Этналінгвістычнае даследванне Тураўшчыны: гістарычны экскурс і фрагменты пошукавай работы




Дата канвертавання11.12.2017
Памер131.84 Kb.
Этналінгвістычнае даследванне Тураўшчыны:

гістарычны экскурс і фрагменты пошукавай работы
Кузьміч Л.П.,

дацэнт кафедры агульнай і

карэкцыйнай педагогікі,

кандыдат філалагічных навук

З маіх вуснаў свяцейшае слова Айчыны

Льецца, быццам ў Прыпяць малы ручаёк.

Але ж як ён звініць – неспакойны, нястрымны,

Як бясстрашна ірвецца ў бурлівы паток!

Г.Дашкевіч
У дрымучых лясах над Прыпяццю, сярод балоцiстых мясцiн, удалячынi ад сучасных вялiкiх дарог і шляхоў стаiць Тураў. У iм няма значнай прамысловасцi. Людзi, як і сотнi гадоў назад, займаюцца рыбалоўствам і сельскай гаспадаркай, народнымi промысламi. Магчыма, мала знойдзецца на Беларусi такiх мясцiн, якiя б з найбуйнейшага эканамiчнага і палiтычнага цэнтра ператварылiся ў звычайны пасёлак гарадскога тыпу. Зараз пра яго славутую гiсторыю нагадваюць помнiк Кiрылу Тураўскаму на Замкавай гары, унiкальны краязнаўчы музей, паданнi і легенды пра каменныя саркафагi і крыжы, Тураў калодзеж, князёўну-заступнiцу… Гэтыя легенды да гэтага часу ведаюць і шануюць усе тураўцы. Тураўскiя мясцiны яшчэ чакаюць сваiх даследчыкаў, асаблiва археолагаў. Яны – невычэрпная крынiца ведаў нашай сiвой мiнуўшчыны.

Першыя звесткi пра старажытны Тураў мы знаходзiм у кiеўскiм летапiсе. Паводле яго, а таксама мясцовых паданняў, горад атрымаў сваю назву ад нейкага Тура, якi нiбыта заснаваў горад у Х стагоддзi. Тур быў сучаснiкам і паплечнiкам полацкага князя Рагвалода. Як паселiшча племенi дрыгавiчоў Тураў iснаваў, мабыць, задоўга да князя Тура. Магчыма, ён меў тады якую-небудзь iншую назву. Князь Тур пабудаваў вялiкi палац на Замкавай гары.Тады, вiдаць, і сталi называць гэты горад Туравам. Некаторыя гiсторыкi лiчаць, што назва горада пайшла ад назвы дзiкага быка – тура. Але гэта малаверагодна, бо летапiс гаворыць, што жыхары пачалi называцца тураўцамi, бо ў Тураве княжыў Тур.

Гicторыя старажытнага горада выяўляецца даўняй сувяззю з Кiевам, якi глядзеў на Тураў як на сваю вотчыну. Кiеўскiя князi шмат разоў аддавалi яго сваiм родзiчам, памiж якiмi вялася пастаянная барацьба за авалоданне горадам. За гэты час драўляны Тураў быў разбураны і cпалены. Такое няўстойлiвае становiшча тлумачылася адсутнасцю свайго сталага княскага роду. I толькi з прыходам да улады Юрыя Яраславiча горад стаў праводзiць незалежную, самастойную палiтыку. У 1158 годзе Кiеў, аб‘яднаўшы вакол сябе шматлiкiя дружыны смаленскiх, галiцкiх, полацкiх, луцкiх князёў, рушыў на Тураў. Тураўцы не толькi мужна баранiлi свой горад, але і рабiлi нечаканыя смелыя вылазкi, наносячы шкоду ворагу. У няроўнай барацьбе яны здолелi адстаяць сваю незалежнасць. Такi лёс напаткаў і другi па важнасцi горад Тураўскай зямлi Пiнск.

Пасля гэтага Кiеў вымушаны быў афiцыйна прызнаць самастойнасць Турава, а Юрый Яраславiч стаў першым князем мясцовай тураўскай дынастыi. Гэта быў час найвялiкшага росквiту Тураўскага княства, у склад якога ўваходзiлi таксама Мазыр, Слуцк і другiя гарады.

Нямала пацярпеў Тураў ад татарскiх нападаў і крымскiх ханаў, якiя шмат разоў знiшчалi горад. Гэтыя і iншыя прычыны, у прыватнасцi змена гандлёвых шляхоў, прывялi да страты Туравам эканамiчных і палiтычных сувязей з суседзямi. Горад ператварыўся з буйнейшага цэнтра ўсходнiх славян у звычайнае мястэчка сярод непралазных лясоў і балот.

Шчодрая тураўская зямля нарадзiла нямала знакамiтых асоб. Імя Кiрылы Тураўскага ярка зiхацiць і зараз на небасхiле сусветнай культуры. Ён паходзiў з заможнай сям’і, але багацце і слава яго не вабiлi. Кiрыла iмкнуўся да ведаў, якiя набыў спачатку ў мясцовым манастыры, а затым, па меркаванню вучоных, у Кiеве. Вядомы асветнiк напiсаў свае творы ў замураванай вежы, на астраўку сярод балот, працаваў над перакладамi з грэчаскай мовы, ствараў фiласофскiя прытчы і пасланнi, складаў паэтычныя красамоўныя пропаведзi. Па просьбе мясцовых жыхароў Кiрыл быў прызначаны епiскапам. У пропаведзях тураўскi “златавуст” змагаецца ў тутэйшай пастве з забабонамi, заклiкае жыць па Хрыстовых запаветах, не п'янстваваць, а клапацiцца пра бедных. Краналi душу вернiкаў “словы” з нагоды розных хрысцiянскiх святаў – “Слова на Вербнiцу”, “Слова на Вялiкдзень”, “Слова на Ушэсце”. На кожны дзень тыдня складалiся вершы-малiтвы, якiя чыталiся пасля набажэнстваў. Малiтвы Кiрылы Тураўскага разыходзiлiся ў рукапiсах, найстаражытнейшы з якiх датуецца ХІІІ ст. Творы славутага асветнiка шмат разоў перавыдавалiся не толькi ў Беларусi, але і ў другiх суседнiх дзяржавах.

Трэба сказаць, што Тураўская зямля прыхiльна прыняла iдэi хрысцiянства. Мяркуецца, што легендарны князь Тур быў забiты язычнiкамi непадалёку ад Турава. Вядома, што ў ХІІ ст. у Тураве было заснавана каля 80 храмаў. У iх узвядзеннi прымалi ўдзел не толькi князi, але і заможныя гараджане. У духоўным асяродку усходнеславянскiх зямель асаблiвае месца належыць вядомаму палескаму святому Марцiну Тураўскаму, якi вызначаўся праведным жыццём. Адной з вяршынь святасцi княства лiчыцца свяцiцель Лаўрэнцiй, якi стаў епiскапам пасля Кiрылы Тураўскага. Ён меў цудадзейны дар выгнання злых духаў.

Некалькi апошнiх стагоддзяў Тураўшчына прыцягвае ўвагу шматлiкiх даследчыкаў: археолагаў, этнографаў, гiсторыкаў, моваведаў, краязнаўцаў, якiя сваiмi працамi раскрываюць таямнiцы старажытнай палескай зямлi і асаблiва яе мовы. Кажуць, што палешукi не гавораць, а спяваюць. Вось чаму на Тураўшчыне найлепш захавалiся народна-песенныя традыцыi.

Тураўскае слова… Што ў ім адметнага? Чым яно вызначаецца, пра што нам распавядае? Унікальнасць тураўскай гаворкі ўжо не раз адзначалася вучонымі і не толькі моваведамі. Праз стагоддзі пранеслі людзі моўныя скарбы гэтага старажытнага краю. У тураўскай гаворцы прадстаўлены шматлікія групы слоў, устойлівых выразаў, якія трапна характарызуюць з’явы, падзеі, асобы, прадметы, дзеянні, працэсы. Мясцовая наворка сваімі вытокамі сягае ў далёкае мінулае. Існуе меркаванне, што аўтарам “Слова аб палку Ігаравым” быў Кірыла Тураўскі, аб чым нагадваюць моўныя рысы вядомага помніка. Асабліва гэта выразна выяўляецца ў яго перакладзе, які зроблены вядомым краязнаўцам, вучоным М. А. Саскевічам. Перакладчык здолеў дакладна перадаць тагачасныя падзеі на мясцовую мову палешукоў, напрыклад: дзеяслоў цвяліць ‘дражніць‘ у тураўскай гаворцы поўнасцю адпавядае старажытнай форме цвЬлити. Добра захаваліся ў перакладзе клічныя формы, якія маюць шырокае распаўсюджванне на Палессі: Давудзе, Ерославе, Романе, Рурыче, Усеволодзе, Мсціславе і інш. Маляўнiчая прырода, паэтычная мова – усё гэта гарманiчна спалучаецца ў тураўскіх тапонімах і антрапонімах.

Тапанімічная прастора Тураўшчыны ўяўляе найстаражытнейшы пласт лексікі, які, на нашу думку, без істотных змен захаваўся да сённяшніх дзен. Для наймення ўнутрысельскіх, местачковых аб’ектаў ужываліся наступныя лексемы: адрынкі; бон, вулка, выган, двор, канец, кузня, кладкі, могілкі (могліца), кашара, капліца, лазня, мост, піларама, паром, прыстань, перавоз, похадня, рака, станцыя, сяло, хутар, школа, шлюз, шопа, цагельня, сад, склад, і іншыя.

Пераважная большасць адзначаных слоў зафіксавана ў сучаснай літаратурнай беларускай мове. Яны абазначаюць разнастайныя гаспадарчыя пабудовы, прасторавыя і геаграфічныя паняцці, пасяленні і маюць цікавасць па той прычыне, што трывала замацаваліся ў мове палешукоў і вызначаюцца некаторымі адметнасцямі, якія выкліканы спецыфічнымі рысамі палескай гаворкі. Напрыклад, словам кладка ў сучаснай беларускай мове называецца ‘дошка, палена або некалькі пален, пакладзеныя для пераходу цераз раку, балота, гразкае месца’ [1, Т. 2, с. 693]. Сінонімам да яго выступае мясцовае похадня: поклалі проз роўчак походню (У.З.). Традыцыйнае тураўскае пасяленне мела ўсе неабходныя для жыцця пабудовы: млын, кузня, царква, піларама, школа, шопа, склад, двор, бальніца, лазня. У вёсцы Пагост побач з словам піларама ўжывалася станцыя: колоды возілі на станцыю і там рэзалі на дошкі (У.З.).

Гаспадарчая і культурная дзейнасць палешукоў пераплятаецца з такімі важнымі і неабходнымі кампанентамі вёскі, як цагельня, млын, кузня, двор, кароўнік, школа, клуб, царква, капліца і інш.

Шырока распаўсюджаны агульнаўжывальныя назвы: лазня, магазін (лаўка), склад, сад, бальніца.

Празрыстасцю струменяць тапонiмы: Азяраны, Вераснiца, Бярэжцы, Крэмнае, Запясочча, Малешаў, Бечы, Пагост, Перароў, Сямурадцы, Старажоўцы, Хваенск, Чэрнічы, Млынок, Хачэнь, Буразь, Вароніна, Рычоў, Слепцы, Хлупін… Цікавасць выклікаюць мікратапонімы: Грэбелька, Вугелец, Верасоўка, Заляшчэнне, Зароўе (Заравечча), Залужжа, Бор, Горка, Забаўе, Мліновіца, Рог, Панскае Поле, Сядра і інш. Напрыклад, слова сядро ў значэнні ‘палатно ў сетцы‘, на нашу думку, суадносіцца з назвай лесу Сядра, дзе растуць ракіта, разнастайныя кусты, верас, якія нагадваюць у нейкай ступені палатно ў сетцы. Бур‘яка, Быкоў, Драсень, Дамавуха, Залучча, Лоша, Новіны, Клетка, Карасіны, Подсвердло, Роў, Тур… У гэтых старадаўніх назвах усебакова адлюстравана самабытная культурная спадчына жыхароў Палесся.

На Тураўшчыне захоўваюцца і рэгіянальныя найменні, якія адсутнічаюць ў літаратурным ужытку: сілега’ лаза з сіняватым налётам на чырвонай кары [2, Т. 5, с. 58]. Асобныя з іх ужываюцца ў сучаснай літаратурнай мове з паметай абласное: шопа ‘павець’ [1, Т. 5, Ч. 2, с. 384].

Некалькі мікратапонімаў паходзіць з іншых моў: нямецкай мовы – шлюз’ адтуліна з застаўкай у плаціне, праз якую выпускаецца вада [1, Т. 5, Ч. 2, с. 369]; польскай – шопа; капліца’ невялікі царкоўны або касцельны будынак з іконамі без алтара; малельня’ [1, Т. 2, с. 631]; румынскай кашара ‘загон, агароджанае месца на полі, у лесе, дзе летам трымаюць жывёлу’ [1, Т. 2, с. 671]; галандскай – бон ‘плывучая загарода, якая выкарыстоўваецца пры лесасплаве, а таксама плывучыя загароды, якія перашкаджаюць варожым караблям праходзіць з мора ў гавань’ [1, Т. 1, с. 39] і інш.

Тураўскае Палессе з поўным правам можна назваць краем блакітных азёр і рэк. Тут працякае непаўторная Прыпяць са шматлікімі прытокамі: Бычок, Свінавод, Скрыпіца, Струмень, Сцвіга, знаходзіцца вялікая колькасць азёр, балот, крыніц, ручаёў: Бур’яка, Вір, Заплеса, Залучча, Карасіны, Крывуша, Лоша і іншыя, якія зіхацяць і пераліваюцца крыштальнай семантычнай структурай. Дадзены факт паўплываў на з’яўленне многіх мікратапонімаў, якія характарызуюць водныя аб’екты: бон, брод, мост, паром, перавоз, прыстань, рака, старык, шлюз (слюз) і інш.

Мікратапанімічныя назвы знікаюць з часам з карты нашай зямлі па розных прычынах. Змяняецца ўклад жыцця палешукоў, паступова губляецца сувязь пакаленняў. Напрыклад, зараз не выкарыстоўваюць вяскоўцы паром, бон, шлюз.

Ужо сёння існуе неабходнасць зафіксаваць малыя, адвечныя, і самабытныя назвы, захаваць гэты духоўны скарб нашага народа, часцінку шматвяковай гісторыі для нашчадкаў, каб памяталі свае карані, каб ведалі свае вытокі і ганарыліся мінулым бацькоў і дзядоў.

Асаблівай гаворкі заслугоўвае паняцце пра Тураўскае міжрэчча. Слова міжрэчча ўстойліва замацавалася ў навуковай літаратуры, слоўніках, энцыклапедыях і іншых даведніках. У сучаснай беларускай мове яно абазначае прастору, мясцовасць паміж рэкамі [1, Т. 3, с. 152].

На геаграфічнай карце Беларусі можна знайсці нямала такіх тэрыторый. Але Тураўскае міжрэчча адрозніваецца, па-першае, тым, што гэта старажытная зямля, па-другое, яно характарызуецца шматлікімі адметнасцямі: маляўнічай і непаўторнай прыродай, урадлівай глебай, сваеасаблівай гаворкай, помнікамі археалогіі і культуры, якія да сённяшніх дзён не даследаваны належным чынам: не праведзены раскопкі могільнікаў і гарадзішчаў. Па наяўнасці і значымасці помнікаў археалогіі Л. Д. Побаль лічыць міжрэчча Прыпяці-Сцвігі своеасаблівым запаведнікам старажытнай гісторыі Беларусі.

Тут да нашага часу шануюць традыцыі і звычаі, не забываюць мясцовыя народныя промыслы, беражліва адносяцца да гістарычнага мінулага, самабытнай духоўнай спадчыны далёкіх прашчураў. Сведчаннем гэтага з’яўляецца адраджэнне Турава, навакольных сёл, правядзенне святаў і мясцовых кірмашоў.

На Тураўшчыне здаўна пасяленні называліся сёламі. Паводле “Этнаграфіі Беларусі”, сяло спачатку было загараднай княжацкай сядзібай, дзе побач з гаспадарчым дваром знаходзіліся хаты чэлядзі. Як адзначаюць вучоныя, на першых этапах свайго развіцця сяло адрознівалася ад вёскі большымі памерамі, адміністрацыйным і гандлёвым значэннем. Тут размяшчаліся рынкі, будаваліся цэрквы. Такімі сёламі, у якіх былі ўзведзены цэрквы з прыходамі, былі Верасніца, Пагост, Азяраны, Перароў, Старажоўцы, Рычоў, Запясочча. Напрыклад, у Пагосце, які туліцца пры ўпадзенні ракі Сцвігі ў Прыпяць, мясцовая царква ў імя Архідзьякана Стэфана месцілася ў самым цэнтры. Царкоўная званіца мела чатыры званы вагою ў 4, 2, 1 пуды. На могілках вёскі стаяла яшчэ адна царква, якая называлася ў народзе капліцаю. Вядома, што капліца – невялікі царкоўны або касцельны будынак з іконамі без алтара, іншымі словамі – малельня [1, Т. 2, с. 631].

На Тураўшчыне доўгі час адзначаліся трывалыя адносіны паміж сяльчанамі, якія ўсталёўваліся паводле сямейных абрадаў. Гэта прыводзіла да ўмацавання роду. У выніку атрымлівалася, што ў сяле жылі сваякі і родзічы. Яны падтрымлівалі цесныя сувязі, якія выразна праяўляліся пры правядзенні кірмашоў (кермашоў). Напрыклад, у Пагосце кірмаш адбываўся на Раздво (Нараджэнне Хрыстова), у Азяранах – на Міхайла, у Чэрнічах – на Міколу, у Слепцах – на Тройцу. Да кірмашу рыхтаваліся загадзя: прыбіралі хаты, гатавалі самую смачную ежу, якой частавалі гасцей. У гэты дзень з усіх бакоў да сяла ішлі людзі. Яны наведвалі усіх родзічаў, успаміналі памерлых, вялі гутарку пра гаспадарчыя і другія жыццёвыя праблемы. Са шкадаваннем прыходзіцца канстатаваць, што гэтая добрая традыцыя ў апошні час пачынае губляць сваё першапачатковае значэнне.

Цікавасць выклікаюць назвы жыхароў Тураўскага міжрэчча. Фактычны матэрыял дае магчымасць выдзеліць утварэнні з наступнымі суфіксамі:

а) –ец озеранец <Азяраны; хвоенец <Хваенск; Майданец <пасёлак Хваенск; хлупінец <Хлупін; пераровец <Перароў; рычовец <Рычоў; малешовец – Малешаў, туровец – Тураў; хочэнец <Хачэнь; поўчынец – поўчын; бечанец – Бечы;

б) –анін (-янін) – погошчанін <Погост; туроўлянін, туроўчанін <Тураў; семурадчанін <Сямурадцы; слепчанін <Знаменка (Слепцы); чэрнічанін <Чэрнічы; дворчанін <Дварэц; сторожоўлянін <Старажоўцы, берэшчанін <Бярэжцы;

в) –ук (-юк) – вераснюк <Верасніца; рыдчук <Рыдча; млынчук <Перароўскі Млынюк;

г) –ік – буднік <Бячанская Буда; Хлупінская Буда.

У аснове некаторых назваў ляжаць словазлучэнні: Запясочча> запясоцкі чалавек, чалавек з Запясочча. Такога тыпу ўтварэнні характэрны таксама для вёсак Вароніна, Буразь, Крэмнае, Грамадскія, Хільчыцы.

Адметна гучаць назвы мясцовых пасяленняў з вуснаў старажылаў: Азяраны – Озера, Возера (Учора булі ў Озерах); Буразь – Бурэзі, Запясочча – Запесоч’е, Хваенск – Хвоеньськ. Так і не прыжыліся сярод палешукоў Знаменка (раней Слепцы) і пасёлак Хваенск, які называюць Майданам. Праўда, апошні ўзнік на карце Жыткавіцкага раёна ў 50-е гады, калі пачалі праводзіцца інтэнсіўныя лесанарыхтоўчыя работы. У сучаснай беларускай мове слова майдан ужываецца ў 2 значэннях: 1. Плошча, дзе збіраюцца сходы, адбываюцца базары; 2. У археалогіі – асобы від курганоў, старажытных магіл, звычайна раскапаных зверху [1, Т. 3, с. 85].

Па другім значэнні прыходзіцца меркаць, што і там знаходзіліся старажытныя паселішчы тураўцаў, якія чакаюць свайго дэталёвага даследавання.

Нам здаецца, што Тураўскае міжрэчча застаецца тэрыторыяй для глыбокага і ўсебаковага вывучэння тагачаснай культуры, якая, на думку вучоных, у меншай ступені адчула ўплыў культур другіх народаў.

На Тураўшчыне зберагаецца ўнікальны і разнастайны этналінгвістычны матэрыял, які мае навуковы інтарэс не толькі для мовазнаўцаў, але і для этнографаў, гісторыкаў, фалькларыстаў, а таксама краязнаўцаў, якім неабыякавыя сучаснасць і будучыня старажытнага куточка нашай Бацькаўшчыны. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца некаторыя лексікаграфічныя працы, публікацыі, асобныя выступленні на старонках перыядычнага друку (“Тураўскі слоўнік”, “Фальклорны слоўнік Гомельшчыны”, некалькі літаратурна-краязнаўчых альманахаў “Тураўшчына”, матэрыялы Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Тураўскія чытанні” і інш.), якія адлюстроўваюць багаты самабытны пласт этналінгвістычнай спадчыны Прыпяцкага Палесся.

На анамастычнай карце Тураўшчыны шырока прадстаўлены прозвішчы, імёны, мянушкі, якія нясуць значную інфармацыйную нагрузку, даюць поўнае ўяўленне не толькі аб гаспадарчай дзейнасці палешукоў.

Прозвішча Гуд суадносіцца з найменнем гуды (гудай, гудасы) – старажытнай назвай беларускамоўнага насельніцтва ўсходняй Літвы і беларусаў сумежных тэрыторый [3, с. 161], некаторыя з якіх, трэба меркаваць, перасяліліся ў пазнейшы перыяд на Палессе.

У аснове прозвішча Багай ляжыць значэнне ’лом жалезны з плоскім, загнутым і раздвоеным канцом для выцягвання цвікоў’, якое звязана са словам багор ’лодачнае кап’ё’ [4, Т. 1, с. 102]. У сучаснай беларускай літаратурнай мове багор – гэта ’жалезны крук на доўгай жэрдцы для расцягвання бярвенняў у час пажару, на сплаве лесу; бусак’ [1, Т. 1, с. 324].

Найбольш верагодна, што прозвішча Багай паходзіць ад слова багор, якое было добра вядома на Тураўшчыне па некалькіх прычынах. Як прылада працы багор актыўна выкарыстоўваўся палешукамі пры сплаве лесу. Лесасплаў і рыбалоўства былі аднымі з асноўных заняткаў мясцовага насельніцтва. Прыпяць, шматлікія малыя рэчкі, затокі, зарэчныя і лугавыя азёры, балоты спрыялі развіццю на Тураўшчыне такіх водных транспартных сродкаў, як лодка, човен, баран, барка. Вялікая лодка называлася яшчэ лайбай і дубам. Два і больш дубоў-лодак утваралі паром, які служыў для перавозкі розных грузаў, сена, дроў. Таму не выключана, што багор з’яўляўся і лодачным кап’ём, а тыя тураўцы, якія займаліся вырабам дадзенай прылады працы, маглі спрытна валодаць ёй, атрымалі прозвішча Багай.

Слова баран абазначала: 1. Вялікую рыбацкую лодку на Палессі; 2. Прыладу для сушкі сена на Палессі; 3. Двухручны рубанак для стругання дошак [3, с. 49]. Драўлянае пласкадоннае судна для сплаву грузаў на рэках атрымала назву барка, якая магла быць сплаўной і хадавой [3, с. 50].

У вёсцы Пагост, якая знаходзіцца ў міжрэччы Прыпяці і Сцвігі, захаваліся аднайменнае прозвішча Баран і мянушка Барка.

Тураўшчына заўсёды славілася лясным багаццем, сваімі дубровамі. Тут знаходзіцца цэнтральная сядзіба нацыянальнага парка “Прыпяцкі”. У лясістай мясцовасці былі размешчаны прадпрыемствы-буды са спецыяльнымі печамі для смалакурэння, гонкі дзёгцю, выпальвання драўнянага вугалю, якія належылі буйным землеўладальнікам і лесапрамыслоўцам [3, с. 90-91]. На будах працавалі рабочыя буднікі. Адсюль і пайшлі на Тураўшчыне найменні вёсак Бячанская Буда, Хлупінская Буда і адпаведных прозвішчаў Буда і Буднік.

Ад слова бруй утварыліся дзеясловы бруіць, са значэннем бруіцца ’цячы, пераліваючыся (пра ручай, крыніцу і пад.) [1, Т. 1, с. 407]. Бруём або бруяй называўся струмень (струмень) [4, Т. 1, с. 225]. У Тураве працякала рэчка з аднайменнай назвай. На анамастычнай прасторы тураўскага міжрэчча сустракаюцца гідронімы Бруяка, а ў некаторых выпадках у выніку перастаноўкі гукаў гаварылі Бур’яка. Так называлі месца з хуткім цячэннем, кручай.

Слова шчур вядома ў беларускай мове не толькі як ’невялікая птушка сямейства ўюрковых’. У дыялектнай мове яно зафіксавана ў значэнні ’пацук’. У славянскай міфалогіі шчур – далёкі продак, родапачынальнік [1, Т. 5, кн. 2, с. 421]. Узгаданыя прозвішчы Бруй і Шчур трывала замацаваліся ў наваколлі Турава.

Многія прозвішчы і мянушкі характарызуюцца празрыстай семантычнай структурай, асновай для ўзнікнення якіх сталі агульнаўжывальныя словы. Да іх адносяцца: Студзянец – крыніца, калодзеж [4, Т. 3, с. 787]; Страха – дах, верхняя частка будынка, якая пакрывае яго і засцерагае ад атмасферных ападкаў, ветру, сонца [3, с. 478-479]; Карась – шырокі жалезны падосак на драўнянай восі; карась [2, Т. 2, с. 183], Лой – нутраны тлушч (авечы, ялавічны) [1, Т. 3, с. 58]; Мурашка – невялікае насякомае атрада перапончатакрылых, якое жыве вялікімі калоніямі [1, Т. 3, с. 182]; Швец – шавец (майстар па шыццю і рамонту абутку [1, Т. 5, кн. 1, с. 340]; Стокалас – пустазелле (сто каласоў) [4, с. 764]; Хмель – 1) павойная расліна сямейства тутавых, некаторыя віды якой выкарыстоўваюцца ў піваварэнні; 2) суквецце гэтай расліны ў выглядзе шышак, насенне яе; 3) хмельны напітак; 4) стан ап’янення, выкліканы алкагольнымі напіткамі [1, Т. 5, кн. 1, с. 205].

Найменні Балабан і Балобан з’яўляюцца прозвішчам і мянушкай. Па-першае, балабан – гаваркі чалавек, а балобан – дурак [4, Т. 1, с.117]. Па-другое, балабан – буйны паляўнічы сокал, з вялікай галавой і род драпежнай птушкі. Прозвішча Бакун можна суаднесці з сортам табаку [4, Т. 1, с. 111].

Тое, што на Тураўшчыне і сёння захоўваюцца даўнія павер’і і звычаі, яскрава гаворыць мянушка Карачан (карачмей, карачун), якая ўзыходзіць да фантастычнай істоты, якая адзначана ў павер’ях не толькі беларусаў, але і іншых славянскіх народаў. Спачатку яна ўвасабляла сабой зіму і смерць, а пазней злы дух [3, с. 248].

Прозвішчы і мянушкі ўзніклі яшчэ ў глыбокай старажытнасці і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Гэта толькі адна са старонак анамастычнага слоўніка Тураўшчыны, складанне якога патрабуе глыбокіх, эцыклапедычных ведаў пра адметны куток Беларускага Палесся.

Да нашага часу не згасае цікавасць да культурнага багацця Тураўшчыны. Жывое слова палешукоў яшчэ доўга будзе прымушаць нас памятаць пра незабыўныя старонкі далёкага мінулага нашага народа.


Умоўныя скарачэнні
УЗ – Уласныя запісы.
Спіс выкарыстанай літаратуры


  1. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. – Мінск: БелСЭ, 1977–1984.

  2. Тураўскі слоўнік: у 5 т. – Мінск: Навука і тэхніка, 1982–1987.

  3. Этнаграфія Беларусі. – Мінск: БелСЭ, 1989. – 575 с.

  4. Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: в 4 т. / М. Фасмер. – 2-е изд., пер. – М.: Прогресс, 1986–1987.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка