Эмі Лоўэл/ Amy Lowell




Дата канвертавання31.12.2017
Памер45.07 Kb.




Эмі Лоўэл/ Amy Lowell (1874 – 1925) – амерыканская паэтка, літаратурны крытык, выдавец. Адна з самых яркіх прадстаўнікоў імажызму, літаратурнага кірунку, заснаванага Эзрай Паўндам, але прывезеным і папулярызаваным у ЗША менавіта Эмі Лоўэл. Спрычынілася да выхаду ў Амерыцы шэрагу анталогій імажысцкай паэзіі.
Мадонна вечаровых кветак

Вершы
Ростань

(Carrefour)


О ты

Якая падышла

У цішы яблынь да мяне пасля купання

Чаму перад размовай не задушыла

А да краёў напоўніла дзівосным дзікім мёдам слоў

І потым кінула на літасць

Лясных пчол?


Замест

(Vicarious)


Калі пад вербамі стаю

Я над ракою

Ва ўборы з жоўтага ядвабу,

Расквечанага барвай хрызантэмаў,

То не празрыстаю вадою

Я любуюся –

Тваім партрэтам,

Для мяне намаляваным

На вееры.


Дзесяцігоддзе

(A Decade)


Калі ты прыйшла, то была віном чырвоным і мёдам.

Смакам салодкім сваім мне язык апякала.

Цяпер ты – як ранішні хлеб,

Лагодны і гладкі.

Я больш не спрабую цябе, твой ведаю прысмак.

Ды ўсё ж пачуваюся сытай.




Таксі

(The Taxi)


Калі пакідаю цябе,

Губляе сусвет

Апошні свой гук.

Імя тваё ў колкія зоры крычу,

Гукаю самотна ў парывах вятроў,

А вуліцы мчаць,

Адна за адной

Растуць паміж намі

І ліхтарамі засцяць мне вочы,

Каб болей не бачыла твару твайго.

Чаму я павінна сыходзіць

і сэрца ўспорваць аб вострыя лёзы начы?




Музыка

(Music)
Мой сусед сядзіць ля акна, іграе на флейце.

Лежачы ў ложку, я чую яго.

Мяккія ноты кружляюць і танчаць у пакоі,

А судакрануцца –

Рассыплюцца раптам гармоніяй гукаў.

Так люба

З маленькімі нотамі затрымацца

У цемры.
А ўдзень

Сусед есць адною рукою хлеб з цыбуляй,

Другою рукой музыку піша.

Ён тоўсты і лысы,

Таму не падыму я вачэй,

А подбегам хутка міну яго,

Бо ёсць неба і студня з вадою,

у якія можна глядзецца.


Але з надыходам ночы, калі флейта грае,

Я ўяўляю яго маладым,

Залатыя пячаткі на гадзінніку,

Срэбныя запінкі на блакітным каўнеры.

І калі я ў ложку,

Гукі флейты кранаюць мне вушы і вусны.

Мроячы, я засынаю.


Паланёная багіня

(The Captured Goddess)


Над цёмнымі дахамі,

Над комінаў каўпакамі

Я заўважыла бляск аметысту.

Раптам блакітам і цынамонам

Запалаў

Бруднай вуліцы ўскраек.


Праз заслону дажджу

Рубінавае святло праступіла,

І я заўважыла промні месяцу

У вэлюме бледна-зялёным.


Гэта былі яе крылы,

Багіні!


Яна па аблоках ступала,

І на вясёлкавым пер’і трымалі

Яе ветру павевы.
Я доўга імчала за ёй,

Углядаючыся, спатыкаючыся,

Мне было ўсё роўна, куды яна прывядзе.

Мае вочы насычаліся колерамі:

Шафранавы, рубінавы, жоўта-берылавы

І ярка-сіні колер кварцу,

Усплёскі ружовага, сполахі зялёнага,

Россып аранжавага, спіралі барвовага,

У крапінку залатыя пялёсткі тыгровай лілеі

І ярка-ліловыя выбухі гартэнзіі.

Я імчала за ёй

І глядзела на бліскучыя ўспышкі яе крылаў.


У горадзе я знайшла яе,

У горадзе вузкіх вулак.

На рынку я наблізілася да яе,

Паланёнай, напужанай.

Яе гафраваныя крыльцы звязалі вяроўкамі,

Голая і халодная стаяла яна,

І вецер дзьмуў у той дзень

Без промня сонца.


Мужчыны таргаваліся за яе,

Давалі золата й срэбра,

Медзякі і збожжа,

Выкрыквалі гучна цану на рынку.


Багіня рыдала.
Хаваючы твар, я збегла,

І шэры вецер шыпеў за спінаю

На вузкіх вулках.


Мадонна вечаровых кветак

(Madonna of the Evening Flowers)


Я ўвесь дзень шмат працавала.

Цяпер стамілася.

Клічу: “Дзе ты?”

Адно дуб азываецца шамаценнем лістоты.

У доме так ціха,

Сонца іграе на тваіх кнігах,

Тваіх нажніцах, нядаўна пакінутым напарстку,

Але цябе там няма.

Раптам мяне агортвае самота:

Дзе ж ты?

Іду шукаць паўсюль.

Потым бачу:

Стаіш пад шпілем бледна-сіняга дэльфініюму,

Трымаеш на руцэ кошык з ружамі.

Спакойная і халодная, бы срэбра,

І ўсміхаешся.

Падаецца, я чую пералівы Кентэрберыйскіх званоў.

Ты кажаш, што півоням трэба больш вады,

Што аквілегіі разрасліся да немагчымасці,

А японскую айву варта падрэзаць і акругліць.

Ты кажаш мне ўсё гэта,
А я гляджу на цябе, срэбнае сэрцайка,

Белы агеньчык сэрца з бліскучага срэбра,

Што іскрыцца пад бледна-сінімі голкамі дэльфініюму,

І прагну зараз жа ўкленчыць ля тваіх ног,

Пакуль наваколле туруе салодкім матывам Te Deum Кентэрберыйскіх званоў.


Адсутнасць

(Absence)


Сёння мой кубак пусты,

Сухія і халодныя яго краі,

Астужаныя ветрам з раскрытага акна.

Самотай і пустэчай ён бялее ў месячным святле.

Пакой напоўнены дзівосным пахам

Кветак гліцыніі.

Яны калышуцца ў промнях свяціла

І злёгку кранаюць сцяну.

Аднак кубак майго сэрца нерухомы,

Халодны і пусты.


Калі ж ты з’яўляешся, ён поўніцца

Чырванню маёй палкай крыві,

Крыві майго сэрца, пі яе,

Каб насыціўся рот твой каханнем

І горка-салодкім смакам душы.

пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева

© Юля Цімафеева, пераклад, 2009




prajdzisvet.org




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка