Дзяржаўная сімволіка Рэспублікі Беларусь




Дата канвертавання09.02.2018
Памер45.51 Kb.
Дзяржаўная сімволіка Рэспублікі Беларусь

У адпаведнасці з артыкулам 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з'яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.

     Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь
https://content.schools.by/dcrrkor/library/sm_full.png Дзяржаўны сцяг – гэта гісторыя і сённяшні дзень народа. Ва ўсе часы людзі  шанавалі сцяг дзяржавы, беражліва захоўвалі, верылі ў яго славу, прысягалі на  вернасць. Сцяг Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча з  дзвюх палос: верхняй – чырвонага колеру і ніжняй – зялёнага. Наш сцяг мае тры  колеры: чырвоны, зялёны і белы. Чырвоны колер са старажытных часоў  служыць знакам Сонца, сімвалізуе кроўныя повязі, братэрства, барацьбу за  правае справу. Ён азначае высокае прызначэнне ў лёсе і перамогу. Зялёны колер – колер Прыроды. Гэта колер ураджайных палёў, дагледжаных працавітымі рукамі хлебаробаў, лугоў і лясоў, якія здаўна займалі асноўную тэрыторыю нашай краіны. Зялёны колер – колер дабра, росту, развіцця, дабрабыту і міру. Белы колер – гэта колер свабоды. Нездарма назва нашай краіны – Беларусь – звязана з нязгаснай воляй народа да свабоды. Разам з тым белы колер – гэта колер маральнай чысціні і мудрасці. На белы колер накладзены беларускі нацыянальны арнамент, які аб'ядноўвае чырвоны і зялёны колеры ў графічны малюнак, напоўнены высокім сэнсам. Беларускі арнамент сімвалізуе старажытную культуру народа, духоўнае багацце, адзінства.

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь

https://content.schools.by/dcrrkor/library/%d0%b3%d0%b5%d1%80%d0%b1.png Герб Беларусі вельмі багаты па колькасці закладзеных у ім элементаў. Першае, на  што зверне ўвагу кожны – гэта зялёны контур тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, як  яна адлюстравана на геаграфічнай карце. Зялёны контур – у залатых промнях  узыходзячага сонца. Гэта сімволіка зразумела кожнаму, усе свае думкі грамадзяне  скіроўваюць да Айчыны: гэта наша зямля, нам чужой не трэба, але сваёй мы не  аддадзім ні пядзі! Мы захаваем яе ў тых межах, у якіх яна нам перададзена  папярэднім пакаленнем.

   Контур краіны знаходзіцца ў сярэдзіне герба, утворанага вянком з каласоў,  пераплеценых з аднаго боку ружовымі кветкамі канюшыны, з другога – блакітнымі  кветкамі ільну. Гэтыя сімвалы ўжо больш складаныя, іх мова патрабуе для разумення пэўных ведаў.

   Вянок (з ружаў, пальмавых лісцяў, лаўра і г.д.) спрадвеку выкарыстоўваўся народамі як узнагарода пераможцу і ўвасабляў перамогу. Разам з тым гэта сімвал памяці і непарыўнай сувязі сучаснікаў з продкамі. Вянок, утвораны з пучка жыта, са старадаўніх часоў меў свяшчэнны сэнс для ўсіх славянскіх народаў. Да славян адносяцца таксама рускія, украінцы, палякі – прадстаўнікі гэтых народаў складаюць істотную частку насельніцтва нашай краіны. Славяне верылі, што пучок, або сноп хлебных каласоў – лепшы сродак звароту да боскіх сіл з просьбай аб пасланні ці дараванні новага ўраджаю і працвітання. Чалавек, ахвяруючы багам частку свайго ўраджаю, як бы казаў: “Вось плод маёй працы і міласці Прыроды, я буду старанна і нястомна працаваць і заўтра, няхай не пакіне мяне падтрымка вышэйшай сілы!”. Па сёняшні дзень многія жыхары нашых вёсак ставяць у хаце сноп ці пучок каласоў новага ўраджаю як знак працоўнай удачы ў будычым. У мінулыя часы “дажыначны сноп” лічыўся цудадзейным і свяшчэнным і ўпрыгожваў пачэсны кут хаты – адганяў злыя сілы.

   Канюшына – гэта сімвал сувязі са стваральным светам жывёл: канём, каровай, авечкай, для якіх яна – лепшы корм. Старажытныя людзі справядліва лічылі, што чалавек – частка ўсяго свету жывых істот, які здольны захаваць сабе жыццё і забяспечыць працвітанне астатняга жывёльнага свету.

   Лён – гэта бавоўна Поўначы, цудоўны матэрыял для адзення. Здаўна з ільну вырабляліся прыгожыя і трывалыя ткані. Лён – сімвал стваральнай працы, знак дабра і дастатку.

   Ніжэй контура граніцы Рэспублікі Беларусі змешчаны зямны шар з узыходзячым над ім сонцам і залатымі промнямі. Зямны шар – гэта знак таго, што Рэспубліка Беларусь успрымае ўсе народы Зямлі як раўнапраўных сяброў і партнёраў, гатова з імі сябраваць і гандляваць, абменьвацца вырабамі і ведамі. Яднанне Зямлі і Сонца – галоўны знак жыцця. У старажытнейшых міфах чалавецтва адлюстравана гэта сімволіка. Яе можна сустрэць у помніках старажытных Егіпта, Грэцыі і Кітая.

   З элементаў герба звяртае на сябе ўвагу чырвоная зорка. Пяціканцовая зорка – сімвал чалавека і чалавецтва, знак мужнасці і высокіх памкненняў. У гэтай якасці чырвоная зорка выкарыстроўвалася ў часы існавання вялікай дзяржавы – СССР. Герб абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой знізу чытаем надпіс залацістага колеру – “Рэспубліка Беларусь”.

   Такім чынам, герб нашай краіны раскрывае сябе як яркая і запамінальная кніга пра беларускі народ.

   У гербе адлюстраваны асноўныя нацыянальныя, духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, праца, імкненне да ўдасканалення сваёй асобы і ўсяго грамадства, міралюбства і адначасова гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду і незалежнасць.

   Герб Рэспублікі Беларусь сімвалізуе дзяржаўную волю народа і выкарыстоўваецца ўсімі дзяржаўнымі органамі краіны.



Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь

Новая рэдакцыя гімна была прынятая ў 2002 годзе. Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца твор на музыку Нестара Сакалоўскага і словы Міхаіла Клімковіча і Уладзіміра Карызны.

Дзяржаўны гімн сучаснай Беларусі захаваў музычную аснову гімна Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Музыка Нестара Сакалоўскага карысталася папулярнасцю і павагай людзей розных пакаленняў, таму і пры стварэнні гімна незалежнай Беларусі было прынята рашэнне яе захаваць. Словы Дзяржаўнага гімна адлюстроўваюць умовы развіцця Рэспублікі Беларусь як суверэннай, міралюбівай дзяржавы, падкрэсліваюць патрыятызм і працавітасць грамадзян, брацкія адносіны паміж прадстаўнікамі ўсіх нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі краіны.

Тэкст гімна

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь


Словы М.Клімковіча, У.Карызны
Музыка Н.Сакалоўскага

Мы, беларусы – мірныя людзі,


Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям'і.

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,


Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Разам з братамі мужна вякамі


Мы баранілі родны парог,
У бітвах за волю, бітвах за долю
Свой здабывалі сцяг перамог!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,


Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Дружба народаў – сіла народаў –


Наш запаветны, сонечны шлях.
Горда ж узвіся ў ясныя высі,
Сцяг пераможны – радасці сцяг!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,


Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Музычная рэдакцыя гімна

https://content.schools.by/dcrrkor/library/%d0%b3%d0%b8%d0%bc%d0%bd.gif



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка