Два каласы – дзве праўдзівыя песні! Поплеч, як сёстры ідуць у свет Колькі вы радасці людзям прынеслі




Дата канвертавання31.12.2016
Памер439 b.


Два каласы – дзве праўдзівыя песні!

Поплеч, як сёстры ідуць у свет...

Колькі вы радасці людзям прынеслі,

Колас жытнёвы і Колас – паэт!

Р. Тамола

Сярод славутых імён, якімі па праву ганарыцца беларускі народ, Якубу Коласу належыць адно з самых пачэсных месц. Геніяльны мастак слова, выразнік настрояў і ідэалаў беларускага грамадства першай паловы XX ст., сапраўдны народны пісьменнік Якуб Колас стаў не толькі заснавальнікам найноўшай беларускай літаратуры, але і цэлай эпохай у ёй і ў жыцці сваёй радзімы.

Колас! Колькі ў гэтым слове чалавечага сэнсу і цяпла! Колас - гэта хлеб, гэта само жыццё. І не выпадкова, наш пясняр, чыё сэрца было поўна да краёў гукамі самога жыцця, у далёкі час, калі ён пачынаў свой творчы шлях, спыніўся на такім літаратурным імені.

Ужо сам псеўданім быў як бы літаратурным сцягам маладога паэта, які збіраўся ў вялікую дарогу, яго дэкларацыяй, якой ён заявіў, што ўся яго творчасць будзе і павінна ісці ад самога жыцця, чэрпаць з яго, як з найглыбейшай крыніцы, думкі і надзеі, матывы і фарбы, што яна стане часцінай самога жыцця народа, выказнікам яго смутку і радасці.

Раман Сабаленка "Наш Колас"

Ён чараўнік.

Ён ведаў словаў сілу,

Якія кажа сейбіт да раллі.

Сыпнуў ён зерне - буйна ўскаласіла,

Краса тых слоў па ўсёй яго зямлі.

Г. Кляўко

Яго светлая і чаруючая паэзія – гэта жывое дыханне народа, увасабленне яго мудрасці, яго любві да жыцця, да працы, яго спрадвечнага імкнення да свабоды і шчасця чалавека.

М. Лынькоў

Якуб Колас нарадзіўся 3 лістапада 1882 года ў засценку Акінчыцы



Маці мая, Ганна Юр’еўна з Лёсікаў, зусім няграматная, але разумная ад прыроды і добрая жанчына.

Я. Колас. “Аўтабіяграфія”

Бацька мой, Міхаіл Казіміравіч Міцкевіч, быў лесніком. Чалавек ён быў невялікай адукацыі: умеў распісацца, чытаць па-польку і па-руску.

Я. Колас. “Аўтабіяграфія”

Ласток – прытулак ранняга дзяцінства паэта



У 1891 годзе Міхаіл Казіміравіч з сям’ёй пераязджае ў леснічоўку Альбуць

Каля пасады лесніковай

Цянуўся гожаю падковай

Стары, высокі лес цяністы.

Тут верх асіны круглалісты

Сплятаўся з хвоямі, з дубамі,

А елкі хмурымі крыжамі

Высока ў небе выдзялялісь,

Таемна з хвоямі шапталісь.

Я. Колас. “Новая зямля”

Жыццё ў Альбуці, маляўнічыя навакольныя краявіды, цікавыя апавяданні розных падарожных, якія, як успамінаў пазней пісьменнік, раскрывалі яму новы свет разуменняў і ўяўленняў, пакінулі значны след у душы юнага Костуся. Слухаў ён і беларускія песні, якія спявала маці. Вялікі аўтарытэт меў у падлетка дзядзька па бацьку — Антось, які першы абудзіў цікавасць да літаратуры. Костусь сам навучыўся рускай грамаце.

У Альбуці Якуб Колас вучыўся дома ў так званага “дарэктара”. Пазней “дарэктар” (Іван Васільевіч Міцкевіч) стаў прафесійным настаўнікам

У дзве нядзелькі па пакровах

Прывезлі Яську ў лапцях новых...

А сам дарэктар, з вузел ростам,

Ў сваім уборы бедным, простым,

У зрэбных портках і кашулі,

Стаяў, як бы яго прыгнулі,

Такім мізэрным і маўклівым,

Ў халаце суконным сівым.

Я. Колас. “Новая зямля”

Прыкладна ў 10-гадовым узросце пад уплывам твораў Крылова Костусь склаў байку «Варона і Лісіца».

У 1898 годзе Якуб Колас паступае ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, дзе правучыўся чатыры гады

Рэжым быў суровы, манастырскі. Адносіны настаўнікаў да выхаванцаў былі грубыя. Але семінарыя мела тое добрае значэнне, што прывучала да працы, дысцыпліны, парадку.

Я. Колас “Аўтабіяграфія



Вельмі паўплываў на будучага паэта выкладчык семінарыі

Ф.Кудрынскі, які ухваліў літаратурныя практыкаванні маладога К. Міцкевіча і звярнуў увагу на большую вартасць напісанага ім па-беларуску. "Вось дзе Ваша сапраўднае прызванне", — адзначыў выкладчык.

Скончыўшы ў 1902 годзе Нясвіжскую семінарыю, Я. Колас едзе працаваць на Палессе

Настаўнічаў у вёсках Люсіна Ганцавіцкага раёну (1902—1904), Пінкавічы Пінскага раёну (1904—1906)

За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе 10 ліпеня 1906 года быў звольнены.

Зімой 1906—1907 гг. жыў ва ўрочышчы Смольня, дзе без афіцыйнага дазволу адкрыў прыватную школу. Пачаў складаць навучальны дапаможнік «Другое чытанне для дзяцей беларусаў».

Пачатак літаратурнай дзейнасці

1 верасня 1906 г. у віленскай беларускамоўнай газеце "Наша доля" з'явіўся верш — "Наш родны край", у якім аўтар называў родную зямлю "беднай старонкай", "забытым Богам краем". Гэта першы надрукаваны твор паэта. Тут упершыню быў выкарыстаны псеўданім Якуб Колас.

Псеўданімы Якуба Коласа

Тарас Гушча, Карусь Лапаць,

К. Адзінокі,

К. Альбуцкі, Андрэй- "сацыяліст", Тамаш Булава, Ганна Груд, Мікалаевец, Лесавік і іншыя.

У маі-чэрвені 1907 г. працаваў у газеце «Наша ніва» ў Вільні, быў загадчыкам літаратурнага аддзелу, але на загад паліцыі мусіў пакінуць Вільню.

У 1908 годзе — праца ў прыватнай школе ў вёсцы Сані Талачынскага раёну.

У 1910 у Вільні надрукаваны першы зборнік вершаў «Песні жальбы» (напісаны ў 1906—1909). Высокую ацэнку гэтым раннім творам Якуба Коласа даў вядомы рускі пісьменнік Максім Горкі.

Пасля выхаду з турмы з верасня 1911 па 1914 Якуб Колас займаўся настаўніцкай працай: некалькі месяцаў без афіцыйнага дазволу навучаў дзяцей чыгуначнікаў у мястэчку Лунінец, у 1912—1914 пасля атрымання пасведчання аб дабранадзейнасці працаваў настаўнікам спачатку ў вёсцы Купяцічы недалёка ад Пінска, потым у Пінскім 3-ім прыходскім вучылішчы.

Улетку 1912 года Якуб Колас упершыню сустракаецца з Янкам Купалам

У Беларусі ёсць два паэты: Янка Купала і Якуб Колас – вельмі цікавыя хлопцы... Проста пішуць, так ласкава, сумна, шчыра. Нашым бы крыху гэтых якасцей. Вось бы добра было.

М. Горкі



У чэрвені 1913 Я. Колас узяў шлюб з Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, з якой яны пражылі разам больш за 30 гадоў, мелі трох сыноў

"… У 1912 годзе я пазнаёміўся з маладой настаўніцай Пінскай чыгуначнай школы. Прозвішча яе было Каменская. Так у маё жыццё ўвайшла Марыя Дзмітрыеўна. Добра было б зірнуць на ўсё, што я пісаў у той час ёй і пра яе. Я саромеўся тых вершаў… У друк, вядома, нічога не падаваў, няёмка адбіраць месца ў газеце і час у людзей на сваё, што толькі мне належыць…".

М. Лужанін "Колас расказвае пра сябе”



У 1912 у Вільні выходзіць яго зборнік «Апавяданні», у 1913 у Санкт-Пецярбургу асобнымі выданнямі апавяданні «Нёманаў дар», «Тоўстае палена», зборнік вершаваных апавяданняў «Прапаў чалавек». Галоўная тэма гэтых твораў — жыццё беларускага сялянства.

Падчас 1-ай сусветнай вайны ў 1915 у сувязі з набліжэннем фронту Я. Колас разам з сям'ёй эвакуіраваўся ў Маскоўскую губерню, дзе быў мабілізаваны на вайсковую службу. Пасля заканчэння Аляксандраўскага ваеннага вучылішча (Масква, 1916) служыў у запасным палку ў г. Пермі. Летам 1917 у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт, але ў хуткім часе ў сувязі з хваробай атрымаў адпачынак і паехаў да сям'і ў горад Абаянь (цяпер Курская вобласць Расіі). Як настаўнік быў вызвалены ад вайсковай службы і працаваў выкладчыкам, школьным інструктарам у г. Абаяні і яго наваколлі.

Разлучыўся салдат з сваёй роднай сям'ей,

Развітаўся ён з домам сваім.

Знае лес баравы, дзе дыбаў ён ступой,

Што за думкі віліся над ім…

Я. Колас "Думкі салдата”

У маі 1921 года Якуб Колас пераязджае ў Мінск і становіцца выкладчыкам Мінскага педагагічнага каледжа і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Колькі Коласавых вучняў выйшла на заслужаных і незаслужаных, тым не менш добрых настаўнікаў, дырэктароў школ і інстытутаў, загадчыкаў кафедраў, колькі іх працуе на адказных дзяржаўных пасадах!

М. Лужанін “Колас расказвае пра сябе”

Мы выляталі з-пад твайго крыла,

Як птушаняты, у палёт свой першы.

І праз гады нас вабіла, вяла

Пявучая і поўная святла

Паэзія і праўда тваіх вершаў.

Няхай нам тых не дасягнуць высот,

Дзе ты лунаў, нібы арол свабодны,

Ты навучыў нас, як любіць народ,

Як з ім ісці плячо ў плячо ўпярод

І як адданым быць краіне роднай!

 

Э. Валасевіч



У 20-я гады ва ўсю веліч расквітнеў талент Якуба Коласа. Пісьменнік заканчвае паэмы, якія пачаў пісаць яшчэ да рэвалюцыі

Паэма "Новая зямля" з'яўляецца сапраўднай жамчужынай у беларускай літаратуры.

К. Крапіва

"Новая зямля" - выдатны эпічны твор, які па праву прыроўніваць да народнага эпасу, называюць энцыклапедыяй жыцця беларускага народа.

  М. Лынькоў

Ю. Семянякам створана опера па паэме "Новая зямля"

Паэтка і перакладчык з Вялікабрытаніі В. Рыч вельмі высока ацэньвала паэму Якуба Коласа "Новая зямля". Яна параўноўвала гэты твор са старажытнарымскімі трагедыямі, з драмамі і трагедыямі Уільяма Шэкспіра. "Без такіх твораў, як "Новая зямля", - лічыла паэтэса, - сусветная літаратура была б значна бяднейшая".

У 1925 у часопісе «Полымя» апублікавана трэцяя рэдакцыя паэмы «Сымон-музыка». У гэтым творы асвятляецца роля мастака і мастацтва ў жыцці народа, тут найбольш поўна выявіліся эстэтычныя погляды Я. Коласа.

У 1926 годзе за выдатныя заслугі ў развіцці літаратуры Якубу Коласу прысвоена званне народнага паэта Беларусі.



З 1928 ён акадэмік Акадэміі навук Беларусі, з 1929 член Прэзідыума і віцэ-прэзідэнт Акадэміі. Быў кандыдатам у члены ЦВК БССР у 1927—1929, членам ЦВК у 1929—1931, 1935—1938.

У 1935 выступаў з прамовай на Сусветным кангрэсе абароны культуры ў Парыжы.

З сярэдзіны 1920-х Я. Колас трапіў у поле зроку савецкіх рэпрэсіўных органаў. У 1925 у яго быў праведзены вобыск, а затым і допыт у сувязі з так званай «лістападаўскай справай», якая датычылася «контррэвалюцыйнай арганізацыі» на Случчыне. У 1930-я ціск на Я. Коласа яшчэ больш узмацніўся. Яго адкрыта абвінавачвалі ў так званай нацдэмаўшчыне, у прапагандзе ідэй бяскласавасці беларускай нацыі, знаходзілі ў творах ідэалізацыю кулацтва, хутарской гаспадаркі, перабольшванне ролі інтэлігенцыі. Былі арыштаваны і рэпрэсіраваны блізкія сваякі паэта — дзядзька па матчынай лініі грамадскі і палітычны дзеяч, мовазнавец Язэп Лёсік, родны брат жонкі Коласа Аляксандр Каменскі. 6 лютага 1938 у доме пісьменніка шукалі зброю, яго прымусілі ўзняць рукі і стаць тварам да сцяны. Я. Коласу пагражаў арышт, аднак санкцыя на яго ад вышэйшага савецкага кіраўніцтва не была дадзена. Магчыма, з-за шырокай вядомасці і народнага прызнання.

Аповесць «Дрыгва» (1933)

Аповесць "Дрыгва" яшчэ больш прыкавала ўвагу пісьменнікаў да нашай надзвычай багатай гераічнай рэчаіснасці і накіравала развіццё беларускай прозы па шляху высокай прастаты, паклаўшы пачатак каштоўнай традыцыі - браць за героя мастацкага твора народнага героя, у якім якасці народа праяўляюцца з асаблівай паўнатой і бляскам.

наверх

  У. Карпаў

Ю. Багатыровым па аповесці "Дрыгва" створана опера "У пушчах Палесся».

1939 год. Выступленне на сходзе ў гонар 30-годдзя

"Рыбакова хата" - гэта хвалюючы твор, над якім многа год працаваў Якуб Колас. Паэма праўдзіва і пераканаўча паказвае, як працоўныя заходніх абласцей Беларусі змагаліся за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Напісана яна багатаю моваю. У ёй дадзены дасканалыя характарыстыкі герояў, цудоўна намаляваны быт сялян, вельмі цёпла паказаны беларускія пейзажы. Усё гэта надае паэме выключную яскравасць і паэтычную выразнасць".

П. Броўка

У гады Вялікай Айчыннай вайны набатам гучала слова народнага паэта

Цяжкае выпрабаванне выпала на тваю долю, родны беларускі народ. Няхай жа не дрогне тваё сэрца перад жахам крывавай вайны...

Я. Колас “На бітву, браты-беларусы”

Зборнік «Голас зямлі», 1943

Падчас Вялікай Айчыннай вайны паэт жыў пад Масквой у Клязме, Ташкенце, Маскве.

У вершах (зборнікі «Адпомсцім», 1942; «Голас зямлі», 1943), паэмах «Суд у лесе» (1942), «Адплата» (1943—1944), публіцыстычных артыкулах перыяду Вялікай Айчыннай вайны ён услаўляў патрыятызм, гераізм савецкіх людзей, выкрываў чалавеканенавісніцкую сутнасць фашызму. У 1944 Я. Колас удастоены звання заслужанага дзеяча навукі Беларусі.

Сын Якуба Коласа Юрка. Загінуў на Заходнім фронце

(1917-1941)

 

Пасля вайны і да канца жыцця Я. Колас працаваў у Акадэміі навук Беларусі, быў вядомы як грамадскі дзеяч: выбіраўся дэпутатам ВС СССР і ВС БССР, членам ЦК на XX—XXII з'ездах КПБ і ўсесаюзнага Камітэта па Дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры і мастацтва, віцэ-старшынёй Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, старшынёй Беларускага і членам Савецкага камітэта абароны міру — і гэта была не фармальная праца.

Якуб Колас - педагог

Якуб Колас ставіў перад сабой задачу выхоўваць у дзецях праўдзівасць, як важнеўшую рысу характару, чуласць, абуджаць у іх адзыўлівасць, спагадлівасць і дабрату, самастойнасць і актыўнасць. Дэвіз Коласа-педагога - не баяцца жыцця. А ісці яму насустрач і загартоўвацца ў змаганні.

Кнігі Коласа нам

І калыскай, і школай былі,

І па новай зямлі

Нас у сённяшні дзень прывялі.

Песні Коласа нас

Навучылі Радзіму любіць,

Родны край бараніць,

Лютых ворагаў біць,

Ненавідзець мінуўшчыны здані,

Навучылі чытаць цёмных пушчаў паданні,

Разумець мову зор

І напевы азёр,

Хваляў нёманскіх звон,

Веліч сённяшніх дзён.

 

П. Панчанка "Сорак год"

"Якуб Колас… дапамагае беларускім вучоным-мовазнаўцам у распрацоўцы беларускага правапісу, у рэдагаванні беларускіх слоўнікаў, у распрацоўцы важнейшых праблем беларускай мовы і літаратуры. Народны паэт аддае належную ўвагу і аказвае патрэбную дапамогу маладым кадрам беларускіх вучоных і пісьменнікаў у іх творчай рабоце…".

 

М. Лынькоў "Якуб Колас"

У 1956 пісьменнік напісаў ліст у вышэйшыя партыйныя інстанцыі, у якім выказаў занепакоенасць становішчам беларускай мовы ў грамадскім жыцці, прапанаваў меры па яе абароне.

Трылогія “На ростанях”

У творчай спадчыне Якуба Коласа трылогія "На ростанях" займае выключнае месца. Гэта асабліва дарагі пісьменніку твор, над якім ён працаваў звыш трыццаці гадоў. Задуму трылогіі "На ростанях" літаратуразнаўцы звычайна адносяць да часу працы Якуба Коласа настаўнікам на Палессі. Аўтар паэмы "Новая зямля" пачаў пісаць твор пра вясковага настаўніка па-руску. Першапачатковая назва была "Школьный труженик". Па сваім змесце гэты твор нагадвае першую кнігу трылогіі "У палескай глушы", над якой пісьменнік працаваў у 1921-1922 гг. Гэта аповесць упершыню была надрукавана ў Заходняй Беларусі ў 1923 г. і толькі ў 1927 г. у БССР.



У прадмове да першага выдання аповесці "У палескай глушы" Якуб Колас зазначаў, што ён мае намер прадоўжыць працу над творам пра жыццё вясковай інтэлігенцыі, і галоўным чынам, настаўніцтва. З 1923 па 1927 год пісьменнік працаваў над другой часткай трылогіі "У глыбі Палесся". Асобным выданнем другая кніга палескіх аповесцей выйшла ў 1928 г. У цэлым жа трылогія "На ростанях" была завершана ў пасляваенныя гады.

У 1954 завершана аповесць «На ростанях», у якой апісаны падзеі 1906—1911. Яна стала 3-й, апошняй (разам з дзвюма папярэднімі — «У палескай глушы», «У глыбі Палесся»), часткай аднайменнай трылогіі. Трылогія — адзін з першых беларускіх раманаў.

Трылогія Якуба Коласа з вялікай сілай сцвярджае ідэю аб неабходнасці перадавога светапогляду, аб абавязку кожнага сумленнага чалавека ўсе сілы аддаваць служэнню народу.

Л. Навічэнка

13 жніўня 1956 Я. Колас памёр за сваім рабочым сталом. Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках.

Маўчаць палі ў кроплях буйных рос,

Маўчаць бары, а сэрца плача ўголас.

Мой родны кут, упаў буйнейшы колас,

Што на зямлі тваёй узрос.

С. Грахоўскі

Ушанаванне памяці

Яго імя нададзена Мінскаму паліграфічнаму камбінату, Інстытуту мовазнаўства НАН РБ, Віцебскаму драматычнаму тэатру, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН РБ і іншым бібліятэкам. Імем Я. Коласа быў названы Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй з філіялам. Імя Я. Коласа носяць школы, плошчы, вуліцы гарадоў і вёсак Беларусі.

Помнікі паэту пастаўлены ў Мінску (на плошчы, названай у яго гонар), у вёсцы Мікалаеўшчына, Навагрудку, у вёсцы Плоскае Талачынскага раёна. Бюст паэту ўсталяваны ў Нясвіжы.



Зноў людзі прыходзяць

з кварталаў рабочых

І кветкі жывыя паэту нясуць.

Імчацца трамваі

Па Коласа плошчы,

Дзе сцены палацаў да неба ўстаюць.

 

П. Прыходзька "Наш Колас"

Мемарыяльная сядзіба "Акінчыцы"

Акінчыцы – мемарыяльная сядзіба. У мінулым засценак, потым вёска. Акінчыцы – першае месца службы Міхала МІцкевіча, бацькі паэта, які тут жыў з сям'ёй з 1 красавіка 1881 года да 1 красавіка 1883 года

Пры шляху шырокім,

Дзе стаіць камора,

Я на свет радзіўся

Пад глухі шум бору,

Позняю парою,

Восенню гнілою.

Якуб Колас «На раздарожжы»

 



Мемарыяльная сядзіба "Альбуць"

Парэчча — слаўная мясціна,

Куток прыгожы і вясёлы:

Як мора — лес, як неба — долы,

Зіхціць у кветках лугавіна...

 

Паэма «Новая зямля»





Мемарыяльная сядзіба "Ласток"

Ласток - трэцяе месца жыхарства бацькоў Якуба Коласа. Сюды Міхаіл Міцкевіч перабраўся з Мікалаеўскай лясной каморы 1 лістапада 1885 года і жыў да красавіка 1890 года.



Мемарыяльная сядзіба "Смольня"



У 1967 годзе ў Смольні быў адкрыты філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

Смольня – літаратурна-мемарыяльны комплекс, былая сядзіба Міцкевічаў (родных Якуба Коласа), якія жылі тут з 1910 г. У мемарыяльнай хаце жылі маці паэта Ганна Юр'еўна (тут яна і закончыла свой век у 1929 г.), дзядзька Антось (памёр у 1918 г.), сёстры паэта Міхаліна, Алена, Марыя, браты Уладзя, Міхась і Іосіф.





ДЗЯРЖАЎНЫ ЛІТАРАТУРНА-МЕМАРЫЯЛЬНЫ МУЗЕЙ ЯКУБА КОЛАСА

Непадалёку ад ажыўленага праспекта Незалежнасці, за манументальным гмахам Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, у ціхім нападворку, дзе вядуць гамонку з небам хвоі, якія шмат бачылі на сваім вяку, стаіць невялікі ўтульны домік. Тут на працягу апошніх 11 гадоў свайго жыцця працаваў Якуб Колас — славуты майстар мастацкага слова, грамадскі дзеяч, вучоны. Дом Коласа быў своеасаблівым цэнтрам духоўнага жыцця сталіцы, дзе панавала творчая і сяброўская атмасфера. Якуб Колас шчыра і сардэчна быў рады гасцям, саграваў іх душэўным сяброўскім цяплом, а калі трэба было, то і дапамагаў як віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, дэпутат Вярхоўных Саветаў СССР і БССР.




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка