнога сына цмянымі вачыма, адказала цётка Пятунья.- Нам трэба падкарміць цябе, пакуль у нас ёсць такая магчымасць... Нешта мне не надта падабаецца ваша школьнае харчаванне...

- Глупства кажаш, Пятунья,- палка прамовіць дзядзька.- Калі я вучыўся ў Смелцінгсе, я ніколі не галадаў. Цябе ж там добра кормяць, сын?

Дадлі, бакі якога звісалі з крэсла, усміхнуўся і павярнуўся да Гары.

- Перадай мне патэльню.

- А чароўнае слова?- раздражнённа прамовіў той.

Звычайныя Гарыны словы прывялі да найнезвычайнейшых наступстваў: Дадлі вохнуўшы паваліўся з крэсла, ад чаго па ўсёй кухне ажно загрукатала; місіс Дурслі ўскрыкнуўшы, заціснула далонямі рот; а містэр Дурслі ўскочыў на ногі, вены на яго скронях пульсавалі ад злосці.

- Я меў на ўвазе «калі ласка»!- хутка вымавіў Гары.- Я нічога не...

- Я КОЛЬКІ РАЗ ПАПЯРЭДЖВАЎ ЦЯБЕ,- брызгаючы сліной над сталом, прагрукатаў дзядзька,- НЕ ЎЗГАДВАЦЬ У МАЁЙ ХАЦЕ СЛОВА НА ЛІТАРУ «Ч»?

- Але я...

- ЯК ТЫ АСМЕЛІЎСЯ ПАГРАЖАЦЬ ДАДЛІ?- бухаючы кулаком па стале, працягваў равець містэр Дурслі.

- Я ж толькі...

- Я КОЛЬКІ РАЗОЎ КАЗАЎ ЦЯБЕ! Я НЕ БУДУ ЦЯРПЕЦЬ ПАД СВАІМ ДАХАМ УЗГАДАК АБ ТВАЁЙ НЕНАРМАЛЁВАСЦІ!

Хлопчык зірнуў на пурпуровы ад злосці дзядзькаў твар, потым на збляднелую цётку, якая намагалася дапамагчы Дадлі падняцца на ногі.

- Ну, добра,- адказаў Гары,- добра...

Дядзька Вернан, дыхаючы, як той запыхаўшыйся насарог, сеў на сваё месца, скоса працягваючы паглядаць на Гары сваімі калючымі вочкамі.

З таго самага моманту, калі Гары вярнуўся дадому на летнія вакацыі, дзядзька ставіўся да яго, бы да бомбы, якая ў любы момант можа выбухнуць, таму што лічыў Гары НЕ НАРМАЛЁВЫМ хлопцам.

Звычайным хлопцам ён на самой справе і не з’яўляўся. Гары Потэр быў чараўніком – маладым чараўніком, які толькі што скончыў свой першы год навучэння ў Хогвартсе – Школе чарадзейства і вядзьмарства. І, калі Дурслі не надта былі задаволены яго вяртаннем на вакацыі, гэта было нішто ў параўнанні з тым, што адчуваў сам Гары.

Ён да болі ў грудзях сумаваў аб сваёй школе. Сумаваў па замку, поўным сакрэтных праходаў і прывідаў; сумаваў па занятках (хаця магчыма не надта сумаваў па Снэйпу, які выкладаў зеллеварства); сумаваў па паштоўках, якія ў школу прыносілі совы, па ежы на банкетах у галоўнай зале, сумаваў па ложку з балдахінам, які знаходзіўся ў вежы, якую займаў яго Дом; па візітах да ўскрайку Забароненага леса, дзе ў сваёй халупе жыў брамнік Хагрыд. Але больш за ўсё ён сумаваў па квідытчу – найпапулярнейшай у чарадзейскім свеце спартовай гульне з яе шасцю коламі варот, чатырма лятаючымі мячамі і чатырнаццацю гульцамі на мётлах.

Усе Гарыны падручнікі з замовамі, чароўную палачку, мантыю, кацёл і першакласную мятлу Німбус 2000, дзядзька Вернан, як толькі яны прыехалі да хаты, запёр у каморы пад лесвіцай. Што Дурслі было да таго, што калі ён ня будзе практыкавацца, яго выкінуць з дамовай квідытчнай каманды. Ці іх цікавіла, што адбудзецца з Гары, калі ён прыедзе да школы не выканаўшы заданне на лета? Дурслі былі тымі, каго чараўнікі называюць магламі – людзьмі без наймаленечкай кропелькі магіі ў крыві і дзеля іх было найвялікшым сорамам мець у сваёй сям’і чараўніка. Дзядзька нават навесіў на клетку з Гарынай савой Хэдвіг, вялізны замок, каб хлопчык ня меў стасункаў з астатнім чарадзейскім светам.

Гары анічым не нагадваў астатніх чальцоў сваёй сям’і. Дзядзька Вернан быў буйным, бязшыім і меў найвялізныя чорныя вусішчы; цётка Пятунья была кашчавай і мела канячы твар, а іх сын Дадлі быў светлавалосым, ружоватварым і вельмі тоўстым хлопчыкам. Гары ж быў маленькім і хударлявым, з бліскучымі зялёнымі вачыма і смалява-чорным, заўжды неахайным, валоссем. Ён насіў круглыя акўляры, а на ілбе меў танюткі, маланкападобны шнар.

Гэты шнар і рабіў Гары найнезвычайнейшым, нават у чарадзейскім свеце. Ён быў адзіным сведкам той таямнічай гісторыі, пасля якой хлопчык і апынуўся адзінаццаць год таму на ганку Дурслеўскага дому.

Калі Гары быў толькі год, ён застаўся жыць, пасля таго, як Лорд Вальдэморт, найжахлівейшы з цёмных ведзьмакоў усіх часоў, імя якога дагэтуль баяцца вымаўляць большасць з чараўнікоў і вядзьмарак, атакаваў яго сваім праклёнам. Падчас гэтага нападу Гарыны бацькі загінулі, аднак, калі Вальдэморт паспрабаваў забіць хлопчыка, аніхто ня ведае чаму, ён страціў усю сваю моц і знік, пакінуўшы маланкападобны шнар ад праклёна на Гарыным ілбе.

Вось таму Гары і быў выхаваны сястрой яго маці – цёткай Пятуньей і яе мужам. Дзесяць год ён пражыў у Дурслеўскім доме, не разумеючы, чаму сам таго не жадаючы робіць разнастайныя дзівосныя рэчы і ўпэўнены, што свой шнар ён атрымаў падчас аўтакатастрофы ў якой загінулі яго бацькі.

Аднак, год таму, Гары атрымаў ліст з Хогвартса і даведаўся аб тым, што адбылося на самой справе. Пасля чаго, хлопчык апынуўся ў чарадзейскай школе, дзе ён і яго шнар былі вельмі знакамітымі... але цяпер заняткі ў школе скончыліся і Гары быў вымушаны вярнуцца да Дурслі, якія ставіліся да хлопчыка, як да сабакі, які выкачаўся ў нечым смярдзючым.

Дурслі нават не ўспомнілі пра тое, што яму сёння споўнілася дванаццаць год. Ня тое, каб Гары чакаў ад ніх чагось незвычайнага - ён за ўсё жыццё не атрымаў ад Дурслі аніводнага прыстойнага падарунку, не кажучы аб торце... - але, каб вось так... цалкам праігнараваць яго...

Тут дзядзька адкхекаўшыся, ганарліва прамовіў:

- Як вы ведаеце, сёння, найважлівейшы для ўсіх нас дзень.

Ня ведаючы, ці верыць яму ўласным вушам, Гары паглядзеў на дзядзьку.

- Гэта дзень, калі можа адбыцца найбуйнейшая здзелка ў маёй кар’еры,- дадаў Вернан.

Гары вярнуўся да спажывання тосту. Вядома ж, з тугой падумаў ён, дзядзька зноў кажа, аб сваёй дурацкай вячэры. Ані аб чым іншым, ён апошнія два тыдні і не казаў. Містэр Дурслі запрасіў у госці нейкага багатага будаўніка і яго жонку, мяркуючы атрымаць ад яго буйны заказ (кампанія дзядзькі Вернана займалася вытворчасцю дрыляў).

- Давайце, ўсё яшчэ раз паўтарым,- прамовіў дзядзька.- Яны павінны завітаць да нас а восьмай вечара. Дзе ты будзеш, Пятунья..?

- Я буду чакаць іх ў гасцёўне,- выпаліла цётка,- каб ласкава запрасіць іх у наш дом.

- Вельмі выдатна. А ты Дадлі?

- Я буду чакаць іх ля дзвярэй.- Дадлі нацягнуў на твар дурную ўсмешку.- «Дазвольце прыняць вашыя палітоны, містэр і місіс Мэйсан?

- Яны папросту закахаюцца ў нашага хлопчыка!- у захапленні ўсклікнула Пятунья.

- Выдатна, Дадлі,- дадаў дзядзька Вернан. Потым ён развярнуўся да Гары.- А ты?

- Я буду ціхенька сядзець у сваім пакоі, быццам мяне і не існуе,- ціха прамовіў хлопец.

- Вось вось,- са злосцю заўважыў містэр Дурслі.- Потым, я пазнаёмлю іх з табой, Пятунья і прапаную ім напоі. А чвэрці на дзявятую...

- Я запрашу іх за стол.- адказала цётка.

- Дадлі, што ты павінен сказаць..?

- «Ці магу я праводзіць вас да сталовай, місіс Мэйсан?»- прапанаваўшы сваю тлустую руку нябачнай жанчыне, прамовіў Дадлі.

- А мой ты, маленькі джэнтльмен!- уздыхнула місіс Дурслі.

- А што наконт цябе?- пагрозліва спытаўся дзядзька ў Гары.

- Я буду ціхенька сядзець у сваім пакоі, быццам мяне і не існуе,- абыякава адказаў той.

- Менавіта. А цяпер мы павінны прыдумаць, як падчас абеду, стварыць аб сябе добрае ўражанне. У каго ёсць ідэі? Пятунья?

- «Вернан распавядаў мне аб тым, як вы добра граеце ў гольф, місэр Мэйсан...», «А дзе вы набывалі сваю сукенку, місіс Мэйсан...»

- Пышна... Дадлі?

- Як наконт: «У школе мы пісалі сачыненні на тэму «Мой герой» і я напісаў аб вас, містэр Мэйсан».

Як для цёткі Пятуньі, так і для Гары падобнае было ўжо нечым занадтым. Цётка заплакала і кінулася абдымаць сына, а Гары нырнуў пад стол, каб аніхто не убачыў як ён рагоча.

- А ў цябе якія ідэі, хлопча?

З усіх сілаў намагаючыся выглядаць сур’ёзным Гары прамовіў:

- Я буду ціхенька сядзець у сваім пакоі, быццам мяне і не існуе.

- Цалкам маеш рацыю,- шалёна крыкнуў дзядзька.- Мэйсаны анічога пра цябе ня ведаюць і няхай так і застаецца. Так, пасля вячэры, ты, Пятунья, запросіш місіс Мэйсан у гасцёўню на каву, а я тым часам перавяду тэму размовы на дрылі. І, калі пашанцуе, я буду мець на руках паперу з подпісам і пячаткай яшчэ да пачатку дзесяцігадзінных навінаў. А заўтра ў гэты ж час мы будзем хадзіць па крамах, каб набыць сёе-тое дзеля адпачынку на Маёрцы.

Гары, дарэчы гэта аніяк не ўзбуджала. Ён быў упэўнены, што на Маёрцы разам з Дурслі яму будзе не лепш чым на Прайвет Драйв.

- Добра... цяпер я паеду ў горад, па смокінгі для нас з Дадлі, а ты,- грыкнуў містэр Дурсі Гары,- ты, не таўчыся пад нагамі ў цёткі, пакуль яна прыбіраецца.

Гары, праз заднія дзверы выйшаў надворак. На вуліцы быў ясны, сонечны дзень. Гары перасёк траўнік, бухнуўся на садовую лаўку і праспяваў сабе пад нос: «З днём нараджэння мяне... з днём нараджэння мяне...»

Ані картак, ані падарункаў, а вечар ён правядзе так, быццам яго не існуе. Ён маркотна вытарапіўся на плот. Аніколі ў жыцці ён не адчуваў сябе гэдак самотна. Больш за ўсё, нават больш за квідытч, ён сумаваў па сваім лепшым хогвартскім сябрам Рону Візлі і Герміёне Грэйнджэр. Хоць, здавалася, яны па ім не сумавалі ўвогуле. За ўсё лета яны не даслалі яму аніводнага ліста, хаця Рон збіраўся напісаць яму і запрасіць Гары ў госці.

Безліч разоў, Гары быў гатовы адчыніць клетку з Хэдвік з дапамогаю магіі, каб даслаць ліст Рону і Герміёне, але вырашыў, што не варта рызыкаваць. Непаўналетнім чараўнікам забаранялася карыстацца магіяй па-за межамі школы. Хаця Дурслі хлопчык аб гэтам не распавёў, бо ведаў: яны баяцца, што Гары перавараціць іх на гнаявікоў, ці яны зачынілі б яго ў каморы пад лесвіцай разам з мятлой і чароўнай палачкай. Першыя пару тыдняў Гары атрымліваў асалоду, калі марматаў сабе пад нос розныя бессэнсоўныя словы і глядзеў, як Дадлі ляціць з пакою з усіх сваіх тлустых ног. Але доўгае маўчанне сяброў, прымусіла хлопчыка адчуць сябе цалкам адрэзаным ад чарадзейскага свету, таму нават здзекі з Дадлі згубілі сваю прывабнасць. І вось цяпер Рон і Герміёна забыліся, пра Гарын дзень нараджэння.

Хлопчык аддаў бы, што заўгодна за паведамленне з Хогвартса. Ці ад кагось з чараўнікоў. Ён быў бы рады нават сустрэцца са сваім лютым ворагам Драко Малфоем, толькі, каб ведаць, што ўсё гэта ані не было сном...

Канечне, за той час, што Гары правёў у Хогвартсе ня ўсё было такім добрым. Напрыканцы навучальнага года, хлопчык зноўку воч на воч сутыкнуўся ня з кім іншым, як з самім Лордам Вальдэмортам. Канечне, той уяўляў сабой толькі ўспамін аб сабе мінулым, але ён зрабіўся яшчэ жахлівейшым, яшчэ больш хітрым і з усіх сіл жадаючым вярнуць сабе мінулую моц. Гары ўжо другі раз выслізнуў з яго кіпцюроў, але ў яго гэта атрымалася найневерагоднейшым цудам і колькі тыдняў пасля, ён, абліваючыся халодным потам, прачынаўся па начах, прыпамінаючы поўны лютасці твар Вальдэморта, з шырокімі шаленымі вачыма; разважаючы, куды ён цяпер схаваўся...

Гары выпрастаўся на лаўцы. Ён рассеяна паглядзеў на жывую загароджу, а ЗАГАРОДЖА ГЛЯДЗЕЛА НА ЯГО. Аднекуль з лістоты на яго спазіралі два вялізных зялёных вока.

Нечый здзеклівы голас, ад нечаканасці прымусіў Гары ўскочыць на ногі.

- А я ведаю, які сёння дзень,- праспяваў Дадлі і перавальваючыся наблізіўся да Гары.

Вялізныя вочы міргнулі і зніклі.

- Што?- не адрываючы вачэй ад плота, спытаўся Гары.

- Я ведаю, які сёння дзень,- паўтарыў Дадлі.

- Супэр,- адказаў Гары,- нарэшце ты вывучыў усе дні тыдня.

- Сёння твой дзень народзінаў,- з усмешкай паведаміў Дадлі.- А дзе твае віншавальныя карткі? Хіба і сярод сваіх вычвараў ты не знайшоў сяброў?

- Тваёй маці лепей не чуць аб маёй школе,- халодна прамовіў Гары.

Дадлі падцягнуў штаны, што спаўзлі з яго тлустага азадка.

- Ты чаго на загароджу вытарапіўся?- з падазронам спытаўся ён.

- Спрабую вырашыць, якой замовай яе лепш падпаліць,- адказаў Гары.

Дадлі імгненна адхіснуўся назад, на яго тлустым твары залунала паніка.

- Ты н-не зробіш гэта... тата загадаў табе не карыстацца м-магіяй... ён сказаў, што выкіне цябе з дома... і цябе няма куды будзе пайсці... ты ж не маеш сяброў...

- ДЖЫГЕРЫ ПОКЭРЫ!- шалёным голасам прамовіў Гары.- Фокус-покус... сквіглі-віглі...

- МАААМААА!- загаласіў Дадлі і спатыкаючыся аб ўласныя ногі, кінуўся да хаты.- МААМААА! Ён робіць, сама ведаеш што!

Гэтая забава задорага каштавала Гары. Ані загароджа, ані Дадлі ніяк не пацярпелі, таму цётка Пятунья здагадалася, што Гары не чараваў па сапраўднаму, але ён ледзь паспеў адхіліцца, калі амаль на яго галаву апусцілася мыльная патэльня. Потым цётка панадавала яму працы і пагразіла, што пакуль ён усё не зробіць, ён не атрымае ежы.

Пакуль Дадлі басцяўся паблізу з марозівам, Гары мыў вокны, машыну, касіў траўнік, упрыгожваў клумбы, падразаў і паліваў ружы ды перафарбоўваў садовую лаўку. Сонца неміласэрна паліла яго патыліцу. Ён ведаў, што не патрапіў бы на Дадліну прынаду, калі б той не агучыў яго ўласныя думкі... можа ў яго і не было сяброў у Хогвартсе...

- Хацеў бы я, каб яны цяпер паглядзелі на знакамітага Гары Потэра,- раззлавана падумаў ён, угнойваючы клумбы. Яго спіна страшэнны балела, а па твары цяклі струменчыкі поту.

Было а палове на восьмую, калі яго ўшчэнт змучанага нарэшце паклікала цётка.

- Хадзі сюды! Толькі па газэтах!

Гары з палёгкаю апынуўся ў цяністай, бліскучай кухні. На халадзільніку ён убачыў пудзінг – вялізную гору ўзбітай сметанкі ўпрыгожанай цукровымі фіялкамі. А ў духоўцы шкварчэў вялізны кавалак свініны.

- Хуценька еш! Ці то хутка ўжо прыйдуць Мэйсаны!- гыркнула цётка, паказваючы Гары на кавалак сыра і два кавалкі хлеба на кухонным стале. Цётка была апранута ў жаўтлява ружовую кактэльную сукенку.

Гары вымыў рукі і прыняўся за сваю вартую жалю вячэру. Ледзь ён паспеў скончыць, як цётка шпульнула, яго талерку ў ракавіну і загадала:

- А цяпер наверх! Хуценька!

Прамінаючы гасцёўню, ён крайком вока пабачыў дзядзьку Вернана і Дадлі ў навюткіх смокінгах і гальштуках-бабачках. Толькі ён падняў нагу на першую прыступку сходаў, як ў дзверы пазванілі, а ля яго ўзнік раз’ючшаны дзядзька Вернан:

- Памятай, хлопча... адзін толькі гук...

Гары крадком дасягнуў свайго пакою, праслізнуў усярэдзіну, зачыніў дзверы і павярнуўся, каб паваліцца на ложак.

Але да яго жаху на ім ўжо нехта сядзеў.
РАЗДЗЕЛ IІ —
Перасцярога Добі
У Гары атрымалася не закрычаць, але ён быў блізкі да гэтага. На яго ложку сядзела істота з вялізнымі, падобнымі на крылы кажана, вушамі і пукатымі зялёнымі вачыма памерам з тэнісныя мячыкі. Гары зразумеў, што менавіта яна глядзела на яго сёння з загароджы.

Яны спазіралі адно на аднаго, а з першага паверху даносіўся голас Дадлі.

- Ці магу я прыняць вашыя палітоны, містэр і місіс Мэйсан?

Істота саслізнула з ложка і пакланілася так нізка, што кончыкам свайго доўгага носу дакранулася да дывана. Апранута яна была, як заўважыў Гары, у нешта нагадваючае старую навалачку з дзіркамі для рук і ног.

- Ммм... прывітанне,- знервавана прамовіў Гары.

- Гары Потэр!- прамовіла істота высокім голасам, які, як быў упэўнены Гары, быў чутны ажно ўнізе.- Вельмі доўга Добі жадаў сустрэцца з вамі, сэр... Гэта такі вялікі гонар...

- Д-дзякуй,- адказаў Гары, ён ціхінка прайшоў уздоўж сцяны і сеў на сваё крэсла, паблізу ад высокай клетцы, дзе спала Хэдвіг. Ён хацеў спытацца ў істоты, чым яна з’яўляецца, але вырашыў, што гэта прагучыць загруба, таму прамовіў.- А ты хто?

- Добі, сэр. Усяго толькі Добі. Добі – хатні эльф,- адказала істота.

- О... сапраўды?- сказаў хлопчык.- Не хачу быць грубым, ці штось падобнае... але зараз ня вельмі зручны час, каб у маім пакоі быў хатні эльф.

З гасцёўні пачуўся высокі фальшывы смех цёткі Пятуньі. Эльф апусціў галаву.

- Ня тое, каб я быў не задаволены тым, што ты сядзіш тут,- хутка прамовіў хлопчык,- але, ну, ці ёсць асаблівая прычына, каб ты сюды завітаў?

- О, так, сэр,- настойліва прамовіў Добі.- Добі прыйшоў паведаміць вам, сэр... гэта вельмі цяжка, сэр... Добі ня ведае з чаго пачаць...

- Прысядзь,- кажучы на ложак, ветліва сказаў Гары.

Да яго жаху, эльф імгненна... і вельмі шумна загаласіў.

- ПРЫСЕСЦІ!- пралямантаваў ён.- НІКОЛІ... НІКОЛІ ЯШЧЭ...

Гары быў упэўнены, што пачуў, як галасы унізе сціхлі.

- Прабач,- прашапатаў хлопчык.- Я зусім не жадаў цябе пакрыўдзіць.

- Пакрыўдзіць Добі?- быццам задыхаючыся, сказаў эльф.- Аніводзін чараўнік, яшчэ не прапаноўваў Добі сесці... як роўне...

- Шшш!- як мага больш суцяшальна прасыкаў Гары, аначасова спрабуючы пасадзіць Добі назад на ложак. Эльф сядзеў там, нагадваючы вялізную выродлівую ляльку, пакутуючую на ікаўку. Нарэшце, у яго атрымалася запанаваць над сабой. І ён сядзеў, пазіраючы на Гары сваімі вялізнымі вачыма, вадкімі ад замілавання.

- Ты пэўна не сустракаў годных чараўнікоў,- спрабуючы яго падбадзёрыць, сказаў Гары.

Добі кіўнуў галавой. Потым, нечакана ён ўскочыў на ногі пачаў біцца галавой аб раму акна з крыкамі:

- ДРЭННЫ! ДРЭННЫ Добі!

- Не... што ты робіш?- ускочыўшы на ногі і спрабуючы пасадзіць эльфа на ложак прасыкаў Гары. Ад паднятага гармідара Хэдвіг прачнулася і пачала з асабліва моцным віскам біцца крыллем аб краты сваёй клеткі.

- Добі павінен быў сябе пакараць, сэр,- адказаў эльф, з крыху касымі вачыма.- Добі амаль не сказаў благое аб сваёй сям’і...

- Сям’і?

- Сям’і чараўнікоў, якім Добі прыслугоўвае, сэр... Добі – хатні эльф... Добі абавязаны да самой смерці служыць у адным доме, адной сям’і...

- А ці яны ведаюць, што ты тут?- зацікаўлена спытаўся Гары.

Добі ўздрыгануўся.

- Вой, не, сэр, не... Добі прыйдзецца пасля пакараць сябе асабліва цяжка, за тое што прыйшоў да вас, сэр. Добі прыйдзецца прышчаміць сабе вушы засланкай. Калі б яны даведаліся, сэр...

- А яны не заўважаць, што ты прышчаміў сабе вушы?

- Добі сумняваецца ў гэтым, сэр. Добі ўвесь час прыходзіцца караць сябе за што-небудзь, сэр. Гаспадары дазваляюць яму гэта рабіць. А часам, нават загадваюць пакараць сябе дадаткова...

- Але чаму ты не сыйшоў ад іх? Чаму не ўцёк?

- Хатняму эльфу павінны даць свабоду, сэр. Але сям’я ніколі не адпусціць Добі...Добі будзе служыць сям’і пакуль жывы, сэр...

Гары здзіўлена вытарапіўся на эльфа.

- Я думаў, што найгоршае становішча ў жыцці, тое ў якім я буду яшчэ чатыры тыдні, - прамовіў ён.- Дурсі ў параўнанні з тваімі гаспадарамі паводзяць сябе па-чалавецку. А ці можна цябе неяк дапамагчы? Можа я паспрабую гэта зрабіць?

Гары імгненна пашкадаваў аб сваёй прапанове. Добі ізноў удзячна залямантаваў.

- Калі ласка,- у адчаі прашапатаў хлопчык,- калі ласка цішэй. Калі Дурсі цябе пачуюць, калі даведаюцца, што ты тут...

- Гары Потэр пытаецца, чым ён можа дапамагчы Добі... Добі чуў аб вашай велічы, сэр, але Добі ані ня ведаў аб вашай велікадушнасці...

- Усё што ты чуў аб маёй велічы, лухцень,- адказаў Гары, адчуваючы як палае яго твар.-Я нават не першы сярод сваіх аднагодак, вось Герміёна...

Але ён адразу ж супыніўся, бо ўспамін аб Герміёне прынёс яму толькі боль.

- Гары Потэр яшчэ і сціплы ды ціхмяны,- з пачцівасцю прамовіў Добі, яго агромістыя лупатыя вочы ажно зазіхацелі.- Гары Потэр нават анічога не кажа аб сваёй перамозе над тым, Чыё Імя Нельга Называць.

- Ты аб Вальдэморце?- спытаўся хлопчык.

- Ай, не вымаўляйце яго імя, сэр!- прыстукваючы свае кажанападобныя вушы, застагнаў Добі.- Ня трэба вымаўляць яго імя!

- Прабач,- хутка прамовіў Гары.- Я ведаю шмат людзей, якія ня любяць, калі я гэта раблю... мой сябра Рон...

Хлопчык зноў супыніўся. Успамін аб Роне таксама прынёс яму боль.

Добі нахіліўся да Гары, яго вочы зрабіліся падобнымі на фары.

- Добі чуў аб гэтым.- сіпата заявіў эльф.- Чуў, што колькі тыдняў таму, Гары Потэр зноў сустрэўся з Цёмным Лордам... І што ў Гары Потэра ЗНОЎ атрымалася пазбегнуць небяспекі.

Гары кіўнуў у адказ, вочы эльфа заблішчэлі ад слёз.

- Вох, сэр,- цяжка дыхаючы і выціраючы вочы кутком навалчкі, якая служыла яму вопрадкай, прамовіў Добі.- Гары Потэр адважны і мужны чалавек. Ён выкруціўся ўжо са столькіх небяспек! Але Добі прыйшоў, каб абараніць яго, папярэдзіць яго аб небяспецы, нават калі потым яму прыйдзецца зашчаміць свае вушы засланкай... ГАРЫ ПОТЭРУ НЯ ТРЭБА ВЯРТАЦЦА Ў ХОГВАРТС.

Запанавала цішыня, перапыняемая толькі стукам нажоў і відэльцаў на першым паверсе і гудам голаса дзядзькі Вернана.

- Ч-чаго?- заікаючыся прамармытаў Гары.- Але я павінен туды вярнуцца... першага верасня пачынаюцца заняткі. Толькі гэта падтрымлівае мяне ў глуздзе. Ты ня ведаеш, як мне тут цяжка. Мне няма ТУТ месца. Я прыналежу да таго свету... дзе Хогвартс.

- Не, не, не.- Добі завіскатаў і захістаў галавою так, што вушы пачалі пляскаць яго па шчоках.- Гары Потэр павінен застацца там, дзе ён будзе ў бяспецы. Ён завялікі і задобры, каб мы залішыліся без яго. Калі Гары Потэр вернецца ў Хогвартс, ён будзе ў смяротнай небяспецы.

- Чаму?- у здзіўленні спытаўся Гары.

- Існуе змова.- прашапатаў Добі, раптам яго пачало калаціць.- У гэтым годзе ў хогвартскай школе чарадзейства і вядзьмарства адбудуцца жахлівыя рэчы. Добі ведае аб гэтым ужо колькі месяцаў, сэр. Гары Потэр не павінен ставіць сябе ў небяспеку. Ён вельмі важны для нас усіх, сэр.

- Што за жахлівыя рэчы там адбудуцца?- імгненна спытаўся Гары.- Хто стварае змову?

Добі выдаў дзіўны выдушлівы гук, а потым пачаў шалёна стукацца галавой аб сцяну.

- Ну добра, добра!- схапіўшы эльфа за рукі і адцягнуўшы яго ад сцяны пракрычаў Гары.- Я зразумеў, што ты не можаш сказаць. Але чаму ты папярэджваеш мяне?- раптам у яго галаву прыйша непрыемная думка.- Чакай... а гэта аніяк не павязана з Валь... ой, прабач з Сам Ведаеш Кім? Толькі кіўні галавой?- паспешліва дадаў ён, заўважыўшы, як галава Добі зноўку наблізілася да сцяны.

Эльф павольна захістаў галавой.

- Не... змову ладзіць не той Чые Імя Нельга Называць, сэр.

Аднак вочы хатняга эльфа расшырыліся, быццам ён жадаў намякнуць на нешта, але Гары не зразумеў на што.

- А ён часам не мае брата?

Добі зноў адмоўна пахістаў галавой, а яго вочы пашырыліся да небяспечнай мяжы.

- Ну, я больш не магу прыпомніць анікога, хто можа стварыць у Хогвартсе, хоць нешта жудаснае,- заявіў Гары.- Тым больш, калі там ёсць Дамблдор... ты ж ведаеш Дамблдора?

Добі кіўнуў у адказ.

- Альбус Дамблдор – найвялікшы з хогвартскіх дырэктароў. Добі ведае пра яго, сэр. Добі яшчэ чуў, што Дамблдор быў здольны пазмагацца з Тым Чые Імя Нельга Называць, калі той быў на вяршыні сваёй магутнасці. Але, сэр,- яго голас ператварыўся на ледзь чутны шэпт,- ёсць СІЛЫ, якімі Дамблдор... якімі ня будзе карыстацца аніводзін прыстойны чарадзей...

І перш чым Гары паспеў яго супыніць, Добі саскочыў з ложка, схапіў настольную лямпу і прыняўся з аглушальным віскам біць ёй па сваёй галаве.

Раптам на першым паверсе запанавала цішыня. А две секунды пазней Гарына сэрца пачало шалёна калаціцца, ён пачуў як дзядзька Вернан пакідаў гасцёўню, кажучы:

- Напэўна Дадлі зноў пакінуў тэлевізар уключаным, шкода мая малая!

- Хутчэй! Залязай сюды- прасыкаў Гары, запхнуў Добі ў шафу, зачыніў дзверы і толькі паспеў легчы на ложак, як дзверы ў яго пакой адчыніліся.

- Якога... ЛІХА... ты... тут... тварыш.- наблізіўшы свой твар да Гарынага, праз зубы спытаўся дзядзька.- Ты толькі што сапсаваў кульмінацыйны момант майго жарту аб японскім гальфісце... яшчэ адзін гук, хлопча, і ты пашкадуеш, што нарадзіўся на свет!

Дзядзька валюхаста пакінуў пакой.

Дрыготкімі рукамі. Гары выпусціў эльфа з шафы.

- Ты бачыш, як я тут існую?- сказаў ён.- Цяпер разумееш, чаму я павінен павярнуцца да Хогвартса? Гэта адзінае месца дзе я маю... думаў, што маю сяброў.

- Сяброў, якія нават ня пішуць Гары Потэру?- з хітрыкамі ў голасе, спытаўся Добі.

- Спадзяюся, яны маюць... чакай,- змрочна спытаў хлопчык.- Адкуль ты ведаеш, што мае сябры не пішуць мяне?

Добі задыгаў нагой.

- Гары Потэр не павінен злавацца на Добі... Добі рабіў так, як палічыў лепшым для...

- ТЫ ШТО, ПЕРАХОПЛІВАЎ МАЮ ПОШТУ?

- Яны ўсе ў Добі,- адказаў эльф. Ён хуценька адступіў на колькі крокаў і выцягнуў са сваёй навалачкі тоўсты пачак лістоў. Сярод лістоў былі падпісаныя прыгожымі літаркамі Герміёны, неахайнай мазнёй Рона і крамзолямі якія маглі належыць толькі хогвартскаму палясоўшчыку Хагрыду.

Міргаючы, Добі занепакоена пазіраў на Гары.

- Гары Потэр не павінен злавацца... Добі спадзяваўся... што, калі Гары Потэр вырашыць, што сябры забыліся пра яго... Гары Потэр не пажадае вяртацца ў школу, сэр...

Але Гары ўжо не слухаў яго. Хлопчык паспрабаваў схапіць лісты, але Добі быў спрытнейшым.

- Гары Потэр атрымае свае лісты, толькі калі дасць Добі абяцанне не вяртацца ў Хогвартс. Вох, сэр, вы не павінны ставіць сябе пад гэткую небяспеку. Абяцайце, што не вернецеся, сэр!

- Не!- раззлавана сказаў хлопчык.- Аддай мне лісты маіх сяброў!

- Тады ў Добі няма іншага выйсця,- з маркотай прамовіў эльф.

І перш чым Гары паспеў штосьці зрабіць, Добі кінуўся да дзвярэй, штуршком адчыніў іх... і кінуўся на першы паверх.

Гары, у якога імгненна перасохла ў роце і закруціла ў страўніку, намагаючыся не шумець, кінуўся следам за ім. Апошнія шэсць прыступак хлопчык адолеў у адзін скок, па кацінаму ціха апусціўся на дыванок, шукаючы вачамі Добі. Ён пачуў, як у сталовай дзядзька Вернан кажа: «...містэр Мэйсан, мая жонка Пятунья, памірае, як хоча пачуць тую вашу смешную гісторыю аб амерыканскіх сантэхніках...»

Праз хол, Гары забег на кухню і адчуў, як пахаладзела ў яго грудзях.

Кулінарны шэдэўр цёткі Пятуньі са смятанкі і цукровых фіялак павольна плаваў пад столлю, а непадалёк, на буфеце сядзеў Добі.

- Не рабі гэтага,- прахрыпеў хлопчык.- Калі ласка... ня трэба... яны ж заб’юць мяне...

- Гары Потэр павінен паабяцаць, што ня вернецца ў школу...

- Калі ласка... Добі...

- Паабяцайце, сэр...

- Не магу!

Добі з жалем на твары паглядзеў на хлопца.

- Дзеля дабра Гары Потэра, Добі вымушаны гэта зрабіць.

З грукатам, ад якога ў хлопчыка ледзь не супынілася сэрца, пудзінг абрынулся на падлогу. Сцены і вокны імгненна запырскаліся крэмам. Адчуўся гук, нагадваючы свіст пугі і Добі знік.

Са сталовай пачуліся крыкі, дзядзька Вернан уварваўся на кухню дзе знайшоў Гары, ушчэнт сшакаванага і з галавы да ног заляпанага цёткіным пудзінгам.

Першы час здавалася, што ў дзядзькі атрымаецца ўсё наладзіць. «Гэта наш пляменнік... у яго зусім дрэнна з галавой... ён баіцца чужых людзей, таму мы трымалі яго на другім паверсе...»- прамовіў ён перапуганым Мэйсанам, вяртаючы іх назад у сталовую. Потым, паабяцаўшы, што здзярэ па дробных кавалачках усю Гарыну скуру, калі адыйдуць госці, дзядзька ўпёр хлопчыку ў рукі швабру. Цётка знайшла ў лядоўні крыху марозева і пакінула Гары, які ўсё яшчэ дрыготкімі рукамі спрабаваў адчысціць кухню.

У дзядзькі Вернана амаль атрымалася ўсё наладзіць... але тут аб’явілася сава.

Цётка Пятунья ўжо частавала гасцей пасля вячэры мятнымі цукеркамі, калі праз адчыненае вакно сталовай заляцела агромістая сіпуха, кінула на галаву місіс Мэйсан канверт і адляцела прэчкі. Лямантуючы, як сірэна паветранай трывогі, місіс Мэйсан кінулася надворак. А містэр Мэйсан, затрымаўся, каб паведаміць Дурсі, што яго жонка смяротна баіцца ўсіх птушак, якога заўгодна памера і спытацца, як ім толькі ў галаву прыйшоў падобны жарт.

Гары стаяў пасярод кухні, трымаючыся за швабру, калі туды з дэманічным бляскам у вачах ўварваўся дзядзька, трымаючы ў руках кавалак пергаменту.

- Чытай!- размахваючы лістом, злосна прасыкаў дзядзька.- Ну... давай... прачытай!

Гары прыняў з яго рук пергамент. Ён быў упэўнены што гэта ані не віншаванне з днём нараджэння.


«Паважаны містэр Потэр,

Мы даведаліся, што сёння ў 21 гадзіну 12 хвілінаў па месцы вашага жыхарства была выканана замова лунання.

Як вы ведаеце, непаўнагадовым чараўнікам забароненна карыстацца магіяй па-за межамі навучальнай установы і калі па месцы вашага жыхарства адбудзецца новая спроба чараваць, гэта можа прывесці да вашага выключэння са школы (адпаведна пункту С, пастановы аб разумным абмежаванні непаўнагадовага чарадзейства ад 1875 года).

Таксама мы просім памятаць, што любая магічная дзейнасць сярод чальцоў немагічнай супольнасці (маглаў) з’яўляецца сур’ёзным правапарушэннем. (адпаведна артыкулу 13, статуту аб сакрэтнасці Сусветнай канфедэрацыі ведзьмакоў.)

Прыемных вакацый!

З шчырай павагаю,

Мафальда Гопкірк

Аддзел па адсочванню неправамернага выкарыстання магіі пры

Міністэрстве Магіі»
Гары адарваў вочы ад ліста і зглынуў.

- Ты нічога не сказаў нам аб тым, што цябе забаронена чараваць па-за межамі школы,- сказаў дзядзька Вернан, у яго вачах танчылі шалёныя агенчыкі.- Што, няўжо забыўся... ці можа з памяці спусціла..?

Ён насоўваўся на Гары, выскаліўшы зубы быццам вялізарны бульдог.

- У мяне ёсць для цябе адна навіна... ты будзеш замкнёны... і ты аніколі не вернешся да сваёй школы... ніколі... а калі ты паспрабуеш скарыстацца магіяй... яны тым больш цябе выкінуць!

З вар’яцкім смехам, дзядзька пацягнуў Гары наверх.

Усё сталася па яго слову. Наступнай раніцай, дзядзька выклікаў майстра, які ўсталяваў на вокны Гарынага пакою цяжкія краты. А сам містэр Дурслі прарэзаў у дзвяры Гарынага пакою адтуліну, як быццам для коткі, праз якую тройчы на дзень, хлопцу падавалася крыху ежы. Ранніцай і ў вечары, Гары выводзілі, каб той мог скарыстацца ваннай і прыбіральняй. Астатні час, хлопчык быў замкнёны ў пакоі.

*

Мінула тры дні, з боку Дурслі не выявілася аніякіх прыкметаў паляпшчэння яго становішча, а Гары не мог прыдумаць аніякага выйсця. Яму засталося толькі ляжаць на сваім ложку, назіраць, як сонечны дыск заходзіць за краты яго вакна і са шкадаваннем разважаць над тым, што з ім цяпер будзе.



Што будзе добрага, калі ён скарыстаецца магіяй, калі яго ўсё адно са школы выкінуць? Але цяпер, калі Дурслі даведаліся, што не прачнуцца зранку крыланамі і хлопчык згубіў сваю апошнюю зброю, яго становішча пагоршылася ніжэй чым колісь за ўсё яго жыццё. Добі выратаваў Гары ад жудасных падзей, што павінны адбыцца ў Хогвартсе, але што яму з таго, калі цяпер ён, напэўна ўсё адно памрэць з голаду.

Каціная адтукліна з грукатам адчынілася і адтуль паказалася цёткіна рука з талеркаю кансэрваванага супу. Гары, чые вантробы невыносна пакутавалі ад голаду, імгненна саскочыў з ложку і падняў талерку. Суп быў страшэнна халодным, тым ня менш хлопчык выпіў адным глытком большую частку. Потым, перасекшы пакой, ён падыйшоў да савінай клеткі і вытрас на яе талерачку волкую гародніну. Хэдвіг натапырыла пер’е і зірнула на гаспадара з глыбокай агідаю.

- Ня трэба круціць дзюбаю, гэта ўсё што мы маем,- змрочна сказаў ёй Гары.

Хлопчык пакінуў пустую талерку ля адтуліны і зноўку лёг на ложак. Ён адчуваў сябе яшчэ больш галодным.

Гары спадзяваўся, што ўсё ткі пражыве яшчэ чатыры тыдні. Цікава, што будзе, калі ён не аб’явіцца ў Хогвартсе? Ці дашлюць каго-небудзь, каб высвятліць, чаму ён адсутнічае? Ці яны здолеюць прымусіць Дурслі, каб яны яго выпусцілі?

Тым часам яго пакой ахутала цемрай. Адначасова змучаны буркатаннем ў жываце і крутанінай ад невырашальных пытанняў у галаве, Гары праваліўся ў неспакойны сон.

Ён прысніў, што апынуўся ў заапарку, дзе сядзеў на ложку з саломы у клетцы, да якой была прыбіта шыльда «Непаўнагадовы чараўнік». Людзі пазіралі на яго, змучанага і згаладалага. Потым у натоўпе ён заўважыў твар эльфа Добі, Гары паклікаў яго, просячы аб дапамозе, але той крыкнуў хлопчыку ў адказ: «Цяпер Гары Потэр у бяспецы, сэр!» і знік. Пасля да яго завіталі Дурслі, і Дадлі, голасна рагочучы, пачаў грукаць па кратах яго клеткі.

- Супыніся,- прамармытаў Гары, калі стук пачаў аддавацца болем у яго галаве.- Пакінь мяне ў супакое... Годзе... Я спаць хачу...

Гары расплюшчыў вочы. Праз краты на вакне яму ў твар свяцілася месячнае святло. Адтуль жа на яго глядзеў нехта – рабаціністы, рудавалосы і доўганосы.

З надворку на Гары пазіраў Рон Візлі.


  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка