Ён адкрывае глыбокае і стоенае, ведае, што ў змроку, і святло жыве з Ім




старонка1/44
Дата канвертавання26.12.2016
Памер2.71 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   44
Беларуская глыбіня

 

"Ён адкрывае глыбокае і стоенае, ведае, што ў змроку, і святло жыве з Ім" Данііл 2:22

Наколькі расійская душа шырокая, настолькі беларуская глыбокая. Піша палітвязень, сустаршыня БХД Павал Севярынец.

 

 



У турме адзін мудры чалавек сказаў мне: «Не пытай сябе ў няволі — «За што?». Спытай — «Дзеля чаго?».

 

Дзеля чаго Госпад дае табе крыж часу і прасторы, новы пачатак каардынатаў у жыцці, новых людзей, новыя вобразы і падабенствы Свае? Чым ачысцяць, адновяць і напоўняць яны тваё сэрца?


У параўнанні з Малым Сітнам у Купліне святлей. Больш сонца: як-ніяк, паўтысячы кіламетраў на поўдзень. Раённыя Пружаны чысценькія, вымеценыя, у кветачкі. Святлейшы лес — не елка ды хвоя, а ясень, бяроза, таполя, дуб, клён. Святлейшыя вочы —


тут усё-такі Заходняя Беларусь, няма сіценскага адчаю. Святлей ад жывое веры і мовы. Светла ў царкве — ад белых галоваў мужыкоў і дзяцей.

І глыбіня.


«Шырокая руская душа, — сказаў праз Івана Карамазава найглыбейшы расейскі пісьменнік і беларус Дастаеўскі, чыё родавае гняздо Дастоева ў гадзіне язды ад Купліна, — я б звузіў».


Дык вось, наколькі расейская душа шырокая, настолькі беларуская глыбокая — як беларуская пакута, беларускае цярпенне, беларускае балота. Беларусы, у адрозненне ад расейцаў, украінцаў, палякаў, — інтраверты, заглыбленыя ў сябе. Таму беларуская глыбінка — гэта не правінцыя. Багна? Бездань? Глыбіня.

Тут — патаемная глыбіня: пад Белавежскай Пушчай у савецкія часы размяшчаліся стратэгічныя аэрадромы, нацэленыя на Еўропу. У самай такой беларускай глыбіні без адзінага стрэлу зруйнавалі найвялікшую імперыю зла: Віскулі таксама ў Пружанскім раёне.


Увогуле, гэта берасцейскае наваколле паміж Палессем і Літвой, паміж Белавежай і Выганашчанскімі балотамі — Пружаны, Бяроза, Івацэвічы, Кобрын — глыбокае. Глыбокае, як магутнасць роду Сапегаў, чый замак у Ружанах уражвае падзем’ямі ў некалькі паверхаў, прызначанымі для вялікалітоўскіх скарбаў;

як унікальны тэнар Міхася Забэйды-Суміцкага, ураджэнца тутэйшых Шэйпічаў; як тысячы народных мелодыяў са збору пружанца Рыгора Шырмы;

як балады Андрэя Макарэвіча з «Машыны часу», чые дзяды з ваколіцаў Малеча; як 600 тамоў прозы Юзафа Крашэўскага, чый род калісьці валодаў Старым Куплінам;

як хрыплы крык, вырваны з самага сэрца Уладзіміра Высоцкага, чые продкі — з Сяльца Бярозаўскага раёна;

як верлібры Алеся Разанава (з таго ж Сяльца);

як бас Анатоля Папанава, вязня з «Халоднага лета 53-га» і «ваўка» з мультфільма «Ну, пачакай!», чыя матуля перадала сыну непаўторна ёмісты тутэйшы выгавар; як пераклады Васіля Сёмухі з блізкага хутара Ясенец, асабліва калі чытаеш Слова Божае ў Сёмухавым перакладзе;

як вера ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага (мястэчка Поразава адсюль рукой падаць), аднаго з заснавальнікаў БНР і БХД, таго самага ксяндза, што распачаў імшу па-беларуску і быў расстраляны ў Трасцянцы гестапаўцамі ў ноч на Раство 1942 г.;

як веданне Бібліі беларускімі баптыстамі, чыёй сталіцай ёсць Кобрын;

як удых волі Тадэвуша Касцюшкі з Мерачоўшчыны, за паўсотні кіламетраў адсюль;

як мясцовыя тарфяныя балоты, у адным з якіх, Гатча-Восаўскім, знайшлі адзінае ў Беларусі прамысловае радовішча бурштыну;

як пружанскі антыалкагольны рух сялянаў 1846—1848 гг., што перакінуўся на суседнія губерні;

як здрада Азефа, ураджэнца вёскі Лыскава, кіраўніка баявой арганізацыі эсэраў, які арганізоўваў забойствы вышэйшых чыноў імперыі і адначасова «здаваў» паплечнікаў;

і, урэшце, як бездань падзення курса беларускага рубля пасля сыходу пружанскага вылучэнца, Пятра Пятровіча Пракаповіча...

 

І вось Госпад дае акунуцца ў гэтую глыбіню — акунуцца разам з сотнямі насельнікаў куплінскай «хіміі», наведнікамі і міліцыянтамі.



 

Глядзіш у вочы юным беларусам, у бяздонныя вочы пакалення незалежнасці, бачыш будучыню, што пакутуе, п’е да анабіёзу, перакідаецца мацюкамі і мроіць пра шчасце — і аж правальваешся, колькі тут глыбока роднага і глыбока чужога!

 

Дзеля чаго — ёсць час падумаць. Час адкрыць новыя цуды ў звыклым, забытым і занядбаным. І зразумець, што сённяшнім нашым беларускім скрыжаваннем часу і прасторы валодае не Лукашэнка і не Расійская імперыя, а Сам Госпад Бог.


Беларуская глыбіня. Каменда


....прапаведаваць палонным вызваленне, сляпым празрэнне, адпусціць спакутаваных на свабоду. Лк 4:18.  

 

Лісты з ссылкі. Піша палітвязень, сустаршыня БХД Павал Севярынец.


Спецкамендатура №7, або, прасцей, каменда — былая савецкая казарма ў колішнім вайсковым гарадку. Саўком, пахаваным дваццаць гадоў таму зусім непадалёк, у Віскулях Пружанскага раёна, тут тхне дагэтуль. Ужо на ўваходзе лёгкія да самых глыбіняў напаўняюцца камунальным духам агульнага карыстання, уласцівым рабочым інтэрнатам ды маласямейкам. «Ленінскі пакой» з партрэтам Лукашэнкі, чырвоназялёным сцягам і гімнам пра гэты самы «радасцісцяг» нудзіць пылам старых тамоў эпохі застою, ад Чарнышэўскага да Чаргінца. У кухні па-над умывальнікам, калі возьмешся спаласнуць твар жаўцявай вадзіцай, б’е ў нос прысмак ржавага металу і крыві. Балотнае жалеззе. «Хімія» з такім знаёмым савецкім пахам арганічна спалучаная з КДБ, вуліцай Карла Маркса, «лініяй Сталіна» ды іншай савецкай спадчынай.

Каменда — двухпавярховы казённы дом з закратаванымі вокнамі; перад уваходам — дзве альтанкі (камеры назірання выведзеныя ў дзяжурку). Тры дзясяткі пакояў: кабінеты міліцыянтаў, кухні ды інтэрнацкія пакойчыкі змяшчальнасцю ад двух на сямі чалавек. Наш — на трох: ложкі, тумбачкі, стол. Сярод сотні асуджаных у асноўным маладыя хлопцы — берасцейскія, баранавіцкія, пружанскія. Хтосьці за бойку, хтосьці за «хуліганку», хтосьці за нявыплату аліментаў. Людзі і размовы такія самыя, якія пачуеш у любым двары: маё пакаленне, пра якое спяваў Вольскі (дарэчы, N.R.M. тут можна пачуць з мабільніка часцей, чым чакаеш). Міліцыянты, у адрозненне ад жылістых «хімікаў», мужчыны мажныя і сабе наўме. Хтосьці пераконвае сябе, што змагаецца са злом; хтосьці стомлена гумарыць (пясчаны кар’ер — два чалавекі!.. Калі нехта вырашыў выпіць — пакой нумар такі, увага! — і не запрасіў вас — чакаем у дзяжурцы»); хтосьці механічна афармляе «нарухі» (парушэнні) з прычыны п’янкі або ўцёкаў дахаты і рыхтуе чарговаму «хіміку» дакументы на зону.

Дзяжурка з карцарам-клеткай. І званкі. Адзін — выклік днявальнага першага паверха. Два — другога паверха. Доўгі — на пераклічку.

6:00. Доўгі званок: пад’ём. 6:10 — пераклічка: уваткнуць сваё «тут» сярод бясконцых «здесь» у адказ на прозвішча і ісці кіпяціць ваду. Малітва. Біблія. Сняданак. Дзынькнуць ключыкам на шчыце ў дзяжурцы, абмяняць пропуск на табель і праз рэзкі, да спіннога мозгу пранізлівы віск жалезных кратаў у дзвярах — на працу.

Каменда, як і любая няволя, сцінае і калечыць час, выхоўвае ўмоўныя рэфлексы, прымушае слых вылоўліваць староннія шоргаты і шэпты, супастаўляць міліцэйскія позіркі з размовамі суседзяў. Каменда прымушае жыць у Беларусі Абмежаванай Волі.

Абмежаванне волі скразіць тут у кожнай драбніцы. Выхад з каменды на агароджаную тэрыторыю — з дазволу дзяжурнага. Выхад у горад — праз заяву на імя начальніка (падпіша — не падпіша?). Тыя, хто застаюцца ў камендзе і не ідуць на працу, у першай палове дня мусяць зачыняць свае пакоі: абавязковы прагляд тэлевізара ў актавай зале. Кухні адчыняюцца і зачыняюцца паводле нейкага дзіўнага распарадку, адзінае разумнае тлумачэнне якому — прывучыць асуджаных, што без ласкі адміністрацыі нават супчыку сабе не згатуеш. Здаецца, што і перыядычныя адключэнні электрычнасці на нашым другім паверсе (афіцыйная версія — дзеля эканоміі) пераследуюць тую ж мэту. Прыбіральня адна (і можна здагадацца, ува што ператвараюцца чатыры «ачкі» без пісуараў, пад напорам ста мужыкоў). Памыцца ў камендзе няма дзе: пішаш заяву, каб наведваць лазню ў Пружанах.

Зрэшты, за ўсё дзякуеш Богу: Дашкевіч, Саннікаў, Статкевіч, Бандарэнка не маюць і гэтага.

Каменда — прыпынак між турмой і воляй. За гэты год было ўмоўна¬датэрмінова вызвалена 13 асуджаных і адпраўлена ў зону 16. Лік на карысць няволі. Людзі, вырваныя са свайго асяроддзя. Адбываюць. Церпяць. Зрываюцца. Цішком п’юць.

Каменда не толькі на мяжы волі, але і на мяжы веры. Першае, што мне кінулася ў вочы ў пакоі — драўлянае распяцце, кардонны абразок Збаўцы, абраз Маці Божай на покуці, сёлетні царкоўны каляндар і ўзятае ў рамку выданне Жыровіцкай абіцелі «Якім будзе чалавек без любові». Тут, на паўдарозе паміж усемагчымымі спакусамі ды кратамі, хлопцы то прыпыняюцца перад Богам, бо спадзяюцца «праскочыць».

Мой сусед Лёха, якога пару тыдняў таму за дзевяць «нарухаў», апрануўшы кайданкі, адправілі ў баранавіцкі ізалятар, казаў: «Жыву — грашу. Памру — адкажу».

І ўсё-такі ты ведаеш: гэтая загрузлая ў лясах савецкая выспа, і родныя беларускія хлопцы-«хімікі», і напружаныя дзядзькі-міліцыянты — дзеля таго, каб палюбіць Бога — усім сэрцам, усім розумам, усёй душою, усімі сіламі тваімі і бліжняга, як самога сябе. Палюбіць Беларусь. Глядзі, пазнавай: у стоеных, схаваных вобразах і падабенствах, сярод абразоў і кратаў, не заўважаны, апляваны, укрыжаваны, у асуджаных і наглядчыках, у сынах чалавечых, сынах беларускіх — прысутны Бог.


  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   44


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка