Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Радужская сярэдняя школа"



Дата канвертавання25.12.2016
Памер243.85 Kb.
#70
Дзяржаўная ўстанова адукацыі

“Радужская сярэдняя школа”

АПІСАННЕ ВОПЫТУ ПЕДАГАГІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ

“ЭФЕКТЫЎНЫЯ ФОРМЫ, ПРЫЁМЫ І МЕТАДЫ ФАРМІРАВАННЯ ВЫРАЗНАГА ЧЫТАННЯ Ў 1 КЛАСЕ ”

Еўтухова Ала Аляксандраўна,

настаўнік пачатковых класаў

8 (029) 688-75-23

Пытанне, як навучыць дзяцей выразна чытаць, цікавіла мяне з першых дзён маёй педагагічнай дзейнасці. Працэс гэты празмерна цяжкі. Вяліся пошукі больш эфектыўных падыходаў у навучанні, і было гэта непарыўна звязана з удасканаленнем урока, яго зместам і структурай. Я імкнулася да таго, каб урокі чытання былі накіраваны на развіццё у школьнікаў інтарэсу да кнігі, любоў да чытання, прывівала ім карысныя для жыцця і далейшай вучобы уменні і навыкі. І нягледзячы на шматлікія намаганні, у класе заўсёды аказваліся дзеці, якія слаба чыталі.

Вядома, працэсам чытання ўсе дзеці авалодваюць неадначасова. Але жыццё паказвае, што калі вучань навучыўся чытаць у перыяд навучання грамаце і пры чытанні яго ўсе ўважліва слухаюць, то ён у калектыве класа займае адметнае месца, верыць у свае сілы. А калі дзіця не можа прачытаць так, каб яго ўсе зразумелі, то ён страчвае веру ў свае сілы і ў калектыве класа знаходзіцца як бы адасоблена. Маральна ён перажывае свой недахоп і не зможа ў далейшым цалкам рэалізаваць у школе свае здольнасці і тое, што ў ім закладзена.

Я часта задавала сабе пытанне: як навучыць вучняў чытаць так, каб іх было цікава слухаць, каб не толькі падтрымліваць у іх інтарэс да чытання, але і павышаць яго ад урока да ўрока.

Якія ж шляхі і ўмовы садзейнічаюць выпрацоўцы асноўных форм, прыёмаў і метадаў, што ўплываюць на развіццё выразнага чытання?

Разумеючы значнасць навучання чытанню, я пачала шукаць спосабы павышэння яго якасці. Аналізуючы патрабаванні праграмы, спецыяльныя ўказанні ў метадычных дапаможніках, рэкамендацыі рознага ўзроўню, я прыйшла да высновы, што сёння ўдзяляецца вялікая ўвага выразнаму чытанню малодшых школьнікаў як сродку творчага развіцця.Навучыць дзяцей выразнаму чытанню – адна з задач пачатковага навучання. І гэта задача празмерна актуальна: чытанне адыгрывае вялікую ролю ў адукацыі, выхаванні і развіцці чалавека. Чытанне – гэта вакенца, праз якое дзіця бачыць і пазнае свет і самога сябе. Такім чынам, неабходна работа над фарміраваннем навыкаў свядомага, выразнага чытанняад класа да класа.

Алевыразнае чытанне вучняў набывае якасна новы характар на заключным этапе навучання грамаце – паслябукварным перыядзе. Гэта пераход ад чытання слоў простай складовай структуры да фразавага чытання. Заняткі ў гэты перыяд нагадваюць урокі літаратурнага чытання. Стрыжнем такіх заняткаў з’яўляецца работа з творам: свядомае ўспрыманне зместу, перадача прачытанага з апорай на тэкст, адпрацоўка тэхнікі чытання з улікам арфаграфічных нормаў і патрэбнай інтанацыі. А калі фарміраваць навыкі выразнага чытання вучняў раней, з далітарнага перыяду?Маё меркаванне і стала падставай для творчага пошуку і стварэння педагагічнага вопыту.

Зыходзячы з вышэйсказанага, можна сфармуляваць мэту вопыту:

вызначыць найбольш эфектыўныя формы, прыёмы і метады фарміравання выразнага чытання ў першым класе.

Для дасягнення гэтай мэты я паставіла наступныя задачы:



  1. Разгледзець тэарэтычныя і практычныя аспекты форм, прыёмаў і

метадаў фарміравання навыкаў выразнага чытання ў першым класе.

  1. Выявіць, што рэкамендуюць па выпрацоўцы навыка выразнага чытання

метадысты і педагогі-наватары.

  1. Вызначыць найбольш прадуктыўную сістэму ўзаемадзеяння настаўніка

і вучня пры выпрацоўцы выразнага чытання.

  1. Прадэманстраваць сістэму работы па дадзенай тэме і паказаць

найбольш эфектыўныя формы, прыёмы і метады работы з вучнямі.

У 2009 годзе я вывучыла метадычную літаратуру, пазнаёмілася з

вопытам педагогаў-наватараў, метадыстаў, настаўнікаў па дадзенай тэме і ў верасні гэтага ж года да мяне прыйшлі першакласнікі. Практычнае прымяненне на практыцы розных форм, прыёмаў і метадаў выразнага чытання ў першакласнікаў пачалося ў 2009/2010 навучальным годзе. Я падбірала і прымяняла на практыцы шэраг рэкамендацый і практыкаванняў для вырашэння праблемы.

Пад выразнасцю чытання трэба разумець уменне выкарыстоўваць паузу, ставіць націск, знаходзіць патрэбную інтанацыю, чытаць дастаткова громка і зразумела. Кожны настаўнік валодае гэтымі прыёмамі. Але чытаць выразна самому і вучыць выразнаму чытанню дзяцей – не адно і тое ж. Методыка навучання выразнаму чытанню заснавана на прынцыпе: чытаць – значыць пранікаць у сэнс твора, у вобраз слова.Асноўнымі сродкамі моўнай выразнасці з’яўляюцца такія кампаненты мовы яксіла голасу (громка – ціха), тэмп чытання, тэмбр чытання, паузы, лагічны націск, павышэнне або паніжэнне інтанацыі.

Гэтыя ўменні я адпрацоўваю з дапамогай наступных прыёмаў:


  1. Дыхальная гімнастыка.

  2. Практыкаванні на дыкцыю.

  3. Інтанацыя.

Работу над прыёмамі выразнага чытання пачынаю з навучання дзяцей

правільна дыхаць, таму што эстэтычнае ўспрыманне тэксту ў працэсе чытання ў значнай ступені залежыць ад умення таго, хто чытае, валодаць сваім дыханнем і гучнасцю голасу. Словы, што вымаўляюцца невыразным, глухім голасам і суправаджаюцца частым дыханнем, якое ў сваю чаргу прыводзіць да зрываў гукаў і цяжкасцей у вымаўленні, дрэнна ўспрымаюцца слухачом. Дыхальная гімнастыка падрыхтоўвае галасавы апарат дзяцей да работы над скорагаворкай, чыстагаворкай, пры эмацыянальным чытанні тэксту. А таксама служыць для умацавання агульнага здароўя школьніка, што вельмі важна асабліва ў першы год навучання.

Дыханне пры маўленні і чытанні адрозніваецца ад фізіялагічнага. Звычайна мы дыхаем адвольна, рытмічна, раўнамерна. У працэсе маўлення і чытання характар дыхання мяняецца. Адбываецца глыбокі ўдых, кароткая затрымка паветра і плаўны павольны выдых, які закліканы забяспечыць свабоднае вымаўленне пэўнай групы слоў. Такое дыханне мае вялікае значэнне і для таго, хто слухае, і для таго, хто чытае. Слухачу яно забяспечвае хуткае ўспрыманне тэксту, бо мова пры ім ясная, плаўная і добра чуецца. А таму, хто чытае, захоўвае здароўе, бо паветра ў поласці рота і носа саграваецца, увільгатняецца, галасавыя звязкі не сохнуць і могуць працаваць працяглы час без напружання і перашкод.

Каб атрымаць максімальны эфект як для выпрацоўкі навыкаў выразнага чытання, так і для здароўя дзяцей, клас перад урокам добра праветрываю.Для практыкаванняў дыхальнай гімнастыкі адводжу ў пачатку ўрока 2 – 3 хвіліны. Вучні выконваюць іх стоячы, без напружання, галаву трымаюць роўна, адну руку кладуць на жывот, другую – на рэбры. Да выканання наступнага практыкавання пераходзім толькі тады, калі добра засвоіцца папярэдняе. Дыхальная гімнастыка на ўроку ўключае адно ці некалькі практыкаванняў комплексу. [дадатак 1]

З мэтай удасканальвання маўлення, пачынаючы з дабукварнага перыяду, праводжу работу над дыкцыяй і пастаноўкай дыхання. Ад таго, хто чытае, акрамя правільнага дыхання і гібкага голасу, патрабуецца таксама дакладнае і яснае вымаўленне гукаў. Нельга чытаць тэкст, праглытваючы пачаткі і канцы слоў, замяняючы адны гукі другімі або аб’ядноўваючы словы ў бессэнсоўнае спалучэнне.

Усе органы маўлення з’яўляюцца артыкулятарамі, але ва ўтварэнні гукаў галоўную ролю адыгрываюць язык, дзёсны, ніжняя сківіца, мяккае і цвёрдае нёба. З усіх гэтых органаў язык і губы найбольш актыўныя і гібкія. Сістэма практыкаванняў па дыкцыі ўключае ў сябе адпрацоўку галосных і зычных гукаў, якія змяшчаюць трэніруемы гук, практыкаванні на: зліццё трэніруемага гука з галосным: ха-ха-ха, ух-ух-ух, ма-ма-ма і г. д.; са словамі: ры-ры-ры – у руках шары, ру-ру-ру – б’ю рукою па шару і г. д.

Для развіцця іх якасных характарыстык дзецям прапаную своеасаблівы дыкцыйны трэнінг. Для большага эфекту дзеці трымаюць перад сабой маленькае люстэрка. Тлумачу дзецям, што гэта не грымаснічанне, а практыкаванні, якія трэба выконваць засяроджана і старанна. Практыкаванні раю дзецям выконваць штодня. [дадатак 2]У перыяд навучання грамаце для практыкаванняў у дыкцыі выкарыстоўваю складовыя табліцы, якія вывешваю на дошцы. Першакласнікі не толькі вучацца чытаць, але і адпрацоўваць спосаб вымаўлення асобных гукаў. [дадатак 3]

Для выпрацоўкі ў вучняў гукавой перадачы знакаў прыпынку выкарыстоўваю тэксты народных прыказак і прымавак: з песняй дружыць – ніколі не тужыць, менш гавары – болей рабі, навучыўся сам – навучы другога, ад яблыні – яблыкі, ад сасны – шышкі і г. д.; загадак: вадкае – а не вада, белае – а не снег, не яздок – а са шпорамі, не стораж – а ўсіх будзіць; хоць малая, ды дужая: з сабой хату носіць і г. д.[дадатак 4]

Чыстагаворкі і скорагаворкі пабудаваны на спалучэнні пэўных гукаў, што робіць цяжкім хуткае вымаўленне слоў. Яны садзейнічаюць замацаванню правільнага вымаўлення дзецьмі гукаў, фарміраванню выразнага вуснага маўлення.

Чыстагаворкі-жарты выкарыстоўваю ў рабоце з першакласнікамі для замацавання правільнага вымаўлення найбольш цяжкіх гукаў: с, з, ц, ш, ж, ч, дз, дж, ў, р, л. З вялікім захапленнем дзеці самі складаюць чыстагаворкі на пэўнае спалучэннегукаў: шу-шу-шу, дзі-дзі-дзі і г. д. Карыснасць гэтага задання ў тым, што дзеці вучацца не толькі правільна вымаўляць гукі, але і рыфмаваць словы, што служыць развіццю паэтычнага слыху.

Перад тым, як дзеці будуць развучваць скорагаворку, спачатку павольна прагаворваю яе, пытаюся аб чым гаворыцца ў скорагаворцы. Затым прапаноўваю паслухаць скорагаворку яшчэ раз і адказаць на такія, напрыклад, пытанні: якія словы падобныя па гучанню?Якія гукі шмат разоў паўтараюцца. Чытаю яшчэ скорагаворку, інтанацыйна падкрэсліваю патрэбныя гукі. Далей вучні павольна прагаворваюць скорагаворку ўголас на памяць. Затым прапаную вучням вымавіць скорагаворку ўголас ў хуткім тэмпе. Арганізоўваю спаборніцтвы, хто хутчэй і без памылак вымавіць скорагаворку. Тыя скорагаворкі, што пабудаваны на дыялогу, дзеці прагаворваюць па радах (адзін рад пытае – другі адказвае або ў форме размовы.Чыста- і скорагаворкі выкарыстоўваю таксама ў якасці практыкаванняў для развіцця галасавога апарата (вымаўляць гучна, ціха, шэптам, тэмпа маўлення (вымаўляць хутка, мерна, павольна).

У якасці скорагаворак выкарыстоўваю вершы, насычаныя якімі-небудзь гукамі. Падбіраю іх з улікам таго пазнавальнага матэрыялу, што вывучаецца на ўроку. У выніку дзеці атрымліваюць дадатковыя звесткі пазнавальнага характару.[дадатак 5]

Для выпрацоўкі дыкцыі выкарыстоўваю дапаможнік А. Клышкі “Чую, бачу, гавару”. Сказы падабраныя аўтарам так, што кожнае словаўжыванне інтанацыйна выражала гумар, здзіўленне, радасць. Пры завучванні і расказванні (у дабукварны і на пачатку букварнага перыяду) і пры чытанні тэкстаў вучні перадаюць змест з захапленнем, “важнасцю” размовы, перадаюць і падкрэсліваюць голасам тое, што адбываецца.

Тэмбр (адценне), які вызначае эмацыянальную афарбоўку мовы, надзяляе тэкст разнастайнымі адценнямі. Навучаючы дзяцей эмацыянальнаму чытанню, засяроджваю ўвагу на тым, што апавядальны, клічны і пытальны сказы могуць мець шмат адценняў. Працуючы над пытальнымі сказамі, мы даведваемся пра тое, чаго не ведалі дагэтуль: Чаму сонца свеціць днём? Чаму вожык калючы? Чаму слімак без ножак?; мы задаём пытанні, каб атрымаць сцвярджальны або адмоўны адказ – так ці не:

–Цяцера, цяцера,

Гатова вячэра? (С.Шушкевіч);

каб атрымаць адзін з двух магчымых адказаў:

Гэта праўда ці мана?

Чуў я ад Валеркі,

Што расце ў бары сасна,

А на ёй цукеркі! (З. Марозаў);

Задаём пытанні, не чакаючы, што хто-небудзь адкажа на іх:

Каток пакалечыў, звіхнуў лапку-ножку,

Кляне каток Вася ў калдобах дарожку:

“Мо нейкі дурны тут плугам праехаў,

Яму забаўлянка, а мне не да смеху! (П. Місько)

З клічнымі сказамі, якія перадаюць розныя пачуцці, знаёмлю вучняў пры дапамозе класіфікацыі С.М.Бандарэнка:


  1. “Няшчасныя сказы”. Яны перадаюць скаргу, засмучэнне, гора.

  2. “Здзіўленыя сказы”. Яны перадаюць моцнае здзіўленне.

  3. “Радасныя сказы”. Імі карыстаюцца, калі імкнуцца выказаць радасць,

пахваліць каго-небудзь або пахваліць сябе (што не вельмі добра).

  1. “Сярдзітыя сказы”. Такімі сказамі карыстаюцца, калі злуюцца,

сварацца. Яны могуць утрымліваць папрок, пагрозу, насмешку,

незадавальненне, знявагу.



  1. “Трывожныя сказы”. Яны выказваюць трывогу, страх, утрымліваюць

папярэджанне аб небяспецы, заклік аб дапамозе.

  1. Сказы “хачу” і “не хачу”.Яны выказваюць моцнае жаданне або

нежаданне.

  1. Сказы “камандзіры” і “папрашайкі”. Яны ўтрымліваюць загад,

патрабаванне, каманду, просьбу.

  1. Сказы, якія “клічуць” і “вітаюць”. Іх ужываюць, калі некага клічуць,

імкнуцца прыцягнуць да сябе ўвагу, калі вітаюцца, развітваюцца, выказваюць добрыя пажаданні.

Пры вымаўленні і чытанні такіх сказаў выкарыстоўваю піктаграмы з выявай тварыкаў, якія выражаюць розныя эмоцыі.

Пры навучанні выразнаму чытанню выкарыстоўваю і словы-памочнікі – пытальныя і клічныя. Вучу дзяцей бачыць гэтыя словы ў тэксце, бо яны абумоўліваюць яго правільнае інтанацыйнае чытанне: ух, ах, уф, ура, як, я, ну-ну, ах-ах: Ну-ну, муха! Ну-ну, аса; На шашы машыны. Ах, ах, ах!; Ура! На двор! І г. д.

У перыяд навучання грамаце заданні па выпрацоўцы інтанацыі ўключаю ў кожны ўрок. Так, пры вывучэнні кожнай новай літары сустракаюцца імёны дзяцей. Пасля таго, як словы прачыталі па складах і цалкам, прапаноўваю вучням прачытаць іх з пэўнымі заданнямі:



  1. Прачытайце слова з такой інтанацыяй, каб мы адчулі, што вы нешта просіце ў дзяўчынкі (хлопчыка).

  2. Уявіце, што вы клічаце дзяўчынку (хлопчыка), якая (які) знаходзіцца ў пакоі.

  3. “Афарбуйце” слова інтанацыяй сваркі – вы сварыцеся з дзяўчынкай (хлопчыкам).

  4. “Афарбуйце” слова інтанацыяй таямніцы – вы збіраецеся сказаць сваёй сяброўцы (сябру) нешта па сакрэту.

  5. Уявіце, што вы прадстаўляеце нам сваю сяброўку (свайго сябра).

  6. “Афарбуйце” імя інтанацыяй здзіўлення”.

Пры выпрацоўцы навыку выразнага маўлення і чытання

ўпершакласнікаў засяроджваю іх увагу і на выкананні наступных практыкаванняў: захаванне граматычных паўз; выкарыстанне лагічных і псіхалагічных паўз; захаванне лагічнага (сэнсавага) націску; улік тэмпу і рытму чытання. Усё гэта ўваходзіць у паняцце “інтанацыя”. Сілу голаса выпрацоўваю ў вучняў шляхам узмацнення або паслаблення гучання, а таксама пры выдзяленні найбольш значных слоў.

Лагічны націск – гэта вылучэнне аднаго або некалькіх слоў у сказе ці словазлучэнні, якія складаюць іх сэнсавы цэнтр. Фарміраванне навыку вылучаць лагічны націск пачынаю ў далітарны перыяд навучання грамаце, калі дзеці вымаўляюць адзін і той жа сказ з націскам на розныя словы.

Паўза – астаноўкі, перарывы ў гучанні. Іх наяўнасць і працягласць вызначаюцца тэкстам. Чым цясней звязаны паміж сабой словы, тым карацей паўза. Калі сувязь паміж словамі меншая, тады паўза даўжэйшая.

Пры выпрацоўцы тэмпу і рытму вучу дзяцей вымаўляць, а затым і чытаць сказы павольна, запаволена, з паскарэннем, хутка. Вялікую ўвагу

пры гэтым удзяляю чаргаванню паўз, узмацненню і паслабленню голасу.

Выразнае чытанне малых фальклорных жанраў у паслябукварны перыяд стымулюе пазнавальныя адносіны дзіцяці да свету. Усе яны чытаюцца па-рознаму, і я на сваім асабістым прыкладзе вучу чытаць іх наступным чынам: калыханкі вучу выконваць ціха, нежна, дзесьці манатонна, каб у голасе чулася дабрыня; пацешкі чытаем весела, як бы гуляючы, выконваючы рухі; у лічылках вучу выдзяляць словы, якія ўказваюць на выбар: “табе вадзіць”, “выйдзі вон”; казкі чытаем проста, задушэўна, крыху напеўна; прыказку вучу чытаць жыва, зацікаўлена.

Паколькі гульнёвая дзейнасць з’яўляецца вядучай для дзяцей шасцігадовага ўзросту, работу па фарміраванню выразнага чытання праводжу у форме гульні. Сваімі сіламі ставім невялікія спектаклі лялечнага тэатра, дзе самі дзеці становяцца артыстамі, мастакамі, рэжысёрамі.

Усё гэта разам узятае і з’яўляецца фарміраваннем выразнага чытання ў першакласнікаў.

Працуючы над гэтай тэмай я пераканалася, што ўсе вышэйпералічаныя формы, метады і прыёмы фарміравання навыка выразнага чытання будуць эфектыўнымі у рабоце толькі тады, калі настаўнік забяспечыць у класе наступны рэжым работы:

практыкаванні па фарміраванню выразнага чытання павінны быць паўсядзённымі;

адбор матэрыялу да ўрока не павінен быць выпадковым;

настаўнік павінен весці сістэматычную работу на папярэджванне памылковага чытання (слоўнікавая работа);

настаўнікам павінна выкарыстоўвацца мэтанакіраваная сістэма выпраўлення дапушчаных пры маўленні і чытанні памылак;

настаўнік павінен умець стварыць сітуацыю поспеху;

праводзіць практыкаванні на выразнасць чытання ў сістэме, пачынаючы з самых простых і паступова ўскладняючы іх.

Сістэма работы па выпрацоўцы выразнага чытання ў першым класе па выніках маёй працы выглядае так:

дыхальная гімнастыка: сістэмныя трэніроўкі моўнага апарата;

практыкаванні на дыкцыю: адпрацоўка галосных і зычных гукаў, якія змяшчаюць трэніруемы гук, практыкаванні на зліццё трэніруемага гука з галосным, практыкаванні на зліццё трэніруемага гука са словамі, дыкцыйны трэнінг, складовыя табліцы, прыказкі, прымаўкі, чыстагаворкі, скорагаворкі;

тэмбр (адценні): тэмбр апавядальных сказаў, тэмбр пытальных сказаў, тэмбр клічных сказаў;

інтанацыя: чытанне слоў і сказаў з пэўнымі заданнямі, чытанне з захаваннем паўз; чытанне з захаваннем лагічнага націску, чытанне у розным тэмпе і рытме.

Калі ўсё вышэйпералічанае выкарыстоўваць у сістэме, то вучні навучацца:

якаснаму чытанню слоў;

навучацца чытаць словы цалкам (а не па складах);

разумець чытаемы тэкст каб пасля яго пераказаць і адказаць на пытанні;

навучацца чытаць з пачуццём, выразна;

правільна інтанаваць пачатак і канец сказаў розных па мэце выказвання;

навучацца хуткачытанню.

Пры сістэматычным выкарыстанні апісанага вышэй матэрыялу мне ўдалося дабіцца некаторых рэзультатаў. Параўнальны аналіз вынікаў першай і другой чвэрцяў паказаў добрую дынаміку рэзультатаў па выпрацоўцы выразнага чытання ў першакласнікаў. [дадатак 6]Напрыканцы трэцяй чвэрці, ў параўнанні з другой, усе вучні навучыліся вызначаць межы сказаў, колькасць слоў у сказах, састаўляць сказы па зададзенай схеме. Амаль усе вучні арыентуюцца на знакі прыпынку, пазнаюць на слых і вымаўляюць усе гукі.

Такім чынам, я не раз пераканалася ў тым, што, прымяняючы эфектыўныя формы, метады і прыёмы фарміравання выразнага чытання ў 1 класе, абудзіць любоў да чытання, хутка і эфектыўна атрымаць патрэбны рэзультат.



Літаратура

  1. Бибко, Н.С. Работа над выразительностью речи и чтения в

формировании умения читать сказки / Н.С. Бибко // Начальная школа, – 1991, – №12, – С. 24-26

  1. Борознова, Г.Д. Обучение чтению / Г.Д.Борознова // Пачатковае

навучанне, – 1998, – № 3, – С. 35-37

  1. Буторына І.А. Пазакласнае чытанне ў 1 класе / І.А.Буторына. – Мінск: Нацыянальны інстытут адукацыі, 2013

  2. Жукоўская, Т.С. Тэхніка чытання / Т.С.Жукоўская // Народная асвета,

–1989, – №2, – С. 35-38

  1. Зайцев, В.Н. Резервы обучения чтению / В.Н.Зайцев.— М.:

Просвещение, 1991.

  1. Каляда А.А. Мастацкае чытанне ў школе / А.А.Каляда. – Мінск:

Народная асвета, 1992.

  1. Клышка А.К. Чую, бачу, гавару / А.К.Клышка. – Мінск: Асар, 2012.

  2. Лагутина, Т.В. От совершенствования техники чтения

до свободного интеллектуального общения / Т.В.Лагутина //Начальная школа, –1994, – №2, – С. 18-20

  1. Полевская, М.Ф. Формирование навыков чтения в 1-2 классах /

М.Ф.Полевская // Начальная школа, – 1991, – №3, – С. 10-15

  1. Положенцева, В.В. Пути становления механизма чтенияв начальной

школе / В.В. Положенцева // Начальная школа, – 1999, – №10, – С.15-18

  1. Свірыдэнка, В.І. Развіццё чытацкай культуры малодшых школьнікаў у

працэсе іх літаратурнай адукацыі / В.І. Свірыдэнка // Пачатковая школа, – 2011, – №9, – С, 37-39

13. Старжынская, Н.С. Сябруем і гуляем разам /Н.С.Старжынская. – Мінск: Народная асвета, 1994

14. Старжынская, Н.С. Займальны матэрыял па навучанню грамаце /

Н.С.Старжынская. – Мінск: Народная асвета, 1989.


Дадатак 1

Тэма: Гукі [ л ], [ л’]. Літары Л, л.

Мэта: пазнаёміць з гукамі [ л ], [ л’ ] і літарай, якая іх абазначае, вучыць адрозніваць гукі [ л ], [ л’ ] ў словах; садзейнічаць замацаванню графічнага вобраза друкаванай літары л; працягваць работу па развіцці артыкуляцыйнага апарата і фанематычнага слыху, стварыць умовы для развіцця вуснага маўлення вучняў і звязнай мовы; садзейнічаць выхаванню беражлівых адносін да прыроды, да роднай мовы.

Задачы:


пазнаёміцца з новымі зычнымі гукамі [ л ], [ л’ ] і літарамі Л, л;

навучыцца чытаць склады і словы з новай літарай;

вучыцца выразна гаварыць і ўважліва слухаць;

папаўняць слоўнікавы запас.

Абсталяванне: буквар А.Клышкі, вучэбны наглядны дапаможнік “Чую, бачу, гавару” А.Клышкі, карткі са схемамі сказаў, назвамі прадметаў, загадкамі, мультымедыйны праектар.

Ход урока



  1. Арганізацыйны момант.

Так, шаноўныя, маўчок, пачынаецца ўрок!

Сёння на ўроку мы пазнаёмімся з новымі зычнымі гукамі [ л ], [ л’ ] і літарамі Л, л.

Будзем чытаць склады і словы з новай літарай.

Будзем вучыцца выразна гаварыць і ўважліва слухаць.

Пазнаёмімся з новымі для вас словамі.

- А зараз заплюшчыце вочкі і пад музыку пастарайцеся вызначыць, дзе мы з вамі апынуліся. (Гучыць фанаграма гукаў лесу).

- Адкрыйце вочкі і пераканайцеся, што мы знаходзімся сапраўды ў сапраўдным лесе. (На мультымедыя адна за адной змяняюцца замалёўкі лесу).

2. Актуалізацыя ведаў.


- Сёння мы правядзём урок у лесе. Будзеце актыўныя на ўроку? Будзеце працаваць дружна? Я пачну сказ, а вы дружна і гучна яго працягніце.

Наша мова складаецца са… (сказаў).

Сказы складаюцца са… (слоў).

Словы складаюцца з… (гукаў).

Гукі бываюць… (зычныя і галосныя).

Галосныя гукі… (спяваюцца голасам).

Зычныя гукі пры вымаўленні маюць… (перашкоды).

Зычныя гукі бываюць… (звонкія і глухія, цвёрдыя і мяккія).

- Малайцы, адказвалі дружна, значыць да ўрока гатовы!

- Паглядзіце навокал: якая зараз пара года? А як называецца дзень тыдня? А якое надвор’е на двары?

3. Размінка. Дыхальная гімнастыка праводзіцца ў форме гульнёвага практыкавання “Гуканне”. Дзеці ўстаюць з-за парты, ставяць рукі рупарам і перагукваюцца, называючы імёны. Хлопчыкі завуць дзяўчынак, дзяўчынкі рэхам паўтараюць свае імёны. Затым дзяўчынкі клічуць хлопчыкаў. А тыя рэхам паўтараюць свае імёны.

- Усе добра навучыліся гукаць адзін аднаго і ніхто з вас у лесе не заблудзіцца. Але ж лес напоўнены усялякімі жывёламі і птушкамі. Усе яны жывуць сваім жыццём, а мы з вамі сёння ў іх у гасцях, таму трэба умець у лесе гаварыць шэптам. Скажыце шэптам што вы бачыце на малюнку. А зараз паўтарыце тое, што вы сказалі, уголас.



  • Свеціць сонейка, шапаціць зялёнае лісце, спяваюць птушкі. І раптам…. (на экране выявы лясных жыхароў.)

Дзяцел стукае па дрэве – т-т-т.

Звініць камар над вухам – с-с-с.

Стракочуць стракозы – п-п-п.

Змейка схавалася ў кусты – с-с-с.

Шукае сабе ежу барсук – п-п-п.

Мыкае ласяня на лясной палянцы – м-м-м.

Птушка выпархнула з кустоў і захлопала крыльцамі – п-п-п. 9Дзеці паўтараюць гукі).


  • Усе літары таксама жывуць у нашым лесе. Давайце павітаем тых, з якімі мы ўжо пасябравалі, пра якія ўсё ведаем. Я буду паказваць літару, калі яна наша знаёмая, назавіце яе, калі не – памаўчыце.

  • Што вы ведаеце пра гукі т, с, м, п, якія гэтыя літары абазначаюць?

  • Назавіце словы, якія пачынаюцца з гэтых гукаў.

Вучні складаюць схемы слоў: лес, мох, пень.

Фізкультхвілінка:

На палянцы ў бары карагодзілі звяры:

Тупу-туп – ішлі мядзведзі,

А ліса плыла, як лебедзь.

Многа-многа касавокіх

Беглі хутка ўпрыскокі,

А нязграбныя ваўкі

Нахіляліся ў бакі.

3. Работа над новай тэмай.



  • Сёння на ўрок да нас прыйшла яшчэ адна літара. Вы яе, напэўна

адгадаеце, калі я прачытаю вам невялічкі тэкст.

Лес. Лета. Ля ляшчэўніку ладны лапік лазы. Ласкава люструецца

лужынка. Лось, ласіха, ласяня. Лагода. Летні лес – любата.


  • Правільна, малайцы! Часцей за ўсё паўтараюцца гукі [ л ], [ л’ ].

  • А з літарай пазнаёміць вас лясны жыхар, які на галаве лес носіць. Хто гэта? (Лось).

  • Раскажыце, што вы пра яго ведаеце.

Настаўнік дапаўняе выказванні вучняў.

(Тлумачэнне артыкуляцыі гука і яго характарыстыка)



  • З якога слова пачынаееца слова “лось”? Давайце бліжэй пазнаёмімся з гукам [л].

  • А які гэта гук? (зычны, цвёрды, звонкі)

З намі ў лесе вырашыла сустрэцца адна асоба. Здагадайцеся, хто яна:

У рыжай разбойніцы

Хвост што мятла.

Ад шкоды ўцякае –

Свой след замятае. (Ліса)


  • Давайце завучым гэтую загадку, каб вы дома маглі задаць яе сваім бацькам.

Фізкультхвілінка:

  • Ліса прапануе нам пагуляць з жыхарамі і палюбавацца раслінамі, але толькі тымі, у назве якіх сустракаюцца гукі [ л ], [ л’ ] (пчала, маліны, дзяцел, лісічкі, елка, ландыш, матылёк, шмель, ластаўка). Калі гэтыя гукі вымаўляюцца ў пачатку слова, трэба прысесці і пляснуць адзін раз у далоні, калі ў сярэдзіне слова – устаць і пляснуць у далоні два разы, калі ў канцы слова – падняць рукі і пляснуць тры разы.

4. Работа па буквары.

Складаецца невялікі тэкст па малюнку. Настаўнік пачынае сказ, а вучні заканчваюць:

Занепакоіліся лясныя… (жыхары). Выбеглі на ўскраек… (лесу) да самай… (ракі) і ўбачылі… (хлопчыка). Яго імя пачынаецца з гука [л’]… (Лёша).


  • Паслухайце цікавую загадку. На дошцы яна таксама запісана:

Распластала птушка крылы,

Крылом сонца засланіла.

(Хмара)

Настаўнік тлумачыць слова “распластала”



Пытанні і заданні: з чым у загадцы параўноўваецца хмара? Чаму? Знайдзіце ў загадцы словы з літарай л, пастаўце зверху крыжык. Колькі літар л вы знайшлі?

Малайцы, справіліся з заданнем. А зараз мы з вамі развучым языкаломку:

(праводзяцца практыкаванні ў дыкцыі)

Лена села ля Ліны,

Ліда села ля Лады.

А якія імёны хлопчыкаў і дзяўчынак на літару Л вы ведаеце? (Лада, Лана, Лара, Ларыса, Лена, Лера, Ліда, Ліза, Ліна, Ліля, Люба, Люда; Лаўрэн, Леанід, Леў, Лука, Лукаш, Лявон).



  • А ў якой дзяўчынкі ў нас сёння імяніны? (У Леры).

  • А чые прозвішчы ў нашым класе пачынаюцца на Л? (Лукашэвіч).

  • А зараз самы час вярнуцца дадому і выпіць сподак чаю. А зрабіць мы гэта

зможам тады, калі правільна паставім кубак на сподак. (Работа па буквары).

  • А што такое кубак и сподак? (Праводзицца работа па дапаможнику да буквара “Чую, бачу, гавару”).

  • А зараз самы час сесці за камп’ютар і адправіць пісьмо нашым лясным

сябрам. У гэтым нам дапамогуць літары, якія мы ўжо вывучылі. Давайце прачытаем іх. (Чытанне па клавішах)

  • Давайце напішам лясны жыхарам, што мы сёння рабілі на ўроку і чым ён

нам запомніцца.

5 Рэфлексія

- Выберыце птушку свойго настрою і пасадзіце на дрэўца. (Вучні выбіраюць пэўную птушку, упрыгожваюць ёю малюнак).

- Вашы птушкі сядзяць высока, і вы вырасцеце высокімі. Станьце ў кружок, ногі пастаўце разам, пацягніцеся, узніміцеся на наскі – удых, апусціцеся на ўсю ступню - выдых. Выдыхаючы, вымаўце “У-х-х-х-х!”. Паўторым 5 разоў. Сядайце.

6. Падвядзення вынікаў урока:

- З якой літарай мы сёння пасябравалі? Успомніце словы, што выкарыстоўваліся на ўроку ў якіх сустракаліся гукі [л], [л’].

Дадатак 2

Практыкаванні для дыхальнай гімнастыкі



  1. Зыходнае становішча: устаць, плечы выпрастаць, галава прама. Адну

руку пакласці на жывот, другую – на грудзі (для кантролю). Глыбокі ўдых на лік “раз” (моўчкі), затрымка дыхання і выдых з плаўным лічэннем уголас да 5.

  1. Зыходнае становішча тое ж. Глыбокі ўдых на лік 5 (моўчкі), затрымка

паветра на лік 3 (моўчкі), плаўны выдых на лік 5 (уголас).

  1. Зыходнае становішча тое ж. На лік 2 (моўчкі) глыбокі ўдых, на лік “раз

(моўчкі) затрымка дыхання, плаўны выдых на лік 10 (уголас). Затым дабраць паветра і працягваць лічыць да 15, зноў дабраць паветра і лічыць да 20, затым да 25, да 30. Лічыць трэба спакойна, роўна, не зніжаючы голасу, каб у лёгкіх заўсёды заставаўся запас паветра.

  1. Зыходнае становішча тое ж, глыбокі ўдых, кароткая затрымка паветра і

пры няпоўным выдыху лічэнне (уголас) да 3, затым кароткая затрымка паветра і лічэнне на выдыху (уголас) да 6, зноў затрымка паветра і лічэнне на выдыху (уголас) да 9.

  1. Зыходнае становішча тое ж. Глыбокі ўдых на лік 3 (моўчкі), затрымка

паветра на лік “раз” (моўчкі), павольны плаўны выдых пры вымаўленні гукаў ф, с, ш. Гукі вымаўляюцца спачатку паасобна, затым усе запар.

  1. Зыходнае становішча тое ж. Глыбокі ўдых на лік 3 (моўчкі), затрымка

паветра на лік “раз” (моўчкі), павольны плаўны выдых на гук а (у або о) са зменай гучнасці голасу. Спачатку паступова нарошчваць гук, затым зніжаць яго да поўнага зніжэння.

  1. Зыходнае становішча тое ж. Глыбокі ўдых, павольны і раўнамерны

выдых на гук а з выкананнем знаёмай музычнай фразы.

  1. Зыходнае становішча тое ж. Глыбокі ўдых на лік 3 (моўчкі), кароткая

затрымка паветра і на выдыху чытанне прымаўкі (скорагаворкі). Доўгія прымаўкі (скорагаворкі) вымаўляюцца з даборам паветра.

(Удых) Садок пасадзіў – добрую справу зрабіў.


Дадатак 2

Практыкаванні для дыкцыйнага трэнінгу



  1. Прыўзняць верхнюю губу так, каб сталі бачны верхнія зубы, затым

апусціць, апусціць ніжнюю губу так, каб сталі бачны ніжнія зубы, затым прыўзняць.

  1. Сабраць губы ў “пятачок” і расцягваць іх ва ўсмешцы.

  2. Сабраць губы ў “пятачок”. Вярцець “пятачком” па чарзе ў адзін і другі

бакі.

  1. Адкрыць рот. Па чарзе датыкацца кончыкам языка да верхняй, затым

ніжняй губы, да краёў верхніх, затым ніжніх зубоў, да альвеол, затым дзясны пад ніжнімі зубамі; паўтарыць у зваротным напрамку.

  1. Адкрыць рот. Язык зрабіць “кубачкам” і патрымаць за верхнімі зубамі,

затым высунуць “кубачак” ўперад і ўцягнуць назад.

  1. Адкрыць рот. Язык зрабіць “джалам”, высунуць “джала” ўперад, управа,

улева, уцягнуць назад за зубы.

Дадатак 3

Складовыя табліцы для адпрацоўкі вымаўлення асобных гукаў


  1. і-э, і-а, і-о, і-у, і-ы

э-о, э-ы, э-а,э-і, э-у

  1. пі, пэ, па, по, пу, пы

бі, бэ, ба, бо, бу, бы

пі-ббі, пэ-ббэ, па-бба



  1. кі, кэ, ка, ко, ку, кы,

ік, эк, ак, ок, ук, ык

  1. ці, тэ, та, то, ту, ты

іт, эт, ат, от, ут, ыт

  1. фі, фэ, фа, фо, фу, фы

фі-ві, фэ-вэ, фа-ва, фо-во, фу-ву, фы-вы

  1. шы, ша, шо, шу

шы-жжы, ша-жжа, шо-жжо, шу-жжу

Дадатак 4

Загадкі-паліндромы (чытаюцца аднолькава злева направа і справа налева

Мы яго прынеслі з магазіна,

Робім з ім да кавы бутэрброд!

Але ўвага! Стане ён раслінай,

Толькі прачытай наадварот. (сыр – рыс)

Ён дзень і ноч бяжыць па правадах

І нам святло прыносіць без турбот.

Ды пругка скочыць да сяброў на дах,

Ты толькі прачытай наадварот. (ток – кот)

Сабака-прыгажун, дальбог,

Чыстапародны чорны (дог).

А прачытай наадварот,

Дык будзе мера часу - … (год)

Акразагадкі (верш, у якім пачатковыя літары вершаваных радкоў, прачытаныя зверху ўніз, утвараюць слова-адгадку)

Бор зялёны і густы,

А ў бары растуць кусты.

Разгарні іх пакрысе,

Аглядзі куточкі ўсе.

Вунь схаваўся я ў траве

І кажу: “Пайду к табе –

Кошык маеш ты ці не?”

Параход на дзіўным моры

Разраўняў умомант хвалі,

Аддае кашулю Бору і

Сукеначку для Валі.

Дадатак 5

Скарагаворкі

Маша шыла шапку Сашу. Шапку Сашу шыла Маша.

Саша на шашы, смокчучы сушку, шагам шпарка шпарыла.

Пабудзе ў вадзе і нямокры ідзе.

Смешкі кошцы, слёзкі мышцы.

З'еў маладзёц трыццаць тры пірагі з пірагом ды ўсе з тварагом.

Руды Рыгор гроб грыбы граблямі.

Ехаў грэка цераз рэку.

Бачыць грэка: ў рэчцы рак.

Сунуў грэка руку ў рэку,

Рак за руку грэка цап

I тут гу-гу, і там гу-гу, і нічога разабраць не магу.

Твая маці і мая маці пяклі булкі ў адной хаце.

Добра ўсюды добраму. Добраму ўсюды добра.

Дудар дудару дарма грае.

Рабая курка клюе крупкі.

Белы бусел баіў байку беламу зайку.

На двары стары баран грукаў зранку ў барабан.

Мама з Мілай мылі раму.

Скача чапля па балоце, чачотачка ў чароце,

А чубаты чачот топча, топча агарод.

Вадавоз вёз ваду ад вадаправода.

Лаўрэн лавіў рыбу, Лара варыла рыбу з лаўровым лістом.

Рыбак Рыгор рыбачыў на рацэ.



Ткач ткаў хустку на таху і хукаў на руку.

Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал