Эмілі Дыкінсан



Дата канвертавання10.03.2017
Памер30.93 Kb.
#5425




Эмілі Дыкінсан (Emily Dickinson) (1830 – 1886) Амерыканская паэтка Эмілі Дыкінсан пры жыцці надрукавала не больш за дзесяць вершаў і цягам ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў не разглядалася крытыкамі як сур’ёзны творца. Першае выданне вершаў Дыкінсан амаль без рэдагавання выйшла толькі ў 1955 годзе (выдавец Томас Джонсан) – у ранейшых выданнях рэдактары імкнуліся прывесці незвычайную форму вершаў паэткі (кароткія радкі, незвычайная пунктуацыя, частае ўжыванне вялікіх літараў, адсутнасць назвы) да паэтычных нормаў свайго часу. На сённяшні дзень Эмілі Дыкінсан называюць адным з самых значных амерыканскіх паэтаў.

Мой ліст – да Свету...

Вершы
* * *

(This is my letter to the world...)


Мой ліст – да Свету, хоць пісьма

Свет не напіша мне.

Яго Прырода шле сама,

І ў кожнай навіне


Спагада й моц адпраўніка.

Дзеля яго рукі

І вы спагадліва мяне

Судзіце, землякі.


* * *


(The grass so little has to do...)
Турботаў у травы няшмат:

Прыбраць у зелень дол

Дзеля забавы мятлікаў

І пачастунку пчол.


Ёй навакольным кланяцца

Загадвае павеў,

На ўлонні сонейка трымаць,

На вуснах – ціхі спеў.


Ноч аздабляе перламі

Чысцюткае расы,

Каб і князёўна не магла

Зацьміць яе красы.


Памрэ – і будзе водарам,

Што нараджае сны, –

Як боскі незабыўны пах

Духмянай хваіны.


І ўрэшце знойдзе сабе схоў –

Высока, на адрыне.

Турботаў у травы няшмат.

Хто ж лёс такі адрыне?


* * *


(I died for beauty, but was scarce...)
Жыццё аддаўшы за красу,

Спачыла я ў труне.

Пакутнік ісціны ляжаў

Наўпоблізь ад мяне.


І ён пытаецца ў мяне:

“За што памерла ты?”

“За прыгажосць”. – “А я памёр

За праўду. Мы браты”.


Нібы суседзі праз сцяну,

Гаворым цераз скон,

Пакуль, звязаўшы вусны, мох

Не пахаваў імён.


* * *


(Is Heaven a physician?)
Ці ж неба – гэта лекар,

Што болесць адхіне?

Хіба магчыма вылечыць

Нябожчыка ў труне?


Ці ж Бог – ліхвяр? Маўляў, душой

Мы вінныя яму.

Ды ў гандлі гэтым скарбам

Я ўдзелу не вазьму.


* * *


(Faith is a fine invention...)
Рэлігія – рэч карысная

Для ўсіх разважных асоб,

Ды ўсё ж у крытычных выпадках

Патрэбнейшы мікраскоп.


* * *


(It ’s all I have to bring to-day...)
Вось гэта ўсё, што даць магу,

Вось гэта сэрца ў дар,

Вось гэта сэрца, і палі,

І лугавы абшар.


Каб мне чагосьці не забыць,

Пералічыце зноў:

Вось гэта сэрца, і лугі,

І ў дзятліне чмялёў.


* * *


(Tell all the Truth but tell it slant...)
Прамовіць ісціну лягчэй,

Калі ідзеш вакол:

Замоцны для людскіх вачэй

Раптоўнай праўды ўкол.


Маланку растлумач – і сын

Палохацца не будзе.

Хай праўда ўспыхне – спакваля,

Інакш аслепнуць людзі.


* * *


(To make a prairie it takes a clover and one bee...)
Каб луг я стварыць магла,

Патрэбныя толькі трое:

Пчала,

Канюшына і мроя.



Калі ж пчалы не стае –

Хопіць і мроі мае.


* * *


(They say that ‘time assuages’...)
Гаворыце: “Час лечыць”, –

Ды не даведзяце:

Праўдзівая пакута

Цягліцамі расце.


Час – катаванне болем,

Сякера ў скуры дрэў.

Хто перамог хваробу,

Той проста не хварэў.


* * *


(The dying need but little, dear...)
Смяротна хвораму няшмат

І трэ: вады ў збане,

Убачыць кветачкі абрыс –

Прынамсі, на сцяне;


Глядзець на шчыры жаль сяброў

І ведаць: на дварэ

Не пацямнеюць фарбы дня –

Нат калі ён памрэ.


пераклад з ангельскай – Андрэй Хадановіч

© Андрэй Хадановіч, пераклад, 2010




prajdzisvet.org

Каталог: storehouse -> authors
authors -> Сашко Ушкалаў (Сашко Ушкалов) (нар. 1983) Нарадзіўся ў Харкаве. Паэт, драматург, перакладчык. Аўтар кнігі вершаў "Перипатетика-блюз" (2002), зборніка абсурдных п'ес "esc"
authors -> Мантэгю Родс Джэймс/ Montague Rhodes James
authors -> Артур Конан Дойл Стракатая стужка
authors -> Станіслаў Бараньчак/Stanisław Barańczak
authors -> Мэцью Дзікман/Matthew Dickman
authors -> Сяргій Жадан/Сергій Жадан
authors -> Обры Бёрдслі/ Aubrey Beardsley 1872 – 1898
authors -> Алешандры Радрыгеш/ Alexandre Rodrigues
authors -> Вірджынія Вулф/ Virginia Woolf
authors -> Бяскрай жыцця мне дараваны Вершы Падсвечнiк (Svečturis) Паэма I


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал