Добры дзень, школа! Вас вітае школьнае радыё! Пры шляху шырокім




Дата канвертавання11.06.2018
Памер28.94 Kb.
Добры дзень, школа! Вас вітае школьнае радыё!

Пры шляху шырокім,

Дзе стаіць камора,

Я на свет радзіўся,

Пад глухі шум бору,

Позняю парою,

Восенню гнілою.



Менавіта Стаўбцоўскаму краю прысвечаны гэтыя бессмяротныя радкі Якуба Коласа, юбілей якога мы адзначаем напачатку лістапада. Дзе б ён ні знаходзіўся, паэт заўсёды з трапятаннем і смуткам успамінаў пра родны край, прысвяціў яму нямала радкоў, як вершаваных, так і празаічных.

Сяло Акінчыцы – не проста адна з вех на жыццёвым і творчым шляху песняра беларускай літаратуры Якуба Коласа. Гэта – яго калыска, тая самая маленькая радзіма, якая і падарыла нам будучага класіка ў далёкім 1882 годзе. Няхай яго сям'я і пражыла тут усяго чатыры месяцы, і няхай вёскі як такой ужо няма – яна стала ўскраінай горада Стаўбцы, але памяць пра гэту гістарычную падзею жыве і ўшанавана ў дзейным філіяле музея, што знаходзіцца ў Акінчыцах.

Сядзіба Якуба Коласа ў Акінчыцах уяўляе сабою цэлы комплекс дэталёва адноўленых гістарычных пабудоў. Яна складаецца з самаго дома, свірна, калодзежа і склепа. Сам па сабе дом зусім маленькі: толькі сенечкі ды адзін жылы пакой. Затое многім экспанатам, якія пададзены тут, ужо больш за сто гадоў!

Паколькі сям'я Якуба Коласа пражыла тут зусім нядоўга, ільвіную долю экспазіцыі складаюць рэчы сялянскага побыту канца XIX стагоддзя. Гэта і старадаўняя мэбля, і кошыкі, з якімі хадзілі за пакупкамі, і прадметы посуду, і калаўрот, а таксама дзіцячая калыска. Аднак прысутнічаюць і аналагі прадметаў, што належалі сям'і пісьменніка. Сядзіба прымае наведвальнікаў ужо больш трыццаці гадоў, пачынаючы з 1982 года.

Дарэчы, музей Якуба Коласа – гэта не толькі адна сядзіба, размешчаная ў межах горада Стаўбцы. Спадчыну такой уплывовай і легендарнай гістарычнай асобы была б вельмі праблематычна размясціць у рамкі адной маленькай сялянскай хаты. Таму і існуюць у Стаўбцоўскім раёне яшчэ цэлыя тры экспазіцыі, прысвечаныя розным этапам жыцця песняра.

Мемарыяльная сядзіба «Ласток» на Мікалаеўшчыне знаёміць наведвальнікаў з арыгінальным домам, дзе прайшло дзяцінства паэта і які захаваўся да нашых часоў у першародным выглядзе. Тут знаходзіцца экспазіцыя па матывах паэмы «Сымон-музыка», рукапісы і многае іншае. У мемарыяльнай сядзібе «Альбуць» сям'я паэта жыла з 1890 па 1904 гады, яна і стала ў выніку правобразам «Новай зямлі». Таму нядзіўнае, што ў Альбуці размешчана экспазіцыя па матывах менавіта гэтага твора. Літаратурна-мемарыяльны комплекс Якуба Коласа «Смольня» знаёміць з адноўленымі інтэр'ерамі, у якіх жыла сям'я паэта.

Усе чатыры экспазіцыі ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Мясціны Якуба Коласа напоўненыя жыццём і сёння. Яны ззяюць хараством летняй, квітнеючай прыроды. Яны захоўваюць традыцыі народнай культуры. Яны самой сваёй атмасферай заспакойваюць, натхняюць на роздум — і дзесьці ўнутры абуджаецца прага да родных песень, да добрых беларускіх вершаў. Шаноўная дэлегацыя неабыякавых людзей, шчыра ўлюбёных у паэтычнае слова Якуба Коласа, наведала радзіму песняра, каб дакрануцца да яго вытокаў і аддаць належную даніну памяці. Сюды ў чарговы раз запрашаем і мы вас, нашы паважаныя радыёслухачы.



З вамі былі вашы пастаяннныя вядучыя Да сустрэчы наступны чацвер



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка