Дунін-марцінкевіч вінцэнт іванавіч 1808 г. 29. 12. 1884 г.)




Дата канвертавання11.08.2018
Памер42.4 Kb.
ДУНІН-МАРЦІНКЕВІЧ ВІНЦЭНТ ІВАНАВІЧ

(4.2.1808 г. - 29.12.1884 г.)
В.Дунін-Марцінкевіч — паэт, драматург, тэатральны дзеяч.

В.Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся ў фальварку Панюшкавічы, што на Бабруйшчыне. Беларус па паходжанні, які, верагодна, меў шведскія карані. Вінцэнт скончыў Бабруйскае павятовае вучылішча, нейкі час вучыўся ў Пецярбургу пад апекай сваяка-біскупа С. Богуш-Сестранцэвіча, а з 1826 г. жыў і працаваў у Мінску.

З пачатку 1840-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч актыўна займаўся літаратурнай і тэатральнай творчасцю. Як акцёр удзельнічаў у спектаклях, выступаў на літаратурных вечарынах з чытаннем уласных твораў, разам са сваімі дзецьмі ладзіў музычныя канцэрты. Быў чалавекам вялікай энергіі і жыццядзейнасці, вясёлым і дасціпным. Гэта збліжала яго з іншымі творцамі, да яго гарнуліся многія людзі. Сябраваў з «вясковым лірнікам» Уладзіславам Сыракомлем, са знакамітым кампазітарам Станіславам Манюшкам. З часам В.Дунін-Марцінкевіч у беларускім культурна-мастацкім жыцці заняў вядучае месца.

Найбольшым яго клопатам было стварэнне свайго, нацыянальнага тэатра, ён напісаў аднаактовую п’есу «Рэкруцкі яўрэйскі набор», на аснове якой у 1841 г. была пастаўлена аперэта. У ёй В. Дунін-Марцінкевіч выканаў цэнтральную ролю. Спектакль быў добра ацэнены тагачасным друкам. Потым з’явіліся творы «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада».

Цэнтральнае месца ў драматургіі В.Дуніна-Марцінкевіча заняла «Сялянка», пазначаная аўтарам як опера. Гэты твор ён напісаў у першай палове 1840-х гг., у 1846 г. яна была выдадзена асобнай кніжкай. Пачалася доўгая - на працягу шэрага гадоў - праца па падрыхтоўцы пастаноўкі. Музыку напісалі С.Манюшка, К.Кжыжаноўскі. У акцёрскі склад уваходзілі дочкі пісьменніка Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў, а таксама Кжыжаноўскі, Ляўданскі, Лопат, Кабылінскі, Прушынскі і інш., усяго звыш 20 чалавек. З сялян в.Люцінка, што на Валожыншчыне, дзе ў1840-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч набыў фальварак і праводзіў у ім шмат часу, быў падрыхтаваны хор. Арганізаваны быў і аркестр. Прэм’ера адбылася 9 лютага 1852 г. на мінскай сцэне. Гэта дата ўпісана чырвоным радком у гісторыю беларускага тэатра.

Спектакль «Сялянка» арганічна спалучаў у сабе яркія камедыйныя фарбы, вострую сатыру і пранізлівы лірызм. У ім высмейваліся несправядлівасць, дэспатызм, пагарда да свайго, беларускага і ўслаўляліся просты люд, яго светапогляд, апявалася прыгажосць роднай прыроды. Гэта было яркае, уражлівае відовішча, заснаванае на сінтэзе драматычнага, музычна-вакальнага і танцавальнага мастацтва, якое канцэнтравала ў сабе тагачасныя прафесійныя дасягненні і багатыя народныя традыцыі. Асаблівым поспехам карыстаўся выканаўца галоўнай ролі Навума Прыгаворкі сам В. Дунін-Марцінкевіч, які ў поўным сэнсе быў душою ўсяго спектакля.

Пастаноўка «Сялянкі» адгукнулася гучным рэхам у друку. Але далейшы паказ уладамі быў забаронены. Спектакль працягвалі іграць на прыватных кватэрах ці ў прыстасаваных памяшканнях у Мінску, Бабруйску, Слуцку, Глуску і іншых гарадах. Вядомы паказы да 1856 г.

Не спадзеючыся яшчэ раз атрымаць выхад на шырокую аўдыторыю, В. Дунін-Марцінкевіч піша п’есы больш камернага характару, разлічаныя на так званы хатні тэатр. Асаблівы ўціск з боку ўлад ён адчуў пасля падаўлення паўстання 1863— 1864 гг. над кіраўніцтвам К.Каліноўскага. Абвінавачаны за актыўную падтрымку гэтага паўстання, за распаўсюджванне адозваў і пракламацый, В.Дунін-Марцінкевіч быў зняволены і больш за год прасядзеў у астрозе.

I хоць ён вынаходліва абараняўся і даказаць яго віну не ўдалося, творцу было забаронена знаходзіцца ў Мінску. Ён быў прымушаны бязвыезна жыць у Люцінцы пад амаль пастаягшым наглядам паліцыі.

Аднак В.Дунін-Марцінкевіч не здаваўся, зламаць яго як творцу не ўдалося, ён працягваў займацца літаратурнай справай. У 1866 г. завяршыў фарс-вадэвіль «Пінская шляхта», у 1870 г. - фарс-вадэвіль «Залёты», па-майстэрску спалучаючы абодва гэтыя жанры. У першым з іх сатырычна высмейваюцца шляхецкая ганарыстасць, беззакон­ие, якое творыць царскі суддзя, у другім - ваяўні-чая нахабнасць, ліхвярства.

У Люцінцы В. Дунін-Марцінкевіч арганізаваў школку для сялянскіх дзяцей, у якой выкладала яго дачка. Па ўспамінах аднаго з вучняў, пазней вядомага пісьменніка Ядвігіна III., да кожнага свята В. Дунін-Марцінкевіч пісаў новую п’есу, па якой ставілі ў школцы спектакль і паказвалі яго мясцовым жыхарам.

Памёр у Люцінцы, пахаваны на Тупалеўскіх могілках (на Валожыншчыне, непадалёк ад Люцінкі). Пасля яго смерці дом у Люцінцы згарэў, лёс рукапісаў пакуль невядомы.

Постаць В. Дуніна-Марцінкевіча даволі трагічная - многае, на што ён быў здатны, не па ўласнай віне засталося няздзейсненым, значная, а магчыма і вялікая колькасць твораў - страчана.

В. Дунін-Марційкевіч з’яўляецца заснавальнікам новай беларускай літаратуры, прафесійнай нацыянальнай драматургіі, тэатра сучаснага тыпу. Цяпер выдаюцца і перавыдаюцца ўцалелыя творы, па п’есах ставяцца новыя спектаклі. Адна з вуліц Мінска носіць імя знакамітага дзеяча. Магілёўскаму абласному тэатру драмы і камеды’і, які працуе ў Бабруйску, нададзена імя В. Дуніна-Марцінкевіча. Тут раз у два гады праводзіцца рэспубліканскі фестываль беларускай драматургіі імя В.Дуніна-Марцінкевіча. Ля будынка тэатра ўстаноўлены мармуровы бюст. Помнік узвышаецца і над магілай творцы, а мураваны фундамент згарэлага і пакуль не адноўленага дома ў Люцінцы абкружае здзічэлы бэз, прапрадзед таго, што рос пры В. Дуніну-Марцінкевічу. На вялікім падворышчы былога фальварка перыядычна праводзяцца розныя святы, фэсты. Славутасцю гэтай прыгожай мясціны да нядаўняга часу была высачэзная, разгалістая ліпа, пад якой працаваў і адпачываў В. Дунін-Марцінкевіч. Яна ўрэшце не вытрымала наступу часу, павалілася. Але побач пасадзілі новую, маладую ліпку, якая расце, набірае жыватворныя сілы.


Крыніца:

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч // 250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур / адказны за выпуск А. М. Сасім. – Мінск, 2008. – С. 344–346.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка