Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Сярэдняя школа №1 г. Дуброўна” Песняры Беларусі




Дата канвертавання08.01.2018
Памер168.26 Kb.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі

Сярэдняя школа № 1 г. Дуброўна”



Песняры Беларусі
( літаратурнае свята

да 130-годдзя

Янкі Купалы і Якуба Коласа)
для вучняў 8 – 9 класаў

П а д р ы х т а в а л і:



  1. Чамурака Алеся Генадзьеўна –

настаўніца беларускай мовы і літаратуры
2. Бараноўская Марыны Анатольеўна –

настаўніца матэматыкі


3. Осіпава Ала Іванаўна –

загадчыца школьнай бібліятэкі




2012-2013 навучальны год
1.

Мэты:

  • ушанаванне памяці і выхаванне павагі да вялікіх нацыянальных песняроў,

  • развіццё мастацкай культуры вучняў, іх творчых здольнасцей,

  • выхаванне любові да нашай Бацькаўшчыны, роднай мовы, абуджэнне пачуцця нацыянальной годнасці і гонару за геніяльных тварцоў і свой народ


Абсталяванне:

  • партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа

  • кніжная выстава “ Песняры Беларусі”

  • мультымедыйная ўстаноўка



Эпіграфы:

З прыходам у літаратуру Якуба Коласа і Янкі Купалы ў ёй з’явіўся псіхалагічна складаны, жыццёва-праўдзівы вобраз беларуса – сапраўдны нацыянальны характар.

Іван Навуменка
Самым дарагім для нас імем ў беларускай літаратуры побач з імем незабыўнага Я. Купалы з’яўляецца імя Я. Коласа

Кандрат Крапіва




Ход мерапрыемства:
Гучыць фанаграма песні “ Малітва” ( муз. А. Молчана на верш Я. Купалы) і ідзе дэманстрацыя слайдаў з краявідамі родных мясцін Янкі Купалы

і Якуба Коласа.
Першы вядучы:

Ёсць людзі, якія прыходзяць на Зямлю як пасланцы нябёсаў і пакідаюць зорны след у вечнасці. Гэтыя людзі адзначаны Богам…


Другі вядучы:

З’яўленне на зямлі ў адзін, 1882, год двух паэтаў – гэта Божы дар беларускаму люду. Янка Купала і Якуб Колас- выразнікі дум беларусаў,

яны - вочы, вусны, словы простага чалавека. Іх творы, як народныя, перадаваліся з вуснаў у вусны і былі настолькі зразумелыя, што кожны мог лічыць іх сваімі, расказанымі ад свайго імя.

Слайд: фотаздымкі Якуба Коласа і Янкі Купалы


2.

Трэці вядучы: Ужо больш за стагоддзе людзі захапляюцца чысцінёй, мілагучнасцю і непаўторнасцю паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Час не мае ўлады над іх творчасцю.


Першы чытальнік:

Мы павінны ведаць:

Песня загучала.

Жыў на свеце Колас,

Жыў Янка Купала.
Гонар яны мелі,

Нашы беды зналі.

Песні-сказы пелі,

Волю шанавалі.


І цяпер па свеце

Думы іх лунаюць.

На ўсёй планеце

Іх імёны знаюць.


Шануй іх імёны,

Беларус сучасны,

У краіне нашай -

Беларусі шчаснай.

Жыў на свеце Колас,

Жыў Янка Купала.

Чуеш ты іх голас?

Песня загучала!



Гучыць мелодыя беларускай народнай песні “Купалінка”.

Дэманстрацыя слайда “Купалле”

На сцэну выходзяць хлопцы і дзяўчаты, нясуць кола, кладуць на сімвалічнае вогнішча, пераскокваюць цераз яго, водзяць карагод, дзяўчаты плятуць вянкі.
Другі чытальнік:

Ах, якая над Гайнай купальская ноч!

Самы раз бы шукаць кветку- папараць,

Самы раз уплятаць летуценні ў вянок,

Самы раз белы корань выкапваць!
Раскладайце, паліце Купалля агні!

Не затым, каб ускрэсла мінуўшчына,

А каб лепей убачыць наступныя дні,

Да вытокаў душы дакрануўшыся...


Н. Гілевіч “Ах, якая над Гайнай купальская ноч!”

3.
Трэці чытальнік:

Між самых крэўных, самых блізкіх

Яго партрэт знаём усім.

І дзеці з самае калыскі

Паэта прызнаюць сваім.
Такім і быў ён. Задуменны,

Даступны і негаваркі,

Увайшоў у дом, у круг сямейны,

Як уваходзяць сваякі.



А. Пысін “Янка Купала”

У час чытання верша дэманструецца слайд з выявамі мясцін, звязаных з жыццём паэта

Першы вядучы:

Нарадзіўся Янка Купала – Іван Дамінікавіч Луцэвіч - у ноч на купалле 25 чэрвеня (па новым стылі – 7 ліпеня) 1882 года ў фальварку Вязынка.


Слайд: фотаздымкі бацькоў Янкі Купалы
Другі вядучы:

Вось тут, у хатцы простай, як сляза,

І нарадзіўся некалі Купала.

Ён нарадзіўся, каб пасля сказаць,

Што Беларусь у свеце не прапала!

П. Марціновіч “Вязынка”

Слайд: хата, дзе нарадзіўся Янка Купала
Трэці вядучы:

Свой псеўданім Янка Купала выбраў невыпадкова. Гэтым прозвішчам ён падкрэсліў імкненне сваёй дзейнасцю дапамагчы знайсці папараць-кветку, кветку шчасця абяздоленаму беларускаму люду.


Першы вядучы:

Гадаваўся Янка хлопчыкам дапытлівым і ўражлівым, ахвочым да навукі. Кожны дзень адкрываў хлопчыку новыя тайны, і так захацелася хутчэй спасцігнуць іх!



Інсцэніроўка верша Янкі Купалы “Сын і маці”

Дэманструюцца слайды: дзіцячы фотаздымак паэта, рэпрадукцыя карціны С.А. Андруховіча і Г.Ф Бржазоўскага “Янка Купала з маці”
Другі вядучы:

Сястра Янкі Купалы, Леакадзія Дамінікаўна Раманоўская, успамінала:

“Ясь не меў часу чытаць удзень, бо трэба было працаваць па гаспадарцы. Чытаў увечары і ўночы. Чытаў пры лямпе, пры лучыне, на начлезе пры
4.

вогнішчы. Кніжцы ён аддаваў кожную вольную хвіліну. Што б ні рабіў, заўсёды пры сабе меў кніжку.”



Слайд: фотаздымак сястры
Чацвёрты чытальнік:

Мне мудрасці кніжнай не даў Бог пазнаці,

Мой бацька не мог даць раскошаў такіх –

Навучыўся я слоў беларускіх ад маці

І дум беларускіх без школы і кніг.

Янка Купала “Мая навука”
Трэці вядучы:

Янка Луцэвіч вырас у вёсцы. Ён чуйна і абвострана ўспрымаў усё ў акаляючым свеце.



Слайд: сельскія краявіды

Пяты чытальнік:

А ён падрастаў, беларускі хлапчук,

З прачулай, гарачай душою,

І ўсё, што пабачыў, ўсё што пачуў,

У сэрца ўбіраў маладое.
Народныя песні будзілі душу –

Тужлівыя, быццам шум бору…

І сталі з дзяцінства знаёмы яму

Людскія нядоля і гора.


У сэрцы гарачым успыхнуў агонь,

Цудоўная ліра зайграла:

Аб цяжкім уціску народа свайго

Узняў гнеўны голас Купала.



К. Буйло “ У Вязынцы”

Першы вядучы:

Таму на пачатку творчасці паэт мужна заявіў сваю грамадзянскую пазіцыю.



Шосты чытальнік:

Я не для вас, паны, о не

Падняць скібіну слова рвуся

На запусцелым дзірване

Сваёй старонкі Беларусі,

Я не для вас, паны, о не !..


…Я не для вас паны, о не,

А я для бедных і загнаных,

Я з імі мучыўся ўраўне,

Ў адных закут з імі кайданах…

Я не для вас, паны, о не !

Янка Купала “Я не для вас паны, о не!”
5.

Другі вядучы:

Пра што б ні пісаў Янка Купала, яго слова заўсёды было звернута да народа, да тых, хто “ церпіць без віны”, але мае свой гонар, імкнецца да свабоды і святла, ідзе змагацца за свае чалавечыя правы.


Слайд: рэпрадукцыя карціны П. Сергіевіча “А хто там ідзе?”
Сёмы і восьмы чытальнікі: ( выконваюць па ролях верш Я. Купалы “А хто там ідзе?”

А хто там ідзе, а хто там ідзе

У агромністай такой грамадзе?

- Беларусы.


А што яны нясуць на худых плячах?,

На руках у крыві, на нагах у лапцях?

- Сваю крыўду.
А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,

А куды ж нясуць на паказ сваю?

- На свет цэлы.
А хто гэта іх, не адзін мільён,

Крыўду несць наўчыў, разбудзіў іх сон?

- Бяда, гора.
А чаго ж, чаго захацелася ім,

Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?

- Людзьмі звацца.

Трэці вядучы:

Максім Горкі назваў верш Я. Купалы “А хто там ідзе?” беларускім гімнам. Гэты верш перакладзены на многія мовы свету, на гэтыя словы напісаў музыку кампазітар Людамір Рагоўскі.



Першы вядучы:

Паэт упэўнены, што беларус зойме пачэснае месца сярод народаў свету, пакажа сваю самабытнасць, годнасць, высокую духоўную культуру.

Падымайся з нізін, сакаліна сям’я,

Над крыжамі бацькоў, над нягодамі

Занімай, Беларусь маладая мая,

Свой пачэсны пасад між народамі..



Другі вядучы:

Янкам Купалам створана цэлая галерэя высокамастацкіх жаночых вобразаў, якія раскрылі гераізм і прыгажосць лёсу беларусак у гісторыі і ў сучаснасці. Гэта легендарная Рагнеда - Гарыслава, гордая Бандароўна, чароўная Паўлінка, узвышаная Яна з лірычнай паэмы “Яна і я”, што стала сімвалам самой Беларусі.



Слайд: рэпрадукцыі да твораў.

6.

Трэці вядучы:

Шырокую славу Купалу-драматургу прынесла камедыя “Паўлінка”, пастаўленая ўпершыню ў 1913 годзе ў Вільні. З таго часу і да сёння “Паўлінка” не сходзіць са сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і з’яўляецца яго візітнай карткай.

Творчасць сусветна вядомага ансамбля “Песняры”, заснаваная на паэзіі Янкі Купалы, склала адну з самых яркіх, цікавых з’яў нацыянальнай айчыннай культуры.



Гучыць песня “Явар і каліна” муз. Ю. Семянякі
Першы вядучы:

Нечакана абрынулася Вялікая Айчынная вайна. Спыніўся час, спынілася звычайная плынь жыцця з працай, з творчасцю, з маленькімі, але такімі каштоўнымі радасцямі…



Слайды: ваенныя фотаздымкі

Другі вядучы:

Беларусь была цалкам захоплена ворагам.


Трэці вядучы:

24 чэрвеня 1941 года ў Ляўкі да Янкі Купалы прыязджае Якуб Колас з сям’ёй.


Першы вядучы: 27 чэрвеня Якуб Колас пакідае Ляўкі.

Другі вядучы: 30 чэрвеня 1941 года Ляўкі пакідае і Янка Купала..
Трэці вядучы:

Хроніка… За ёй прыхавана драма, якую ў першыя страшныя дні вайны разам з усім беларускім народам перажылі Янка Купала і Якуб Колас.

Вельмі глыбока перададзена гэтая драма на карціне Івана Пратасені “Развітанне ў Ляўках Янкі Купалы і Якуба Коласа 27 чэрвеня 1941 года”.

Сустрэча-развітанне паэтаў у Ляўках сімвалічная. Гэта была апошняя сустрэча на беларускай зямлі двух вялікіх песняроў, якіх на працягу чатырох дзясяткаў гадоў звязвала творчае і асабістае сяброўства.



Слайд: рэпрадукцыя карціны І. Пратасені “Развітанне ў Ляўках…”
Першы вядучы:

Паэты сустрэліся ў Маскве, ахопленыя адным і тым жа клопатам – напісаць зварот да беларускага народа. Гэты зварот да пакутнай беларускай зямлі, да яе жыхароў быў выпушчаны лістоўкамі, і нашы самалёты, прарываючыся праз фронт, раскідвалі іх над захопленнай ворагам беларускай зямлёй.


Другі вядучы:

Палымяна гучыць слова адданых сыноў сваёй Бацькаўшчыны:…

Зноў цяжкае выпрабаванне пала на твою долю, наш родны народ. Вераломны вораг, сусветны бандыт і разбойнік, рушыў свае дзікія орды, закаваныя ў
7. жалеза і браню, і запаланіў нашы землі. Зноў запалалі ў агні нашы мірныя гарады і сёлы.

…Усе сілы, усе мыслі, усе парывы твае душы няхай абрушацца на яго галаву смертаносным молатам.

…Бейце разбойнікаў, дзе толькі можна біць, ганіце прэч з нашай зямлі.

…Мы не адны, за намі ўвесь савецкі народ, за намі ўсё чалавецтва.

На змаганне, на перамогу, наш родны беларускі народ!

Слайд: лістоўка з тэкстам Янкі Купалы
Трэці вядучы:

Я чуў голас несціханы-

Зямля мая мяне заве

І кроіць сэрца мне на раны,

Звініць. як звон касы ў траве.

Якуб Колас “Голас зямлі”
Першы вядучы:
Гімнам беларускіх партызан назвалі верш Янкі Купалы “Беларускім партызанам”

Слайд: фотаздымкі партызанскага руху ў Беларусі

Дзявяты чытальнік:

Партызаны, партызаны, беларускія сыны!

За няволю, за кайданы рэжце гітлераўцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны.

…………………………………………………………

Няхай ваша перамога

Не кідае вас нідзе,

Не пужае хай трывога,-

Ваша чыстая дарога

Да свабоды давядзе..



Янка Купала “Беларускім партызанам”
Другі вядучы:
Янка Купала і Якуб Колас, як і ўвесь беларускі народ, верылі ў перамогу над ворагам.
Дзясяты чытальнік:
І ўсё мне тут, дзе вокам я ні кіну,

Нагадвае аб жорсткасцях вайны,

Знявечаны лясы, а параснік буйны

Жыве і тчэ спрадвечную тканіну.


8.
Ідзе жыццё, буяюць яго сілы,-

Хай паспрабуе хто суняць яго, спыніць.

Снуе жыццё за ніццю сваю ніць,

І моцныя для ўзлёту яго крылы.


Я ведаю – загояцца ўсе раны:

З пажарышч край паўстане, расцвіце -

Ва ўсёй сваёй красе і паўнаце -

Наш верны шлях, ён з праўдай павянчаны.



Якуб Колас “У родных мясцінах”
Трэці вядучы:

Але не суджана было дажыць Янку Купалу да светлага дня Перамогі:

28 чэрвеня 1942 года паэт, незадоўга да свайго 60 - гадовага юбілею, трагічна загінуў.

Слайд: партрэт Янкі Купалы. Гучыць песня “Малітва”

( муз. У. Мулявіна)
Першы вядучы:

Вайна разлучыла Якуба Коласа з родным краем і забрала сына Юрку, які прапаў без звестак на фронце.



Слайд: фотаздымак сям’і Якуба Коласа

Не стала сябра, паплечніка - Янкі Купалы. Усе творы Якуба Коласа гэтага пярыяду прасякнуты болем, трывогай за лёс роднай зямлі:

О. каб я меў такія рукі,

Зямля, абняў бы я цябе,

Каб сцішыць гора тваё, мукі

І сілу даць у барацьбе!



Слайд: фотаздымкі Янкі Купалы і Якуба Коласа
Другі вядучы:
Янка Купала…Якуб Колас… Амаль адначасова яны прыйшлі ў літаратуру, на працягу многіх гадоў тварылі і сябравалі, былі дарадчыкамі і крытыкамі адзін аднаму. Жыццёвыя шляхі гэтых выдатных пісьменнікаў таксама блізкія.

Трэці вядучы:

Дзіцячыя гады Якуба Коласа, як і Янкі Купалы, прайшлі ў вандроўках. Бацьку паэта, які служыў лесніком у князя Радзівіла, часта пераводзілі з месца на месца.



Слайд: бацькі Якуба Коласа. Гучыць мелодыя “Мой родны кут…”
9.
Першы вядучы:
Непаўторныя і цудоўныя краявіды: Ласток, Нёман, засценак Акінчыцы,

сядзіба Альбуць, урочышча Смольня, вёска Мікалаеўшчына.

Жыццё на ўлонні прыроды зацепліла ва ўражлівым сэрцы хлопчыка паэтычны агонь.

Слайды: мясціны, звязаныя з жыццём Якуба Коласа, хата, у якой нарадзіўся паэт.
Другі вядучы:
Першым настаўнікам Якуба Коласа быў хлапчук Яська з суседняй вёскі. Аб гэтым адрэзку часу паэт расказвае нам у аўтабіяграфічнай паэме “Новая зямля” ў раздзеле “Дарэктар”.

Слайд: вокладка кнігі “Новая зямля”

Інсцэніроўка ўрыўка з раздзела “Дарэктар”
Трэці вядучы:
Будучаму паэту было толькі 12 гадоў, калі ён ад бацькі атрымаў свой першы ганарар за верш “Вясна”. Гэта быў сярэбраны рубель.

І зіма, як дым, прапала!

Зелянее луг, ралля.

Як ад болю, ачуняла

Наша родная зямля.

Слайды: вясковыя краявіды
Першы вядучы:

Колас – гэта хлеб, гэта само жыццё, гэта значыць, што жыццём сваім і творчасцю паэт заўсёды будзе трывала спалучаны з народам, з роднай зямлёй.



Слайд: партрэт Якуба Коласа на фоне жытняга поля
Другі вядучы:
Коласавы песні працы і нядолі, жальбы і пратэсту абуджалі ў беларусаў пачуццё ўласнай годнасці, клікалі не згаджацца з наканаваннем зла, хлусні, несправядлівасці.

10.


Адзінаццаты чытальнік:
Вобразы мілыя роднага краю,

Смутак і радасць мая!

Што маё сэрца да вас парывае?

Чым так прыкованы я?


К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,

Рэчкі, курганы, лясы,

Поўныя смутку і жальбы нядолі,

Поўныя смутнай красы?


Толькі я лягу і вочы закрыю,

Бачу я вас прад сабой.

Ціха праходзіце вы, як жывыя,

Ззяючы мілай красой.


Чуецца гоман мне спелае нівы,

Ціхая жальба палёў,

Лесу высокага шум-гул шчаслівы,

Пясня магутных дубоў…

Вобразы мілыя, вобразы смутныя,

Родныя вёскі і люд,

Песні цягучыя, песні пакутныя!...

Бачу і чую вас тут.


Якуб Колас “Родныя вобразы”
Трэці вядучы:


Вялікая колькасць вершаў паэта прысвечана роднаму краю. У беларускай літаратуры ніхто да Якуба Коласа не здолеў так тонка і глыбока ўвасобіць прыгажосць прыроды, раскрыць духоўную еднасць з ёй чалавека.
Дванадцаты чытальнік:

Ніхто з дамашніх не згадае,

Чым рэчка Кастуся займае,

Якая іх звязала сіла

І чым яна так хлопцу міла.

Бывала, толькі чуць разднее,

Чуць трошкі ў лесе пасвятлее,

Глядзішь – на рэчку ён шыбуе

І лёд сякеркаю мацуе,

То падбяжыць і скаўзанецца,

І сам сабе ён засмяецца,

11.
То спыніць крок, замрэ, застыне -

Такая радасць тут хлапчыне!

Лядок закохвае, угнецца

І вось-вось зломіцца, здаецца,

Але нястрашны і знаёмы

Для хлопца гэтыя надломы,

Палоскі-стрэлы гаваркія,

І моцны скрэпы ледзяныя.

Марозік крэпіць, лёд таўшчэе,

І рэчка вольная нямее,

Да дна вадзіца вымярзае

І ходу, бедная, не мае,

І цесна там ёй, і няміла

Яе халодная магіла,

Але дарма: жывую сілу

Не запраторыш ты ў магілу,

Мароз бязжаласны і люты!

Хоць ты звязаў і крэпка путы,

Скаваў і рэчкі і азёры

І ўсё заціснуў пад запоры,

Разлёгшысь лёдам і снягамі

Над чыстым полем і лугамі,

Ды ты жыцця, брат, не здалееш,

Як ты ні дурыш, не шалееш.

Глядзі – скрозь ковы ледзяныя

Сачацца кропелькі жывыя,

Дарогу новую шукаюць

І лёд вадою заліваюць.
Якуб Колас “Новая зямля”
Слайды: краявіды прыроды зімой

Трынадцаты чытальнік:

На ніцях белай павуціны

Прывозяць восень павучкі.

Яе красёнцы, чаўначкі

У моры лесу мільгатнулі

І лісце ў багру апранулі,

І з кожнай лісцевай галоўкі

Глядзіць твар восені-свякроўкі.

Павее ветрык – шурхнуць травы:

Няма ў ім ласкі, ні забавы,

Не – то не шолах каласочкаў,

Не смех блакітных васілёчкаў

12.
У межах росных збажыны,

Не - то не музыка вясны,

А ціхі жаль і нараканне,

З жыццём і з сонцам развітанне.

Шыбуюць гусі ў край далёкі

І жураўлі ў той самы край.

- Бывай жа, лецейка, бывай!

Бывайце родныя валокі!



Якуб Колас “Новая зямля

Слайды: краявіды прыроды восенню
Першы вядучы:

Шматгранны талент пісьменніка: паэт, празаік, драматург, публіцыст, вучоны, педагог-практык. Яго творы - праўдзівае адлюстраванне жыцця. Паэмы “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, трылогія “На ростанях” складаюць залаты фонд нашай літаратуры.


Слайд: выстава твораў Якуба Коласа
Другі вядучы:
Якуб Колас – адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры. Вялікае значэнне ў выхаванні дзяцей ён надаваў паэзіі. Ён аўтар кнігі “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”, выдадзенай ў 1910 годзе.
Слайд: вокладка кнігі “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”
Трэці вядучы:

Вялікую ўвагу Якуб Колас надаваў вывучэнню беларускай мовы. У апошні год свайго жыцця ён звярнуўся да інтэлігенцыі рэспублікі са словамі: “Беражыце мову, вывучайце яе, распрацоўвайце і пашырайце”.


Чатырнадцаты чытальнік:

Слова – радасць, слова – чары,

Вобраз вечна юных вёсен,

Ёсць ты ўсюды: ў сонцы, ў хмары,

Ты глядзіш праз неба просінь.

Лашчыш слых мой, слова-ззянне,

Атуляеш сэрца ласкай,

Ноч і вечар, дзень, світанне,

Абняло ты, слова-краска.
Якуб Колас “Слова – радасць, слова – чары…”

Слайд: фотаздымкі паэтаў. Гучыць песня “Спадчына”

13.

Першы вядучы:
Янка Купала… Якуб Колас…Садчына, якую пакінулі народныя песняры, неўміручая. Яны – паэты- праметэі. Іх мастацтва сёння дапамагае нам вытрымаць цяжкасці і пераадолець трывогі, знайсці кожнаму свой шлях у жыцці. Яны – нашы сучаснікі. Яны разам з намі…
Другі вядучы:
Купала і Колас, вы нас гадавалі…

Вы звалі на волю

З цямноты, з прымусу,

Каб горда насілі імя беларуса,

Каб з ганьбай ніколі спіны не сгіналі,

Каб цвёрда за праўду з братамі стаялі,

Каб сонца над нашай Радзімаю ззяла,

І Колас нас клікаў, і клікаў Купала.

Не раз пагражалі вам чорныя краты,

Ды песня ў дарозе нідзе не прыстала,

Дык дзякуй Вам Колас,

Дык дзякуй Купала!



П. Броўка “Купала і Колас, вы нас гадавалі…”
Трэці вядучы:

Штогод ладзяцца купалаўскія чытанні, “Каласавіны”. І, нягледзячы на тое, што “Каласавіны” праводзяцца напрыканцы восені, халоднаю парою, на ўрачыстасцях, як і ўлетку на Купалавым свяце, цёпла і светла становіцца на душы ад слоў вялікіх песняроў зямлі беларускай, ад памяці, якую моладзь захоўвае ў сваіх сэрцах.


Першы вядучы:

Спадчына Янкі Купалы і Якуба Коласа – вытокі натхнення для кампазітараў,

рэжысёраў, мастакоў, скульптараў.
Слайд: помнікі паэтаў у Мінску
Другі вядучы:
І ў дні адпачынку, і ў працы гарачай

На плошчы

Вас, любых, я бронзавых бачу:,

Гляджу –

Не сагнула вас, быццам, гадамі,

Спынюся.


Схілюся і гутару з вамі.

14.


Калі ж адыходжу,

Нібы на расстанні,

Адзін да другога шляце прывітанне…

Іду, быццам, выпіўшы сокаў гаючых,

І цвёрда я веру, што вы неўміручы!

П. Броўка “Купала і Колас да нас завіталі…”
Трэці вядучы:
Адметнай ніткай вышыт час.

Ды ў Беларусі

Не ў цень сышлі – звіняць для Вас

Прызнання гуслі.


Гучыць паэзіі арган

Праз боль і сцюжы.

…Кладу на вечнасці курган

Святыя ружы.


Я. Янішчыц “Ружы Купалы”
Гучыць песня “Спадчына”( муз. І. Лучанка)
Вучні ўшаноўваюць памяць паэтаў: Яны кладуць кветкі да партэтаў

Янкі Купалы і Якуба Коласа


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка