Дзесяць выданняў Скарыны, якія І дагэтуль беражліва захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (нбб)




Дата канвертавання06.04.2017
Памер32.07 Kb.


ВЫСТУПЛЕННЕ

Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Святлова Б.У. на пасяджэнні рэспубліканскага аргкамітэта па святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання


Паважаныя ўдзельнікі сходу!


2017 год, які пройдзе пад знакам 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, лагічна працягвае Год культуры і, лічу, павінен таксама стаць асаблівым годам для Беларусі. Адзначэнне гэтай значнай падзеі - справа ўсёй краіны, агульнанацыянальнае і, нават, сусветнае свята, свята духоўнасці, асветы, культуры.

Адзначэнне юбілею беларускага кнігадрукавання і ўшанавання памяці яго заснавальніка Францыска Скарыны ўжо мае сваю гісторыю.

Навуковае асэнсаванне ролі дзейнасці Скарыны адбылося пры падрыхтоўцы да 400-годдзя беларускага кнігадрукавання, калі ў 1925 годзе Інстытут беларускай культуры, выконваючы пастанову Савета Народных Камісараў БССР, падрыхтаваў і выдаў зборнік, прысвечаны гэтай даце. У той жа час былі набыты дзесяць выданняў Скарыны, якія і дагэтуль беражліва захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (НББ).

Да паўтысячагадовага юбілею беларускага кнігадрукавання мы падыйшлі з пэўнымі дасягненнямі. Дастакова ўспомніць рэзанансную выстаўку пражскіх выданняў Скарыны з фондаў бібліятэкі Вярхнелужыцкага навуковага грамадства (г.Гёрліц, Германія), якая экспанавалася ў Нацыянальнай бібліятэцы ў 2012 годзе. З 2010 года, згодна Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі на 2010-2015 гады”, у складзе электроннай бібліятэкі НББ ствараецца тэматычная калекцыя “Скарыніана”, якая сёння ўключае 94 лічбавыя копіі выданняў Скарыны і літаратуру пра яго. Ужо добра вядомы ў нашай краіне і па-за яе межамі праект па факсімільным узнаўленні кніг Скарыны і выданні ўсёй яго спадчыны, які працягваецца пры фінансавай падтрымцы аднаго з банкаў (на сённяшні дзень выдадзена 20 тамоў, усяго запланаваны 21 том). Гэты спіс сумесных напрацовак можна працягваць.

Сфарміраваны ў адпаведнасці з прапановамі зацікаўленых праект Плана мерапрыемстваў па святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, які сёння мы разглядаем, уключае цэлы шэраг навуковых, мастацкіх, інфармацыйных і асветніцкіх мерапрыемстваў.

Лічу, што кульмінацыя святкавання прыпадзе на верасень, калі пройдуць мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства, а таксама будзе адзначаць свой 95-гадовы юбілей Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

На верасень запланавана і правядзенне міжнароднага кангрэса “500 год беларускага кнігадрукавання”, які будзе ўяўляць комплекс мерапрыемстваў з шырокім удзелам навуковых, грамадскіх і культурных прадстаўнікоў замежных краін.

Безумоўна, неабходна адзначыць таксама запланаваны да правядзення буйны міжнародны выставачны праект “Францыск Скарына і яго эпоха”, падчас якога жыхары Беларусі змогуць убачыць прывезеныя арыгіналы кніг, выдадзеныя нашым славутым земляком і іншымі знакамітымі першадрукарамі.

У межах рэспублікі будзе ажыццяўляцца шэраг мастацкіх праектаў, такіх як прэм’ера спектаклю, прысвечанага Францыску Скарыне ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, правядзенне асобнага конкурсу “Спадчына Францыска Скарыны” падчас Міжнароднага дзіцяча-юнацкага конкурсу выяўленчага мастацтва “КрасаWeek” і інш.

Сусветнае значэнне і масштаб дзейнасці Скарыны вызначылі нашы прапановы па ўшанаванні яго імя і спадчыны на міжнародным узроўні за мяжой. Гэта, у першую чаргу, шматлікія ўрачыстыя мерапрыемствы, якія пройдуць у краінах-суседзях, у штаб-кватэры ЮНЭСКА ў Парыжы, падчас аўтарытэтных міжнародных канферэнцый, на пляцоўках буйнейшых замежных бібліятэчных і інфармацыйных устаноў.

Асаблівая ўвага будзе нададзена месцам, звязаным з жыццём і творчасцю Скарыны, краінам і гарадам, у якіх таксама захоўваецца спадчына першадрукара (Прага, Вільнюс, Лондан і г.д.). Увогуле геаграфія прапанаваных мерапрыемстваў уключае краіны ад Кітая да Ізраіля, дзе святочныя праграмы, прысвечаныя нацыянальнаму кнігадрукаванню, плануецца правесці падчас правядзення Дзён культуры Беларусі.

Да святочных мерапрыемстваў па-за межамі Беларусі будуць прыцягнуты шматлікія прадстаўнікі беларускай дыяспары і грамадска-культурныя аб’яднанні беларусаў замежжа.

У цэлым лічу, што распрацаваны праект рэспубліканскага Плана мэтазгодна прыняць за аснову, а прапановы, якія, спадзяюся, сёння прагучаць, дазволяць узмацніць гэты дакумент, дапоўніць галіновы план Міністэрства культуры, які мы таксама распрацоўваем.

Упэўнены, што дзякуючы кансалідацыі нашых намаганняў святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання пройдзе на высокім дзяржаўным узроўні і ў чарговы раз прадставіць нашу рэспубліку на міжнароднай арэне як краіну з багацейшай культурнай спадчынай.


Дзякуй за ўвагу!




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка