Ду “Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна” Аддзел бібліятэказнаўства




Дата канвертавання30.12.2016
Памер125.82 Kb.
эмблема полная.jpg



ДУ “Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна”

Аддзел бібліятэказнаўства


c:\users\metod\pictures\0_7606d_73c04b8a_l.png

Жывой паэзіі крыніцы:

метадычныя парады да 100- годдзя з дня нараджэння Пятра Глебкі
Мінск 2015

Пятро Глебка
(06.07.1905 – 18.12.1969)
Біяграфія
Пятро Фёдаравіч Глебка нарадзіўся 6 ліпеня 1905 года ў вёсцы Вялікая Уса на Уздзеншчыне ў сям’і селяніна. Пасля заканчэння Уздзенскай сямігодкі (1923) працаваў сакратаром сельсавета. У 1924 г. паступіў у Мінскі педагагічны тэхнікум, з якога ў 1927 г. перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова быў сакратаром рэдакцыі часопіса «Узвышша» (1928–1930). Пасля заканчэння ўніверсітэта (1930) працаваў у рэдакцыях газеты «Калгаснік Беларусі», часопіса «Полымя рэвалюцыі», кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры СП БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны – у рэдакцыях франтавых газет «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь». Пад псеўданімам Язэп Касіла друкаваў сатырычныя творы ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» і ў «Партызанскай дубінцы». У 1943–1945 гг. – рэдактар выдавецтва ЦК КП(б)Б «Савецкая Беларусь», галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве. У 1944 г. прызначаны кіраўніком групы па складанні «Руска-беларускага слоўніка», у 1952–1956 гг. загадваў сектарам лексікаграфіі ў Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1956–1957 гг. з’яўляўся дырэктарам Інстытута мовазнаўства, у 1957–1969 гг. – дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.

Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.

Першыя вершы былі надрукаваны ў 1925 г. Аўтар кніжак паэзіі «Шыпшына» (1927), «Урачыстыя дні» (1930), «Арка над акіянам» (паэма, 1932), «Арлянка» (паэма, 1932), «Хада падзей» (вершы, паэмы, 1932), «Чатыры вятры» (1935), «Мужнасць» (вершы, паэмы, 1938), «Пад небам бацькаўшчыны» (вершы, паэмы, 1947), «Нашай славы зара» (вершы, паэмы, 1947), «Размова аб шчасці» (1948), «У тыя дні» (паэма, 1957), «Вершы» (1975), «На спатканні дарог» (1990). Для дзяцей выдадзены зборнікі паэзіі «Пад сцягам перамог» (1952), «Прывітанне Радзіме» (1961), «Вобразы роднай краіны» (1964), «Наш сцяг» (1972), «Наш лес» (1973), «Шчаслівы май» (1985). У 1952 г. выйшлі выбраныя творы Пятра Глебкі, у 1958 г.– Збор твораў у 2-х тамах, у 1969-1971 гг. – Збор твораў у 3-х тамах, у 1984-1986 гг. – Збор твораў у 4-х тамах.

Напісаў драматычную паэму «Над Бярозай-ракой» (1940, пастаўлена ў 1940), лібрэта оперы «Андрэй Касценя» (пазнейшая назва «Лясное водгулле», пастаўлена ў 1970), вершаваную драму «Святло з Усходу» (1957, пастаўлена ў 1957).



Жывой паэзіі крыніцы

Сцэнарый літаратурнай вечарыны да 100-годдзя з дня нараджэння Пятра Глебкі


(Зала ўпрыгожана партрэтам паэта і адпаведнай кніжнай выставай)
Чытальнік 1 Лета, на галаве вянок з кветак, на плячах зялёная хустка

Чытальнік 2 Зіма, у светлым адзенні, на плячах белая пуховая хустка

Чытальнік 3 Паэзія, аддзенне блакітнае, на плячах блакітная хустка

Вядучая у беларускім народным касцюме
Гучыць мелодыя “Купалінкі”
Лета:

Дрыжаць у шэрані бярозы,

Бялеюць снежныя палі.

Зімы вясёлкавая россып

Убрала срэбрам тапалі.
Зіма:

Трымціцца сонца на сувеях,

А гурбы снегу – да акон.

Пайду туды, дзе ветры веюць,

Імклівых дум рассыплю звон.
Лета:

І я люблю вясну, завеі,

Бо мы жывём у добры час:

Вясною шчасце пунсавее,


Зімою – радасць на вачах.

(Верш “Дрыжаць у шэрані бярозы”)



Вядучая:

Пятро Глебка, паэт, ардэнаносец, акадэмік Акадэміі навук Беларусі, быў выбітнай асобай і чалавекам, які карыстаўся аўтарытэтам сярод калег-навукоўцаў і творчай інтэлегенцыі. Служба ў войску зрабіла яго асабліва цярплівым і вынослівым. Ён мацнеў духам, мужна перажываў нягоды, заставаўся верным светлым пачуццям, ідэям і мэтам, многія з якіх увасобіў у вершах.

Простыя і душэўныя яго прыродаапісальныя вершы.
Лета:

Я не знаю месяца

Больш за май шчаслівага,

Калі пушчы цешацца

З гоману шумлівага;

Калі вербы ніцыя

Рвуцца ўвысь галінамі;

Калі скрозь пшаніцаю

Пахне над далінамі…

(Верш “На пачатку лета”)


Вядучая:

У вершы “Аб чым спяваюць салаўі?” – роздум і трывога, смутак і светлая надзея. Услед за салаўінай песняй ляціць душа паэта ў родны край, да малюнкаў бацькаўскай зямлі, да кветак на лузе, да каласоў на полі. У салаўіных песнях паэту нібыта чуюцца жывыя галасы родных ваколіц, маляўнічай беларускай прыроды.


Лета:

Аб чым спяваюць салаўі?

Я часта думаю над гэтым,

Калі вясёлыя гаі

І горкі смутак дум маіх

Птушыным шчэбетам сагрэты.


І сніцца мне мой родны край,

Мая далёкая радзіма,

Кляновы ліст, дубовы гай

І ружаваты небакрай,

Засланы злёгку белым дымам.
З руін на момант уваскрос

І шэлест лісця асцярожны,

І на шляху даўгі абоз,

І ў ценю ветлівых бяроз

З кійком і кайстрай падарожны…
Вядучая:

Пятро Фёдаравіч плённа працаваў над перакладамі твораў Пушкіна, Лермантава, Горкага, Маякоўскага, Пракоф’ева. Многа сіл і часу аддаваў ён навуковай працы, даследаванням паэзіі, публіцыстыкі, мовы. Неаднаразова ён прадстаўляў Беларусь на міжнародных форумах, у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Вяртаючыся з сесіі ААН, засумаваўшы ў далёкай замежнай краіне па роднай Бацькаўшчыне, Пятро Глебка напісаў вершы, поўныя гарачых пачуццяў, вялікай любві да свайго народа, да роднай зямлі. Гэта яскрава відаць у вершы “Беларусь”.


Паэзія:

З далёкай едучы краіны,

Я перасёк Заходні Буг:


  • Дзень добры, родныя мясціны,

Дзень добры, верны горад-друг!...
І вось ад Брэста да Краснога

Перада мной ва ўсёй красе

Лягла шырокая дарога –

Маскоўска-Брэсцкае шасэ.


Раз’езды, станцыі, паўстанкі,

Заводы, вёскі навакол;

З пявучай моваю сялянкі

Падносяць хлеб і малако;


Лета:

На спелых нівах ураджайных,

Ад краю ў край, ва ўсе канцы,

Махаюць крыламі камбайны,

Спяваюць жнеі і касцы;
О Беларусь, мая калыска,

Жыццё маё, прытулак мой!

З гарачаю любоўю нізка

Схіляюся перад табой.


Цяпер на ўсіх тваіх прасторах

Блакіт нябёс, блакіт азёр,

Блакіт ільну і…зоры, зоры –

Мільёны самых чыстых зор!


Паэзія:

Прымі ж паклон мой шчыры, нізкі,

Сагрэты чыстым пачуццём,

Мой родны край, мая калыска,

Маё бяссмертнае жыццё!
Вядучая:

У 1927 годзе выходзіць першая кніга вершаў маладога паэта “Шыпшына”. Значнае месца ў гэтым зборніку займаюць вершы, у якіх выяўлены юнацкія настроі і перажыванні.


Паэзія:

Васільковыя, сінія вочы,

Не пазнаць вашых дум-таямніц!

Калі вецер бярозу надточыць,

Дык і дуб нахіляецца ніц.
Так і сэрца маё спапялела:

Зірк вачэй для мяне быў агонь.

Стрэў на пожні яе з тварам белым,

Стрэў і сціснуў далонямі скронь.


З тых часоў у маіх вандраваннях

Сэрца сочыць блакіты вачэй,

І гучыць у напевах-прызнаннях

Сіні колер званчэй і званчэй…



Вядучая:

Зараз прагучаў верш “Вочы сінія”. У многіх вершах гэтага перыяду творчасці адчуваецца наследаванне А. Блоку і С. Ясеніну, пераклічка з М. Багдановічам і У. Дубоўкам, што сведчыць аб разнастайнасці літаратурных інтарэсаў паэта, яго імкненні да авалодання паэтычным майстэрствам.


Вядучая:

У зборнік “Шыпшына” увайшлі творы, напісаныя ў сярэдзіне 20-х гадоў. У іх – праўдзівасць думак і пачуццяў, за якой выразна ўстае своеасаблівае, бурнае і маладое жыццё беларускай вёскі. Паслухаем верш “Выйду я раніцай”.


Лета:

Выйду я раніцай з плугам у поле,

Поле – шырокі разлог;

Лес, нахіліўшыся голлем дадолу,

Голлем дадолу прылёг.
Вецер пракоціцца, будзячы нівы, –

Нівы калоссем шумяць,

Поўнячы грудзі і думкі імкліва,

Думкі імкліва ляцяць.


І распускаюцца дзіўныя краскі,

Краскі ўпрыгожылі луг,

Быццам не нівы, а нейкія казкі,

Нейкія казкі наўкруг.




Вядучая (загадкава, нетаропна):

А зараз давайце заплюшчым вочы і ўявім сабе, як скаваў мароз Усу, самотна сцішыўся на беразе альхоўнік, ды сям-там, каля берага, дзе мясціны менш хуткаплынныя, забалочаныя, шапаціць на ветрыку чарот. На душы становіцца пакутліва-трывожна, і перад усёй гэтай вечнасцю здаешся сам сабе такім маленькім, бы губляешся ў снежнай пустыні. Але весялей глянула сонца з-за чорнай, як перад дажджом, хмаркі, заіскрыўся, пераліўся дыяментамі снег, і незаўважна, нячутна ўваходзіць у сэрца дзіўная мелодыя прыроднай гармоніі, у якой нічога няма выпадковага і лішняга. Трэба толькі ўмець заўважаць прыгожае, адчуць яго. З боку дарогі пачуўся тупат каня, лёгкае слізганне саняў па ўезджаным снезе. Душа прачнулася ад млявай заспакоенасці. Ці не гэта адчуваў і ён, студэнт Беларускага педагагічнага тэхнікума, калі зімой, у канікулы, кіраваўся пехам з Узды дадому.


Зіма:

Зіма. Снягі. Мароз. Завеі.

Дарога звонкая, як сталь.

Бярозы ў шэрані сівеюць.

Палі бялеюць, як паркаль.
Люблю я раніцаю звонкай,

Запрогшы быстрага каня,

Імчацца ў лес, наперагонкі

З далёкім воблакам з паўдня.


А лес стаіць маўклівы ціха,

Не зварухне свайго галля…

Зіма, зіма…Бы ў цвеце ліпа,

У белым снезе ўся зямля.


Люблю я гэтым белым полем,

Дзе месяц пыл ацерушыў,

Назад варочацца паволі,

Драмаць на санях і ў цішы.


Снаваць за думкай думку…Бомы

То заміраюць, то гудуць.

У шлях, нікому невядомы,

Слупы дарожныя ідуць.


Бярозы ў шэрані сівеюць,

Палі бялеюць, як паркаль.

Зіма. Снягі. Мароз. Завеі.

Дарога звонкая, як сталь.


Вядучая:

Пачуўшы гэтыя шчырыя радкі, разумееш, што не мог не нарадзіцца ў П. Глебкі верш, які стаў песняй Бацькаўшчыне.


Паэзія:

Выходжу сцежкаю ў заснежанае поле,

Дарогі дальнія і клічуць і завуць,

Здаецца, мы й тугі не ведалі ніколі,

Бо думы зорныя нітуюць галаву.

Цудоўная зіма! Ірдзельныя абрусы,

Як для ўрачыстасці, пасланы на палях.

Мне свет увесь здаецца роднай Беларуссю, –

Такі на захад і на ўсход прасторны шлях!

Лета:

“Мне свет увесь здаецца роднай Беларуссю”, – з гэтага ўсведамлення непаўторнасці сваёй старонкі пачыналася ў Пятра Глебкі любоў да радзімы. А чалавек, які любіць па-сапраўднаму сваё, паважае і шануе тое, што дарагое і блізкае ўсім.


Вядучая:

Другі зборнік П. Глебкі “Урачыстыя дні” (1930) быў этапным у павароце да грамадскай, палітычнай і патрыятычнай тэм. У наступных даваенных зборніках вершаў і паэм “Хада падзей”(1933), “Чатыры вятры” (1935) і “Мужнасць” (1938) гучаць грамадскія матывы. Тут на першым плане ўспаміны пра гераічнае мінулае нашага народа, апяваецца радасць працы, плён дружбы ўсіх братніх народаў.


Паэзія:

Яна ідзе хадою дбайнай,

Напружана і чынна,

Спрацованых і занядбайных

Адзіная айчына.
І на прасторах земнай кулі

Грымяць мажныя крокі:

Над глыбінёю нашых вуліц

Будынкі высяць кроквы;


Над вышынёй узлётаў нашых

Заводы ўзносяць плечы;

Аркестры гучна граюць маршы

Над лёсам чалавечым.


І людзі ведаюць, як дбайна,

Напружана і чынна

Будуем мы для занядбайных

Адзіную айчыну.


Вядучая:

Зараз прагучаў верш “Адзіная Айчына” . У П. Глебкі шмат бадзёрых, сардэчных вершаў, у якіх вітаецца новае жыццё, росквіт краіны. Яркі прыклад – цудоўны верш 1944 г. “Вызваленаму Мінску”.


Паэзія:

Не марна мы таілі мару –

Яна збылася: у прасцяг,

Ярчэй ад полымя пажару,

Над Мінскам зноў узвіўся сцяг,

Чырвонай Арміі рукой

Пранесены праз люты бой.
І так навокал стала светла,

Што з гэтай радаснай пары

Глядзяць руіны болей ветла

І абгарэлыя муры,

Нібы на чорны дробны брук

Упалі зоры з шчодрых рук


І асвяцілі ўсю краіну.

На бляск узняўся цэлы люд,

І Мінску нашаму, як сыну,

Сталіца-маці шле салют:



  • За вернасць шчырую ў баях

Благаславёны ты ў вяках!
Лета:

Жыві ж, красуйся, горад стольны,

З руін да славы уставай,

Ты стаў ізноў навекі вольны,

І над табою з краю ў край

Гарыць чырвоны, яркі сцяг –

Знак адраджэння і жыцця.
Паэзія:

Мы золата, срэбра не маем,

Наш скарб небагаты і просты:

З заходу да ўсходу над краем

Красы зачарованай россып.
Па каліву фарбу да фарбы

З палетка, дубровы і нетры

Збіраю я гэтыя скарбы,

Каб іх не развеялі ветры.


Вядучая:

Так сцвярджаў Пятро Глебка. У яго паэзіі адлюстравалася жыццё рэспублікі, праца і барацьба беларускага народа на працягу больш чым чатырох дзесяцігоддзяў. Творчая спадчына Глебкі – неад’емная частка беларускай літаратуры.



Мастацкія творы:
Глебка, П. Аўтабіяграфія. – У кн. Пяцьдзесят чатыры дарогі. Аўтабіягр. беларус. пісьменнікаў. – Мн.: Дзяржвыд БССР, 1963. – С. 137–148.
Глебка, П. Вобразы роднай краіны : вершы і паэмы / Пятро Глебка ; уступ. арт. М.Грынчыка. – Мн. : Нар. асвета, 1964. – 219 с.
Глебка, П. На спатканні гадоў : вершы : [для ст. шк. узросту] / Пятро Глебка. – Мінск : Юнацтва, 1990. – 95 с. – (Паэтычная б-ка).
Глебка, П. Наш лес : вершы: для мал. шк. узросту / Пятро Глебка; іл. П.В. Калініна. – Мн. : Маст. літ., 1973. – 30 с.
Глебка, П. Пад небам бацькаўшчыны : выбр. творы / Пятро Глебка. –Мн. : Дзяржвыд БССР, 1947. – 535 с.
Глебка, П. Чатыры вятры : вершы / Пятро Глебка. – Мн. : Дзяржвыд Беларусi, 1935. – 207 с.
Аб жыцці і творчасці пісьменніка

Аўрамчык, М. Такі ён быў у жыцці / Мікола Аўрамчык // Знаёмыя постаці : нарысы : для ст. шк. узросту / Мікола Аўрамчык. – Мн.: Маст. літ., 2004. – С. 171–174.


Верабей, А. Шчырая і мужная песня паэта : [творчы шлях П. Глебкі]. – Полымя. – 1985. – № 7. – С. 196–203.
Вялюгін, А. Хараство жыцця і слова : [з успамін аб жыцці і творчасці П. Глебкі]. – Полымя. – 1980. – № 7. – С. 232–239.
Гесь, А. Навуковая дзейнасць пісьменніка / Аляксандр Гесь // Краязнаўчая газета. – 2005. – № 40. – С. 1.
Іванова, Г. Сваю творчую спадчыну ён завяшчаў народу / Г. Іванова // Веды. – 2005. – 1 ліп. – С. 8.
Лис, А. Поэт – академик Петро Глебка / Арсень Лис // Нёман. – 2005. – № 11. – С. 173–176.
Максімовіч, В. “…і сябе асудзіў на пакуты”: [жыццё і творчасць Пятра Глебкі] // Роднае слова. – 1995. – № 7. – С. 3–14.
Марціновіч, А. “Мне свет увесь здаецца роднай Беларуссю” : [П.Ф. Глебка] // Марціновіч, А. Дарога ў запаветнае : нарысы, артыкулы. – Мн., 1992. – С. 49–54.
Мураўёва, Т. “Хто верыць у сучаснае з душою…” / Таццяна Мураўёва // Роднае слова. – 2005. – № 7. – С. 6–8.
Несцяровіч, В. Б. Голас мужнасці і пяшчоты / В.Б. Несцяровіч // Пачатковая школа. – 2005. – № 7. – С. 27.
Рамановіч, Я. Паэзія драмы. – У кн.: Рамановіч Я. Знаёмыя сілуэты. Старонкі ўспамінаў. – Мн.: Маст. літ., 1974. – С. 128–138.
Шушкевіч, С. Слова пра Пятра Глебку. – У кн. Шушкевіч С. Вяртанне ў маладосць. Успаміны і нататкі. – Мн. : Беларусь, 1968. – С. 160–164.
Шырко, В. А. Дзе гамоніць Уса : [пра П. Глебку] // Шырко В. А. Дарагія мае землякі : кн. для вучняў. – Мн., 1991. – С. 60–72.
Ялатамцава, І. Святло душы паэта : успаміны пра Пятра Глебку : пераклад з рускай мовы / Ірына Ялатамцава // Роднае слова. – 2014. – № 3. – С. 71–75.
Яскевіч А. Імкненне да ідэалу/ Алесь Яскевіч // Полымя. – 2006. – № 2. – С. 181–184.
Жывой паэзіі крыніцы:

(метадычныя парады да 100- годдзя з дня нараджэння Пятра Глебкі)


Складальнікі: Мельнічак А.А.
Рэдактар: Законнікава Л.Р.

Адказны за выпуск:


Падпісана да друку

Тыраж экз. Заказ №


Рызограф Мінскай абласной бібліятэкі

імя А.С.Пушкіна

220005 г. Мінск, вул. Гікалы, 4



Мінская абласная бібліятэка імя А.С.Пушкіна


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка